— Магчыма, — згаджаецца капітан, і ад таго, якім тонам сказана гэта, агідны халадок западае ў нашыя грудзі. Адзін за адным мы ўстаём і падступаем да камбата. — Калі вы не акапаецеся як мае быць, могуць і накрыць.
— Як тут акапаешся, калі для бліндажа ніводнае палкі! — злуецца і Жаўтых. — Усё на соплях.
— Гэта вашая справа, — абыякава адказвае капітан. — Шукайце.
— Не, так няможна, — кажа Жаўтых, падумаўшы. — І разлік і гармата прападуць. А што, з закрытай пазіцыі нельга? Вунь гаўбічнікі, дармаеды, ні разу за цэлы тыдзень не стрэлілі… Ось ім і задаць бы гэтую задачу…
Мы ўсе маўчым, бо разумеем, што ад нас патрабуецца, уяўляем сабе, што можа быць заўтра, і ўнутры само па сабе вырастае жаданне, каб Жаўтых як аднекаўся, пераклаў гэтую задачу на каго іншага. Але Троцкі не такі, відаць, камандзір, каб даць угаварыць сябе, адмовіцца ад уласнага намеру, мы ўжо ведаем яго, гэтага прыдзіру, самага строгага з усіх трох у палку камбатаў.
— Вы зразумелі задачу? — холадна пытаецца ён у Жаўтыха.
Але і наш камандзір таксама з характарам і, калі яго раззлаваць, можа паказаць сваю ўпартасць хоць каму хочаш.
— Што задача? — пераходзіць ён у наступ на камбата. — Трэ было раней яе ставіць, ён вунь тры дні лупіць адтуль. А гэтак і кулямёт не разаб'еш, і гармату загубіш. Тут жа пад самым носам. Трэба падрыхтавацца.
— Рыхтуйцеся!
— Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш…
— Вось што! — абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам. — Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.
Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.
— Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей — у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш…
— Галоўная небяспека — мінамёты, — уздыхае Лук'янаў. — На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.
Жаўтых нейкі час маўчыць, услухоўваецца ў цемру, напружана стараецца нешта зразумець і ні на кога не зважае, быццам не чуе, што кажуць хлопцы. Пасля, вылаяўшыся, лезе ў акоп, паўхвіліны поркаецца ў цемры і вылазіць з палявою сумкай на баку і аўтаматам на грудзях.
— Я хутка, — кажа Жаўтых. — Папоў, застаешся за мяне. Крывёнак, шагам марш!
Салдат, падумаўшы, нетаропка ўстае, вешае аўтамат і ідзе за камандзірам.
— Да начарта пайшоў, — кажа Лёшка. — Можа, абыдзецца.
Начальнік артылерыі — даўні Жаўтыхоў знаёмы, ён паважае гэтага камандзіра гарматы і зважае на яго прэтэнзіі. Але хто ведае, ці ўдасца цяпер Жаўтыху перайначыць загад камбата?
Хлопцы, здаецца, таксама занепакоіліся, прыціхлі і сядаюць на брустверы бліжэй адзін да аднаго — як заўжды перад няпэўнасцю або небяспекай. Цяпер неяк і Лёшка Задарожны пачынае здавацца мне звычайным, някепскім хлопцам, ураз адступае ў даўнюю далеч усё дрэннае ад яго, што паўгадзіны назад атручвала маё жыццё. Падсвядома мы адчуваем, што галоўнае ў нашым лёсе — тое нашае заўтра, сілы для якога мы можам узяць толькі ў сабе і спадзявацца толькі адзін на аднаго.
— Яму-то што! — рэзка кажа Задарожны. — Яму абы загадаць. А мы тут свае галовы паложым. Па- дурному!..
— Нашто так гаворыш — па-дурному?! — адгукаецца з цемры Папоў. Ён калі пры Жаўтыху не скажа за дзень і аднаго слова, а застаўшыся за камандзіра, вельмі ўжо чулы да кожнага слова і да кожнага ўчынку. — Мы прыдадзены пяхоце… Мы далжон страляць!
— Ерунда! Прыдадзены не прыдадзены, а будзеш выконваць усё, што ім уздумаецца, — дык і тыдня галавы не праносіш. А да Берліна яшчэ вунь колькі!
— Чаму не праносіш? У галаве розум ёсць — праносіш. Няма розум — не праносіш! — пераконана зазначае Папоў. Лук'янаў хутаецца ў шынель і раз-пораз уздыхае. Цяпер, без камандзіра, ён крыху жывее і далікатна, стараючыся нікога не перабіць, кажа:
— Звычайны канфлікт: камандзір пасылае — баец баіцца, здаецца, што загад несправядлівы. Псіхалагічная непадрыхтаванасць да ахвяравання. Адсюль і ўсе непаразуменні.
Задарожнага, аднак, не пераконваюць ніякія довады, ён крыху маўчыць, ловячы не зусім выразны ход думак Лук'янава, і затым са злосцю пярэчыць:
— Ну ўжо ерунда! Калі загад правільны, дык я нутром яго разумею. А калі не, дык ты мне нічым не дакажаш. Як ні круці.
— Навошта даказваць? — паціскае плячыма Лук'янаў. — Загады не даказваюцца. Тут важна не чыё алібі, а патрэбен вынік.
— Ох, які ты разумны! — прадаўжае злаваць Задарожны. — Вынік! Ты б сказаў гэта Троцкаму. Мо ён цябе камандзірам паставіў бы.
Лук'янаў змоўчвае крыху, пэўна, прыкідваючы, ці варта адказваць на грубасць, а затым спакойна заўважае:
— Што з вамі спрачацца не па сутнасці!
— Падумаеш, знайшоўся мне «па сутнасці». Разумнік такі! Думаеш, я дурней за цябе? Так думаеш? Ось дудкі! Я, брат, хоць інстытутаў не канчаў, але і ў палон не здаваўся. Немцам рукі не паднімаў, не тое, што ты!
Мы ўсе прыціхаем, з прыкрасцю адчуўшы, што спрэчка пераступіла мяжу добразычлівасці і што будзе сварка. Але Лук'янаў сядзіць як сядзеў — у нерухомасці, уражаны грубасцю Лёшкі, які, мяркуючы, што яго перамога, змаўкае да часу. Такое абыякава стрываць нельга.
— Сволач ты, Задарожны, — коратка і як мага спакайней кажу я.
Лёшка зараз жа паварочваецца да мяне.
— Чаго гэта я сволач? Што я няправільна сказаў? Што? Самі вы сволачы!
І тады на яго, як заўжды запальчыва і з акцэнтам, накідваецца Папоў.
— Нашто так гавары? Нядобра гаворы, Лошка (ён заўжды так называе Задарожнага, не вымаўляючы як трэба яго імя), — Лук'янаў правылна казаў, ты нядобра казаў. Ты нядобры таварыш.
Задарожны сапе і лаецца:
— Пайшлі вы ўсе да д'ябла: нядобра, нядобра! Што я, ізвіняцца павінен? Ось паглядзім, што заўтра будзе — добра ці нядобра.
— Дурны Лошка! Нядобры Лошка! Эх ты! — ківае галавой Папоў. Задарожны ўскоквае з бруствера, адыходзіць убок і раззлавана сядае зводдаль — панылы і злосны. Мы маўчым, тоячы прыкрасць на яго, — не хапала аднаго клопату, дык вось яшчэ гэтая сварка. І ў часе гэтай маўклівасці з-за варожых пагоркаў даносіцца глухі, быццам падземны, грукат, нібы дзе далёка заводзяць танк, — ён прагрукоча і сціхае, потым, пасля нядоўгага часу, пачынае зноў. Хлопцы міжвольна ўслухоўваюцца, стараючыся разгадаць сэнс гэтага загадкавага гулу.
— Лазняк! — гукае мне Папоў. — Вартавым трэба. Трэба слухай. Добра слухай. Сёння не харошы Гітлер.
6
Уздзеўшы на плячо аўтамат, я хаджу па агнявой і ўглядаюся ў святлявае паўзмрочнае наваколле. Месяц лезе ўсё вышэй, ён някепска свеціць сваім трошкі прыплюснутым з аднаго боку вокам; дробненька трымцяць угары так і не пагусцелыя зоркі. Невялікі клопат, калі побач не спяць, хадзіць вартавым і слухаць, дзе што робіцца, ды яшчэ ў такую месячную ноч, калі навокал відаць на добрых сто метраў. Але неўзабаве цяжар новага абавязку пачынае сціскаць мае пачуцці, і мне вельмі карціць прысесці цяпер разам з усімі на яшчэ цёплы звечара бруствер і маўчаць. Толькі страціўшы гэтае права, я пачынаю адчуваць, якое жаданае