сапраўды залежала толькі ад яго і нікога болей, толькі ён распараджаўся ёю, бо толькі ў яго ўладзе было адысці з гэтага свету з уласцівай чалавеку годнасцю. То была апошняя міласць, святая раскоша, якую, бы ўзнагароду, даравала яму жыццё.
Па адным іх пачалі разводзіць уздоўж шыбеніцы. Пад крайнюю ад начальства пятлю паставілі аціхлага, засяроджанага ў сабе Пётру. Сотнікаў зірнуў на яго і вінавата паморшчыўся. Учора ён шкадаваў, што Рыбак не застрэліў гэтага старасту, а цяпер вось давядзецца разам загойдацца на адной перакладзіне. Вось і зразумей, дзе сябра, а дзе вораг, падумаў ён, маючы на ўвазе Рыбака. Зрэшты, ён пераканаўся ўжо, што на вайне прычынай подласці бадай заўжды бывае баязлівасць, як бы яна ні называла сябе.
Тым часам Пётра палез на ўслон, але той скасабочыўся і ледзь не паваліўся пад яго каленямі. Тады Будзіла, які, мабыць, і тут быў галоўны ў сваёй катоўніцкай справе, вылаяўся, сам ускочыў наверх і за каршэнь узвалок туды Пётру. Былы стараста засцярожліва выпрастаўся і, не падымаючы галавы, стрымана, нібы ў царкве, пакланіўся людзям. Потым на ўслон пхнулі Басю. Тая хуценька ўзлезла на сваё месца і, пераступаючы змёрзлымі парэпанымі нагамі, з палахлівай дзіцячай цікаўнасцю пачала азіраць натоўп ля штыкетніка, нібы выглядвала там знаёмых.
Услона на ўсіх, аднак, не хапіла. Пад наступнай пятлёй была пастаўлена жоўтая скрынка, а на астатніх двух месцах тырчэлі ў снезе паўметровыя, мабыць, нядаўна адпілаваныя ад бервяна, цурбаны. Сотнікаў падумаў, што яго паставяць на скрынку, але там пакінулі Дзёмчыху, а яго Рыбак з паліцаем павалаклі да цурбаноў.
Ён яшчэ не дайшоў да свайго месца, як ззаду пачуўся здзічэлы крык Дзёмчыхі. Ад нечаканасці Сотнікаў азірнуўся — жанчына, упіраючыся нагамі, усяляк адбівалася ад паліцаяў — не хацела лезці на скрынку.
— Ай, паночкі, даруйце! Даруйце дурной бабе, я ж не хацела, не думала…
Яе плач заглушылі злосныя крыкі начальства, нешта скамандаваў Будзіла; паліцай, што вёў Сотнікава, кінуў яго на Рыбакову апеку, а сам падаўся да Дзёмчыхі. Усёй грамадой яны пацягнулі жанчыну на скрынку.
Рыбак, астаўшыся з Сотнікавым, не надта ўпэўнена падвёў яго да таўсцейшага, крайняга ад штыкетніка, цурбана і спыніўся. З аркі над ім звісала новенькая, як і ва ўсіх, пяньковая ўдаўка з вузкавата зашморгнутай пятлёй, якая ціха раскручвалася ўгары. У Сотнікава ад знямогі памутнела ўваччу — трэба было хутчэй узлазіць на цурбан, а зрабіць гэта аднанож было не дужа ўпраўна. Некалькі часу ён памарудзіў, пакуль у свядомасці не бліснула роспачнае, як лаянка: «Ах, была не была!» Тады ён кінуў Рыбаку, які паныла аслупянеў побач: «Трымай!» — і здаровым каленам дацягнуўся да зрэзу-тарца, ужо заследжанага брудным адбіткам чыесь падэшвы. Рыбак тым часам апусціўся на снег і аберуч ашчаперыў падстаўку. Дзеля раўнавагі Сотнікаў трохі абапёрся аб яго локцем, напружыўся і неяк ускараскаўся наверх.
Хвіліну ён ціхенька стаяў, вузка саставіўшы ступні на круглым нешырокім зрэзе, і думаў: «Каб толькі не ўпасці». Патыліца яго ўжо адчула пятлю, якая ціхім дотыкам шорхала па валасах. Унізе напружылася шырокая Рыбакова спіна ў кажушку, скарэлыя яго рукі шчыльна аблапілі хваёвую кару цурбана. «Выкруціўся, сволач!» — нядобра падумаў Сотнікаў, нібы з зайздрасцю, і на момант сумеўся: ці трэба так? Цяпер, у апошнія імгненні свайго жыцця, ён нечакана ўсумніўся ў сваім заўсёдным праве — нароўні з сабой патрабаваць ад іншых. Сапраўды, як было ў такі момант чакаць чагось высакароднага ад гэтае затузанай жыццём цёткі? Зноў жа — і Рыбак. Мабыць, ён быў неблагі партызан, умелы малодшы камандзір у войску, ды вось аказалася, што як чалавек і грамадзянін, безумоўна, недабраў чагосьці.
Ззаду ўсё білася, галасіла, ірвалася з рук паліцаяў Дзёмчыха, нешта сабраўся чытаць па паперцы немец у рудых пальчатках — прыгавор ці, можа, страшыць людзей іхняю карай. Ішлі апошнія секунды жыцця, і Сотнікаў, прыткнуўшыся на цурбане, прагным апошнім позіркам міжвольна ўбіраў у сябе несамавітую аздобу звыклай з дзяцінства местачковай вуліцы з гаротнымі постацямі людзей, хілымі дрэўцамі, паламаным штыкетнікам, гарбячком намёрзлага лёду пад жалезнай калонкай. Праз настылае голле сквера праглядвалі аблупленыя сцены недалёкай цэркаўкі з абадраным счарнелым дахам, без крыжоў на двух аблезлых зеленаватых купалах. Некалькі яе вузкіх акенцаў былі нядбайна забіты неакоранымі аполкамі.
Але вось побач затупаў хтось з паліцаяў, пацягнуўся ўгору да яго вяроўкі; бесцырымонныя рукі ў шызых абшлагах злавілі яе над ім і, абдзіраючы яго балючыя, памарожаныя вушы, насунулі на галаву пад падбародак. Ну, вось і ўсё, міжвольна адзначыў Сотнікаў і апусціў позірк уніз, на людзей. Прырода сама па сабе, яна заўжды без натугі дабром і мірам клалася яму на душу, але цяпер сталі патрэбны людзі — іхнія абліччы, позіркі, іх згодная еднасць ці хоць бы абыякавасць — усё роўна хацелася бачыць людзей. І ён ціхенька павёў развітальным позіркам па іх шчыльным, насцярожаным радзе, у якім болей было жанчын, і толькі зрэдку трапляліся немаладыя мужчыны, падлеткі, дзяўчаты — звычайны тутэйшы люд у кажушках, ватоўках, вайсковых абносках, самаробных світках. Сярод іх бязлікага мноства ягоная ўвага чымсь вылучыла цесненька загорнутую ў чужую, без гузікаў, адзежыну танклявую постаць хлопчыка гадоў дванаццаці з насунутай на галаву старой армейскай будзёнаўкай. Хлопчык азябла ўбіраў счырванелыя рукі ў рукавы, адсюль было бачна, дрыжаў ад сцюжы ці, можа, ад страху і з баязлівай дзіцячай цікаўнасцю ўзіраўся ў жывых яшчэ вісельнікаў. Сустрэўшы ягоны позірк, хлопчык скрывіў у балючай грымасе свой хваравіта белы тварык, на якім раптам адбілася столькі спачувальнае жаласці, што Сотнікаў не ўтрымаўся і ціха, аднымі вачамі ўсміхнуўся малому — нічога, браток!
Болей ужо ён не стаў разглядваць нічога і апусціў позірк, каб лішне не бачыць з боку ад сябе начальства, немцаў, следчага Партнова, Стася, Будзілу. Іх драпежніцкую прысутнасць ён адчуваў і так. Абвяшчэнне прыгавору, здаецца, ужо скончылася, пачулася каманда па-нямецку, потым па-расейску, і ён неўзабаве адчуў, як пагрозліва-напружана варухнулася на шыі вяроўка. Нешта ў тым канцы шыбеніцы тузанулася раз і другі, і адразу ж зусім ужо жахліва закрычала Дзёмчыха:
— А-а-а-ай! Не хачу! Не хачу!!
Яе крык неяк ураз абарваўся, коратка трэснула ўгары намёрзлая папярочына, здушана загаласіла жанчына ў натоўпе. Стала нясцерпна самотна на душы. Нейкая невыдаткаваная яшчэ ўнутраная сіла падмывала рвануцца, закрычаць, як гэтая Дзёмчыха, — дзіка і страшна. Але ён стрымаў сябе, толькі сэрца яго да болю сцялася ад смяротнае роспачы; як найбольшай палёгкі перад канцом, захацелася заплакаць. Замест таго ён раптам усміхнуўся напаследак сваёй, мабыць, жаласнай, вымучанай усмешкай.
З боку ад начальства крыкнулі, відаць, гэта цяпер датычыла яго, цурбан пад нагамі на момант аслаб, нават хіснуўся. Каб не зваліцца, Сотнікаў зірнуў уніз — на яго са скрыўленага, зарослага шчаціннем твару глядзелі разгубленыя вочы яго нядаўняга сябра. Яны не то ўпрошвалі аб чымсь, ці то проста ён не мог саўладаць са сваім страхам, і Сотнікаў ледзь пачуў:
— Даруй, брат.
— Пайшоў к д'яблу!
Трэба было канчаць. Напаследак ён адшукаў позіркам ніцую сцяблінку хлопчыка ў будзёнаўцы. Той стаяў, як і раней, трошкі выпнуўшыся наперад з шэрагу, з шырока расплюшчанымі вачамі. Поўны болю і страху ягоны позірк сунуўся за некім пад вісельняй і вёў так, усё бліжэй і бліжэй да яго. Сотнікаў не ведаў, хто там ішоў, але па твары хлапчука зразумеў усё.
Падстаўка яго кіўнулася ў раптам аслабленых руках Рыбака, які нязграбна курчыўся ўнізе, баючыся і, мабыць, не могучы наважыцца на апошнюю і самую страшную цяпер справу. Недзе ззаду мацюкнуўся Будзіла, і Сотнікаў, каб апярэдзіць непазбежнае, здаровай нагой штурхануў ад сябе цурбан.
19
Рыбак выпусціў падстаўку і адхіснуўся — ногі Сотнікава загойдаліся побач, збітая імі шапка ўпала на снег. Рыбак адскочыў, але тут жа нагнуўся і выхапіў яе з-пад вісельніка, які ўжо супакоена раскручваўся на вяроўцы, апісваючы круг у адзін, потым у другі бок. Рыбак не адважыўся зірнуць на яго твар — ён бачыў перад сабой толькі жахліва выпрастаныя ў паветры ногі — адну ў растаптаным бурку і побач неяк вывернутую пятою ўбок брудную, ссінелую ступню з падсохлай паскай крыві на костачцы.
Усё было скончана.
Утрапенне жаху трымалася ў ім нядоўга — усяго некалькі кароткіх секунд; намаганнем волі Рыбак