на фота, трымаючы ў руках міску.

— А цяпер дзе ён? Не ў паліцыі часам?

Стараста падняў насуплены твар.

— Не ўсе ж, як некаторыя. На фронце, во дзе.

Старасціха паставіла на стол міску з капустай і загаманіла:

— Ай, Божачка, як пайшоў у трыццаць дзевятым, дык і ўсё. Ад самага лета ні слыху ні дыху. Хоць бы ведаць, ці жывы хаця.

— Так, так, — сказаў Рыбак, не адгукваючыся на яе жаллівае прычытанне, якога ён даволі наслухаўся ад пачатку вайны. Цяпер яго займала другое. Счакаўшы, калі яна выгаварыцца, ён важка заўважыў старому: — Апазорыў ты сына!

— Анягож! — з жарам падхапіла ад печы кабета. — І я ж тое гавару яму дзень пры начы. Апазорыў і сына, і ўсіх чыста.

Гэта было трохі нечакана, тым болей што старасціха гаварыла быццам бы са шчыраю набалеласцю ў голасе. Рыбаку здалося тады, што дзед гэты — проста недарэка нейкі. Але толькі ён падумаў так, як твар старога нядобра нахмурыўся і ўвесь ён рэзка павярнуўся да гаспадыні.

— Годзе! Не твая справа!

Кабета адразу ж змоўкла, нібы папярхнулася на паўслове, а дзед з важнасцю падняў дакорлівы позірк на Рыбака.

— А ён мяне не апазорыў? Немцу аддаў. Гэта не пазор?

— Так выйшла: вайна. Не яго тут віна.

— А чыя? Мая, можа? — прыдзірліва, без ценю боязі дапытваўся стары і аб'явіў: — Ваша віна. Маладзейшых.

— Да-а, — няпэўна сказаў Рыбак, прыпыняючы не надта прыемную і не дужа простую размову, якой, ведаў, па цяперашнім часе не было канца.

Гаспадыня тым часам хуценька разаслала кароценькі, на паўстала, настольнік, паставіла міску з капустай, скаромны пах ад якой уладна прыглушыў усе яго іншыя пачуцці, яшчэ больш абвастрыўшы голад. Вельмі хацелася есці, і ён рашыў пакуль што адкласці падрахунак яго не надта прыемных адносін з гаспадаром.

— Сядайце ж, падсілкуйцеся трошкі. Во хлебца вам, — з ліслівай гасціннасцю запрасіла гаспадыня.

Рыбак, не знімаючы шапкі, піхнуўся за стол.

— Давай паямо, — сказаў ён да Сотнікава.

Той пакруціў галавой:

— Еш. Я не буду.

Рыбак уважліва паглядзеў на таварыша, які ўвесь згорбіўся на ўслоне і, пакашліваючы, калаціўся — мабыць, ад дрыжыкаў.

Гаспадыня, пэўне, мала што разумеючы ў яго стане, здзівілася:

— Чаму ж гэта? Мо грэбуеце нашым? Можа, яшчэ чаго хочаце?

— Не, дзякуй. Нічога не трэба, — рашуча сказаў Сотнікаў і сашчапіў у рукавах рукі.

Гаспадыня занепакоілася:

— Божачка, можа, я не дагадзіла чым? Дык даруйце… Я ж не хацела…

Рыбак добра ўмясціўся на лаве, трымаючы між каленяў карабін, узяў лыжку, лусту счарсцвелага, з кменавым пахам хлеба і не заўважыў, як у поўным маўчанні выеў усю вялікую гліняную міску. Стараста нязрушна сядзеў у куце, гаспадыня стаяла збоч ад стала са шчырай гатоўнасцю дагадзіць госцю.

— Так, хлебушка я прыбяру. Гэта на яго долю, — сказаў Рыбак.

Гаспадыня ахвотна згадзілася:

— Бярыце, бярыце, дзеткі.

Стараста нечага моўчкі чакаў — якога слова ці, нарэшце, гаворкі пра справу. Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі.

Засоўваючы акраец за пазуху, Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:

— Кніжачкі пачытваеш?

— А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.

— Савецкая ці нямецкая?

— Біблія.

— Цікава. Ану? Ніколі не бачыў Бібліі, — крыху пасунуўшыся за сталом, Рыбак пакруціў у руках кнігу, адгарнуў вокладку. Аднак ён тут жа адчуў, што не трэба было рабіць гэтага — выяўляць нейкую сваю недасведчанасць хай сабе і ў другараднай справе.

— Не лішне б і пачытаць, — прабурчаў стараста.

Рыбак рашуча загарнуў кнігу.

— То наша справа. Не табе вучыць. Ты немцам служыш, стала быць — нам вораг, — сказаў Рыбак з таемным задавальненнем ад таго, што знайшоў прычыну пазбегнуць удзячнасці і перайсці на болей адпаведны абставінам тон. Ён вылез з-за стала на сярэдзіну хаты, паправіў на кажушку трохі тугаватую цяпер дзягу. Менавіта гэты паваротак у размове даваў яму падставу перайсці да справы, хоць гэты пераход і патрабаваў яшчэ некаторай псіхалагічнай падрыхтоўкі.

— Ты вораг. А з ворагам у нас — ведаеш, які разгавор?

— Сматра каму вораг, — нібы не адчуваючы кепскага, ціха, але цвёрда пярэчыў стары.

— Сваім. Рускім.

— Сваім я не вораг.

Нязрушная ўпартасць старасты пачынала злаваць Рыбака. Не хапала яшчэ даказваць гэтаму паслугачу, чаму ён — хоча таго ці не — вораг Савецкай дзяржаве. Весці з ім такую размову Рыбак не меў намеру, ён толькі падумаў, што, можа, той мае які невядомы ў сваю карысць довад, і болей правакуючы, чым усур'ёз, запытаў:

— Што, можа, сілай прымусілі? Проці волі?

— Не, чаму сілай? — падумаўшы, сказаў гаспадар.

— Значыць, сам?

— Як сказаць? Пахожа, сам.

«Тады ўсё зразумела, — падумаў Рыбак, — няма чаго і гаварыць». Ён ужо выразна адчуў злосць да гэтага чалавека, на спрэчку з якім ён бавіў патрэбны ім час, тады як і без таго з самага пачатку ўсё было зразумела.

— Так! Пайшлі!

Ускінуўшы рукі, да Рыбака кінулася старасціха.

— Ой, сыночак, куды ж ты? Не трэба, пашкадуй дурнога! Стары ён, па дурноце сваёй…

Стары, аднак, не прымусіў паўтараць загад і няспешліва падняўся за сталом. Быў ён зусім ссівелы і, не зважаючы, што ў гадах, вялікі і мажны — як устаў, загарадзіў сабой увесь покуць з абразамі.

— Сціхні! — загадаў ён жонцы. — Ну!

Відаць, старасціха прывыкла слухацца — хліпнула і адразу ж падалася за шырмачку. Стараста ашчадна, бы баючыся што зрушыць, надзеў у рукавы кажух і вылез з-за стала.

— Вашая воля. Біце! Не вы, дык другія. Вунь, паглядзіце, — ён коратка кіўнуў на прасценак, — ставілі, стралялі ўжо.

Рыбак міжвольна зірнуў, куды паказаў дзед, — сапраўды ў белай сцяне ля акна чарнела некалькі дзірак, падобна — ад куль.

— Хто страляў?

Гаспадар, гатовы да ўсяго, нерухома стаяў на сярэдзіне хаты, падцяўшы сівыя пашчэнкі.

— А такія… Гарэлкі трэбавалі.

Рыбак унутрана паморшчыўся: ён не хацеў на кагось быць падобным. Свае намеры лічыў справядлівымі, але, згледзеўшы нечыя, падобныя да сваіх, бачыў свае ўжо ў трошкі інакшым святле. І не падобна было, каб стараста яго ашукваў, — такім тонам не хлусяць. Ціхенька пахліпваючы, з-за шырмачкі выглядвала старасціха. На ўслоне, згорбіўшыся, кашляў Сотнікаў, але ён не ўмешваўся ў яго справу з гаспадаром — здаецца, бедалагу рабілася не да таго.

Вы читаете Сотнікаў
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату