страху, залежнасці адзывалася ў іх звыклай рэакцыяй драпежніка перад безабароннай ахвярай.

— Жанчына ні пры чым, запомні, — сказаў ён з разлікам — не так для паліцая, як для Рыбака: каб той зразумеў, што трэба казаць на допытах. — Мы без яе залезлі на хату.

— Будзеш бабцы байкі баіць! — заківаў галавой Стась і апусціў вінтоўку. — Нябось Будзіла з цябе ўсё выцягне. З вантробамі вырве.

— Пляваць мы хацелі на таго Будзілу.

— Чакай, паплюешся!

«На якога д'ябла ён задзіраецца з ім?» — раздражнена думаў Рыбак, слухаючы злосную сварку Сотнікава з паліцаем.

Іх везлі дарогай, якой уранку яны пляліся да вёскі, толькі цяпер поле не здавалася такім доўгім і паныла-раўнінным, конік ладна варушыў нагамі, пасцёбваючы па санях жорсткім валассём хваста. Рыбак з прыкрасцю адзначыў, што яны едуць хутка, і яму з усяе сілы хацелася запаволіць язду, адчувала яго душа — гэта апошнія гадзіны на волі з яе апошняй магчымасцю ўцячы, болей такой не будзе. Ён праклінаў сябе за неасцярогу, за тое, што так бязглузда ўзлез на тое гарышча, што не абышоў за вярсту той крайняй хаты — колькі яму ўжо было навукі не совацца да крайняй, у якую заўжды лезлі і немцы. Ён не мог дараваць сабе таго, што яны гэтак неабдумана забрылі ў тую злашчасную вёску — лепш бы пераднявалі дзе ў хмызняку. Наогул з самага пачатку гэтага задання ўсё пайшло не так, наперакос, калі ўжо цяжка было і спадзявацца на ўдалы канец. Але таго, што здарылася, проста немагчыма было прадбачыць.

Зрэшты, усё праз Сотнікава. Тое незадаволенне напарнікам, якое ўвесь час прабівалася ў ім і якое ён намаганнем волі збольшага глушыў у сабе, цяпер ужо заглушыць было нельга. Рыбак ужо выразна разумеў, што, калі б не Сотнікаў, не яго прастуда, яны б напэўна дайшлі ўжо да лесу. Ва ўсякім разе, паліцаі б іх не ўзялі. У іх былі вінтоўкі — можна было пастаяць за сябе. Але калі цябе загналі на гарышча, а ў хаце куча дзяцей, тады ўжо з вінтоўкай не дужа разгонішся.

Рыбак коратка вылаяўся ад прыкрасці, жыва ўявіўшы сабе, як нецярпліва іх чакаюць у лесе, даядаючы апошнія крошкі з кішэняў. Напэўна, думаюць, што яны гоняць карову і таму так забавіліся. Вядома, можна было б і карову… Ніколі яшчэ ён не падводзіў таварышаў і не трапляў у гэткі тупік сам, бо меў на плячах цвярозую галаву. Дагэтуль яму шанцавала.

Пакуль на яго дарозе не апынуўся Сотнікаў. З Сотнікавым ён сышоўся выпадкова тыдзень ці дзён дзесяць таму назад, калі, вырваўшыся з Баркоўскага лесу, атрад пераходзіў шашу. Тады яны таксама прыпазніліся, выйшлі на дарогу ўжо на світанні і сутыкнуліся з нямецкай калонай, якая адразу пачала іх праследаваць. Каб адарвацца ад немцаў, камандзір пакінуў заслон: яго, Сотнікава і яшчэ аднаго партызана — Гасціновіча. Але ці доўга могуць пратрымацца трое перад некалькімі дзесяткамі ўзброеных кулямётамі немцаў. Вельмі хутка яны пачалі адступаць, адстрэльваючыся з вінтовак; немцы ж насядалі, і Рыбак падумаў: будзе хана! Як на бяду, прыдарожны лясок скончыўся, наперадзе ляжала вялізнае голае поле, за якім толькі праз кіламетры два, не меней, цямнеў кучаравы сасоннік; туды ўжо ўцягваліся рэшткі іхняга атрада. Уцалець на тым полі пад агнём двух дзесяткаў немцаў было немагчыма. І тады Сотнікаў крыкнуў: «Уцякайце! Прыкрыю!»

Яны пабеглі ўдвух з Гасціновічам, камлюкаватым, не дужа маладым партызанам з мясцовых, — коратка перабягалі, раз-поразу падаючы ў снег, а Сотнікаў у той час страляў, ды так трапна, што ніводзін з пярэдніх немцаў не мог падняць галавы. Мабыць, ён там падстрэліў яшчэ некалькіх, пакуль яны ўдвух не дабеглі да крушні камення ў полі, з якое таксама адкрылі агонь па хмызняку.

Хвілін пяць яны білі туды з дзвюх вінтовак, даючы тым магчымасць адбегчы Сотнікаву. Немцы таксама пачалі страляць, але ўсё ж яму ўдалося адарвацца, дабегчы да іхняе крушні, і ён, упаўшы, зноў пагнаў іх далей, за сваімі. Добра, патронаў тады хапала, Сотнікаў адразу прымусіў залегчы не ў меру порсткага аўтаматчыка, што выскачыў наўздагон і сеяў па полі чэргамі, іншыя трымаліся зводдаль. Тым не менш нейкая куля ўсё ж трапіла ў Гасціновіча. Бегучы, Рыбак нават і не заўважыў, калі той упаў, але як распластаўся на снезе сам, Гасціновіча ледзь убачыў каля грыўкі быльнягу на мяжы. Да яго зараз жа кінуўся Сотнікаў, падхапіў вінтоўку забітага і хутка нагнаў таварыша. Яны абодва леглі за пагорачкам, тут ужо было больш-менш схоўна, можна было бегчы далей, але Рыбак тады ўспомніў, што ў Гасціновіча ў сумцы астаўся акрайчык хлеба, якім той учора разжыўся на хутары. Усе тыя дні яны былі згаладнелыя, і Гасціновічаў акрайчык так заўладаў іхняй увагай, што Рыбак, крыху павагаўшыся, папоўз да забітага. Сотнікаў пасунуўся на вышэйшае і зноў узяў пад абстрэл немцаў, пакуль Рыбак двойчы не адолеў якіх сто метраў, што аддзялялі іх ад Гасціновіча. Яны тут жа разламалі акрайчык напалам і, пакуль даганялі сваіх, амаль усё з'елі.

Так яны прыкрылі выхад атрада з бою і адарваліся самі — і ўсё дзякуючы Сотнікаву. Яны і сышліся тады з ім, амаль пасябравалі; хоць зусім мала што ведалі адзін пра аднаго, але ўжо трымаліся разам, разам вырываліся з-за чыгункі і, мабыць, таму разам трапілі на гэта заданне.

Але цяпер будзе капут, гэта пэўна. Мала што яны не адстрэльваліся — усё ж іх узялі са зброяй, і гэтага было дастаткова, каб расстраляць абодвух. Вядома, на што іншае Рыбак і не разлічваў, калі вылазіў з-за пакулля, але ж…

Ён хацеў жыць! Ён яшчэ і цяпер не траціў надзеі, кожную секунду шукаў выпадку, каб як абысці свой лёс і ўратавацца. Цяпер ужо Сотнікаў не меў для яго ранейшага значэння. Апынуўшыся ў палоне, былы камбат вызваляў яго ад усіх абавязкаў у адносінах да сябе. Цяпер абы толькі пашчасціла, і Рыбакова сумленне перад ім было б амаль чыстае — не мог жа ён уратаваць яшчэ і параненага. І ён прагна лавіў вачыма ўсё навакол з самае той хвіліны, як падняў рукі: на гарышчы, пасля ў сенцах усё лучыў момант, каб выскачыць. Ды там выскачыць не надарылася выпадку, а потым ім звязалі рукі — колькі ён неўзаметку ні высільваў іх з тае супонькі, нічога не атрымлівалася. І ён думаў: праклятая супоня, няўжо праз яе давядзецца загінуць?

Можа, варта было паспрабаваць кінуцца са звязанымі рукамі? Але на гэта патрэбна больш зручнае месца; не роўнядзь, а якая-небудзь паваротка, роў з хмызам, які-небудзь абрыў або лес. Тут жа, як на бяду, было поле, пагорак, потым дарога пайшла логам. Трапіўся масток, але раўчук пры ім быў зусім неглыбокі, адкрыты, у такім не схаваешся. Стараючыся не дужа круціць галавой у санях, Рыбак тым не менш пільна азіраўся навокал, шукаючы хоць колькі-небудзь прыдатную для ўцёкаў мясціну, і не знаходзіў нічога. І чым болей мінала часу, і чым яны бліжэй пад'язджалі да мястэчка, тым усё большы неспакой, амаль разгубленасць апаноўвалі Рыбака. Станавілася ўсё болей зразумела: яны прапалі.

11

У тым, што яны прапалі, Сотнікаў не сумняваўся ні на хвіліну, намеру ўцякаць у яго не было, надзеі на літасць паліцаяў таксама. І ён напружана маўчаў, прыдушаны цяжарам свае віны, што вісела над ім падвойным грузам. Асабліва яго непакоіла Дзёмчыха. Пакуль, аднак, невядома было, што дазналіся пра яе паліцаі і наколькі сур'ёзнае іх падазрэнне адносна яе сувязі з лесам. Ён думаў таксама і пра начную перастрэлку, у якой, мяркуючы па ўсім, дасталося некаму з гэтых бобікаў. Нейкаму Хадаронку. Вядома, падстрэліў яго Сотнікаў, тут ужо ні Рыбак, ні тым болей Дзёмчыха ні пры чым.

Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў — два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб'і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё — трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны.

Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны пад'язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца.

Яшчэ здаля Сотнікаў угледзеў вароты і ля іх паліцая ў кажусе з вінтоўкай, побач месцілася ладная цагляная дамоўка, пэўна — колішняя крама ці якая ўстанова, з чатырма закрачанымі вокнамі. Калі яны

Вы читаете Сотнікаў
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату