Між тым рукі яго былі ўмела і туга скручаны тонкай вяроўчынай, якая балюча ўелася ў скуру, і яго адпіхнулі ўбок. Узяліся за Дзёмчыху.

— Ты, кліч сюды следчага, — з апантанай настойлівасцю патрабаваў Сотнікаў ад Стася, які з вінтоўкай за плячом завіхаўся ля Дзёмчыхі.

Але той нават не зірнуў на небараку, ён, як і ўсе яны тут, нібы аглух да іх просьбы, нібы гэта былі не людзі, а якая жывёла. І гэта яшчэ болей пераканала Рыбака, што справы іх дрэнь. Будзе смерць… Але як жа тады?.. Чаму ж ён не рашыўся, калі былі вольныя рукі?

Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла яго. Нешта ў ім жаласна затрымцела ўнутры ад усведамлення нейкай сваёй памылкі, і ён разгубленым позіркам залыпаў наўкола. І тады на ганак адзін за адным з памяшкання пачало выходзіць начальства — нейкія чыны ў новай паліцэйскай форме: чорных караткаватых шынялях з шэрымі каўнярамі і такімі ж абшлагамі на рукавах, пры пісталетах; за імі выйшлі чацвёра немцаў, мабыць, афіцэраў, у даўгіх шынялях і фуражках з высока задраным верхам. Чалавекі са тры, апранутыя ў цывільныя паліто і захутаныя шалікамі, баязліва пазіралі на немцаў і трымаліся збоч, нібы госці, запрошаныя на чужое свята. Паліцаі на падворку зважліва пацішэлі, прыкметна выцягнуліся.

Нехта спяшаючыся палічыў ззаду:

— Раз, два, тры, чатыры, пяць…

— Усё гатова? — запытаў з ганка плячысты паліцай з маленькім кабурам на жываце.

Менавіта гэты кабур, а таксама постаць дужага, віднага сярод другіх чалавека далі Рыбаку зразумець, што гэта начальнік. Толькі ён падумаў пра гэта, як ззаду сіпата загаманіў Сотнікаў:

— Начальнік, я маю зрабіць паведамленне!

Той адразу спыніўся на прыступках, калянуў арыштанта цяжкім уладным позіркам.

— Што такое?

— Я параніў вашага паліцая. Я партызан! — не дужа гучна сказаў ён і кінуў у бок Рыбака: — Той выпадкам тут апынуўся, я магу растлумачыць. Астатнія зусім ні пры чым. Калі караць, дык карайце аднаго мяне.

Начальства на ганку прымоўкла, двое пярэдніх немцаў насцярожана пераглянуліся, Рыбак адчуў, як прыемная, амаль выратавальная іскрынка ўзгарэлася ў ім і адразу запаліла слабенькую яшчэ надзею: а можа, павераць? Ад гэтага яго радаснага пачуцця з'явілася ціхая ўдзячнасць Сотнікаву за яго заступніцтва.

Аднак насцярожаная цікаўнасць начальніка хутка змянілася нецярплівай строгасцю ў яго цвёрдым, поўным рашучасці позірку.

— Гэта і ўсё? — холадна запытаў ён і саступіў з прыступкі на снег.

Сотнікаў нібы заікнуўся ад нечаканасці.

— Магу расказаць падрабязней.

Адзін з немцаў незадаволена буркнуў, і начальнік махнуў рукой.

— Вядзіце!

«Ось так, не хоча нават і слухаць…» — падумаў Рыбак. Мабыць, ужо ўсё вырашана загадзя. Але як жа тады ён? Няўжо яму так нічым і не паможа гэтае заступніцтва Сотнікава?

Тупаючы па драўляных прыступках, паліцаі сходзілі з ганка, і раптам у адным з іх, што гэты раз таксама быў у новенькай паліцэйскай форме, Рыбак пазнаў Партнова. Ну безумоўна, гэта быў той самы ўчарашні следчы, які гэтак абнадзеіў яго і цяпер нібы адступіўся, забыўшыся на сваю прапанову. Рыбак як згледзеў яго, дык ажно страпянуўся і памкнуў наперад. Была не была — цяпер яму ўжо не здавалася ні страшна, ні нават няёмка.

— Гаспадзін следчы, гаспадзін следчы! Адну хвілінку! Вы гэта ўчора гаварылі, дык я згодны. Бо я тут, яй-богу, ні пры чым. Вунь ён жа пацвердзіў.

Чыны, што ўжо кіравалі купкаю са двара, зноў незадаволена, па адным сталі спыняцца. Спыніўся і Партноў. Новы паліцэйскі шынелак быў яму яўна вялікі і даволі нязграбна сядзеў на яго мізэрнай постаці, чорная пілотка тырчала ўбок, але ў абліччы следчага яшчэ пабольшала начальніцкай важнасці, нейкай паказной суровасці. Высокі перахлябісты немец у вайсковым запытальна павярнуўся да яго, і следчы нешта бойка растлумачыў яму па-нямецку.

— Падыдзіце сюды!

Пры пільнай увазе з абодвух бакоў Рыбак падышоў бліжэй да ганка. Кожны яго крок нейкім страхавітым шматзначным ударам адгукаўся ў ягонай душы. Нітачка яго яшчэ не ўзмацнелай надзеі напялася, гатовая назаўжды абарвацца.

— Вы згодны ўступіць у паліцыю? — па-ўчарашняму жорстка свідруючы яго вочкамі, запытаў следчы.

— Згодзен, — з усёю шчырасцю, на якую толькі быў здольны, адказаў Рыбак.

Ён таксама не зводзіў свайго амаль адданага позірку з нясвежага і немаладога, хоць і добра паголенага твару Партнова. Той і немец яшчэ нешта перагаварылі па-нямецку.

— Так. Развязаць!

— Сволач! — як удар, стукнуў яго ў патыліцу нягучны злы вокліч. Гэта, вядома, Сотнікаў, які тут жа і выдаў сябе знаёмым кашлем.

Але хай! Нешта пагрозлівае і цяжкое, што гэтак блізка падступілася да Рыбака, стала аддаляцца, ён хапіў ротам паветра і адчуў, як нечыя рукі тузанулі ззаду вяроўку. Але ён не азірнуўся нават. У радасным нечаканым змярцвенні ён адчуваў толькі адно: будзе жыць! Развязаныя рукі яго збалела апалі ўздоўж цела, і ён зрабіў крок убок, падсвядома імкнучыся адасобіцца ад іншых, — цяпер яму карцела быць як мага далей ад усіх. Здаецца, усё было шчасліва і хутка вырашана, ён адышоўся яшчэ на тры крокі, і ніхто не спыніў яго. Нехта з начальства павярнуўся, каб ісці да варот, як раптам ззаду раздаўся здзічэлы крык Дзёмчыхі:

— Ага, дык яго пускаеце! Тады пусцеце і мяне! Пусцеце! Я скажу, у каго яна хавалася! Во гэта! Я скажу! У мяне малыя, а Божачка, на каго ж яны…

Яе роспачна адчайны крык зноў прымусіў усіх спыніцца, і найперш спыніўся Партноў. Высокі немец нешта незадаволена пракартавіў, і следчы падышоў да жанчыны.

— Ану, ану! Скажы, у каго?

— А развяжыце!

— Тарасюк! — кіўнуў галавой Партноў.

Паліцай, што вязаў Рыбака, падскочыў да Дзёмчыхі і хуценька вызваліў яе рукі ад вяроўкі. Тая разгублена ўзялася церці іх аб крысо кажушка. Але паліцаі і немцы чакалі са строгай нецярплівасцю на халодных, надзьмутых варожасцю тварах.

— Дык у каго хавалася? — напомніў Партноў.

— У гэтага, як яго…

— Дурное плявузгаеш, — ціха, але цвёрда сказаў Пётра. — Пабойся Бога.

— Дык гэта… У Хведара Бурака бытта.

— Якога Бурака? — нахмурыўся Партноў. — Бурака тут даўно ўжо і духу няма. Ану, падумай лепш.

Дзёмчыха патупілася і маўчала, а ўсе навокал напружана пазіралі на яе з варожасцю. Адзін толькі Рыбак быў да яе абыякавы — яму было ўсё роўна, ці яна скажа праўду, ці схлусіць. Вядома, бабе хочацца жыць, але ён ведаў ужо, што ашукаць іх трудна — тады нашто і пнуцца, не ўмеючы.

— Ну? — не трываў Партноў.

— Дык я ж сказала.

— Лжэш! Тарасюк!

Тарасюк, які напагатове стаяў за спіной жанчыны, усё зразумеў і ўчэпіста схапіў яе за рукі.

— Я ж сказала! Я сказала вам!! — закрычала Дзёмчыха. — Ах, каб вас пярун забіў! Што вы робіце? У мяне ж дзеці…

— Цыц, сука! — гыркнуў паліцай, бязлітасна падламваючы яе рукі. Дзёмчыха заенчыла, але хутка ўсё было скончана, і ён штурхнуў яе ад сябе. — Гатова!

— Вядзіце! — сказаў Партноў і павярнуўся да Рыбака. — Вы падсабіце таму, — паказаў ён на Сотнікава.

Рыбаку гэта мала спадабалася, ад Сотнікава цяпер ён хацеў трымацца далей. Але загад ёсць загад, і ён з гатоўнасцю падскочыў да нядаўняга свайго напарніка, узяў яго пад руку.

Вы читаете Сотнікаў
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату