пазнаў той голас — галасіў яго Грышачка. І плач яго быў такі роспачны, столькі было ў ім адчаю, што Сушчэня з абмерлым сэрцам кінуўся на яго — за вугол хлява, у гародчык, здалося, менавіта там плача сынок. Ды плач пачуўся ўжо далей — за крайнім радам вішанніку ў садку. Баючыся спазніцца, Сушчэня пабег туды, за садок, пералез цераз трухлявы, аброслы крапівай плот на мяжы з бульбоўнікам, аднак нікога там не было — плач ужо чуўся аднекуль з падворка. Грышачка захлынаўся з астатняе сілы, мусіць, з ім сталася дужа кепскае, і Сушчэня жахнуўся, што не паспее, спозніцца. Па ўзмежку ён ірвануўся да падворка, і, як выскачыў на дрывотню, цэлая вароняя зграя ўзнялася над страхой варыўні; вароны ўсе закрычалі, няўлад і зласліва, замахалі крыллем, ашчэрыўшы чорныя дзюбы з вострымі чырванаватымі языкамі, — здаецца, яны гатовы былі задзяўбці чалавека. Баронячыся, Сушчэня ўскінуў рукі, утуліў галаву ў плечы, памкнуўся бегчы адсюль, як ад разлютаванага пчалінага рою. А Грышачкаў плач між тым усё роспачна лунаў у прасторы, памалу сціхаючы ці аддаляючыся. Пасля неяк усё памалу заглухла, засцілася невыразным наплывам сну…
Спакваля, аднак, ён прачнуўся ад пакутнай трывогі, якая так і не мінулася ні ў сне, ні наяве, і адразу пачуў знаёмую варонюю валтузню побач. Лежачы пад хваінай, ён трохі паслухаў; не, чалавечага голасу або плачу нідзе не было чуваць, толькі блізка, над самай прагалінай, абурана каркалі вароны, чуваць было, мітусіліся, варушыліся, пераляталі з хвоі на хвою, нібы чагось абурана патрабуючы ад чалавека, і Сушчэня са злоснай рашучасцю вылез з-пад хвоі. На прагаліне ўсё было воглым і стылым ад начнога дажджу і туману, які цяжкім нізкім покрывам спрэс сунуўся ў хвойніку, затуляў неба і дальняе вяршалле дрэў. Было, аднак, ціха. Калючае голле нізка звісала долу, абцяжаранае безліччу дробных празрыстых кропель, і ён добра намок, пакуль выбраўся з-пад хвойкі. Праклятае вараннё не адступалася. На гэты раз ён не стаў махаць на іх рукамі — выбраўшыся на шырокую зацягненую туманам прасеку, ён знайшоў здатную палку, абламаў на ёй сучча і вярнуўся на прагаліну.
— Прэч, праклятыя! Прэч!..
Ён замахнуўся палкай, выцяў ёю па хвойцы, другой — гругун неахвотна зваліўся і вяршаліны, узмахнуў крыламі і пераляцеў далей.
— Прэч, сволачы!!!
Войцік прыйшоў, калі ўжо добра развіднела і Сушчэня страціў рэшту надзеі — не ведаў, што рабіць і нават што думаць. Варон ён трохі паадганяў ад прагаліны, але тыя ўпарта не хацелі пакідаць хвойнік і трохі радзей парасселіся зводдаль на вышэйшым ці, можа, зручнейшым вяршаллі хвой. Чакалі. Накінуўшы на плечы бураўскі шынелак, Сушчэня паныла сядзеў пасярод прагаліны, таксама чакаў, сочачы за насцярожаным вараннём зводдаль. Тут яго і застаў Войцік, што ціха прадраўся ў тумане паміж радам хвоек.
— Сядзіш? — запытаў ён нават са здзіўленнем у голасе. Сушчэня бадай без радасці, няўцямна паглядзеў на яго. — А Бураў?
— Вунь, — паныла кіўнуў ён галавой у бок хвойкі, з-пад якой вытыркаліся нерухомыя боты Бурава.
— Так я і ведаў, — сказаў Войцік. — Даўно?
— Учора пад вечар.
— Добра што. Не трэба і падводы.
Войцік патупаў сюды-туды па цеснай прагаліне, паўзіраўся на варон.
— Іш сабраліся. Чакаюць.
— З учарашняга чакаюць, — сказаў Сушчэня і, памаўчаўшы, запытаў: — А што, фурманкі — няма?
— Фурманкі няма, — сказаў Войцік, зняў з пляча карабін і зморана апусціўся долу. — У Бабічах немцы.
— Во як!.. Дык як жа цяпер? — затрывожыўся Сушчэня. Вялікія рукі яго прыкметна здрыгануліся на каленях.
— А што цяпер? Прыхаваем і патопаем. Можа, прарвёмся.
— Куды?
— Ну хто куды. Я — у атрад, а ты ж, мабыць, да немцаў хочаш? — сказаў Войцік і сцюдзёнымі вачмі на абвялым, парослым шчэццю твары выпрабавальна ўставіўся ў Сушчэню.
— Я не да немцаў, — з зацятаю крыўдай сказаў Сушчэня. — Вядзі мяне ў атрад. Інакшай дарогі мне няма.
— У атрад, ага. Цябе там чакаюць, — няпэўна прабурчэў Войцік.
Яны памаўчалі трошкі, Сушчэня з пакутай уваччу пазіраў кудысь паверх хвойніку, на варон, што сям- там чарнеліся ў тумане. Ён зразумеў кепскі намёк Войціка, сам ведаў, што нічога добрага яго там не чакае.
— Бурава нада з сабой узяць, — сказаў ён нібы між іншым. — Нягожа тут яго кідаць. Вунь варання колькі.
— Калі сам панясеш, — пагадзіўся Войцік.
— Ну панясу, што ж…
Войцік памаўчыў, нешта згадваючы, а Сушчэня ўжо рашыў у думках, што панясе. Ён не можа тут пакінуць цела Бурава, бо… Бо з чым ён інакш з'явіцца ў той іх атрад? Хіба з сваёй недарэчнай віной.
— Трохі яшчэ пасядзеўшы, Войцік устаў на ногі, паазіраўся ў тумане на вяршалле дрэў і заспяшаўся раптам:
— Калі так — бярыся. Мне яшчэ вінтоўку трэба ўзяць.
На каленях Сушчэня падлез пад нізкае голле бухматай хвойкі, і, ашчаперыўшы нябожчыка пад пахі, выцягнуў яго на вальнейшае месца. Цела Бурава ўжо закалела і стала амаль нягнуткім. Сушчэня ашчадна заламаў угору ягоныя рукі, паклаў сабе на плечы. Затым з натугай узняўся з долу, праўда, ззаду яму трохі пасобіў Войцік, і яны неўзабаве выдраліся з хвойнага гушчару на прасеку.
Наўсцяж усёй прасекі, па лесе між камлёў старых хвой і ў падлеску курэў слотны туман, вяршалле дрэў угары хавалася ў яго плыўкіх рваных пасмах. Відаць было недалёка, на якіх паўсотню крокаў, і, трохі прайшоўшы па-над прасекай, Войцік спыніўся.
— Калі не ў Бабічы, дык трэба лявей браць, — сказаў ззаду Сушчэня. З падкручанай пад ношаю галавой ён локцем паказваў некуды ў туманныя лесавыя нетры.
— Харашо. Толькі вінтоўку вазьму.
Улезшы ў цёмны зараснік ядлоўцу, Войцік задам выбраўся адтуль з сваёй доўгай вінтоўкай, закінуў яе рамянём за плячо. На другім плячы ў яго вісеў карабін Бурава.
— Ну, вядзі! — сказаў ён. — Толькі глядзі мне, каб не прывёў да немцаў.
Сушчэня не адказаў — моўчкі прыдушыў у сабе крыўду, бо была яна далёка не першая, падумаў, што, мабыць, крыўд яму яшчэ хопіць. Яшчэ ён накрыўдуецца, трэба прывыкаць. Калі толькі ўсё як-небудзь абыдзецца. А калі не абыдзецца, дык што ж… Што яму тады тыя крыўды. Праўда, слухаючы цяпер шматзначныя закіды Войціка, ён адчуваў, што трэба б нешта сказаць дзеля свайго апраўдання, нешта растлумачыць з свае недарэчнай гісторыі. Але ён не мог наважыцца на тое, штось яму замінала, і ўсё. Калі б Войцік сам запытаўся ў яго, захацеў зразумець, а так… Аднойчы ўжо наважыўся, перад Буравым, і гэтак няўдала атрымалася — паспавядаўся мёртваму. Чамусьці, аднак, усё ж стала лягчэй, нібыта Бураў яго зразумеў, канаючы. Можа, і зразумеў. Сказаў жа ён Войціку перад тым, як сканаць: «Не чапай Сушчэню», значыць, зразумеў нешта. Першы чалавек за ўвесь час ягоных пакут, ды і той вось… мёртвы. І таму ён нясе яго на сабе, каб не кінуць варанню, немцам… Мабыць, нежывы Бураў быў патрэбны яму для ўпэўненасці і самаадчування праўды, і Сушчэня так трымаўся за яго, як тапелец трымаецца за саломіну. Ці шмат толькі паможа яму тая саломіна?
Гэтая, аднак, даволі-такі цяжкаватая саломіна хутка адбірала ягоныя сілы, Сушчэня пачаў часта спыняцца, папраўляць ношу. Бы прадчуваючы недарэчнасць яго намаганняў, нябожчык ацяжэла імкнуўся долу — туды, да чаго ён ужо належаў з учарашняга надвячорка і куды яго не пускаў гэты былы аднавясковец.
Яны доўга брылі так па золкатуманным лесе, астуджана дыхаючы яго густа спіртавым водарам. Абсыпаны ігліцай дол у бары быў мяккі і чысты, ісці па ім было лёгка і нячутна, верхавіны высачэзных хвой хаваліся ў нізкай туманнай навалачы, неба амаль не было відаць; рэдкі падлесак з параснікаў бярэзніку, ядлоўцу і хвоек таксама ціха стаяў, ахутаны клоччам туману. Было сцішана, глуха, ніводная галінка нідзе не кранулася. Птушак чамусьці не было чуваць, толькі аднойчы ўгары пастукаў на сухадрэвіне дзяцел і сціх. Сушчэня добра ўгрэўся пад шынялём з сваей нялёгкаю ношай, яму даўно ўжо карцела спачыць, але Войцік