Тым часам амаль развіднела. Дождж густавата сеяўся з нізкага туманнага неба, але быў па-восеньску драбнаваты, без ветру і яшчэ не нарабіў гразі на падворку. Толькі ля варот хлява ў нізкім месцы блішчэла гнойная лужына.

На ліпе пачала драць горла варона, — каб хоць не на якую бяду, устрывожана падумала Сцепаніда. Варона прылятала на ліпу ўжо чацвёрты ці пяты ранак — уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала, нібы кагось клікала з лесу. Разы два Сцепаніда кідала ў яе палкай з дрывотні, але варона сядзела і не палохалася. Накрычаўшыся, яна сціхала сама, не доўга яшчэ сядзела моўчкі, а дасля цяжка саскоквала з сука і, часта махаючы крыллем, ляцела цераз хлеў у гай. Ззаду на ліпе ціха гайдалася патрывожаная ёю галіна з некалькімі зрудзелымі лісткамі.

Не спяшаючыся, Сцепаніда старанна выдаіла Бабоўку, з прыемнасцю адзначыўшы, што добра напасвіла ўчора ў Бараннім Лозе, — даёнка была поўная, з беражкамі. Нічога не скажаш, кароўка ўдалася на зайздрасць, маладая яшчэ, непераборлівая ў ежы і малочная; Сцепаніда берагла яе як самы вялікі набытак. Па гэтым часе такая карова — раскоша.

Яна выйшла з хлява, падумаўшы, што Бабоўцы трэба кінуць ахапак атавы — якую гадзіну паласаваць у хляве, а самой, пакуль дождж, можа, зварыць крупніку ці бульбы — ужо дзён колькі яна не паліла ў печы і не гатавала гарачага. Аднак не паспела яна дайсці да парога, як да яе слыху, быццам з-пад зямлі, данёсся прыглушаны, але магутны нутраны вуркат. Не цямячы яшчэ, што гэта, яна выглянула з-за паркана ў вароты і аслупянела: па іхняй дарозе з гасцінца, цяжка валюхаючы па калдобінах, сунулася ў дажджавой імгле штосьці вялізнае, шэрае і тупалобае, што не адразу і з цяжкасцю нагадала Сцепанідзе машыну. Ззаду кацілася нешта меншае, з высокай, як у самавары, трубой, і вецер данёс на падворак пах дыму, як быццам ад дроў. На мокра-блішчастых баках машыны свяціліся нейкія літары, а вялізныя колы не змяшчаліся ў нешырокіх каляінах і адной стараной мялі-тапталі быльнёг на ўзбочыне. Машына паволі, але з нейкаю няўхільнаю непазбежнасцю набліжалася да сядзібы і яшчэ праз момант са змораным цяжкім дыхам сунулася ў вароты і спынілася на падворку. Гэты дых яе стаў яшчэ большы, у двары засмярдзела газай. З высокай ля кабіны прыступкі саскочыў мізэрненькі чалавек у капелюшы і даўгаватым пальтэчку, якога Сцепаніда адразу ж пазнала: то быў колішні местачковы настаўнік Свянткоўскі.

— Добры дзень, пані Багацька, — з дзіўнаватай нязвыкласцю павітаўся настаўнік, тоячы загадкава- салодзенькую ўсмешачку на вастраносенькім твары. — Гуж распарадзіўся прыняць на кватараванне нямецкую каманду. Ну і — каб усё было добра.

Сцепаніда, аднак, маўчала, няўцямна пазіраючы на машыну, брызентавы верх якой падпіраў нізкае голле ліп. І сапраўды, у той жа момант бразнулі жалезам дзверы, і на падворак адразу сіганулі двое. Яшчэ не згледзеўшы ні іхняй адзежы, ні твараў, па чымсьці няўлоўна-насцярожаным, што ішло ад іх постацяў, Сцепаніда зразумела, што гэта — немцы. Толькі калі тыя скіравалі да яе па падворку, яна адзначыла сабе ў думках, што яны ходзяць, як людзі, на дзвюх нагах і, здаецца, нават без зброі — той, што саскочыў з гэтага боку машыны, быў у цеснаватым, з мноствам гузікаў на грудзях мундзірчыку; на маладым белым твары яго за круглымі акулярамі ў чорнай аправе блукаў зусім нязлы — звычайны хлапечы выраз, на галаве з высока падстрыжанай патыліцай сядзела нейкая растапыраная, без казырка, шапачка-пілотка, і з кароткіх рукавоў мундзірчыка звісалі тонкія рукі. Але другі, што неяк порсценька выкаціўся з-за машыны, быў зусім інакшы — кругленькі, таўставаты чалавек з надта жвавым, нават мітуслівым позіркам, якім ён умомант ахапіў падворак, хлеў, хату і штось буркнуў ёй — незадаволенае і патрабавальнае. Але яна не зразумела яго і сама не свая стаяла з даёнкай на сярэдзіне падворка.

— О, млеко!

Толькі цяпер да яе свядомасці дайшло, што заехалі немцы сюды не так сабе, а кватараваць, як сказаў настаўнік, і пытаюцца пра малако, — хай яны падавяцца ім — ёй не шкада было малака. Але яны не кінуліся па малако, настаўнік загергетаў штось да гэтага вёрткага і кругленькага, і яна, ніколі не чуўшы такой гаворкі, аж з цікавасцю і здзіўленнем услухалася, ды не зразумела ніводнага слова. Мусіць, Свянткоўскі добра ўмеў па-нямецку, а немец па-нашаму не ўмеў нічога і таму штось сказаў па-свойму настаўніку. Свянткоўскі павярнуўся да Сцепаніды.

— Пан германскі фельдфебель пытаецца, ці очэнь свежае гэта малако?

— Свежае, чаму ж не, — сказала яна і паставіла на край муравы даёнку, ля беражкоў якой яшчэ не ўлеглася — гойдалася малочная пена.

Яны нядоўга пагергеталі нешта, маладзейшы подбегам вярнуўся да аўтамабіля і прынёс адтуль белую пляскатую кварту. Свянткоўскі асцярожненька зачэрпнуў поўную кварту сырадою і ўслужліва падаў пану фельдфебелю. Той спаважна ўзяў і, угнуўшыся, каб не абліць выпнуты жывоцік, выпіў малако і абярнуў у паветры кварту.

— Іст гут!

Настаўнік аж весялей неяк зачарпнуў яшчэ маладому, у акулярах. Выцягшы рукі з караткаватых рукавоў мундзірчыка, той таксама выпіў. Затым кварту ўзяў прысадзісты, немалады немец з рабым, як ад воспы, тварам і таксама ўсё выпіў. Але чацвёрты, высокі, як жардзіна, апрануты ў нейкі балахоністы камбінезон, толькі паспытаў з кварты і тут жа пляснуў малако на траву; зялёная мурава на пяць крокаў забялелася, нібы ўзялася цвіллю. «Не спадабалася, каб ты прапаў», — падумала Сцепаніда. Сама не свая, яна пакорліва стаяла каля даёнкі, азіраючы нечаканых заезджых, сэрца яе дужа калацілася ў грудзях, але, здаецца, якой пагрозы на іхніх тварах ці ў рухах не было відаць. «Можа, нап'юцца і паедуць далей», — падумала яна, неўпрыцям ціхенька паўтараючы: «Добрае малачко, добрае». Немцы, аднак, не звярталі на гэтыя словы ніякай увагі, як і на яе таксама. Пакуль іншыя пілі, фельдфебель пасноўдаў сюды-туды па падворку, яна падумала: заверне ў хату, аж не — павярнуў да хлява, затым падышоў да калодзежа. Свянткоўскі, сморгаючы ў роснай траве новымі ботамі, падаўся за ім, і яна чула, як яны там гергеталі штось незразумелае для яе па-нямецку.

Тыя, што напіліся малака, таксама па адным перайшлі да калодзежа, штось іх там зацікавіла. Яна стаяла каля даёнкі, не ведаючы, ці ўжо сысці куды далей з воч, ці яшчэ пачакаць. Але, мусіць, трэба, каб тут быў гаспадар, які кудысьці прапаў і не паказваецца. Ці ён не бачыць, хто да іх завітаў?

— Пані Багацька! — зноў гукнуў яе Свянткоўскі. — Германскі фельдфебель мае жаданне паспытаць вашай вады. Будзьце так ласкавы, прынясіце вядро.

— А, вядро! Зараз…

«Дабраліся нарэшце», — зласліва падумала яна, подбегам трухаючы ў сенцы. Там яна здушана- спуджаным голасам крыкнула ў хату: «Пятрок!» — плюхнуўшы рэшткай вады ў цэбар, вынесла на падворак новае цынкавае вядро, якое ў яе перахапіў маладзейшы, у акулярах. Прычапіўшы вядро да ланцуга, ён спрытна раскруціў барабан і, як толькі вядро пляцнулася аб ваду, пачаў лёгка выкручваць за жалезную ручку, а іншыя, нерухома пастаўшы ля зруба, чакалі. На яе яны зноў перасталі звяртаць увагу, і яна ўжо рашыла падацца ў хату, каб усё ж выпхнуць адтуль Петрака. Ды ў гэты момант ён і сам паказаўся на ганку — у апорках на босую нагу пратупаў міма яе да калодзежа і з нейкай страхавітай асцярогаю зняў з галавы суконную, з абвіслым казырком кепку.

— Ага, добрая вада, ведаеце, — трошкі дрыготкім, мусіць, ад хвалявання голасам загаманіў Пятрок.

Немцы ўжо выцягнулі вядро і плёскалі з яго ў нейкі зялёны гляк, стрымана перагаворваючыся між сабой. Але ніхто з іх, апроч Свянткоўскага, нават не зірнуў на гаспадара хутара, і толькі калі настаўнік штось буркнуў, рабаваты немец змераў Петрака неспяшлівым позіркам. Той пакланіўся яшчэ раз, і тады малады, што стаяў бліжэй да яго, дастаў з кішэні пачак цыгарэт, спярша сам адну ўставіў у рот, а другую даў Петраку. Пятрок, усё камечачы шапку, няёмка ўзяў цыгарэтку і стаяў з ёю, быццам не ведаючы, што рабіць. Тым часам немец пстрыкнуў запальнічкаю і прыкурыў, Петраку, аднак, прыкурыць не паднёс.

Яны нешта там гергеталі, мусіць, гаварылі пра калодзеж, а Сцепаніда ўзяла з падворка даёнку і пайшла ў сенцы. Зачыняць дзверы яна пабаялася, з прыцемку сенцаў пазірала на немцаў, слухала, як Пятрок неяк дужа хутка і па-мужчынску проста ўціраецца ў іхнюю кампанію.

Праз хвіліну ён ужо нешта тлумачыў там, паказваючы то на падворак, то тыцкаючы рукой у калодзеж; шапку, аднак, усё не надзяваў, дробны дожджык сыпаўся на яго лысаватую, з рэшткай сівых валасоў галаву. І яны яго слухалі, нават не перапынялі. Гэтая лёгкасць ягоных адносін да немцаў, аднак, не спадабалася Сцепанідзе, і яна падумала: ці не павядзе ўжо ён іх у хату? Пушчаць іх у хату ёй чамусь не хацелася, хата была недатыкальным яе прытулкам, які трэба было берагчы ад чужынцаў. «Хоць бы яны хутчэй з'ехалі», — думала яна. Але, відаць па ўсім, з'язджаць яны сапраўды не збіраліся — адчапілі ад вялізнай машыны трохі

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату