уткнуўшыся тварам у рукавы. Мабыць, ён нават заплакаў, але хуценька авалодаў сабой, выцер бруднымі далонямі счырванелыя вочы. — Я нікога не выдаваў, гэта мяне выдалі, — сказаў ён спакайней.
Бураў у доле зацяў дыханне, слаба перабраў скрываўленымі пальцамі.
— А чаму не павесілі? Разам з тымі?
Сушчэня адказаў не адразу, неяк разважна памаўчаў і кінуў прэч травіну.
— Каб жа павесілі, я б ім дзякуй сказаў. Але выпусцілі. Думаў: нашто выпусцілі? Думаў, зноў возьмуць. Не ўзялі. Два тыдні дома сядзеў — куды мне было падацца? Цяпер стаў трохі разумець, чаму выпусцілі.
Гэта праўда, цяпер ён стаў разумець, і разуменне гэтае прыйшло спакваля, рознымі няпэўнымі прыкметамі стукалася ў ягоную свядомасць, каб канчаткова з'явіцца ўчора ўвечары разам во з гэтым Буравым, які цяпер ледзь жывы ляжыць на зямлі і не можа чагосьці ўцяміць у ягоным злашчасным лёсе. А тады, як яго перасталі біць у СД і доктар Гросмаер пасля двух зусім міласэрных допытаў сказаў, што ён прагоніць яго дамоў, калі ён такі незгаворлівы дурань, Сушчэня, канешне ж, зусім не паверыў яму. Дудкі, падумаў ён, каб яны выпусцілі, павесяць, як учора павесілі трох ягоных рабочых. Хіба што пасля.
А ён сапраўды ўзяў ды пусціў…
Сушчэня змалку ведаў за сабой адну недарэчную рысу ў характары — будучы пакрыўджаным, ён траціў натуральную здольнасць скардзіцца, пратэставаць, мог толькі заплакаць, зацяцца, адасобіцца ад людзей, забіцца ў які катух. Затым, ужо падросшы, у такіх выпадках мог толькі вылаяцца, апанурыцца, але не павініцца (калі быў вінаваты), ні апраўдацца (калі быў бязвінны). Ён сам не рады быў той не падуладнай яму зацятасці, і колькі натрываўся праз яе, аднаму яму і вядома. Добра яшчэ, калі побач былі сябры, якія ведалі яго і маглі абараніць ад крыўды. Калі ж ні сяброў, ні сведак не было паблізу, ён мусіў трываць усё сам-насам. Даказваць, бажыцца, спрачацца, браць за горла ці кідацца ў істэрыку, як некаторыя, ён не тое што не ўмеў, а нешта замінала яму так зрабіць, яго апаноўвала маўклівая крыўда, і ён мог толькі пакутна маўчаць.
— Я ж на пуцях трынаццаць гадоў прарабіў, — паспакайнеўшы, сказаў Сушчэня змарнеламу Бураву. — Ды ты ж ведаеш… Як немцы прыйшлі, быў кінуў. Аж прыходзіць начальнік станцыі, ну той наш Церашкоў: нада ісці працаваць, а то немцы мяне расстраляюць. Ну што рабіць, мусіў пайсці, хоць і не хацелася. Бы адчувала душа.
…І гэта была праўда, Сушчэню дужа не хацелася ісці пры немцах працаваць на чыгунку, бы чула яго душа, што дабром тая праца не скончыцца. Але было шкада і Церашкова, увогуле неблагога чалавека, з якім ён прарабіў апошнія шэсць год. Сабраў гэты начальнік брыгаду, усе ранейшыя хлопцы — аднагодак Сушчэні Тапчэўскі, які таксама гады тры працаваў тут на пуцях, харошы, кампанейскі мужык з гэтага ж Масцішча; Пятро Карабань з суседняе вёскі і малады яшчэ фэзэушнік Мішук, што, як пачалася вайна, вярнуўся да бацькі з Віцебска, дзе вучыўся на цесляра. Як і да вайны, пайшлі на пуці. Работа ўсё тая ж, знаёмая: рыхтоўка, падбіўка, замена гнілаватых шпал, рамонт стыкаў, калі дзе трэба, забіўка кастылёў. А на станцыі апроч свайго начальніка Церашкова паявіўся і нейкі немец, быццам цывільны, але ў мундзіры з чырвонай павязкай на рукаве. І па-руску трохі ўмее. Па пуцях неўзабаве пайшлі паязды — на ўсход, гружаныя тэхнікай і войскамі, на захад — больш паражняк, але былі і санітарныя, з палоннымі ў смярдзючых, глуха зачыненых вагонах.
— Знаеш, працуем, як і раней, але на душы так прыкра, што сказаць нельга: на каго робім?
— Што ж, не панімалі, на каго робіце? — прастагнаў Бураў.
— Панімалі, чаму ж. І гаварылі пра тое. Хлопцы ўсе свае, адзін аднаго не баяліся.
…Рабілі яны, аднак, не надта каб спраўна, болей бавілі час, а як толькі пачынала вечарэць, разбіралі інструмент і — на станцыю. Спярша ўсё ішло добра, і нават немец не дужа дапякаў, але вясной прыехаў новы начальнік па прозвішчы Ярашэвіч — чорт ведае што за чалавек. Быццам свой, але горшы за немца. Пачаў штодня правяраць працу пуцейцаў і прыдзірацца злосна і па-дробнаму: памерае пуць — не хапае міліметра або міліметр лішні — скандал! І ўзяў за правіла за ўсё спаганяць з брыгадзіра. Калі што дзе не так, ён брыгадзіра — па мордзе. Сушчэня спярша не разумеў, чаго ён гэтак на яго ўз'еўся, а пасля стаў здагадвацца: гэта ж ён настройваў брыгадзіра супраць ягоных хлопцаў, каб той больш з іх спаганяў, а яны каб яго баяліся і ненавідзелі. Во тады ён і пакарыстаецца сваёй уладай, як хоча.
Варожасці ў брыгадзе, аднак, ён не дамогся, хлопцы ўсе былі з розумам і калі каго ўзненавідзелі, дык гэта самога Ярашэвіча. І калі трохі раней, як начальнікам быў Церашкоў, пуцейцы яшчэ асцерагаліся чаго, дык цяпер тая асцярога адпала. Цяпер яны сталі адкрыта гаварыць між сабой — згаворвацца, як зрабіць немчуры «тарарам». Вельмі закарцеў хлопцам гэты «тарарам», тым больш што ў лясах ужо загуло- загрукатала, паявіліся партызаны, аднойчы спалілі два грузавікі на лясной дарозе воддаль ад станцыі. Брыгада пуцейцаў Сушчэні ў той час працавала на Кузоўскім балоце, там было шмат звычайнай работы па рыхтоўцы і замене шпал, наогул участак той быў самы горшы, і яны займаліся ім з вясны. А тут новы начальнік перакідвае іх на чыгуначнае закругленне перад Выспянскім мостам, кажа: шэф-немец праверыў надоечы, там трэба прайсціся, выверыць радыус і падбіць сотню шпал. Брыгадзір заўжды быў чалавек паслухмяны, і яны назаўтра ранічкай узялі інструменты і з ручной кацілкай патупалі палатном да Выспянскага моста.
Рабілі там дні са тры, і якраз тады немцы паязды на ўсход сталі пускаць ноччу. Што яны там везлі, пуцейцы не маглі бачыць, але так меркавалі, што, мабыць, важныя грузы, можа, танкі нават, калі для перавозкі карысталіся выключна цёмнай парой сутак. І вось неяк самы малады з іх, той фэзэушнік Мішук, калі яны, пасеўшы ў рад, перакусвалі за канавай, і кажа: «А давайце развінцім звяно і ўстроім „тарарам“. На закругленні здатна палучыцца». Тапчэўскі падумаў і падтрымаў: «А што, кажа, дзельная думка!» Кобрань тады прамаўчаў, а Сушчэня дык быў адразу супраць — што ўдумалі! «Немцы — яны дурні, ці што, не здагадаюцца хіба? Стык жа развінчаны, адразу відаць». Пачалі спрачацца, і Мішук з Тапчэўскім даводзяць, што, калі цягнік паляціць пад адхон, тут ні адзін стык не застанецца, усё перакрышыцца, перакруціцца, як вунь ля Лемяшоўскай будкі. Месяц таму там была аварыя ці, можа, падрыў, і яны бачылі, што там зрабілася. Там сапраўды была каша з рэек, шпалаў, вагонаў. Але там трохі іншы профіль пуці, там выемка, а не закругленне.
З самага пачатку Сушчэня быў супраць гэтай задумы, бо ведаў, можа, лепей за іншых, што надта цяжка будзе схаваць канцы ў ваду, закругленне табе — не выемка, тут, мабыць, болей паляціць пад адхон. Паляціць на поплаў або нават у рэчку, пад мост. Таксама някепска, нават дужа добра. Толькі вось той стык як бы не застаўся ўлікай. Надта сумняваўся Сушчэня, але, у ягоных хлопцаў ужо загарэліся вочы — давай ды давай! І ён не схацеў, каб яго палічылі баякам ці яшчэ горш — нямецкім паслугачом. І пагадзіўся. Не сказаў, праўда, нічога, проста змаўчаў, калі перад канцом работы, ужо на захадзе сонца, гэты Мішук, Тапчэўскі ды і Карабань пабралі ключы і абступілі самы выгадны для таго стык на закругленні. Брыгадзір маўчаў, але ў душы ён ужо адчуваў, бы ведаў, што тое так не абыдзецца. Будзе бяда.
— Ну, ведаеш, развінцілі стык, трохі ссунулі рэйку — адну знешнюю, гэтага было досыць. І хутка пакацілі інструмент на станцыю. Думалі так, што яшчэ да цягніка не меней чым пара гадзін часу, наставаў прыцемак, стыку ніхто не заўважыць. А пакуль тое крушэнне, мы будзем далёка. Ці мала што магло здарыцца, маўляў — пасля нас. Можа, партызаны, ці што. Мы нічога не бачылі.
…Сапраўды, так яны думалі. Яны думалі, што пасля крушэння немцы будуць шукаць нейкія там доказы і доказаў не знойдуць, а пуцейцы будуць усе, як адзін, адмаўляцца, і ўсё неяк абыдзецца. Ды, мабыць, у жыцці ніколі не выходзіць, як думаецца, тым больш у вайну…
Той дзень штосьці парушылася і ў немцаў, і першы цягнік яны пусцілі раней, чым сцямнелася. Не паспелі пуцейцы закаціць кацілку ў бакоўку пры станцыі, як на стрэлках загрукацела, і ў Сушчэні нядобра зашчымела сэрца: надта не ў пару ішоў гэты цягнік! А цягнік тым часам скразняком прайшоў праз станцыю, яны ліхаманкава заспяшаліся, каб хутчэй змыцца, але гэты Ярашэвіч, як на тое зло, пачаў распытваць брыгадзіра: што сёння зрабілі, колькі засталося? Як закругленне ці вялікі брак? Сушчэня няўцямна адказваў, а сам стаяў перад начальнікам ля акна ні жывы ні мёртвы: цягнік ужо павінен быць там, каля моста. Няўжо ён прайшоў цэлы?
Аж не прайшоў цэлы, канешне, паляцеў пад адхон, і вагонаў з дзесяць зрабілі кучу малу пад насыпам. На стрэлках усе ўчулі, і да начальніка прыбег задыханы, потны стрэлачнік, кажа: «Бяда, ля моста крушэнне!»
Начальнік той Ярашэвіч адразу кінуўся на тэлефон, а мы памалу змыліся, хто куды. Я, як пабіты, прывалокся дамоў. Думаў тады: кончыцца кепска, але, можа, не надта хутка. Усё ж павінны яны нешта