наракаць, скардзіцца ці дакараць яе, а цяпер во з адною пакорай. Дажыўся! Але дажылася і яна. З учарашняга не было ў роце макавай расінкі, і цяпер счарсцвелы хлебны кавалак здаўся надзвычай смачным. Яна прылягла на сеннічок, прыкрыўшы ногі ватоўкай, і, патроху адломваючы ад кавалка, клала ў рот, ціха жавала. Але найбольш яна слухала. На падворку і ў палатцы, мабыць, ужо супакоіліся, але цераз сені ў хаце чулася нягучная вечаровая гаворка двух ці трох чалавек — на гэтых сну не было. А ёй дужа трэба было, каб яны там паснулі, у ёй усё мацней разрастаўся тайны і страшны намер, ад якога часам кідала ў дрыжыкі, але, ведала яна, адрачыся ад яго ў яе ўжо не хопіць сілы. Зрэшты, яна і не думала адракацца, яна збірала сілы, каб здзейсніць яго, нават калі б і ведала пэўна, што пасля ёй гэта вылезе бокам. Праўда, пакуль што нельга было і рыпацца; пакуль яны там не спяць, яна не магла выйсці з істопкі. Але яна ўмела чакаць. Яна ўсё жыццё толькі і рабіла, што чакала чагосьці, часам зусім па-дурному і марна, а часам усё-такі ёй шэнціла. Але яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць.
Хлеб яна зжавала ўвесь і ціхенька ляжала без сну, не кратаючыся на сваім сеннічку. Невядома, ці спаў Пятрок, але яго таксама не было чуваць — ні дыху, ні руху, мабыць, усё ж заснуў. Картавае гергетанне ў хаце, здаецца, таксама ўціхла — ці не паснулі і там? Паляжаўшы яшчэ хвілін колькі, яна ціхенька ўстала і, абапёршыся рукой аб сцяну, зірнула ў акенца — не, на падворку ўсё яшчэ блішчэла на траве яркая паласа святла, прарэзаная ўздоўж чорным ценем ад рамы, дальнім канцом амаль дасягаючы тыну з вёдрамі. Вінтоўкі адсюль не было відаць, але, адчувала яна, тая стаяла на ранейшым месцы. Сцепаніда зазірнула наўкось у адзін бок двара, у другі — нідзе не відно было ні душы. Тады яна зноў лягла на сеннічок, падумаўшы: урэшце ж рана ці позна пакладуцца і тыя, у хаце. Трэба чакаць.
Яна яшчэ паляжала з гадзіну, пільна слухаючы блізкія і далёкія гукі ночы. Недзе, мабыць, на Выселках ці ў Забалоцці за ровам, доўга, настырна брахаў сабака, аж разрываўся ад лютасці, пасля неяк раптоўна віскнуў і сціх — пабіты ці спушчаны з прывязі. Гамана ў хаце сціхла, але разы два там пачуліся крокі — кароткі цяжкаваты тупат ботаў па дошках падлогі, бразнулі дзверы, нехта выйшаў на двор, але хутка вярнуўся ў хату. Па тым, як, хліпнуўшы, знік цьмяны водсвет на чорнай бэльцы істопкі, яна зразумела, што ўрэшце там выключылі святло, скрозь стала цёмна — у сенцах, у хаце і на падворку запанаваў змрок бязмесячнай восеньскай ночы. Сцепаніда доўга яшчэ ляжала без сну, краем свядомасці гаротна перажываючы сумныя падзеі мінулага дня: сваё хітраванне з тым малаком, якое, відаць, і пагубіла Бабоўку, дратаванне сядзібы, страляніну па курах, яе неспадзяваную ўдачу з парсючком. Можа, хоць ён уцалее, калі гэтыя не дабяруцца да рова, не выпаруць яго з барсуковай нары. Так думала яна аб усім, а сама міжвольна збірала ў сабе адвагу, каб урэшце наважыцца.
Усё ж яна, здаецца, трохі задрамала і падхапілася ад нейкага неўсвядомленага нутранога штуршка, услухалася. Пад жорнамі ціхенька драпаў пацук, ды сіпата, з прысвістам, дыхаў на дзежках Пятрок. Яна села на ўслоне, спусціла ногі на дол. Цяпер ужо нічога не было ў яе жаданнях, апроч упартае прагі цішыні, каб зрабіць тое, што яна ўжо не магла не зрабіць. Быццам не па сваёй волі, а па нечым жалезным прымусе яна ступіла да дзвярэй істопкі, ціхутка, як толькі можна было, павярнула закрутку і прыадчыніла старыя, сточаныя шашалем дзверы. Добра, яны не скрыпнулі, толькі прашэрхалі трохі, і яна пакінула іх так, не зачыненымі. Затым яна на дыбачках наблізілася да расчыненых дзвярэй з сянец, у якія трохі задзімаў вецер, услухалася. У хаце хтось сонна хроп — не дужа каб моцна, а так, супакоена-роўна, і гэта яе абнадзеіла. Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце, не мае права па сваёй патрэбе выйсці з хаты на двор, хіба яна перастала быць чалавекам? Ну і што, што вайна, немцы. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон. Ціхутка ступаючы, яна сышла з камянёў-прыступкаў на прыстылую ўжо зямлю падворка, па сцюдзёнаватай воглай траве забегла за вугал на дрывотню і там стаілася: здалося, у палатцы хтось нешта буркнуў. Але гэта, мусіць, у сне, якога вартавога на падворку нідзе не было відаць, і гэта яе трохі ўзбадзёрыла. Падумала, што чуліся яны ўпэўнена, нібы гаспадары. Ведама, чаго ім баяцца, хто ім зробіць шкоду? І ўсё ж што-нішто трэба зрабіць, хай не думаюць: калі ўехалі, дык ім усё можна.
Яна дужа баялася, можа, так, як не баялася ніколі ў жыцці, асабліва калі выйшла з дрывотні і на дрыготкіх нагах, аж хістаючыся, дабегла да тыну. Ёй не трэба было аглядацца ў цемры, яна пэўна ведала, дзе было тое месца, і цяпер адразу намацала рукой вінтоўку, ухапіла яе за тонкую рулю. Вінтоўка аказалася цяжэйшаю, чым яна думала, як бы, боўтнуўшы, яна не падняла ўсіх на ногі. Гэта трохі збянтэжыла Сцепаніду, але перайначыць намер яна ўжо не мела сілы, — на дыбачках яна падскочылі да калодзежа і апусціла ў зруб вінтоўку. Перад тым як назусім выпусціць яе з рукі, кінула позірк на хату і пакатую гарбіну палаткі, але тая сонна спакайнела ўначы, ніхто з яе не паказваўся, і яна разняла пальцы.
Сцепаніда ўжо адскочыла ад калодзежа, калі ў ягонай глыбі глуха і нутрана боўтнула, здалося, жахліва-грымотна боўтнула, але яна хуценька падбегла да істопкі і пад яе сцяной прашмыгнула ў сенцы. Тут ажно спалохалася, намацаўшы зачыненыя дзверы ў істопку, але ўспомніла, што яны часам зачыняліся самі, і цяпер дрыготкімі рукамі расчыніла іх за драўляную ручку.
Перш чым зачыніцца з істопкі, хвіліну памарудзіла, — не, усё скрозь было ціха, здаецца, удалося. «Што цяпер будзе заўтра?» — нібы ў гарачцы калоцячыся ўсім целам, думала яна і, можа, толькі цяпер спалохалася як мае быць. Жах апанаваў яе з такой лютасцю, што яна дробна засакатала зубамі і, пэўна, тым абудзіла Петрака.
— Што, сцюдзёна? На во мой кажух, накрыйся… — прабурчэў ён спрасоння і зноў сіпата, мерна задыхаў.
Сцепаніда ж не заснула да ранку.
10
Немцы падняліся раненька, яшчэ давідна, Пятрок пачуў іхнія крокі ля істопкі, кашаль, прыціхлыя хрыплаватыя галасы на падворку. Бразгнула вядро ў калодзежы — пачалі цягаць ваду, мусіць, для кухні. Пэўна, учарашняе свята скончылася, сёння, мяркуючы па ўсім, яны меліся брацца за справу.
Пятрок ляжаў на ледзьве прыкрытых транцём мулкіх накрыўках дзежак, напяўшы на галаву кажушок, слухаў знадворныя гукі і думаў: якія яны ўсё ж не такія, як нашы людзі, гэтыя немцы, — усё ў іх па-свойму, інакш. Нават учора ўвечары, як наладзілі сабе частаванне, свяцілі электрычнасцю, елі з талерак і пілі з маленькіх белых чарачак шнапс, развесяліліся, гаманілі, але амаль так, як звычайна, п'яных не было ніводнага. Афіцэр і гэты фельдфебель частаваліся ў хаце асобна, куды ім насілі мяса ў талерках, накрытых хустачкамі, і таксама елі-выпівалі сцішана, без гаманы, а галоўнае, не даўжэй, чым пры звычайнай вячэры. Мусіць, мінула гадзіна, не болей, і на прыступкі выйшаў фельдфебель, нешта скамандаваў, і на падворку адразу як вымела — усе зашыліся спаць у палатку. «Дысцыплінка, аднак, вашай матары, — падумаў Пятрок з ціхаю зайздрасцю. — Слова начальніка — у іх як закон, усе ядуць, робяць і моляцца па камандзе. Не дзіва, што перамагаюць».
Але вось з'елі і Бабоўку. Пятрок трохі і злаваў ад думкі, што, можа, трэба было не рыпацца, аддаць ім тое малако, хай бы жралі сабе, калі такія аматары на малочнае, нашто было хітраваць? Праз гэтыя Сцепанідзіны хітрыкі, мабыць, і засталіся цяпер без каровы. Але ўпэўненасці ў тым не было, Пятрок разумеў, што магло здарыцца так, што ўсё роўна адабралі б карову, — не цяпер, дык пасля, ад'язджаючы. Вядома, лепей было б схаваць. Толькі як схаваеш і дзе? Карова не курыца, у крапіве не стоіцца. Ды і хто ведаў, што яны гэтак нечакана награбуцца на хутар.
У істопку данёсся знадворку прыемны, саладкаваты, быццам нават знаёмы пах, і Пятрок не адразу ўцяміў, што гэта запахла кавай. Ну пэўна ж, ён чуў яшчэ з той вайны, што германцы зранку найперш п'юць каву, а не які-небудзь квас або чай, як, напрыклад, расейцы. Пятрок ніколі не спытваў гэтага пітва і думаў, што, мабыць, яно дужа смачнае. Але што марыць пра каву, тут во солі засталося жменькі са тры, як без солі будзеш есці гэтую бульбу! Не палезе ў горла. Бяда, дый годзе!
Знадворку патроху віднела, але сонца не было відаць, чутно толькі — у страсе шастаў напорысты вецер, здаецца, на ўчарашнім дні і скончылася добрае надвор'е. З ночы ў старой, з гнілаватымі сценамі істопцы было халаднавата. Пятрок і так і гэтак туліўся пад кажушком, але ўсё роўна азяб і думаў, што трэба ўставаць. Адным вокам скоса ён зірнуў на сеннічок пад акенцам — Сцепаніда, бы нежывая, ляжала скурчаная пад ватоўкаю, і ён падумаў: перажывае Бабоўку. Ведама ж, якое бабе жыццё без каровы? Без