Войцік лёгка ішоў па лесе, часта азіраючыся па баках, звыкла і чуйна слухаючы несціханы лесавы шум. Спярша ён трохі прайшоў прасекай, затым, падумаўшы, збочыў улева — чамусьці здалося, што тыя Бабічы павінны быць недзе злева. На плячы ў яго вісеў бураўскі карабін, у кішэнях паддзёўкі боўталася шэсць абоймаў патронаў. Сваю даўгую вінтоўку ён абачліва схаваў пад ламаччам недалёка ад прасекі — будзе вяртацца, забярэ, не пакідаць жа спраўную вінтоўку ў лесе. Аддаць яе Сушчэню ён не мог: было б недарэчы і бязглузда ўзбройваць здрадніка. Бураў, калі што, абыдзецца наганам, хаця і наган яму ўжо наўрад ці спатрэбіцца. Хіба каб застрэліць сябе ці Сушчэню? Гэты Сушчэня мала што нёс Бурава, памагаў перавязваць, але хто ведае, што ў яго ў галаве, куды ён урэшце скіруе. Яшчэ возьме ды адвалачэ таго ў паліцыю. За якую для сябе выгаду. Бураў кажа: не чапай Сушчэню. Але Бураву лацвей так казаць, мабыць, яму няма ўжо чаго баяцца, адной нагой ён ужо там… Як Войцік зірнуў на світанні пад ягоную кашулю, сцяміў адразу, што Бураву доўга не жыць. Тады за ўсё, што б ні здарылася, прыйдзецца адказваць Войціку.

Таму ён не спяшаўся, не пёр на злом галавы — мабыць, Бураву ўжо не паможаш, а самому проста налезці на кулю. Хоць гэта і лес, але, мабыць, блізка ёсць вёска, а ў вёсках, вядома, немцы, паліцыя, здраднікі — у вёсках заўжды небяспека. Ды і ў лесе таксама не лішне часцей азірацца, не глядзі, што адзін і навакол ціха. Небяспека, яна ідзе нячутна, на мяккіх лапках, а абрынаецца раптам і неспадзеўкі. Як на той баравінцы. Хто б мог падумаць, што наводдаль ад вёскі ды яшчэ паначы на іх так хутка наскочыць паліцыя. Канешне, каб не так нечакана, дык, мусіць бы, Войцік паспеў даць сігнал Бураву, хоць бы крыкнуць, ці што. Але ў абставінах той мітрэнгі было не да крыку. Добра, што сам выскачыў, кінуўшы каня. Без каня, канешне, цяпер намуляешся, пёхам па такой макрэдзі ды яшчэ з параненым далёка не дойдзеш.

Але дзе ж тыя Бабічы?

Хвойнік, усё-ткі, як быў — стары і рэдкі, — раптам засінеўся наперадзе нейкай прасветлінай. Неўзабаве Войцік памалу выйшаў на ўзлесак і ўбачыў перад сабой вялізны палявы прасцяг з дарогай, над якой роўна тырчэлі тэлеграфныя слупы з дзвюма ніткамі провада. Разрэзаўшы прасцяг, дарога зноў хавалася ў лесе, але вёскі там не было відаць. «Можа, яна дзе далей, за лесам?» — падумаў Войцік. Ісці туды цераз поле ён, аднак, не наважыўся, пайшоў краем лесу, беручы трохі ўбок. Гэта, канешне, будзе не абы-які крук, можа, на гадзіну шляху, але што зробіш? Добра яшчэ, што няма дажджу, хоць дужа падобна на тое, што неўзабаве пойдзе і дождж — неба спрэс было завалочана хмарамі, з узлеску дзьмуў напірысты сцюдзёны вецер, і Войцік трывожна азірнуўся, падумаўшы, каб хоць не заблудзіць у гэтай крутні па лесе.

Усё так ідучы недалёка ад узлеску, ён неўзабаве заўважыў, што дол стаў ніжэць, збягаць у нізінку, пад нагамі мякка ўгінаўся тоўсты пласт зялёнага моху, сям-там парослы купкамі маладых хвоек. Увогуле хвойнік тут стаў драбнець, падлеску не было зусім, і нішто не замінала бачыць далёка. Праўда, і яго маглі згледзець здалёк. Трохі страхавіта, аднак ён ішоў, дужа не адрываючыся ад узлеску, як згледзеў у нізінцы зараснік хмызняку, лазняк і алешнік з рэдкімі хамлакамі восеньскага лісця ў голлі. Войцік здагадаўся, што там недзе рэчка. Гэта яго засмуціла — пералезці цераз раку па гэткай макрэдзі, мусіць, будзе няпроста. Так яно і аказалася, калі ён сышоў ніжэй: у балоцістых берагах стаяла вада, рэчка, мабыць, была яшчэ далей, але, разліўшыся, затапіла куп'ё, алешнік — як было цераз яе перабрацца?

Падумаўшы і паазіраўшыся, Войцік павярнуў берагам улева да ўзлеску і там, яшчэ агледзеўшы пусты прасцяг восеньскага поля, памалу выйшаў з прыбярэжнага кустоўя. І раптам стаў. Здалёку па дарозе цераз поле марудна, валюхаючыся па калдобінах паўзло з паўтузіна крытых брызентам машын.

Войцік спярша знерухомеў, уцяў галаву ў плечы, пасля сеў на воглы прырэчны ўзмежак, і задам, дужа ўгнуўшыся, падаўся назад, у лес. Там, усё ўгінаючыся, азірнуўся: машыны падышлі бліжэй — вялізныя, зеленаватыя, у плямах, буды, — праз вецер быў чутны глухі вуркат іхніх рухавікоў. Але Войцік не стаў узірацца, ён хутка пашыбаваў над прырэчнай балацявінай у глыб лесу. Мусіць, у тыя Бабічы цяпер ужо не далезці, падумаў ён, там раней за яго будуць немцы. Але што там спатрэбілася немцам? Можа, паедуць далей, толькі куды? Бабічы пад пушчай, казаў Сушчэня, значыць, дарога адтуль ідзе ў пушчу. Але ў пушчы партызаны, іхні атрад імя Суворава, — тады ці не карнікі гэта? Але калі карнікі, дык як жа яму цяпер лезці ў іхнія лапы?

Праз якую гадзіну ён добра ўжо адышоўся ад таго поля з дарогай, вакол стаяў мешаны лес — бярэзнік, кустоўе з хворастам у доле, ісці стала трудней, але яму трапілася нейкая перакапаная кратамі сцяжына, і ён пашыбаваў па ёй. Ён думаў, што гэтая сцежка выведзе яго на якую лесавую дарогу ці, можа, наогул з лесу, аж яна, разы тры завярнуўшы сюды-туды, уперлася ў лесавы ручай, што вірліва гнаў чорную ваду між падмытага куп'я алешніку. Кладкі тут не было ніякай, дна таксама не было відаць, і, трохі прымерыўшыся, Войцік шугануў у чорную ваду. За якіх пяць крокаў ён адолеў ручай і выкараскаўся з яго тваністага дна. Пасля мусіў пераабувацца, выліваць з чаравікаў ваду, выкручваць анучы. Намуляныя ступні ног страшэнна азяблі, ды і сам ён скалеў, і нарэшце шпарка прыпусціў па сцяжыне, каб хоць сагрэцца. Але на бягу не так угрэўся, як прытаміўся, і пайшоў памалу. Сцяжына вывела яго на нейкую лесавую прагаліну, тут трэба было агледзецца і паслухаць. Здаецца, аднак, скрозь было ціха, абапал сцяной стаяў густаваты хвойнік, а злева на краі прагаліны пад кустоўем ляшчынніку мясціліся два закінутыя буданы з палкамі-рабрынамі ў прадраных баках. Войцік зазірнуў у адзін, там было пуста, у кутку ляжала трохі ўчарнелага сена і бялела некалькі зжаўцелых брудных паперын. Ён пайшоў далей праз ельнік, мінуў астравок бярэзніку і тут заўважыў, што сцежка ў доле знікла, пад нагамі слалася коўдра ззелянелага моху, трапляліся струхлелыя пянькі ў жоўтых зарасніках папараці. Войцік, здаецца, страціў адчуванне напрамку і, куды ішоў, не мог сабе ўявіць. Было падобна на тое, што ён заблудзіў. І тут, як на ліха, пасыпаў дождж — не густы і не надта напорысты, але сцюдзёны і зусім недарэчны. Казыркастая Войцікава кепка і плечы ў паддзёўцы ўжо добра змакрэлі, ногі ж да калень даўно былі мокрыя, і ён стаў пад хвоінай, думаў: што рабіць далей, куды ісці? Тым болей што пачало ўжо брацца на змрок, дзень увачавідкі канчаўся, насоўвалася восеньская ноч. А дзе ён апынуўся і ў якім баку цяпер Бураў з Сушчэнем, ён даўно ўжо не ведаў. Пэўна ж, ён заблудзіўся ў гэтым дурным лесе, згубіў напрамак на Бабічы, ледзьве не налез на карнікаў. Войцік услухаўся ў лесавы шум і ціхенькі лопат дажджу наўкола — стрэлаў ці голасу быццам нідзе не было чуваць. Але лепш бы пачуць стрэлы, каб ведаць, дзе вораг і небяспека, чым так вось кідацца па-заечы ў глухім незнаёмым лесе. А можа, і не трэба кідацца, тым больш напроціў начы, а пайсці назад ды знайсці тую самую сцежку. Усё ж сцежка павінна кудысь вывесці, можа, да якой ціхай вёскі, людзей і жытла?

Разважыўшы так і адчуўшы, што пачынае нерваваць ад сваёй няўдачы, Войцік хуткім крокам пашыбаваў назад да недалёкай прагаліны. Тым часам дождж пасыпаў гусцей, аднекуль з-пад хвой прарываўся настырны нізавы вецер, і не было дзе ад яго захінуцца. На прагаліне Войцік яшчэ зазірнуў у буданы. Адзін з іх, добра абкладзены збоку хваёвымі лапкамі, быў трохі цалейшы, і Войцік, неяк няўлад са сваімі намерамі, прыгнуўся ды сунуўся туды на кукішках. Сапраўды, тут было зацішней, пад бокам угіналася зляжалае, але не надта воглае сена, пад якім гойдаўся тоўста накладзены пласт моху. Адчуўшы раптоўную знямогу ў целе, Войцік бокам прылёг у куточку. Ён не меў намеру тут начаваць — хіба спачыць трошкі, можа, перачакаць дождж. Зноў жа, трэба было абдумаць, куды кіраваць далей. Ці, можа, пачакаць ужо да ранку? Ранкам заўжды лепей пачынаць усякую справу. Раніцай і яшчэ ў першую квадру месяца, на маладзік, як некалі казала маці. Праўда, Войцік даволі скептычна ставіўся да прымхаў і правіл маці, непісьменнай старой жанчыны, якая змалку да старасці жыла на хутары і не ведала нічога, апроч зямлі, працы ды таго, што яна кожнага дня бачыла навокал сябе. І толькі, можа, цяпер, страціўшы яе і сам даволі папакутаваўшы на вайне, Войцік часам вяртаўся ў думках да маці і адчуваў, што ўсё штоколечы яна ведала, мабыць, беручы ад спрадвечнага сялянства вопыту, з назіранняў, жыццёвых высноў, пачуцця. На жаль, яе неадмысловыя веды мала стасаваліся да гэтага трывожнага веку, тут ужо пэўна трэба былі веды іншага складу, іншыя маральныя меркі. Са старымі меркамі ў новы час яўна чакала нявыкрутка…

Ветраны пошум лесу зліваўся з дробным ляскатам дажджу, які добра такі разышоўся на склоне дня. Побач з хвойных галін дробненька капала долу, той бок будана даўно ўжо быў мокры, толькі ў гэтым кутку пад гушчынёй ссохлых хваёвых лапак было пакуль што зацішна і суха. Войцік скурчыўся на баку, заціснуў між ног карабін і заціх, аддаючыся сваім невясёлым думкам. Дужа хацелася есці, але з учарашняга дня ў ягоных кішэнях не было ні скарынкі, апошні кавалак хлеба зжаваў, як ехалі сюды з Буравым. У жываце даўно галодна бурчэла, стома ўсё болей апаноўвала цела. Канешне, увесь дзень сёння за імі хадзілі няўдачы, усё яны рабілі не так, як трэба было, цяпер ён яшчэ і недарэчна заблудзіўся ў гэтым лесе, а недзе ў хвойніку яго марна чакаюць Бураў (калі яшчэ чакае) ды той Сушчэня… Калі ўжо на добры розум, дык па каня трэба было паслаць менавіта Сушчэню, той лепей ведаў, дзе тут якая вёска. Але як было даверыцца гэтаму Сушчэню? Яшчэ прывёў бы паліцаяў, і тыя ўзялі б абодвух, як зайчанят, у хвойніку. Таму пайшоў сам, думаў, так будзе

Вы читаете У тумане
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату