варта было Гужу павярнуцца да воза, як паліцай зноў стаў поўны ўвагі.
— Ладна, — сказаў Гуж. — Пасля. Цяпер няма як. Давай таго пацана ў воз, — спакайней сказаў ён Петраку і скіраваў да паркана. Каландзёнак кінуў лейцы на ахапак сена ў возе.
Зацяўшы страх у душы, Пятрок нерашуча падышоў да распластанага цела падлетка ў скарэлай цёмнай кашульцы, галава яго была закінута патыліцай у траву, і на скроні ля вуха прысох камяк гразі ці, можа, крыві; крывавыя пісягі на голым, выпацканым жываце таксама падсохлі ўжо. Падышоўшы, Пятрок аслупянеў, не ведаючы, як узяцца за хлопчыка, тады Каландзёнак ухапіў забітага за голыя парэпаныя лыткі ў караткаватых лапленых штанах і, нібы якую лясіну, безуважна павалок да фурманкі, разграбаючы ім смецце ў доле. Яначкавы рукі нязручна растапырыліся, галава на танклявай шыі трохі заварушылася, як у жывога.
«Божа, Божа! — жахнуўся Пятрок, млосна ідучы следам. — Што дзеецца!..»
— Бяры, што стаў! — гыркнуў здаля Гуж, калі яны спыніліся ля фурманкі. Сам, аднак, не падступіўся да хлопца — круціў з самасаду цыгарку.
Удвух з Каландзёнкам яны паднялі трохі цяжкаватае, ужо апруцянелае Янкава цела, паклалі яго ў фурманку.
Каландзёнак трохі захінуў яго сенам, болей дзеля прыліку, усё роўна было відаць, хто ў возе. Пятрок думаў, што цяпер яны паедуць, і ўжо адышоўся трохі ўбок, каб не замінаць фурманцы, як Гуж выпаліў:
— Ты тожа з намі!
— Куды?
— На работу. А што ж! Пазагаралі, як на курорце, цяпер на работу! Мост дарабляць. А як жа? Вунь местачкоўцы каторы дзень укалваюць, а вы тут запанелі пад бокам у немцаў.
«Каб ты так усё жыццё панеў, смоўж пракляты!» — паныла падумаў Пятрок, ведаючы, аднак, што прыйдзецца ісці. Ужо гэтага не ўпросіш, асабліва пасля таго, што тут здарылася, на гэтай сядзібе. Добра яшчэ, што не заарыштаваў назусім, а толькі выганяе на работу.
Лаючыся ў душы, Пятрок пайшоў за фурманкай, у якую ўжо на хаду ўскочылі паліцаі. Каландзёнак кіраваў канём, а Гуж сядзеў ззаду, ледзь не да зямлі звесіўшы даўгія ногі, і цікаваў за Петраком, каб не ўцёк, мусіць. Але куды было ўцякаць? Пятрок тут пражыў паўжыцця, выгадаваў дзяцей, пазнаў столькі турбот, страху і гора, а можа, трохі і радасці ў маладыя годы, як далі зямлі, агораў сваю гаспадарку. Куды было ўцякаць? Ён быў чалавек ціхі і мусіў рабіць усё, што ні скажуць, у іх была сіла, а што было ў яго? Спрацаваныя рукі, раматус у нагах ды немаладыя гады за плячыма, што ён мог выставіць насуперак ім? Хіба дзе схітрыць трошкі, але і то з немцамі — з гэтымі ж не надта і схітрыш, гэтых не ашукаеш.
Ды і з немцамі тыя хітрыкі абярнуліся ліхам, лепш бы без іх. Лепей папраўдзе ўжо, у адкрытую.
Фурманка абмінула лужыну на завароце з гасцінца і ўз'ехала на лепшую дарогу, а Пятрок пашкандыбаў сабе сцежкаю за канавай. Тут пачынаўся ўжо сасоннік, а за ім будзе паваротка і той мост. Хай ён прападзе, гэты пракляты мост, колькі праз яго напасцяў на іх Яхімоўшчыну. Як было добра, калі ён быў зруйнаваны бомбамі і два месяцы ніхто тут не хадзіў і не ездзіў. А цяпер… Цяпер будзе пекла, гэта пэўна ўжо.
Але да моста яны не даехалі, не даехалі нават да павароткі.
Збоч ад гасцінца ў сосонніку, дзе некалі высялкоўскія мужыкі ды і местачкоўцы капалі на якую патрэбу жвір, цяпер стаяла са тры фурманкі, і некалькі мужыкоў лена кідалі ў іх з ямы. Каландзёнак збочыў да краю дарогі і спыніў каня. Гуж саскочыў з фурманкі. Мужыкі перасталі капаць, нехта адзін, а за ім і астатнія па чарзе нерашуча сцягнулі з галоў шапкі і знерухомелі перад паліцаем.
— Што так марудна? — строга запытаў Гуж. — Колькі вазоў адправілі?
— Шэсць, здаецца, — сказаў лысы мужчына, з тварам, густа зарослым сівым шчаціннем.
Пятрок пазнаў у ім Ігната Дубасея з Заграззя. Некалі, яшчэ да калгасаў, Дубасей вырабляў аўчыны, і Пятрок хадзіў да яго, як надумаў пашыць кажушок, во гэты самы, што быў у яго на плячах. Цяпер, з няпэўнасцю стоячы на дарозе ля яміны, ён не ведаў, як быць, ці, як усе, зняць шапку, ці стаяць, як стаяў. Але каб залішне не вылучацца ад іншых, таксама ціхенька сцягнуў з галавы суконную кепку.
— Трэба дванаццаць, душу з вас вон! Чуеце?! — раптам пачаў звярэць Гуж. — Трэба шавяліцца, а не гультаяваць, не за Саветамі вам! Перакурваеце, мусіць, зашмат?
— Ды мы…
— Ніякіх перакураў! Дацямна каб засыпаць шашу. Ты! — кіўнуў ён Каландзёнку. — Злазь і сачы. Каб ніхто нікуды! Работаць мне, работаць!!!
Каландзёнак паклаў лейцы на воз і выцягнуў з-пад сена сваю даўгую вінтоўку. На яго месца сеў Гуж. Напаследак ён абвёў ненавісным позіркам яміну і трох прыціхлых мужыкоў у ёй, згледзеў Петрака на ўзбочыне.
— Ты, Багацька, — у падмогу! І шнэль, шнэль, шнэль! Панятна?
Фурманка з Гужом пакаціла да рэчкі, нехта з мужыкоў прабурчэў штось незадаволена, нехта ўздыхнуў. Пятрок па сыпучым адхоне сышоў у яміну і ўзяў рыдлёўку з надламаным тронкам, што тырчэла збоку ў пяску. Угары над імі стаяла недагружаная фурманка, а ля яе з вінтоўкай пад пахай, як вартавы, слупам застыў Каландзёнак. Ягоныя вочы зноў закаціліся пад павекі, здаецца, у думках ён далёка паляцеў адгэтуль.
Наўрад ці хутчэй, чым дагэтуль, яны пачалі кідаць жвір угору, у фурманку. Кідаць было нязручна, высока, яміны сталі даволі ўжо глыбокія, блізка ад дарогі жвір выбралі і капалі ўсё далей. Пятрок хутка ўгрэўся, стала гарчыць у грудзях, ён запаволіў тэмп, а пасля і зусім прыпыніў працу, абапёрся аб тронак рыдлёўкі. Але толькі ён разы два спакайней уздыхнуў, як на абрыве страпянуўся Каландзёнак.
— Капаць!
— Дык гэта… Змарыўся ж. Аддыхнуць…
— Капаць!!!
— Дык гэта… Сынок…
«Сынок», аднак, ужо ўхапіў вінтоўку і зашчоўкаў затворам, гатовы стрэліць. Пятрок крыху спалохаўся, рукі самі схапіліся за тронак рыдлёўкі, ён кінуў трохі жвіру ў фурманку, і Каландзёнак апусціў вінтоўку прыкладам у дол. «Ну і гад! — падумаў Пятрок. — Чаму яго маці не прыдушыла малога? Гэты ж горш за Гужа. З тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку».
Накапаўшы вазы чатыры, Пятрок трудна выпрастаўся — гружаны воз выязджаў на дарогу, здаецца, болей вазоў не было, можна было б трошкі спачыць. Але не паспеў ён узрадавацца, як з-за павароту зноў застукацелі колы, і неўзабаве прыезджы ўжо асаджваў задам каня, зручней падстаўляючы воз. Гэта быў Карніла з Выселак, як заўжды, стрыманы, негаваркі, ладна апрануты ў яшчэ мала ношаную шэрую суконную паддзёўку. Апошнім часам Карніла адпусціў чорную касмылявую бараду і выглядаў дзед дзедам, хоць быў на пяць год маладзейшы за Петрака.
Яны ўжо шмат год не віталіся і не размаўлялі, але цяпер Карніла, згледзеўшы ў яміне Петрака, стрымана кінуў «дзень добры», і Пятрок неяк радасна загаманіў:
— Дзень добры, ага. Тожа выгналі, з канём нават?
— Ды ўжо во чацвёрты дзень рупімся, — сказаў у бараду Карніла, таксама беручы з воза рыдлёўку. — Спяшаюцца, мост трэба.
— Каму трэба, а нам дык згары ён ясным агнём, мост гэты.
Карніла коратка зыркнуў на Петрака адным вокам, скоса паглядзеў на Каландзёнка, які ўжо навастрыў вуха да іхняй размовы, і гучна сказаў, мусіць, каб чуў паліцай:
— Трэба, трэба памагчы нямецкай арміі. А як жа!
Пятрок ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як прымаць тыя ягоныя словы. Збоку мяркуючы, дык казаў ён быццам па шчырасці, быццам гэтак і думаў. Але Пятрок думаць так не хацеў, таму і змоўк, ведаў: надта сам у сабе гэты хітры Карніла, з ім не пагамоніш. Што б ён ні казаў, усё меў нешта на мэце сваё, не сказанае. Асабліва такі стаў год дзесяць назад, як выкінулі з калгаса, у які ён толькі ўступіў. Добра яшчэ — не выслалі, і Карніла пачаў рабіць у мястэчку, спярша ў прамарцелі, а пасля гады чатыры дзяжурыў у пажарнай камандзе і, як аказалася, зажыў не горш, чым яны ў калгасе. А можа, і лепей.
Яны капалі без пярэдыху да паўдня і пасля паўдня; фурманкі ўсё гойсалі на мост і з моста, балазе відаць было блізка. Каторыя на конях, дык тыя хоць адпачывалі, як везлі туды ці ўлегцы ехалі адтуль, а бясконныя Пятрок з Дубасеем не ведалі ні хвіліны адпачынку і ўжо думалі, што ўпадуць ад знямогі. Ігнат хоць быў здатней для таго апрануты, у суконны каптан, Пятрок жа ў сваім кажушку даўно ўжо змакрэў, як шчанюк, ад поту і думаў: не мінуць запалення. Некалі ён ужо хварэў на запаленне лёгкіх — застудзіўся на