немцаў.
Калі Дзёмчыха з'явілася ў дзвярах з кужэльным кавалкам у руках, Сотнікаў сарамяжліва схамянуўся, і яна заўважыла тое.
— Не бойся. На во, перавязвайце, чым знайшла.
Увесь час, пакуль Рыбак абкручваў сцягно, Сотнікаў душыў у сабе стогн і, калі ўсё было скончана, пластам упаў на лаву. Рыбак спаласнуў у чыгунку рукі.
— Ну во, аперацыя і скончана. Хазяюшка!
— Бачу, не сляпая, — сказала Дзёмчыха, з'яўляючыся ў дзвярах.
— А што далей, ось загвоздка! — Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну.
— А я хіба ведаю, што далей.
— Ісці ён не можа — факт.
— Сюды ж прыйшоў.
Мабыць, яна нешта адчула ў яго далекаватых закідах, і яны пільна і насцярожана паглядзелі адно на аднаго. І гэтыя іх позіркі засведчылі куды болей, чым было сказана ў словах. Рыбак зноў адчуў сваю няўпэўненасць, слабасць свайго лагічнага грунту — як было давесці гэтай жанчыне, што іншага выйсця ў іх няма. Але і яна, відаць, няблага разумела, чым рызыкавала, згадзіўшыся на іх патрэбу, і мела намер стаяць на сваім.
У даволі лёгкай, амаль дробязнай дагэтуль размове настала дакучлівая замінка. Сотнікаў задышліва прыціх на лаве, а Рыбак у клапоткім роздуме зірнуў у акно.
— Немцы!!
Як уколены, ён адскочыў у парог, за якую долю секунды ўсё ж паспеўшы згледзець некалькі ўзброеных постацяў, што стаялі на могілках. Менавіта стаялі, а не ішлі, ён нават не зразумеў, куды яны былі звернуты тварамі, ён толькі ўбачыў абрысы постацяў са стваламі вінтовак над іх плячамі.
Сотнікаў падхапіўся з лавы, шырока замахаў ля сябе рукой — стараўся схапіць вінтоўку. Гаспадыня як стаяла, так і збялела да белага палатнянага колеру. Рыбак спярша хацеў быў выскачыць за дзверы, ды зноў вярнуўся зірнуць у акно, але яго апярэдзіла Дзёмчыха.
— Ідуць! Трое сюды ідуць!
Сапраўды, трое з могілак накіроўваліся ўніз да сцежкі, якраз, мусіць, па нядаўніх іхніх слядах. Як толькі Рыбак згледзеў тое, усё ў ім апала ўнутры ў шчымлівым прадчуванні бяды. Ніколі ён не палохаўся так, нават сёння ўначы, а цяпер нешта сказала яму, што будзе найгоршае. На нейкае імгненне ён сапраўды разгубіўся. Здаецца, найлепей было ўцякаць, аднак ён зірнуў на скурчанага на лаве Сотнікава, які сціскаў у адной руцэ вінтоўку, і спыніўся. Уцякаць не выпадала. Дзёмчыха, мусіць, таксама зразумела гэта і трывожлівым шэптам загаманіла:
— На гарышча! Лезьце на гарышча!!
Вядома, на гарышча, куды ж яшчэ можна было падацца ў сялянскай хаце? Яны сунуліся ў цемнаватыя сенцы, у куце якіх чарнеў квадратны лаз на гарышча, але драбіны пад ім не было, і Рыбак ускочыў на круглыя камяні жорнаў. Найперш ён перакінуў на гарышча вінтоўку і азірнуўся.
— Давай тваю!
Сотнікаў, расставіўшы рукі, гробся цераз парог, Дзёмчыха падтрымлівала яго, ён падаў вінтоўку, і Рыбак таксама сунуў яе ў цёмную дзірку гарышча. Потым, ледзь не паваліўшы жорны, узвалок на іх Сотнікава. Верхняе бервяно адсюль усё яшчэ было высока, ухапіўшыся за яго рукамі, ён зашкрэбаў па сцяне ботамі і неяк ускараскаўся. Тут жа ўхапіў працягнутыя рукі Сотнікава. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты.
— Пакулле там! За пакулле лезьце! — падказвала знізу гаспадыня.
Рыбак ступіў па мяккай засыпцы гарышча, тут, як і ў сенцах, панаваў змрок, але з-пад страхі і праз маленькае акенца ў шчытку трохі цадзілася святла, у якім ён убачыў шырокі цагляны слуп коміна, нейкія транты на вешале, зламаны калаўрот у доле. Зводдаль пад дахам грувасцілася ладная куча пакулля.
— Сюды давай!
Сотнікаў, падабраўшы вінтоўку, на кукішках падаўся пад страху ў кут, куды ён паказваў, Рыбак ботам піхнуў на яго пакулле, потым яшчэ. Потым таксама ціснуўся ў падстрэшак за спіну таварыша, слыхам пранікаючы туды, уніз, дзе непадалёк ужо рыпелі на снезе крокі.
Хвіліну яны, замёршы, ляжалі, ледзь утаймоўваючы дыханне. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Ледзьве спраўляючыся з дыханнем, Рыбак з усяе сілы стараўся згадаць па тым, што ўбачыў: ішлі яны менавіта па іхніх слядах ці так проста кіравалі ў вёску. Калі па слядах, тады, вядома, будуць шукаць. Тады наўрад ці ім тут адлежацца. У грудзях Сотнікава рыпела-гуло, гэта перашкаджала слухаць, яны абодва змярцвелі, стараючыся як мага болей учуць. Галасы былі ўжо так блізка, што іх узяў жах — немцы загаварылі з Дзёмчыхай.
— Прывет, фрава! Як жысць?
То былі паліцаі, гэта было зразумела з першага іх слова, яны пратупалі па падворку, здаецца, накіроўваючыся да ганка. Дзёмчыха чагось маўчала, і Рыбак стаіўся ў чаканні, з усяе сілы прагнучы, каб прайшлі міма.
— Што маўчыш? Заві ў госці, — глухавата пачулася на гарышчы.
— Хай вас на могілкі завуць, такіх гасцей.
«Э, не трэба так, — пранеслася ў галаве Рыбака. — Нашто ты задзіраешся!» Пільна слухаючы, ён балюча перажываў грубыя словы гаспадыні і баяўся, што яна дастукаецца ўрэшце бяды.
— Ого! Ты што, недавольна?
— Давольна. Радуюся, а як жа?!
— То-та! Гарэлка ёсць?
— А ў мяне хіба крама?
— А закусь! Ану-ка, гані пару кілбас!
— Ого, чаго захацелі!! З ката я іх вам нараблю? Падсвінка забралі, а цяпер кілбас ім!
— Во як ты нас спатыкаеш! — з'едліва заскрыпеў другі голас. — Партызан дык нябось і смятанкай карміла б!
— Мае дзеці смятаны паўгода не бачылі.
— Так мы табе і паверым!
Ну, вядома, нельга было так злосна і сварліва абыходзіцца з імі, вось яны і не прайшлі міма — іх важкія крокі затупалі ўжо ў сенцах, але, здаецца, дзверы ў хату яшчэ не адчыняліся, і Рыбак аж пахаладзеў ад нечаканага і такога простага цяпер меркавання: а раптам палезуць на гарышча шукаць кілбас? Ды не, пакуль што загрукала ў сенцах, — мусіць, адкінулі века ў скрыні, пасля застукала нешта драбнейшае, нешта ўпала на дол і пакацілася з гучным бляшаным лязгатам. Баючыся скрануцца, Рыбак ціха ляжаў за пакуллем, скоса пазіраючы на змрочны, у павуцінні, бок кроквы з адсталай карыной і думаў: не, прыйшлі не па іх. Шукаюць спажывы — звычайны паліцэйскі занятак у вёсцы, а на могілках, мусіць, пост-засада — будуць пільнаваць дарогу.
Яны яшчэ не скончылі свайго груку ў сенцах, як Сотнікаў побач ненатуральна выпнуўся, спіна яго выгнулася, у грудзях нешта ліхаманкава захадзіла, і Рыбак ажно спалохаўся, што кашляне. Ды ён не кашлянуў, неяк стрымаўся, сціх, а яны там, унізе, ужо бразгалі клямкай, і вось ужо іхнія галасы прыглушана данесліся з хаты.
— Дзе гаспадар? У Маскоўшчыне?
— А я скуль ведаю?
— Не ведаеш? Затое мы ведаем. Стась, скажы, дзе яе мужык?
— Ды, пэўна ж, у войску.
— О, сука, скрывае! Ану, улупі ёй!
— А-яй! Гадаўё вы! — закрычала Дзёмчыха. — Каб вам скруцянець да вечара! Каб вашыя вочы груганы паклявалі! Каб вы дзяцей сваіх не ўбачылі!..
— Ах, во як! Стась!
Невядома, што яны зрабілі з ёй, але ў хаце жахліва закрычала дзятва, загаласіла дзяўчынка, і раптам з напятых грудзей Сотнікава бухнуў кашаль. Бухнуў толькі адзін раз, але ў Рыбака аж пацямнела ўваччу, рукі