позна, калі яно ўжо без патрэбы.

Як бы там ні было, жыццё покуль доўжылася, трэба было нешта есці і, можа, паклапаціцца пра заўтра, а не толькі пра тое, што было на падворку. Насоўваліся халады, каторы дзень спрэс хмарылася восеньскае неба, дажджыла, а бульба ўсё ляжала ў кучы на канцы гарода. Петраку ўсё не выпадала ўзяцца за яе, і Сцепаніда, разважыўшы, дастала рыдлёўку. Не дужа складаная гэта справа, хоць і лічылася чыста мужчынскай, — забуртаваць якія два вазы бульбы. Сцепаніда падраўняла кучу, падгрэбла, шчыльней абклала саломай і пачала абкопваць зямлёй.

На сядзібе яе болей нічога не турбавала, спакваля сабралася ў хляўку шэсць курыц, чатырох, пэўна, з'елі немцы. Учора ж, як толькі з падворка, забраўшы Петрака, з'ехалі паліцаі, яна найперш кінулася ў роў, знайшла ў барсуковай нары свайго згаладнелага парсючка, які так ёй узрадаваўся, што кінуўся ў ногі і забыўся пра голад, як яна пачасала ягоны схуднелы бок. Ён не падаў нават голасу, як яна валакла яго на ўзровак, а затым трушком бег па сцяжыне да хутара і, відаць, з вялікай неахвотай зноў улез у цесны свой застаронак. Там ужо яна яго ўволю накарміла бульбай, не пашкадавала вобмешкі, пасля ён выпіў чыгунок вады і супакоіўся.

Абкапваць было не дужа каб цяжка, хоць, ведама, Пятрок зрабіў бы гэта спрытней. Але Пятрок зранку займаўся справай, дзе яна ўжо была старонняй. Устаўшы яшчэ да світання, ён бразгаў у істопцы самагонным начыннем, пасля некуды знік, паявіўся зноў, узяў вёдры, каромысла, пачаў насіць кудысь брагу. Яна думала, што ён уладкуецца ў істопцы ці хоць бы ў асеці, а ён сышоў некуды далей — у роў ці яшчэ куды, не сказаў нават ёй. Толькі калі ўсё там было настроена, прыйшоў прасіць якія дзве запалкі. Голас яго стаў зусім сіплы, а сам з выгляду зусім стомлены, змардаваны, які ён, здаецца, не быў ніколі. Яна дала яму дзве запалкі і сказала, каб не сядзеў доўга — на дварэ сцюдзёна, мокра, нядоўга застудзіць грудзі, што тады будзе карысці з яго самагонкі.

— А, чорт яго бяры! — махнуў рукой Пятрок. — Усё адно ўжо…

Сцепаніда абкапала адзін бок капца, паляпала рыдлёўкай па зямлі, раўняючы таўставаты яе пласт на саломе. Увесь гэты час, што б яна ні рабіла — ці поркалася дома, ці парадкавала парсючка, — не магла пазбыцца думкі пра Янку. Так яна шкадавала цяпер, што ў той дзень згледзела яго на ўзроўку — хай бы ён дзе пасвіў у парасніках, навошта ён трапіўся ёй так блізка? Але, мусіць, нейкая злая сіла вабіла яго да гэтага хутара, да той небяспекі, якая абярнулася для яго пагібеллю. Сцепаніда не магла пазбыцца горкага адчування свайго дачынення да яго смерці, хоць і разумела: тое, што яна зрабіла з іхняй вінтоўкай, не тычылася болей нікога, нават Петрака, і яна не бачыла тут жаднай сувязі з Янкам. Канешне ж, яна разумела, што прывяло хлопца ў роў, мабыць жа, ён ішоў да яе парсючка, але навошта ён палез так блізка да хутара? Няўжо не адчуваў, чым гэта можа для яго скончыцца? І вось скончылася.

Капец яшчэ не быў уладкаваны, як яна пачула голас з падворка — хтось клікаў яе. Але хто ў такі час мог тут паявіцца, не трэба было доўга думаць, канешне, гэта зноў былі тыя самыя злыдні. Уся ўнутрана сабраўшыся, гатовая да кепскага, Сцепаніда ўваткнула ў зямлю рыдлёўку і пайшла цераз гарод да дрывотні.

Так яно і было, яна не памылілася. На тым месцы, дзе нядаўна дымела кухня, цяпер стаяла фурманка са знаёмым панурым конікам у аглоблях, а Гуж з Каландзёнкам ужо заглядвалі ў вокны і гукалі яе. Ля фурманкі з ніякавата-староннім выразам на зграбна-чарнявым твары стаяў з вінтоўкай на плячы Антось Недасека.

— А, во яна! — убачыўшы яе, сказаў Гуж. — Дзе Пятрок?

— А тут хіба нет? Тады не ведаю, — схлусіла яна, адразу сцяміўшы, што гэты прыезд, мабыць, не па яе — па гаспадара хутара.

— Адчыняй дзверы! — загадаў Гуж. Але, апярэдзіўшы яе, сам скінуў клямку з прабоя і размашыста бразнуў дзвярыма.

Пакуль яна ішла за імі, Гуж паспеў зазірнуць у істопку, агледзець мітуслівым позіркам сенцы, нават прынюхаўся да чагось сваім мясістым шырокім носам і бразнуў дзвярыма, заходзячы ў хату. Там ён таксама спярша зірнуў у кожнае з вокан.

— Дзе Пятрок?

— Я ж не ведаю, сказала. Я вунь бульбу абкопваю.

— Ах, ты не ведаеш? Дык мы ведаем: самагон гоніць! Дзе гоніць? — раптам запытаў Гуж, паварочваючыся да яе і адразу захінуўшы ад яе ўсё святло з вокан. Яна не стала ні пераконваць яго, ні бажыцца, што не ведае, дзе Пятрок, толькі ціха вымавіла:

— Мне не сказаў.

Гуж штось памеркаваў і злосна скрыгатнуў шырокімі пашчэнкамі.

— Ну, падла, ты ў мяне дажджэшся! Урэшце я цябе павешу. З вялікім маім задавальненнем. З наслажджэннем!!!

— Гэта за што? — не паднімаючы позірку, спакойна пацікавілася яна, аднак не саступаючы з месца перад ім ля парога. У яе таксама міжвольна сашчапіліся пашчэнкі, толькі яна не паказала таго і глядзела долу. Чыстую пасля немцаў падлогу яны агідна забрудзілі гразкімі ботамі. Але хай, ёй не было шкада падлогі, ёй нават закарцела пасварыцца з гэтым увішным служкам новага парадку.

— Сама знаеш — за што! Вы! — раўнуў ён да сваіх памагатых. — Ану пашуруйце сядзібу: у таку, у асеці. Недзе ён тут гоніць.

Каландзёнак з Недасекам пасунуліся ў дзверы, а Гуж сеў ля стала, не адрываючы ад Сцепаніды гняўліва-пагрознага позірку.

— Ты ж знаеш, што цябе трэба вешаць як бальшавіцкую акцявістку. А ты яшчэ хвост паднімаеш! На што ж ты расчытваеш?

— А ні на што не расчытваю. Я цёмная жэншчына.

— Гэта ты цёмная жэншчына? А хто калгасы арганізоўваў? Хто баб у хату-чытальню збіраў? Цёмная жэншчына? А раскулачванне?

— Раскулачванне ты не забудзеш, канешне, — сказала яна і прысланілася плячом да чалесніка. Яна ўжо неяк справілася з сабой і ва ўпор пазірала на паліцая.

— Не, не забуду! Па гроб не забуду. І папомню яшчэ некаторым. Шкада, Лявона няма. Я б яму папомніў! Як ён з бацькі боты здзіраў!

— Лепш бы на тое цяпер забыцца, — памаўчаўшы, сказала Сцепаніда. — І для цябе тожа лепш. Спакайней было б.

— Не-а, гэта ўжо хрэна! Я не забудуся. Я не забудуся, з чыёй ласкі на чужой зямлі гора мыкаў. Я цяпер чаго сюды прыбіўся? — заходзячыся напятай, ледзьве стрыманай лютасцю, гаварыў Гуж. — Думаеш, немцам служыць? Чхаў я на немцаў. Мне трэба расчытацца з некаторымі. З калхознічкамі, маць вашу за нагу! Што тут раскашавалі, як мой бацька на Салаўках канаў.

— Не дужа тут раскашавалі. Работалі.

— За палачкі работалі? Так вам і нада! Нашто было лезці ў калгас? Ты ж за яго агіціравала!

— Лацно было агіціраваць за тое, чаго не знаеш.

— Дык якога жа шыша, не знаўшы, не ведаўшы, палезлі? Як у прорву. Цяпер нажраліся палачак, паразумнелі?!

— Разумныя і тады былі. Але як было жыць? Нагараваліся ў малазямеллі. Што можна было на дзвюх дзесяцінах з дзецьмі?

— А на шасцідзесяці сотках лепш стала? Дзвюх дзесяцін ім мала было? Во цяпер немцы дадуць зямлі, колькі хочаш. Да трыццаці га. Каторыя, канешне, заслужаць. Перад германскай уласцю заслужаць.

— Табе пэўна ўжо дадуць. Заслужыў.

— Мне? А начарта яна мне? Я яе з дзецкіх лет зненавідзеў. Пляваў я на зямлю.

— Завошта ж тады стараешся?

— Ах, якая разумная, гляджу! Усё табе трэба знаць! А хоць бы за тое, што ўладу далі. Дзеля ўлады! Я ўсю жысць быў падначалены, малы чалавечак. Усяго бойся. А цяпер у мяне ўласць! Поўная. Я ж цяпер для вас вышэй, чым сельсавет. Вышэй, чым райкам. Чым саўнаркам нават. Я ж магу любога, каго хочаш, стрэльнуць. Мне ўсё давяраюць. А магу і наградзіць. Вось табе што нада? Карова нада, немцы схарчылі? Будзе карова! Заўтра прывяду. Парсюка? Таксама. Каня няма? Заўтра з Выселак двух прыганю. Адбяру і прыганю. А ты думала?

— Нам адабраных не трэба.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату