Але месца гэтае, мусіць, было не надта прыдатнае на роздум: толькі ён засяродзіўся ўвагай на сваіх клопатах, як на прыступках зноў затупалі крокі. Думаў — каго вядуць, але загрымеў засоў іхніх дзвярэй, і на парозе з'явіўся той самы Стась.

— На вады! Жыва! І каб гэты бандзюга быў да заўтра як штых! А ты, стары падла, марш да Будзілы!

Рыбак патушыў у сэрцы трывогу, пераняў з рук паліцая круглы кацялок са сцюдзёнай вадой. Пётра ў куце няўцямна ўставіўся ў дзверы.

— А навошта, не знаеш?

Стась з непадробнай шчырасцю рагатнуў:

— Знаю: у падкіднога гуляць. Ну, давай, жыва!

Стары падняўся, падабраў з долу кажушок і, угнуўшы голаў, выйшаў з каморкі. Дзверы зноў з грукатам зачыніліся.

Рыбак стаў на калені і пачаў далікатна тармашыць Сотнікава. Той, аднак, толькі стагнаў. Тады ён адною рукой нахіліў кацялок, а другой прыпадняў голаў напарніка і бадай сілком нешта ўліў таму ў рот. Сотнікаў здрыгануўся, але тут жа прыпаў вуснамі да шурпатага берага кацялка, некалькі разоў глытнуў.

— Хто гэта?

— Гэта я. Ну, як ты? Лепей?

— Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.

Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. І пластам аблёг на салому.

— Што, мучылі здорава? — спытаў Рыбак.

— Да, брат. Дасталося, — выдыхнуў Сотнікаў.

Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.

— Ну, як пачуваешся?

— Цяпер добра. Лепш. А цябе?

— Што?

— Білі?

Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.

— Ды не, не дужа.

Сотнікаў знямогла заплюшчыў вочы, схуднелы, з адрослаю бародкай яго твар ледзь шарэў на саломе, у грудзях хрыпела на адной ноце. І тады Рыбак падумаў, што, мабыць, пакуль ёсць такая магчымасць, ім трэба аб чым-колечы дамовіцца.

— Слухай, я, здаецца, іх абхітру, — шапнуў ён, схіліўшыся да напарніка. Той здзіўлена расплюшчыў вочы — шырокія бялкі ў вачніцах бліснулі адбіткам святла з акенца. — Толькі нам трэба казаць аднолькава. Найперш: ішлі па харчы, хутар спалены, прыбіліся да Лясін, ну і ўзялі авечку.

— Нічога я ім не скажу, — перапыніў яго Сотнікаў.

Рыбак прыслухаўся, ці няма дзе каго паблізу, але, здаецца, скрозь было ціха. Толькі зверху даносіліся галасы і крокі, якраз над іх камерай. Але адтуль яго не пачуюць.

— Ты не дуры, чуеш? Трэба нешта і сказаць. Дык слухай далей. Мы з групы Дубавога, ён цяпер у Баркоўскім лесе. Хай правераць.

Сотнікаў знерухомеў, перацяў дыханне.

— Але атрад Дубавога сапраўды там.

— Ну і што?

Рыбак пачынаў злавацца: от жа незгаворлівы чалавек, ці ў тым справа! Вядома, гэты атрад там, але ад таго, што яны назавуць месца, яму будзе ні холадна ні горача — паліцаям да яго не дабрацца. Іхні ж якраз у куды болей ненадзейным месцы.

— Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы іх не падманем, не схітрым, яны нас закатуюць. Трэба трохі і ў паддаўкі згуляць. Не рваць цераз сілу.

Сотнікаў, чуваць было, быццам насцярожыўся, напяўся, дыханне яго прыглушэла, здаецца, ён нешта думаў.

— Нічога не выйдзе!

— А што ж тады выйдзе? Смерці дастукацца лягчэй за ўсё.

Вот боўдзіла, падумаў Рыбак. Ужо такое дурной упартасці ён ад яго не чакаў. Зрэшты, сам адной нагой у магіле, дык яму што — не хоча нават падумаць, каб не пацягнуць туды і таварыша.

— Ты паслухай! — памаўчаўшы, зашаптаў Рыбак. — Нам нада іх павадзіць. Знаеш, як шчуку на вудзе. Інакш перасіліш, парвеш, і ўсё прапала. Нада прыкінуцца смірнымі. Знаеш, мне прапанавалі ў паліцыю, — неяк, сам не жадаючы таго, сказаў Рыбак.

Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай.

— Во як! І што ж — пабяжыш?

— Не пабягу, не бойся. Я з імі патаргуюся.

— Глядзі, пратаргуешся, — з нядобрасцю прасіпеў Сотнікаў.

— Ну а што ж — прападаць? — ледзь не крыкнуў са злосцю Рыбак і змоўк, вылаяўшыся пры сабе: чорт з ім! Не хоча — ягоная справа; Рыбак жа будзе змагацца за сябе да канца.

Сотнікаў задыхаў цяжэй, ад хвалявання ці ад знямогі, зрабіў спробу адкашляцца — у грудзях яго страшна захрапло, Рыбак аж спалохаўся: памірае, ці што? Але ён не паміраў і неўзабаве, саўладаўшы з дыханнем, сказаў з рашучасцю ў голасе:

— Дарма паскудзішся, во што! Паганіш армейскі гонар. Жывымі яны нас не пусцяць.

— Як сказаць. Калі пастарацца…

— Для каго старацца?! — ледзь не крыкнуў Сотнікаў і задыхнуўся. Хвілінку ён пакутна кашляў, пасля хвіліну зморана дыхаў, потым сказаў надта змораным голасам: — Не ў карты ж гуляць яны цябе ў паліцыю завуць.

Мабыць, не ў карты, пагадзіўся ў думках Рыбак. Але ён ішоў на гэтую гульню, каб выйграць сабе жыццё — хіба гэтага мала? А там яно будзе відаць, толькі б не забілі, не закатавалі. Толькі б вырвацца з гэтае клеткі, а чаго благога ён сабе не дазволіць. Хіба ён вораг сваім?

— Не бойся, — сказаў ён. — Я таксама не лыкам шыты.

Сотнікаў засмяяўся аслабелым, ненатуральна кароценькім смехам, які прагучаў, нібы енк.

— Дзівак! З кім ты ўздумаў цягацца?

— А вот пабачыш.

— Гэта — машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок! — задышліва прасіпеў Сотнікаў.

— Я ім паслужу!

— Толькі пачні!

Не, відаць, з ім не згаворышся, з гэтым дзіваком чалавекам, — падумаў Рыбак. Як у жыцці, так і перад смерцю ў яго на першым месцы ўпартасць, нейкія там прынцыпы, а ўвогуле ўся справа ў характары — так разумеў Рыбак. Але каму не вядома, што ў той гульні, якая завецца жыццём, куды з большым выйгрышам аказваецца той, хто ўмее хітраваць, хто дбае пра свой лёс, а не пра свой не заўсёды здаровы гонар. Ды і як жа інакш? Сапраўды, фашызм — машына, якая здратавала сваімі калясьмі паўсвету і бадай усю Эўропу, хіба можна ўвесь час бегчы ёй напярэймы і размахваць голымі рукамі? Можа, куды здатней будзе паспрабаваць ціхенька сунуць ёй між колаў якую-небудзь патарчаку; глядзі — забуксуе і тым дасць магчымасць уратавацца.

Сотнікаў змоўк ці, можа, забыўся ў знямозе, і Рыбак перастаў лезці да яго з размовай. Хай робіць, як знае, — Рыбак жа будзе кіравацца сваім розумам.

Ён скурчыўся на баку, паставіў каўнер кажушка. Пакуль што няблага было б падрамаць якую гадзіну, каб яснейшая стала галава, бо неўзабаве, мусіць, прыйдзецца папацець, каб як абысці свой лёс. Аднак ён верыў у сваю шчаслівую зорку і патроху ўпэўніваўся, што ягоныя адносіны з паліцаямі павярнулі ў патрэбны кірунак, якога і трэба пакуль што трымацца. Калі б толькі Сотнікаў сваёй недарэчнай упартасцю не сапсаваў яму ўсе разлікі. Але, мусіць, Сотнікаў доўга не працягне — на тое была ўся надзея. Дзіўна гэта было і

Вы читаете Сотнікаў
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату