самі шаснулі ў пакуллі да рота Сотнікава, але той бухнуў і яшчэ. У хаце ўраз усё змоўкла, нібы ўсе выскачылі з яе. Рыбак спазнела сцяў Сотнікаву сківіцы, і той скурчыўся ў сутаргавай нутраной патузе.
— Хто там? — урэшце пачулася з хаты.
— Ды ніхто. Кот у мяне там, прастуджаны, ну, кашляе, — чуваць было, спалохана загаманіла Дзёмчыха, ды яе не надта ўпэўненыя словы, мусіць, нікога не пераканалі.
— Стась! — уладна скамандаваў гучны разлютаваны голас.
Рыбак зацяў дыханне на выдыху, выразна адчуваючы, што вось-вось усё загіне. Мусіць, трэба было абараняцца, страляць, хай бы і яны пагінулі, але невядома адкуль з'явілася апошняя надзея на цуд, падумалася: а раптам пашанцуе, не знойдуць. Ён разумеў, што гэта кволая надзея — сястра роспачы, але іншай у іх не асталося, і ён з усяе сілы прагнуў, каб яна спраўдзілася.
Чуваць было, як паліцэйскія з грукатам статка выскачылі ў сенцы, люта бразнулі аб сцяну дзверы, на гарышчы пад страхой адразу пасвятлела. Над імі чорнаю хрыбцінай азначылася кроква з шызым дрыготкім шматком павуціння і ўваткнутым у салому ржавым сярпом. Некалькі невядома адкуль праніклівых на гарышча ценяў слізгала сюды-туды пад страхой.
— Драбіну! Давайце драбіну! — басавіта камандаваў звыклы загадваць голас.
— Няма драбіны, нікога там няма, чаго вы прычапіліся?
Дзёмчыха плакала.
Стук, удар у сцяну, шкрэбат ботаў па бёрнах і — зусім блізкі задыханы голас:
— Дык цёмна там. Нічога не відно!
— Што не відно? Лезь, я загадваю, туды т-тваю маць!
Зноў шкрэбат па сцяне, лапанне рук па верхнім бервяне сцяны, зморанае дыханне і нецярплівае знізу:
— Ну што?
— Зачапіўся неяк. Але цёмна.
— Крыкні!
— Эй, хто тут! Вылазь, а то зараз гранатай улуплю! — раздалося, здаецца, пад самай страхой. Але крокаў на столі не было чутна — мусіць, паліцай не адважыўся пералезці сцяну.
— Так ён табе і вылезе! — гуў знізу камандзірскі бас. — Схоў які ёсць?
— Ёсць бытта. Сена, ці што…
— Пырані вінтоўкай!
— Дык не дастану.
— Эй, ідрыт тваю мутар! Тожа ваяка! На аўтамат! Аўтаматам часані!
Гэта ўсё, кропка, сказаў сабе Рыбак і змярцвеў, амаль фізічна адчуваючы, як зараз іхнія целы разнясе ў ашмоцце імпэтная аўтаматная чарга. Але гэта ўжо занадта, гэта ўжо смерць, на якую ён ні за што не мог пагадзіцца.
І ўсё ж ён марудзіў, нават не варухнуў пальцам, хоць побач ля бока муляла вінтоўка. Стараючыся выкарыстаць апошнія секунды, ён шалёна мітусіўся ў думках, шукаючы паратунку, але нідзе яго не знаходзіў: так ладна папаліся яны ў гэтую пастку. Мусіць, усё было скончана, трэба было ўставаць, і на момант яму захацелася, каб першы гэта зрабіў Сотнікаў. Ён паранены, хворы ўрэшце, ён кашлем выдаў абодвух, яму болей выпадала здавацца ў палон. Але Сотнікаў ляжаў, бы нежывы, толькі напяўся, падобна было — нават перастаў і дыхаць.
— Ах, не лезеш! Ну, я табе!..
Пад дахам пачуўся кароткі металічны шчоўк — надта знаёмы гук аўтаматнага затвора, які адцягваюць на баявы ўзвод. Далей мелася быць тое самае апошняе, за чым нічога ўжо больш не бывае. Можа, якая секунда аддзяляла іх ад гэтага апошняга рубяжа між жыццём і нябытам, але і тады Сотнікаў не варухнуўся, не кашлянуў нават. І Рыбак, напаследак жахнуўшыся, рэзка адкінуў ад сябе пакулле.
— Стой! Не страляй!
— Рукі ўгору! — здзічэла закрычаў паліцай, і Рыбак падумаў, як бы той з перапуду не ўсадзіў у яго чаргу.
На кукішках ён выграбся з-пад страхі і ўстаў. Над бервяном насцярожана застыла паліцаева галава ў кубанцы і нерухомы ствол накіраванага на іх аўтамата. Цяпер самым страшным для Рыбака быў той ствол — ён вырашаў усё. Скоса і пільна пазіраючы на яго, Рыбак падняў рукі. Чаргі пакуль што не было, пагібель нібыта адсоўвалася, гэта было галоўнае, а астатняе для яго ўжо не мела сэнсу — пра астатняе цяпер ён не думаў.
— Ага! Папаліся, галубчыкі! Ану, вылазь, у душу вашу маць!
10
Аднекуль прыцягнулі драбіну, на гарышча ўзлезлі ўсе трое, перапаролі куткі, ператрэслі пакулле, забралі вінтоўкі. Пакуль двое завіхаліся тут, палонныя пад аўтаматам трэцяга стаялі ўбаку, ля коміна.
Сотнікаў, падкурчыўшы босую параненую нагу, трымаўся за комін і кашляў. Цяпер ужо можна было не стрымлівацца і накашляцца ўволю. Як ні дзіва, але ён не надта і спалохаўся паліцаяў, не дужа баяўся расправы — яго ашаломіла ўсведамленне ўласнай віны, што гэтак падвёў Рыбака, ды і Дзёмчыху, якой цяпер таксама не паздаровіцца. Ён вельмі шкадаваў, што не застрэліўся, пакуль меў вінтоўку, не загінуў у той перастрэлцы з паліцаямі — навошта было цягнуцца сюды, каб так недарэчна трапіць у іхнія рукі? Ён гатовы быў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не сустракацца з Дзёмчыхай, якая мела ўсе падставы выдраць абодвум ім вочы за ўсё тое, на што яны асуджалі яе. І ён у роспачы думаў, што дарма яны ўсё ж адгукнуліся, хай бы ўжо стралялі — пагінулі б, але толькі ўдвух.
З вокрыкамі і лаянкай іх штурхнулі на драбіну ўніз, у сенцы, дзе ля расчыненых у хату дзвярэй хліпала Дзёмчыха і недзе за перагародкай спалохана румзаў малы. Рыбак злез па драбіне хутка, а Сотнікаў замарудзіў, паўзучы задам, на адных руках, і той старшы паліцыянт — плячысты мужык у чорным чыгуначным шынялі, са звераватым бандыцкім абліччам — так хапіў яго за плячо, што ён разам з драбінай паляцеў цераз жорны. Праўда, ён не надта ўдарыўся, толькі павярэдзіў нагу — уваччу пацямнела, захлынулася дыханне, і ён не адразу, пакутна пачаў уставаць з долу.
— Што вы робіце, злодзеі! Ён жа раніты, ці вы не бачыце! Людаеды вы! — закрычала Дзёмчыха.
Старшы паліцай важна павярнуўся да таго, у кубанцы.
— Стась!
Той, відаць, ужо ведаў, што ад яго патрабавалася, — дзерануў з вінтоўкі шомпал і з віскам выцяў ім па жанчыне.
— Ой!
— Сволач ты! — трацячы разважлівасць, сіпата выкрыкнуў Сотнікаў. — За што? Жанчыну за што?
У ім усё нервова затрэслася ад гневу, які, аднак, вярнуў рэшту ягонае сілы, і Сотнікаў неяк узгробся пад сцяной на адну нагу і павярнуўся да таго Стася. Ён, можа, толькі цяпер адчуў, якая яна, гэтая Дзёмчыха, і міжвольна памкнуўся абараніць яе. Падхоплены хваляй гневу, ён зусім забыўся на сябе і ніколькі не баяўся паліцая, хоць і падумаў, што той Стась, мусіць, дасць і яму. Але спрытны, ухопісты Стась толькі ўхмыльнуўся на яго крык і дакладным напрактыкаваным рухам саўгануў шомпал назад у вінтоўку.
— Будзе ведаць, за што!
Сотнікаў пакрысе саўладаў з сабой, пачаў аддыхвацца і спакойнець.
Усё было вядома, проста і надта звычайна — яны самі аддалі сябе ва ўладу вылюдкаў — чаго было іншага ад іх чакаць. Калі не застрэляць адразу, трэба рыхтавацца да допытаў, катавання, пакутнай, зняважлівай смерці. На які паратунак ён ні разлічваў, усе яго шансы-надзеі ўжо беззваротна скончыліся.
У сенцах іх абшукалі — выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі — Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду — і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад