статка паблізу не было відаць, мабыць, ён ужо загнаў яго ў Выселкі, а сам, насуперак яе жаданню, чамусьці бег ёй насустрач. На самым узроўку яны сустрэліся, трохі захінуўшыся ад сядзібы крайнім кустоўем алешніку. Янка, як заўжды, нешта пакутна-гугнява паспрабаваў сказаць, ды яна не зразумела нічога.
— Во парсюк! Каб схаваць дзе?
Надзіва, ён зразумеў. На момант у яго пільных вачах пыхнула ўвішным пытаннем, а затым ён ужо замахаў рукамі, паказваючы ў завалочаную вечаровым прыцемкам глыбіню рова, куды праз хмызняк бегла крывулястая сцежка. Сцепаніда не зразумела, і ён ухапіў яе за рукаў ватоўкі, пацягнуў. Перш чым яна наважылася ісці, парсюк ужо рушыў за ім, нецярпліва торкаючы лычком у босыя Янкавы ногі.
Яны не хутка, аднак, спускаліся крутаватай, месцамі нават абрывістай сцежкай. Парсюк боязна зарохкаў перад абрывам, не цямячы, як з яго злезці, Янка тады прыступіў на калена і знізу пераняў яго, але парсючок трапянуўся, завішчэў, і Янка змушаны быў пусціць яго на свае ногі. Не збочваючы нікуды са сцежкі, парсючок увішна і борздзенька ішоў за Янкам.
Урэшце яны апынуліся ля ручая ў сыраватым, зарослым крапівой і бадыллём прыцемку, Янка некуды ўсё імкнуў над ручаём, вабячы парсючка і Сцепаніду ў сцішэла-вечаровыя нетры ляснога рова. І, надзіва, парсючок слухаўся яго лепш, чым калі б яго вяла Сцепаніда: можа, адчуваў што ці быў згаладнелы і меў спадзёўку на ежу. Калі неўзабаве, хапаючыся за голле ляшчынніку, Янка збочыў са сцежкі і палез угору, Сцепаніда здагадалася, куды гэта ён. Ведала: тут недзе пад выварацінай-елкай на схіле рова была барсукова нара. Барсука даўно ўпалявалі з сабакам браты Біклагі з мястэчка, нара пуставала гады мо чатыры, хлапчукі, забаўляючыся, раскапалі яе ўваход, але да канца не дакапаліся — такая яна была доўгая.
Тут трэба было лезці вышэй у ляшчыннікавым ды алешнікавым зарасніку, парсючок то нязручна скакаў угору, то ўбок, то недаўменна спыняўся, мабыць, прытаміўшыся, і тады на асабліва крутой мясціне Янка абхапіў яго ўпоперак і крокаў некалькі, не зважаючы на ціхі віскат, прабіраўся так, дзе на нагах, а то больш на каленях. Сцепаніда, адной рукой трымаючы чыгунок, другой хапалася за чорнае вецце і ледзьве паспявала за хлопцам. Так яны выкараскаліся да растапыранага ў бакі карнявішча яловай вывараціны на схіле, дзе збоч невялічкай жвіровай пляцоўкі чарнелася вусце барсуковай нары. Выпушчаны з рук парсючок перастаў вішчэць і пачаў супакоена абнюхваць утаптаны хлапечымі нагамі жвір, карані вывараціны, але калі Сцепаніда паставіла перад ім чыгунок, адразу ж, нібы забыўшыся на ўсё, смачна запляцкаў бульбаю.
— Ы-ы-ы! — нешта замахаў рукамі Янка. — Ы-у-у! — з натугай ірвалася з ягоных грудзей, але нічога зразумелага не вынікала, і Сцепаніда падумала: як жа загарадзіць гэту нару, каб парсючок не вылез і не згубіўся ў рове?
— Ы-ы-э! — яшчэ раз спрабаваў давесці нешта сваё Янка і, махнуўшы кудысь рукой, рашуча палез па схіле вышэй да ўзроўка.
Яна засталася адна ля вывараціны, слухаючы, як пляцкае ў чыгунку парсючок і шамоціць сухое лісце на схіле. Шамаценне, аднак, усё аддалялася, наўкола стала ціха. У рове зусім ужо сцямнелася, толькі край неба над тым узроўкам з гайком яшчэ трохі блішчэў апошнім закатным святлом. Сцепаніда не ведала пэўна, ці, можа, Янка пабег дадому ў Выселкі, ці што надумаў, каб памагчы ёй. Але пакуль парсючок еў, яна стаяла ля яго, убіраючы ў сябе таемныя, па-начному страхавітыя шолахі рова, і раптам падумала: да чаго дажылася! Каб уцякаць са свайго дома, хавацца ў рове, шукаць паратунку там, дзе яна заўжды пабойвалася трохі, асабліва ў прыцемках — вечарам ці ўначы. Але цяпер менавіта так: тут ёй было лепш і спакайней, чым на сваёй сядзібе — у хаце ці істопцы, і гэтае мілае стварэнне, яе паслухмяны ўвішны парсючок здаўся ёй радней за якога чалавека — ну як дзіця не раўнуючы. Асабліва пасля Бабоўкі, якую яна так па-дурному не ўберагла і якую цяпер, мабыць, жралі там, на падворку, абгрызалі яе белыя костачкі.
Настаяўшыся так і набедаваўшыся ў думках, яна прысела на тоўсты абломак вывараціны і знерухомела, навастрыўшы слых. Парсючок выеў усё, што было ў чыгунку, і супакоена ўлёгся пад самыя яе ногі, гарачымі бакамі прыемна грэючы яе настылыя ступні, і яна пачала ціхенька грэбаць яго нагамі пад жыватом. Ахвотна паддаючыся на чалавечую ласку, парсючок памалу перакочваўся на бок, задаволена парохкваў. Яна сядзела на вывараціне, аж покуль угары на ўзроўку не зашамацела галлё, сухое лісце ў траве, нешта там дужа храснула, мабыць, зламалася што ссохлае. Трошкі ёй стала страшнавата, яна ўскочыла, услухалася. Ужо скрозь было цёмна, унізе, дзе бег ручэй, панаваў суцэльны непраглядны змрок, ды і ўгары, над узроўкам, у чорную масу зліліся дрэвы, хмызняк, толькі ледзь-ледзь свяціўся дальні краёчак неба. Шастанне ўгары ўсё большала, штось грукнула збоч ад нары, і да вывараціны звалілася рухавая, запыханая постаць Янкі. Неяк бокам куляючы, ён валок сюды нешта грувасткае і, мабыць, цяжкаватае для яго.
— Э-э-э! Ы! — зморана абвясціў ён і гэпнуў ля самага вусця, мабыць, знойдзеную ў полі драўляную барану з зубамі.
І праўда, гэта было няблага — барана адразу загарадзіла ўваход у нару, трэба было толькі яе падперці ці замацаваць як, каб не паваліў парсючок. Сцепаніда падняла парсючка, удваіх з Янкам яны сунулі яго ў колішні барсучыны схоў і хуценька заставілі нару бараной. Парсючок трывожна зарохкаў, піхнуў барану лычом, спрабуючы паваліць, але Сцепаніда прытрымала яе, а Янка тым часам выламаў непадалёк добрую палку, і яны з натугай падперлі ёю барану.
— Во і добра, — ціха сказала Сцепаніда. — Сядзі і не рохкай, а то… Сажруць і дзякуй не скажуць.
Янка нешта дастаў з кішэні і прасунуў парсючку, той адразу смачна запляцкаў, шавелячыся ў цемры невялічкаю шэраю плямкай, а яны палезлі ўгору на ўзровак. Мабыць, так было бліжэй, хоць і не зручней, чым па сцежцы ля ручая праз роў. Неўзабаве, добра ўгрэўшыся, выбраліся на раўнейшае і выйшлі з кустоўя на край бульбянога палетка.
— Дзякуй табе, Яначка, — сказала Сцепаніда, кладучы руку на хударлявае пад лёгкай світкай хлапечае плячо. Янка напружыўся, спыніўся, зблізку запытальна зірнуў праз змрок у яе твар і прамычэў нешта, як заўжды зразумелае толькі яму аднаму. Яна падумала, што трэба б і яшчэ нешта сказаць гэтаму ўвішнаму бедалагу-хлопцу, ды, занятая сваім клопатам, не знайшла што і пайшла да хутара. Сцежка тут вяла па роўным, каля ўзроўка на мяжы з полем. Янка засстаўся ззаду. Ведама, ён пабяжыць у свае Выселкі, стараной у абход хутара — цяпер у хутар патыкацца нягожа.
Яшчэ здалёку ад сядзібы Сцепаніда ўбачыла яркае, аж сляпучае, святло ў акне хаты і падумала: то не лямпа, мабыць, яны запалілі сваю электрычнасць. Было ўжо зусім цёмна, палявую далячынь завалакло змрокам ночы, а кустоўе, дрэвы на ўзроўку чарнеліся дзівосным бязладным нагрувашчаннем, праз якое месцамі туманна праглядвала шырокая прорва рова.
З непрыемным боязным пачуццём Сцепаніда падышла да хутара, увайшла па сцежцы ў гарод. Надзіва тут было цёмна і ціха (ці не ўгаманіліся яны там?), толькі з акна на бурачнік падала касое і яркае лапікла святла; такое ж лапікла яна ўбачыла і на падворку, як выйшла з дрывотні. Чорная кухня з высокай трубой стаяла старанна абцёртая і прыбраная, накрытая зверху нейкай брызенцінай; пад тынам састаўленыя ў рад відаць былі іхнія вёдры. Збоч ад тых вёдраў цьмяна шарэла ў паўзмроку, мусіць, забытая зранку вінтоўка з новенькай раменнай почапкай. Сцепаніда ўхапіла гэта адным беглым позіркам і ўскочыла ў сенцы, дзверы якіх былі не зачынены. З хаты чулася спакойная картавая гамана некалькіх галасоў, і яна хуценька прашмыгнула ў істопку.
Пятрок быў на сваім месцы на дзежках і адразу азваўся са змроку, як толькі яна зачыніла за сабой дзверы.
— Ай, дзе гэта ты ходзіш па начы? Аж напужаўся во…
— Дык і ты ж недзе паўдня прападаў, — ціха сказала яна, намацваючы ў цемры свой сеннічок.
— Курэй пільнаваў. Як тых дзвюх застрэлілі, дык астатнія на ўзроўку ў яму ўбіліся. Тую, з крапівой. Сядзяць і ў хлявок не рушаць. Дык пасыпаў ім там, хай начуюць.
— Колькі ж іх хоць ацалела?
— Сямёрачка. Тэй рабенькай і чорнагалоўкі няма. І старой жоўтай няма, але не павінна, каб і жоўтую застрэлілі. Так недзе схавалася.
— Каб жа схавалася, — уздыхнула Сцепаніда, думаючы ўжо аб іншым. Новая думка-жаданне нечакана з'явілася ў яе галаве, і яна ўжо не магла думаць аб іншым — падворак цяпер уладарна прыцягваў усю яе ўвагу. Але яна маўчала, адно толькі слухала.
— Ай-яй! Прыйшоў злом! — пабедаваў Пятрок. — Во скарынку жую. На і табе, мабыць жа, нічога не ела…
Ён сунуў ёй з цемры счарсцвелы кавалак хлеба, і яна ўзяла з жалем — не да сябе, да яго. Каторы дзень ужо без гарачага, на сухім, а ў яго ж хворы страўнік — бедны стары Пятрок! Другім разам пачаў бы