надта абвостранае небяспекай адчуванне падказвала яму, што ўдача канчаецца, што адпушчаныя яму лёсам ці выпадкам секунды выкарыстаны цалкам, што наступныя другі ці трэці снарады адтуль будуць яго. Наперадзе жывых ужо, мабыць, не асталося нікога, апошнім прыплёўся адтуль і паваліўся, абліваючы крывёй станіну, камандзір палка, побач у канаве бахалі з карабінаў некалькі байцоў — цэлілі ў танкавыя шчыліны. Ля снарадных скрынак уткнуўся галавой у зямлю зараджаючы Золатаў, ззаду цэлы астаўся адзін толькі правільны Губайдулін; камбат крыкнуў яму зараджаць, але той, ці аглушаны, ці надта спалоханы, толькі ціснуўся спіной да станіны і невідушча глядзеў на яго. Тады Сотнікаў кінуўся да скрынкі са снарадамі сам, але яшчэ не дапоўз да яе, як ззаду ашалела грымнула. Ён тыцнуўся тварам у зямлю, дол рэзка падскочыў, дарога і зямля сталі дыбам, на некалькі доўгіх секунд чорнае покрыва заслала ад яго свет. Ён задыхнуўся ад пылу і зямлі, якой забіла яму нос і рот; адчуўшы краёчкам свядомасці, што жывы, тут жа тузануўся з долу і пад градам земляное трухі, якая абрынула зверху, вертануўся да панарамы. Але яго гаўбіца ўжо скасабочылася на краі глыбокай рытвіны, ствол вывернула ўбок, смуродна гарэла гумовае кола. І ён зразумеў, што гэта — усё. Ён не ведаў яшчэ, ці сам цэлы, ён толькі адчуваў, што аглух, выбухі ў ягоных вушах адгарадзіла шчыльнай сцяной, іншыя гукі ўсе разам зніклі, у галаве шыпела і гуло. З носа ішла кроў, ён размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. На ветры хутка мільгалі рваныя чорныя космы дыму ад ахопленага полымем трактара, тлуста смярдзела саляркай і трацілам ад выбухаў, побач тлела гімнасцёрка на плячы ўжо нежывога камандзіра палка. Збянтэжаны нечаканасцю, збіты з панталыку разгромам, Сотнікаў хвіліну нібы не разумеў, што адбылося, не мог паверыць, што гэта не сон. Трываючы дым, які еў вочы, ён толькі глядзеў, як ішлі па той бок нямецкія танкі, ужо добра відаць былі на іхніх бартах лічбы і чорна-белыя, выбітыя па трафарэту крыжы. Свайго жыцця яму было не шкада, ён толькі не ведаў, што рабіць далей. І тады нехта тузануў яго за рукаў. Ён павярнуў голаў і ўбачыў запэцканы сажай і крывёй твар Конкіна, які нешта крычаў яму і паказваў рукой у тыл, дзе, прыгнуўшыся, перабягалі байцы.
Па канаве яны пабеглі за ўсімі.
3
Рыбак абышоў мысок хмызняку і спыніўся. У прыцьмелай шэрасці начной прасторы на касагорыне відаць сталі крайнія будыніны вёсачкі. Як яна выглядае адсюль, Рыбак ужо забыўся: у пачатку восені яны праходзілі непадалёк па дарозе, але ў самую вёску не завіталі. Зрэшты, тое цяпер было няважна — важней было вызначыць, ці ціха там у гэтую ноч, каб не напароцца на немцаў або паліцаяў.
Стоячы на краі хмызу, ён хвіліну ўглядаўся-ўслухоўваўся, ды нічога падазронага быццам не было чуваць. Даляцела некалькі няпэўных уночы гукаў, па-ранейшаму пругка і настойліва дзьмуў вецер, ціха пасвістваў побач у мёрзлым галлі, пахла дымам — недзе, мусіць, палілі. Тым часам падышоў Сотнікаў і таксама спыніўся, услухаўся.
— Ну, што?
— Здаецца, ціха. Пайшлі памалу.
Вядома, было б карацей скіраваць да крайняй у гэтай вёсцы хаціны, што вунь стаяла, уросшы па самую страху ў снег, з прыстаўленым да яе жардзём, — там пачыналася вуліца. Але менавіта таму Рыбак і прамінуў крайнюю — калі што, ля яе заўжды рызыкуеш напароцца на непрыемнасць; у канцы вуліцы звычайна канчае свой маршрут вартаўнік ці патруль, наладжваюць засаду паліцаі. І ён узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Там, за растрэсканым вуглом пунькі ці тока з прадранай страхой, яшчэ пастаяў, паслухаў і з аглядкаю падаўся на прыгуменне. Наўсцяж ад гумна было рукой падаць да нізенькай і нейкай адзінокай пры хлеўчуку хацінкі; на снезе да яе нават аказалася цвёрдая сцежка; ён зрабіў па ёй са два крокі і тут жа саступіў убок — дужа рыпела пад ботамі. За ім таксама саступіў Сотнікаў, і яны абапал сцежкі пайшлі па снезе да хаты.
У той час да іх слыху даляцеў стук — хтось нібыта сек дровы, але рабіў гэта неяк вяла, нібы знясілеўшы ці з роздумам. Рыбак трошкі парадаваўся: калі сякуць дровы, то, мусіць, у вёсцы чужых няма. Да таго ж — не трэба стукаць, прасіцца ў хату: што трэба, можна разведаць у дрывасека. Праўда, ён тут жа падумаў, што неасцярожнасцю можна здаля напалохаць чалавека, тады ты яго ўжо не выцягнеш з хаты. Маючы гэта ў думках, ён як мага цішэй абышоў хляўчук, перажаргнуў кінутыя ў снезе жардзіны, паціху выйшаў з-за вугла на падворак.
У полі на снезе было святлей і відаць далей, а тут, у цемнаватым мроіве двара, ён не адразу зразумеў, што перад ім на дрывотні жанчына. Цяпер яна ўжо не секла, а нешта калупалася там, ціха і зласнавата мармычучы сама сабе. Пачуўшы іх крокі, жанчына страпянулася, кінула сякеру і аж войкнула.
— Ціха, мамаша!
Яна стаяла зусім разгубленая перад ім — нізенькая стараватая кабеціна ў хустцы — і не магла вымавіць слова. Рыбак асцярожліва зірнуў на дзверы ў хату, тыя былі зачынены, болей на двары быццам не было нікога. Зрэшты, ён не надта і баяўся і азіраў наваколле дзеля пэўнасці. Ён ужо зразумеў, што ў гэтай вёсцы спакойна; паліцаі, мабыць, заселі за самагонку, а немцы наўрад ці тут паяўляліся.
— Ах, Божухна, напалохалася я. Ай, Госпадзі…
— Ладна, будзе хрысціцца. Паліцаяў у вёсцы многа?
— А няма паліцыянтаў. Быў адзін, ды ў мястэчка перабраўся.
— Так. — Рыбак прайшоўся па панадворку, выглянуў з-за рога. — Вёска як завецца?
— Лясіны. Лясіны вёска, — поўная ўвагі і яшчэ не апамятаўшыся ад утрапення, казала цётка. Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое яна, відаць, марна старалася рассекчы папалам.
Рыбак адразу прыкінуў, што зусім няблага было б тут і атаварыцца: падыход — выхад харошыя, на дарозе гумно, лясок, яны някепска прыкрываюць ад чужога вока. Цікава толькі, чым можна пажывіцца на гэтай сядзібе?
— Хто яшчэ дома ёсць?
— Дык адна ж я, — хуценька сказала цётка.
— І больш нікога?
— Анягож. Адна і жыву, — жалліва сказала кабета, усё надта пільна сочачы за яго рухамі — сілілася адгадаць таемную мэту начнога з'яўлення гасцей.
Рыбака, аднак, гэта мала цікавіла і мала кранала — і яе жалобна-жаласлівы тон і тое, што яна адна. Ён ужо ведаў гэты вяскова-жаночы звычай — разжаліць яго было цяжка. Ён вывучаў абставіны на падворку — убачыў расчыненыя вароты ў хляўчук і зазірнуў у яго глухі, поўны гнойнага паху змрок.
— Што, пуста?
— Пуста, анягож, — з набалеласцю пацвердзіла кабета, не адыходзячы ад сякеры. — Забралі ўсё чыста.
— Хто забраў?
— Ведама ж хто. Як у чырвонаармейскай мацеры. Каб ім падавіцца.
Калі жанчына кляне — значыць, можна паверыць. Рыбак ціха крэкнуў: напаў, ды не на тое, прыйдзецца шукаць дзе яшчэ. Вядома, мусіць, можна б сёе-тое знайсці і ў гэтай бедалагі (курыцу там ці парася), але не да ніткі ж абіраць яе, і без таго ўжо абрабаваную немцамі.
Сотнікаў, ссутуліўшыся, маркотна чакаў пад сцяной, а Рыбак павярнуўся да цёткі.
— Што, рассеч не можаш?
Жанчына ўраз здагадалася, што ён паможа, і, узрадаваўшыся мужчынскай сіле, скінула з сябе насцярожаную панурасць.
— Ды во, каб яго трасца, забіла — не выдзеру. Звечара б'юся — ні туды ні сюды.
— Ану, дай!
Рыбак закінуў за спіну карабін і аберуч узяўся за гладкае сухое тапарышча. Хэкнуўшы, хлёстка выцяў палена аб калоду, пасля яшчэ. Біў трапна, з прыемнасцю і знаёмым спрытам, адчуваючы сілу ў руках і звыклую з юнацкае пары хватку, калі во гэтаксама зімовымі вечарамі сек з бацькам ці адзін дровы. Пілаваць не любіў, а сеч заўжды быў гатовы з прыемнасцю, выяўляючы ўсю сваю зухаватасць у гэтай спрадвечнай мужчынскай працы.