15
Неўпрыцям неяк Рыбак, здаецца, заснуў, як сядзеў, скурчыўшыся пад сцяной. Зрэшты, наўрад ці гэта быў сон — хутчэй забыццё на якую гадзіну; неўзабаве трывога адагнала яго, і Рыбак прахапіўся, не адразу разумеючы, дзе ён. Побач у цемры ціхенька шапацела размова, чуваць быў знаёмы дзіцячы голас, які напомніў яму пра Басю. Часам яго перапыняў хрыпаты старэчы шэпт — гэта ўстаўляў сваё слова Пётра. Рыбак таксама ўслухаўся ў сцішаны шапоткі расказ, падобны да шамацення саламянай страхі на ветры.
— Спярша хацела бегчы за імі, як іх павялі. Выскачыла з гародчыка, а цётка Праскоўя кажа: «Нізашто не хадзі — хавайся!» Дык я пабегла назад, цераз гароды, улезла ў лазовы куст. Можа, знаеце, вялікі такі куст лазняку ў канцы гародаў ля рэчкі? Густы-густы. За два крокі сцежачка на кладку. Як сядзіш ціха, не шавелішся, ніколечкі цябе не відно. Я ўлезла, выграбла месцейка ў леташніх лісцях і пачала ждаць. Думала — як мамка вернецца, пазаве, я ўчую. Ждала-ждала, не заве. Ужо і сцямнела, зрабілася страшна, усё здавалася — нешта шавеліцца, ходзіць, а то стане, слухае. Думала, воўк. Так ваўкоў баялася — страх. І не заснула ніколечкі. Як стала віднець, тады трохі заснула. А як прачнулася, так есці захацелася. Але ж вылезці з куста баюся. Чутно — на вуліцы гамонка, нейкія падводы, з хат местачковых усё выгружаюць, кудысь вязуць. Так я сядзела і сядзела. Яшчэ дзень, яшчэ ноч. І яшчэ не помню ўжо колькі. На сцежцы, калі бабы ходзяць на кладку, дык мне іхнія ногі відаць праз лісце. Але ўсе мінаюць. А мне так есці хочацца, што ўжо і вылезці не магу. Сяджу ды плачу ціхенька. А раз нехта ля куста стаў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. І тады чую ціхенька: «Бася, а Бася!» Хацела спалохацца, але голас добры такі, знаёмы. Гляджу — цётка Праскоўя нагнулася…
— А ты не кажы хто. Нашто нам пра ўсё знаць, — ціха перапыніў яе Пётра.
— Ну дык цётка дае мне клумачак, а там хлеба трохі і сала. Я як узяла яго, дык усё і з'ела за раз. Хлеба толькі асталося. А тады як стаў жывот балець… Я ўжо так хацела памерці. Прасіла і маму, і Бога — смерці прасіла.
Рыбак пад сцяной неўпрыцям скалануўся — так гэта прагучала знаёма і натуральна па-старэчы, нібы перад імі спавядалася якая старая, а не трынаццацігадовае дзяўчо. І адразу гэтыя яе словы нагадалі Рыбаку адну бабку ў нейкай вёсцы па той бок чыгункі. Яны тады выйшлі з лесу спытаць пра немцаў, ну і падсілкавацца, вядома. У хаце нікога не аказалася, адна гэта забытая бабуля сядзела на печы, звесіўшы на пяколак босыя ногі. З гадзіну яны курылі і слухалі яе скаргі на Бога, які не дае ёй смерці і гэтак пакутна расцягнуў яе бязрадаснае жыццё. Апынуўшыся адна, без радні, яна яшчэ пасля той вайны прыбілася да малазнаёмых чужых людзей, якім трэба было падгадаваць дзяцей і дагледзець ля хаты. Думалі, гадоў тры- пяць старая паклемаецца, за той час падрастуць дзеці, а там прыйдзе час і на могілкі. Але смерць да яе не прыйшла ні праз пяць, ні праз пятнаццаць гадоў, задоўжылася бабка на гэтым свеце ў чужых людзей, за той час павырасталі малыя, забілі на вайне гаспадара, гаспадыня ледзь магла пракарміць сябе — што ёй было да бабкі? А смерць усё не ішла. Развітваючыся тады, кожны з іх па шчырасці жадаў ёй як мага хутчэй скончыць свае турботы на гэтым няласкавым свеце. А цяпер вось зноў тое самае. Толькі ж гэта дзіця.
Што дзеецца на свеце.
— А тады мне лепей стала. Раз дужа напужалася ўранку. Толькі заснула — здалося, звер нейкі крадзецца па беражку пад кустом. Аж гэта кот. Вялізны такі шэры кот, з мястэчка, мусіць, астаўся адзін, ну і шукае сабе пракорму. Рыбу ловіць. Замрэ на беразе, угледзіцца ў ваду, а потым як скоча! Вылезе — і ў зубах ужо рыбінка. Вот, думаю, каб мне так налаўчыцца. Хацела я адабраць рыбку, ды не паспела, уцёк кот і пад другім кустом з'еў усю, і хвосціка не асталося. А потым мы з ім падружыліся. Прыйдзе калі ўдзень, улезе ў куст, ляжа поруч і мурлыкае. Я гладжу яго і трошкі сплю. А ён чуткі такі. Калі хто дзе паблізу акажацца, адразу натапырыцца, і я ўжо знаю: трэба баяцца. А як дужа голад даняў, вылезла ноччу ў гарод, што паблізу, здаецца, Арона крывога. Агуркі там былі яшчэ, семянныя каторыя, морква. Дык я нарву і ем. А кот усё глядзіць і мяўкае. Але кот не есць гародніны. Так мне шкада яго робіцца…
— Хай бы мышэй лавіў, — азвалася ў цемры Дзёмчыха. — У нас, там, у Паддуб'і, у адных была кошка, дык зайчанят насіла дамоў. Яй-богу, не лгу. А раз прывалакла зайца, ды на гарышча не ўсцягнула. Раніцай выйшаў Змітра, глядзіць заяц пад вуглом ляжыць.
— А, дык то, мусіць, у яе кацяняты былі, — здагадаўся Пётра.
— Ну, кацяняты.
— Дык то панятна. Тут ужо кацянятам старалася. Як маці каторая… Ну, а пасля ж як ты?
— Ну, так і сядзела, — ціхенька і даверліва гаварыла Бася. — Цётка… Ну, тая самая, яшчэ колькі разоў хлеба выносіла. А потым дужа сцюдзёна стала, дождж пайшоў, пачало лісце ападаць. Увечары, як дождж пайшоў, залезла ў нечую асець. Там пераседзела дні тры. Ды вобыск быў. Шукалі нейкае збожжа і чуць мяне не знайшлі. Тады я перайшла ў хлеў…
— А Божухна! Во намучылася, бедная! — уздыхнула Дзёмчыха.
— Ну. Але там цёпла было.
— А як жа з харчам? Ці даваў хто?
— Не, я не паказвалася.
— Ой, да чаго людзей давялі, Божа, Божа! І хто ж злавіў цябе?
— Ды немцы ж. Заспала аднаго разу — ужо снег быў. Выскачыла, каб перабегчы на другі бок вуліцы — там стаяў дом, і мяне ў тым доме потым хавалі. Толькі вуліцу перабегла, а тут яны. Як крыкнулі, я за клён захінулася, тоўсты такі клён…
— Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? — здагадалася Дзёмчыха. — Дык то ж Ігналя Супрон жыў.
— А табе што? — няласкава перапыніў яе Пётра. — Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?
Дзёмчыха пакрыўдзілася:
— Дык а што я? Калі і сказала, дык што?
— Анічога! — строга абарваў яе былы стараста. — Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.
«Іш ты, стары індык, — падумаў Рыбак. — Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?»
Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.
Рыбак хацеў перапыніць Басю — навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. Не пакінуць нікога.
— Ну, закрычалі, а я ўцякаць. Бегла, бегла па снезе, аж пакуль не ўпала за гародамі. Да лесу не дабегла. Ну, яны і схапілі мяне за рукі, прывялі сюды. Тут білі дужа. А пасля… Ай-ай!
Бася спалохана крыкнула на ўвесь голас, Пётра, чуваць было, падхапіўся з месца, і Рыбак зразумеў: пацукі. Абнаглелі ці згаладнелі ўжо так, што перасталі баяцца і людзей. Стары ўстаў і ботам некалькі разоў тупнуў у куце. Бася, ускочыўшы, стаяла на сярэдзіне, захінаючы светлы квадрат акна, і калацілася ад страху.
— Яны ж кусаюцца! Яны ж мае ногі пагрызлі. Я ж іх баюся, а дзядзечка!..
— Нічога, не бойся. Пацукі што? Пацукі не страшныя. Укусяць, ну і што? Гэткай бяды. Ідзі во ў мой кут сядай. А я тут… Я іх, халераў!..
Ён патупаў яшчэ, паварушыў там у куце і сеў. Бася прыткнулася на яго належаным на саломе месцы. Сотнікаў быццам бы спаў. Насупраць то ўздыхала, то смаркалася ў хустку Дзёмчыха — мусіць, плакала.
— Так, што ж… Што ж цяпер зробіш? — пытаўся ў кагось Пётра і сам сабе адказваў: — Нічога не зробіш. Цярпі, нямнога асталася.
Яму ніхто не адказаў, стала ціха. Рыбак вальней выцяг к парогу ногі, думаў заснуць у спакоі, але сон да яго не ішоў — свядомасць тачыла нязбыўная, як боль, трывога.
Перад ім быў абрыў.
Ён выразна адчуў гэта, асабліва цяпер, уначы, у хвіліны спакою, і думаў, што нічога ўжо зрабіць нельга. Гэтае пачуццё непапраўнасці рэдка калі так апаноўвала яго нават на вайне; усюды і заўжды ён умеў знайсці нейкае выйсце, але не цяпер. І яму пачало рабіцца страшна, як у тую незабыўную з дзяцінства хвіліну, калі жах ахапіў яго так моцна, што перасіліў і розум.