Добра хаця, што снег у полі быў цвёрды або неглыбокі — яны ішлі амаль скрозь па версе, толькі мясцінамі правальваліся то адной, то другой нагой, ламаючы зацвярдзелую ад марозу скарынку. Кіравалі па быльняжку па-над узмежкам — з касагору ўніз. Ззаду са змроку валакліся два шнуркі іхніх слядоў. У полі было відней, чым у лесе, шэры прывідны змрок расхінаўся шырэй, наўкола ў доле трымцелі на ветры змёрзлыя калівы быльнягу, тамсям чарнелі адзінокія палявыя дрэўцы. Праз чвэрць гадзіны наперадзе, мусіць у лагчынцы, зашарэла нейкае кустоўе — лаза ці які хмызняк па-над рачулкай.

Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска: пачынала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася — знікала ў памяці, і тады на кароткі час ён забываўся, дзе ён і куды ідзе. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды ён проста не верыў, што можа захварэць. Яшчэ чаго не хапала на вайне — хварэць! Ніхто ў іх не хварэў так, каб вызвалялі ад заданняў, ды яшчэ такіх простых, як гэта. Кашлялі, прастуджваліся многія, але прастуда не лічылася за сур'ёзную хваробу. І калі там, ля кастра на балоце, камандзір назваў яго прозвішча, ён быў гатовы, а калі даведаўся, што па харч, дык аж узрадаваўся, бо быў, як і ўсе, згаладнелы, хацеў пад'есці, да таго ж — вабіла магчымасць пагрэцца якую гадзіну ў хатнім цяпле.

Ды во, пагрэўся.

У лесе было лепш, а тут, на ветры, ён адчуў сябе зусім блага і аж спалохаўся, што можа ўпасці, так кружылася ў галаве; ад слабасці заносіла ў бакі. Рыбак наперадзе рупна шастаў ботамі ў снезе; увесь час ён нецярпліва імкнуўся наперад, і Сотнікаў адставаў. У грудзях яго рабілася горача, спіна між лапатак макрэла ад сцюдзёнага поту, і ён думаў — хаця б абысціся без запалення лёгкіх.

— Ну, як ты?

Рыбак прыпыніўся, прычакаў яго, і ад гэтай кароценькай увагі і пытання, на якое неабавязкова было і адказваць, у Сотнікава на момант пацяплела ў душы. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што, калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Нават і Рыбака, на якога, здаецца, можна было спадзявацца. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, яны неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Мусіць, таму разам трапілі і на гэта заданне.

— Вось цераз нізінку пратопаем, а там за ляском вёска. Недалёка ўжо, — зноў падбадзёрыў Рыбак, стоячы да яго бокам, — чакаў, каб пайсці поплеч.

Сотнікаў дагнаў яго, і яны разам пайшлі па схіле ўніз. Снег тут стаў рыхлейшы, чым на бугры, ногі часцей бухалі, ламалі цвёрды пласт; маладзічок цяпер блішчаў за іх спінамі. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Рыбак зблізку неяк уважліва паглядзеў на сябра.

— У арміі кім быў? Мабыць, не радавым, га?

— Не, не радавым. Камбатам.

— У пяхоце?

— У артылерыі.

— Мусіць, мала хадзіў? А я, брат, у пяхоце ўсю дарогу топаю.

— І далёка пратопаў? — запытаў Сотнікаў, успамінаючы сваё адступленне на ўсход.

Але Рыбак зразумеў гэта інакш.

— Ды во, як бачыш. Ад старшыны да радавога дайшоў. А ты, мабыць, кадравы?

— Не, не кадравы. Да трыццаць дзевятага настаўнікам рабіў.

— Інстытут скончыў?

— Настаўніцкі. Двухгадовы.

— А я вось пяць класаў. І то хоць бы…

Ён не дагаварыў — раптам праваліўся абедзвюма нагамі, нягучна вылаяўся, узяў трохі ўбок. Тут пачынаўся хмызнячок, лазняк, снег стаў рыхлы і амаль ужо не трымаў наверсе; пад нагамі, здаецца, было балота. Сотнікаў нерашуча спыніўся, не знаючы, куды ступіць.

— А ты за мной. Па маіх слядах трымай. Тут нямнога ўжо, — сказаў зводдаль Рыбак і, ямчэй паддаўшы на плячы вінтоўку, даволі рашуча зашыбаваў праз хмызняк, разграбаючы ботамі снег.

Сотнікаў пахіснуўся, не трапіўшы ў ягоны след, але таксама палез у кустоўе.

Некалькі хвілін яны прадзіраліся так у хмызняку; збоч са снегу тырчала сухое трысцё, якое ціха і нудна шархацела на ветры. Неўпрыкмет перайшлі замёрзлую, засыпаную снегам рачулку і зноў пайшлі поплавам, грузнучы нагамі ў рыхлым глыбокім снезе. Сотнікава апаноўвала санліва-знямоглая абыякавасць да ўсяго на свеце. Толькі намаганнем волі ён прымушаў сябе ісці, не спыніцца і не ўпасці — у вушах са звонам гудзела — ад ветру ці, можа, ад стомы.

Урэшце яны выбраліся з кустоўя, але наперадзе іх чакаў пагорак, і на яго шырокім некрутым схіле Сотнікаву стала і зусім кепска: млелі ногі. Добра, што снег тут памялеў, а сям-там яго і зусім не было, пад падэшвамі мулялі пыльныя цёмныя плешыны. Рыбак далёка выскачыў наперад і доўга шыбаваў па касагоры, мусіць, каб выбрацца на хрыбціну пагорка і агледзецца. Але, яшчэ не ўзабраўшыся на яго, ён спыніўся. Сотнікаў падумаў, што той нешта ўбачыў — мусіць, недалёка ўжо была вёска. Снегавы пагорак, над якім вісела прысмужанае зорнае неба, крута задзіраўся ўгору і знікаў у туманным змроку. Ззаду ж шырока разлеглася шэрая роўнядзь поплаву — з кустоўем, нейкімі невыразнымі плямамі, няпэўнымі ў змроку расплывістымі ценямі, а яшчэ далей, амаль не праглядваючыся, цьмеў дзесьці лес, з якога яны ішлі. Ён быў далёка, той лес, а наўкола стыла на марозе чыстае поле — калі што, тут падмогі ніадкуль не будзе.

Рыбак усё чакаў, і Сотнікаў з гарачнаю задышлівасцю дашкандыбаў да яго, ужо не пільнуючыся следу, — ступаў абы-куды, толькі б не ўпасці. І тады, падышоўшы, згледзеў: Рыбак стаяў на дарозе.

Яны не сказалі адзін аднаму нічога, толькі ўслухаліся, паўзіраліся і памалу пайшлі ўгору — адзін па правай, а другі па левай каляіне. Дарога, напэўна, вяла ў вёску, значыць — яшчэ можа пашчасціць дапнуцца да яе, не зваліцца ў хадзе, думаў Сотнікаў, і тады ўжо будзе відаць, як і што рабіць далей.

Неўзабаве яны выйшлі на вяршыню пагорка. Наўкола мроіўся начны прывідны прастор: шэрань, снег, суцемак з мноствам няўлоўных пераходаў, паўценяў і плямаў, і нідзе не было ні агеньчыка, ні руху — змоўкла, замерла, стаілася зямля. І не дай бог у такі час напаткаць тут людзей — людзі не прынясуць ім удачы, не тых людзей можна цяпер чакаць на дарозе.

— Ціха!

Рыбак ступіў і спыніўся, звыкла рыпнула і сціхла пад яго ботамі, знерухомеў і Сотнікаў. Аднекуль з таго боку, куды ішла дарога, данёсся крык, абрывак нейкага голасу — вырваўся ў марозную ноч і прапаў. Яны ўгледзеліся ў прыцемак — недалёка наперадзе, крышку ў лагчынцы, пэўна, была вёска — паласа чагось нагрувашчанага мякка шарэла ў снегавым змроку. Але нічога пэўнага там нельга было ўбачыць, як нельга было зразумець, ці то быў крык, ці, можа, ім здалося. Наўкола свістаў-шархацеў па снежным полі вецер, ноч ляжала нямая, як сон. І раптам куды ўжо выразней да іх даляцеў чалавечы выкрык-каманда ці, можа, лаянка, а потым, бурачы ўсе сумненні, удалечыні бахнуў і рэхам раскаціўся па полі стрэл.

Рыбак на поўныя грудзі выдыхнуў, а Сотнікаў, мусіць, таму, што нейкі час таксама перацінаў дыханне, пачаў глуха кашляць.

Хвіліну яго неадчэпна біў кашаль, як ён ні зацінаў яго ў грудзях, услухоўваючыся, ці не пачуюцца стрэлы яшчэ. Праўда, і без таго было ўжо зразумела, чый гэта стрэл, — хто ж яшчэ, апроч немцаў і іх прыслужнікаў, мог па такім часе страляць у вёсцы?

Стрэлаў, аднак, больш не было, разы два данеслася па ветры нешта падобнае на голас — размова ці вокліч, не разабраць, — і Рыбак вылаяўся:

— Стараюцца, сволачы. Для вялікай Германіі.

Яны яшчэ пастаялі трохі, услухоўваючыся ў ветраную ціш, занепакоеныя пытаннем: што рабіць далей, куды падацца? Рыбак усё ўзіраўся туды, дзе ў змроку знікала дарога, а Сотнікаў адвярнуўся ад ветру і дробненька ціха калаціўся: яго біла дрыжака.

— Значыць, туды не паткнуцца, — рашыў Рыбак і патаптаўся на рыпучым снезе. — Як ты, нічога? Мо давай лагчынкай пройдзем? Тут недзе за кустамі павінна быць яшчэ вёсачка.

— Давай, — знарок абыякава цепнуў плячом Сотнікаў. Яму сапраўды было ўсё роўна, абы толькі не стаяць на марозлівым ветры і мець у надзеі хоць які-небудзь агеньчык, які б свяціў наперадзе. Пачуцці яго тупелі, засцілаліся прывіднай смугой, па-ранейшаму кружылася ў галаве. Усе яго намаганні ішлі на тое, каб не спаткнуцца, не ўпасці, бо тады ён наўрад ці падняўся б.

Яны збочылі з дарогі і пайшлі па снегавым цаліку туды, дзе шырокім лапікам цьмеў уночы хмызняк.

Вы читаете Сотнікаў
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату