— Ну, ты!.. Рана яшчэ ржаць! Пабачымо, — кажа Жаўтых і бярэцца за хлеб. Да Люсі нясмела, бы да начальства, падыходзіць Папоў.
— Таварыш Люся. Многа, многа прасіл хачу, — кажа ён і змаўкае.
— Ну што, Папоў, кажы.
— Жона многа, многа пісьмо не слал. Чаму не слал — не знай Папоў. Нада штаб дакумент пішы. Папер пячатка стаў.
— Паслаць запытанне? — здагадваецца Люся.
— Во-во: запытанне…
— Добра. Я папрашу заўтра ў штабе. А скажы мне свой адрас.
Папоў чухае патыліцу і ўздыхае.
— Якуція. Раён Оймякон…
— Гэта ён баіцца, што жонка к шаману перабегла… Пакуль ён тут кукурузу есць, — зазначае Лёшка. Люся крыўдліва папракае яго:
— Ну што вы, Задарожны? Заўсёды з жартамі. Ці нельга сур'езней?
— Жона нету хадзі шаман. Шаман нету Якуція, — сур'ёзна кажа Папоў, робячы націск у слове «Якуція» на «і».
— Не слухай ты яго, Папоў. Я зраблю заўтра, — проста абяцае Люся, збіраючы сваю сумку.
— Ну, давай бліжэй ды павячэрай з намі, — запрашае камандзір Люсю. Тая, аднак, ускоквае з долу.
— Не, не. Вы ешце. Я ўжо…
Яна зашпільвае на баку сумку, і мне раптам становіцца вельмі крыўдна ад таго, што яна вось-вось пойдзе і застануцца адно толькі мае думкі і маё доўгае чаканне новага няскорага вечара. Яна спяшаецца і на хаду заканчвае справы.
— А як у вас з акрыхінам, Лук'янаў, вы ўсё хварэеце? Акрыхін папілі?
— Яшчэ на два прыёмы максімальна, — сцішана, але з нейкаю годнасцю адказвае Лук'янаў.
— Гэта мала. Наце вам яшчэ трохі. Толькі прымаць рэгулярна. А то некаторыя выплёўваюць…
— Ого! З такіх ручак выплёўваць! — прытворна здзіўляецца Лёшка. — Ось мяне ніякая халера не бярэ! А то б з тваіх, Сінявочка, ручак па кілаграму гэтай атруты з'ядаў. Далібог! Каб я здох! Толькі па адной штучцы з пальчыка.
— Ох і весялун вы, Задарожны! Насмешнік! — смяецца Люся.
Жаўтых тым часам раскладвае на палатцы шэсць роўных салдацкіх паек і, бачачы, што мы марудзім разбіраць іх, прывычна гыркае:
— Ну, чаго чакаеце? Калача? А ну хапай мне жыва!
Не, нам няёмка паказаць перад гэтай дзяўчынай нашу галодную нястрыманасць, мы марудзім яшчэ, адзін толькі Задарожны, так, нібы нікога тут чужога няма, усаджваецца на зямлю, па-турэцку падкурчыўшы ногі. Вялізнаю пяцярнёй ён лапае акраец і адразу адкусвае ад яго ладны кавалак.
— Нечага драмаць — крупнік прастыў. Налягай, гвардзія! Сінявочка, калі ласка, да мяне, будзем на пару, так сказаць, есці і так далей, — з лёгкасцю слабадскога дзецюка звяртаецца ён да дзяўчыны. Люся спрабуе яго абысці.
— Не. Вы ешце, а мне яшчэ ў другі разлік, да Скварышава трэба.
— Без цябе? Ні ў жысць, — ускоквае і загароджвае ёй шлях Лёшка. Ён наглавата разводзіць свае разлапістыя рукі і затрымлівае дзяўчыну. — Только зняць пробу. Ну хоць адну лыжачку…
Люсі, відаць, зусім не хочацца есці, але паспрабуй адчапіся ад гэтага Лёшкі. Крывёнак нерухома сядзіць на брустверы і, мне здаецца ў змроку, толькі кусае вусны, гледзячы, як распінаецца Лёшка. Мне таксама чамусьці вельмі ніякавата ад гэтага і вельмі хочацца, каб яна не паслухала Лёшку і пайшла. Па- ранейшаму сумна расставацца з ёю, але гэтая прыліпчывасць Задарожнага становіцца зусім ужо нясцерпнай. І ўсё ж яна не ідзе, а ён далікатна і настойліва бярэ дзяўчыну за яе вузенькія плечы і падводзіць да свайго месца каля палаткі. Мне здаецца, што Люся адштурхне яго нахабныя заграбастыя рукі, я ўжо хачу крыкнуць: «Адчапіся, прытвора!», ды Люся раптам паслухмяна і лёгка сядае з ім поруч, Лёшка рад, ён дамогся свайго і, змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, гукае ў наш бок:
— Гэй, Крывёнак! Не ясі — дай лыжку!
— Ідзі да д'ябла, — буркае Крывёнак і выцягваецца ў доле, а я ў нейкім бяздумным імкненні дастаю з- за халявы лыжку і даю Люсі. Толькі Люсі яна не дастаецца — Задарожны вырывае яе з маіх рук, а сваю з нахабнаватай услужлівасцю перадае дзяўчыне.
— Ну, я толькі паспытаць, — смеючыся, але, здаецца, задаволена кажа Люся. — Калі вы ўжо такія гасцінныя…
— Мы? Ого! Мы і самога румынскага караля кукурузай накармілі б. Пальчыкі б аблізаў! — самаўпэўнена хваліцца Задарожны. Люся дробненька смяецца і зачэрпвае крупніку. Нейкі час усе маўчаць, бразгаючы ў кацялках, пасля Жаўтых аб'яўляе:
— А крупнік быццам і нішто: есці можна… Ну, што там чуваць у вашых медыцынскіх тылах? — пытаецца ён у дзяўчыны. — Ці хутка нам, дармаедам, у наступленне? А то ўсю малдаўскую кукурузу паямо.
— Ерунда! Куды спяшацца?! Ад кукурузы гэта не залежыць, — кажа Задарожны. Але Жаўтых не любіць, калі яму хто пярэчыць.
— От шмат ты разумееш. Не залежыць! А ну скажы, Лук'янаў, ці залежыць наступленне ад харчу?
— Безумоўна, залежыць, — ціха зазначае Лук'янаў. — Харч — эканамічны фактар, састаўны элемент усіх дзеючых на вайне сіл…
Люся слухае гутарку, з'ядае з Лёшкавага кацялка некалькі лыжак крупніку, але кідае позірк убок і бачыць нас двух на брустверы.
— Што ж гэта: я ем, а хлопцы сядзяць галодныя…
— Ерунда, жывы будуць. Госцю першае месца. Законна!
— Мы не хочам, — бадзёра пацвярджаю я. Крывёнак усё маўчыць, і Люся грозіць мне пальцам.
— Ой, ведаю: змовіліся! І вы, Лазняк, хлусіць сталі — не спадзявалася.
— Ну што вы? — кажу я нейкім не сваім, блазняцкім голасам. — Мы так…
Люся, аднак, ужо ўглядаецца ў панылую постаць Крывёнка.
— А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? — смяецца Люся. Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае:
— А табе якая справа?
— Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! — сур'ёзнее Люся.
Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна, каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку.
— А ну асцярожней там! — строга гукае да яго Жаўтых. — Што раскачагарыў!
— Будзем есці, — кажу я Крывёнку. Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй.
«Ось табе і радасць! — думаю я. — Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай».
З новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю — на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп.
— Ну вось так! Павячэралі — дай бог паснедаць, — кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок. — Будзем піць чаёк і закурым…
Але папіць чаю яму не ўдаецца. Не спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае:
— Пі-у-у… Пі-у-у… Пі-у-у-у-у-у!!!
— Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! — ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. І зноў угары вые: «Пі-у-у… Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!»
— Лажысь! — пагрозліва крычыць Жаўтых. — У акоп!!!