Але яна ўжо сагнала з твару здзіўленне, хуценька зыркнула на стол з пустой міскай, і ў яе позірку штось нездаволена перасмыкнулася.
— Здраствуйце, — холадна адказала яна, адхінаючы ад сябе малога. — Парцізаны!
— Ды во, як бачыце. Вас чакаем.
— Гэта якая ж у вас да мяне патрэба?
Не, тут штосьці не ладзілася, жанчына была яўна не настроена на той лад, які ёй прапаноўваў Рыбак, — нешта суровае, зласнаватае і нават сварлівае прабівалася ў яе голасе.
Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе — зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.
— Якая яшчэ патрэба? — Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. — Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?
— Мы не немцы, — стрымана сказаў Рыбак.
— А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам… бульбачкі, агурочкаў… Гэлька, вазьмі Лёніка! — крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі — на прыпек, цабэрак — у парог, венік — у кут.
За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, — тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху — абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.
— Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.
— Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! — шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі. — Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб'ю!
— А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.
— Я табе пагляджу! — пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі. — Парцізаны! Адно што звання — парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.
Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха. У галаве яго праносіліся самыя розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі — усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.
— А дзе твой Дзёмка? — раптам спытаў Рыбак.
Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.
— А вы скуль Дзёмку ведаеце?
— Ды ўжо ведаем.
— Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.
Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.
— Тут бач, цётка, таварыш таго…
Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.
— Ось бачыш, кепска яму, — сказаў ён.
Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.
— Халера, прыкарэла, мусіць.
— А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.
Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.
— Падкласці што трэба, — сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку. — На, мякчэй будзе.
«Так, — адзначыў у думках Рыбак. — Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна».
Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.
— Хворы, — ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха. — Жар, пэўна. Вунь як гарыць.
— Гэта пройдзе, — махнуў рукой Рыбак. — Гэта не страшна.
— Ну канешне! — зазлавала жанчына. — Вам усё не страшна. І страляюць у вас — не страшна. І што маці гора — не страшна. Нічога не страшна. А нам… Зёлак зварыць нада, напіцца, спацець. А то вунь могілкі побач.
— Могілкі не самае горшае, — праз кашаль сказаў Сотнікаў.
Ён неяк нядобра ажывеў пасля кароткага забыцця, мусіць, ад тэмпературы, ці што. Рыбак проста не пазнаваў яго: рэзка счырванелы твар, ліхаманкавы бляск вачэй і нейкая ненатуральная парывістасць у рухах.
— Што ж яшчэ можа быць горш? — спытала Дзёмчыха, збіраючы са стала талеркі. — Мабыць жа, у пекла не верыце?
— Мы ў рай верым, — сказаў Рыбак.
— Дачакаецеся раю, а як жа.
Гаспадыня забразгала засланкай, палезла ў печ, пачала шоргаць там чыгунамі. Аднак, падобна было, яна ўжо спакойнела, нават дабрэла. Рыбак адчуваў тое і думаў, што, можа, як-небудзь усё яшчэ ўладзіцца.
— Цёплай бы вады рану абмыць. Ранілі яго, цётка.
— Ды ўжо ж бачу — не сабака ўкусіў. Вунь усю ноч ля Стараселля бахалі, — паведаміла яна і абаперлася на вілачнік. — Кажуць, аднаго паліцыянта падстрэлілі. Невядома, ці выжыве.
— Паліцая?
— Ну.
— А хто казаў?
— Бабы казалі.
— Ну, калі бабы, то пэўна, — усміхнуўся на канцы лаўкі Рыбак. — Яны ўсё ведаюць.
Дзёмчыха зласліва азірнулася ад печы.
— А то не? Мабыць, ведаюць. Вы ж во пытаецеся, бо не ведаеце.
Яна падала ім ваду ў чыгунку, скінула кажушок і ступіла за шырмачку да дзетвары.
— Ну, вы ўжо самі. А то не хапала мне яшчэ вам порткі знімаць.
— Ладна, ладна, — пагадзіўся Рыбак і падступіўся да Сотнікава. — Давай бурак знімем.
Сотнікаў сашчаміў зубы, учапіўся рукамі ў лаўку, і Рыбак як-колечы сцягнуў з яго нагі акрываўлены мокры бурак. Далей трэба было зняць штаны, і Сотнікаў, паморшчыўшыся, выціснуў:
— Я сам.
Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён, расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Сярод падсохлых крывавых пацёкаў на яго целе Рыбак згледзеў урэшце ранку. Яна аказалася зусім невялічкай, падпухлай, з сіняватым абадком наўкруг — тыповай кулявой ранай, якая трохі яшчэ крывяніла. З другога боку сцягна выхаду не было, што значыла: куля засела ў назе. Гэта ўжо было горш.
— Да, сляпое, — заклапочана сказаў Рыбак. — Трэ даставаць.
— Ты ж не дастанеш, — пачаў раздражняцца Сотнікаў, — дык завязвай, і годзе.
— Нічога, нешта прыдумаем. Хазяюшка, можа, перавязаць чым знойдзецца? — гукнуў Рыбак за перагародку, а сам мокрым ручніком пачаў аціраць падсохлую кроў.
Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча, той, аднак, намогся і трываў, і Рыбак падумаў, што ўвогуле рана не такая і страшная, калі толькі куля не зачапіла косці. Калі яе выняць, дык праз месяц усё загоіцца. Куды важней гэты месяц недзе перабыць, перахавацца, каб не папасціся ў лапы да