намок пад дажджом, а пасля падмёрз у мокрым адзенні і неўзабаве захварэў на гарачку. Баючыся за жыццё лейтэнанта, яны тыдзень таму прывезлі яго на гэты хутар. Тады Войцік адведаў хворага, добра пад'еў, сагрэўся і нават неўпрыцям задрамаў у цяпле на лаўцы. Але на сваю бяду, задрамаў трошкі болей, чым трэба, і калі выйшаў на сцежку, пачало віднець. Ён устрывожана наддаў кроку, наперадзе ў кустоўі трэба было перайсці дарогу і далей каля рова, пералескамі прабірацца да іх урочышча. У сідары за спіной у яго ляжаў бохан хлеба і муляла з паўвядра бульбы, якой яго надзяліў рыжы Клімка. Увогуле не багата, але пакуль што павінна хапіць, думаў Войцік, а там сходзіць хто іншы, прынясе яшчэ. Людзі ў навакольных паселішчах былі чулыя на чужую бяду і без прынукі дзяліліся ўсім, што мелі самі.
Войціку ўжо зусім трохі заставалася да кустоўя і дарогі, як невыразна яшчэ ў світальным сутонні ён згледзеў наперадзе людзей. Іх было трое, і яны таксама ўбачылі яго ў полі, насцярожана знерухомеўшы, чакалі. Сэрца ў Войціка скаланулася ў грудзях, але ён, быццам па інерцыі, дробнымі крокамі ўсё бег па ледзьве прыкметнай у мокрым снезе сцяжынцы. Зброі ў яго не было — за харчам яны заўжды хадзілі без зброі — і цяпер ён затрывожыўся: хто тыя людзі? Здалёку было не згледзець, але, падышоўшы бліжэй, Войцік і зусім азмрачнеў душой — на дарозе чакалі яго трое мужчын з вінтоўкамі. Рабіць, аднак, не было чаго, ён пераскочыў канаву і апынуўся насупраць. Адзін з іх груба спытаўся «куды?», пасля «адкуль?», двое іншых аблапілі за спіной яго сідар, садралі з плячэй вераўчаныя почапкі. Войцік зразумеў, што апраўдвацца было бескарысна, тым больш што тыя ўжо аблаялі яго «бандзюком» і пачалі дапытвацца, дзе ўзяў прадукты. Усё ж Войцік паспрабаваў выкруціцца, сказаў, што не ведае дзе, маўляў, завітаў да знаёмага чалавека і папрасіў. Пасля нядоўгае лаянкі тыя загадалі зараз жа паказаць хату гэтага знаёмага і руляй зараджанай вінтоўкі балюча піхнулі яго між лапатак у спіну.
Рабіць не было чаго, Войцік павярнуў на праклятую сцяжынку, якая гэтак па-здрадніцку завяла яго ў пастку. Ваўкавата зацяўшыся, паліцаі ішлі следам, а ён ашалела думаў, куды іх прывесці? На пагорачку ў полі сцежка дзялілася на тры: адна бегла ў недалёкую вёсачку пры нізінцы, дзе ён ніколі не быў і нікога там не ведаў, другая вяла ўбок, да недалёкага Фамічоўскага хутара, гаспадар якога, казалі, ужо знюхаўся з паліцыяй. І толькі трэцяя кіравала па полі да Клімкавага хутарка, што сціпла прыткнуўся ў хмызняку да рова. Войцік нерашуча мінуў першую паваротку, усё пакутна думаючы, куды яму скіраваць? Вельмі яму не хацелася весці іх да Клімкі, дзе выкашліваў хворыя лёгкія Федзя Свірыдаў, але куды ж яшчэ ён мог павесці? Фамічоўскі хутар адпадаў з тае прычыны, што гэтыя самі там маглі начаваць сёння, значыць — толькі да Клімкі. І ён прайшоў паўз і другой павароткі — цяпер ужо выбару ў яго не заставалася, і ён усё з большай пакутай уяўляў, што будзе далей. Але што ён мог зрабіць? Ён толькі прымарудзіў крок, каб як мага даўжэй расцягнуць гэты апошні кіламетр шляху. Але як ён яго ні расцягваў, усё ж яны апынуліся нарэшце на Клімкавым падворку, і паліцаі сунуліся ў дзверы. Дзверы, аднак, былі зачынены, паліцаі пачалі стукаць, гучна патрабуючы адчыніць, і тады за дзвярыма грукнула разам тры ці чатыры стрэлы. Адзін паліцай выпусціў з рук вінтоўку, да яго кінуўся другі, а трэці, разбіўшы прыкладам акно, кінуў у хату гранату. Як толькі там грымнула, са звонам сыпануўшы на двор бітым шклом, Войцік сарваўся з месца, кінуўся за вугол, абабег хляўчук і праз кустоўе стрымгалоў скаціўся па схіле ў роў. Падхапіўшыся на ногі, што было сілы паімчаў прэч ад гэтага хутара. Па ім стралялі, стралялі на хутары; там яшчэ колькі разоў выбухнулі гранаты, і хутка ў неба паваліў белы дым — яны падпалілі хутар. Зрэдчасу азіраючыся, ён доўга бег па рове, пакуль не выбраўся на раўнейшае, збочыў у лес і, з паўдня паблукаўшы па ўрочышчы, дабраўся нарэшце да іхняга стойбішча. Там ён сказаў толькі, што раніцай хутар абклала паліцыя, яму пашэнціла ўратавацца пад дымам, а што сталася з іншымі, ён не ведае. Праз суткі, аднак, стала вядома, што хутар згарэў з людзьмі, адзін паліцай там забіты, другі паранены. Але паліцаі, відаць, аказаліся не тутэйшыя, Войціка з твару не ведалі, і жахлівая сустрэча і імі заставалася тайнай, якою ён не меў ахвоты з кім-небудзь дзяліцца. Канешне, часам было непрыемна перад сабой, але яго супакойвала думка, што гэта яшчэ не прадажніцтва, што іншыя прадалі болей, чым гэты богам забыты хутар з трыма жыхарамі. Ды і хіба ён прадаў? Ён толькі быў змушаны пад пагрозай расстрэлу паказаць, дзе ўзяў прадукты, і ці яго віна, што паліцаяў на хутары сустрэлі стрэламі праз дзверы? Усяго кантакту з паліцыяй у яго было якіх паўгадзіны ці гадзіна часу, але і таго хапіла, каб пагубіць трох чалавек. Сушчэня ж праседзеў два тыдні ў СД і яшчэ наважваецца хлусіць, што не здаўся. Выстаяў, не скарыўся. Ведаем мы такіх нескароных, зласліва разважаў Войцік. Зламалі і завербавалі, інакш не магло і быць.
Але што ж, мабыць, цяпер было позна праяўляць пільнасць — ён яго ўпусціў, дарэчы, са зброяй, бураўскім наганам у кішэні, — як бы неўзабаве не атрымаць з яго кулю ў лоб. Каб яно ўсё згарэла! — лаяўся Войцік. І які нячысцік наслаў на яго гэтага здрадніка! Чым бліжэй яны прыходзілі да партызанскай пушчы, тым усё большы неспакой агортваў Войціка, і ўсё праз таго Сушчэню.
Хвілін, можа, праз дзесяць пасля Сушчэні Войцік таксама падняўся, яшчэ раз паслухаў — быццам нідзе нікога. Наваколле прыцьмела, ужо трэба было добра ўгледзецца, каб адрозніць у доле гнілы пень ад маленькай хвойкі. Пад нагамі часам глуха шорхала апалае лісце, і ён стараўся ступаць цішэй. Ціхенька выбраўся з драбноты падлеска, падышоў да дарожнае выемкі, зірнуў у адзін канец гразкай шашы-гравійкі, у другі. Трохі памарудзіў і па крутаватым адхоне засцярожліва, каб не ўпасці, пайшоў уніз. Толькі ступіў некалькі крокаў, як паслізнуўся на стаптаных абцасах, і ягоныя вінтоўкі ззаду знянацку стукнуліся прыкладамі. Стукнуліся зусім трошкі, ледзь-ледзь, але тут, над шашой, іхні стук прагучаў страхавіта-далёка, і Войцік занепакоена зірнуў па баках і насупраць. І ў тое ж імгненне ён сцяўся, знерухомеў, зусім збянтэжаны. На тым баку за адхонам шарэлі ў тумане нерухомыя постаці двух чалавек — адзін, як можна было зразумець, узіраўся праз хмызняк у поле, а другі, тонка падпяразаны і высокі, бы жардзіна, трывожна матлянуў рукой.
— Стой!
Крутнуўшыся на травяністым сціле, Войцік адразу сцяміў, што ўліп. Чамусьці на імгненне здалося, што другі побач з гэтым даўгім — Сушчэня; значыць, навёў, падпільнавалі ўрэшце. Войцік роспачна сігануў па адхоне ўгору; карабін яго, споўзшы з пляча, зваліўся пад ногі, толькі ён ухапіў яго, як туманны прыцемак ззаду агняна пыхнуў ад траскотнай аўтаматнай чаргі. Кулі ўдарылі ў траву на адхоне, здаецца, адна ляснула па карабіне з ціхім вуркатам адляцела ў цемру. Ззаду ўжо закрычалі, злосна і патрабавальна, зноў пратрашчала чарга, здалося, бліжэй; яму ўжо зусім трошкі заставалася гэтага адхону, у лесе ён, можа б, уратаваўся. Але ўсё ж не хапіла якіх пяці метраў, куля з наступнай чаргі імпэтна выцяла пад лапатку — бы загнала ў грудзі гарачы кастыль, ён захліпнуўся, выпрастаўся і паляцеў назад — уніз галавой па мокрым, травяністым схіле. Вінтоўкі таксама паляцелі кудысь з плячэй, ды, мусіць, вінтоўкі яму ўжо былі не патрэбны, ён ужо адчуў, што забіты. Забіты недарэчна, не ў пару, па-дурному, праз сваю неабачлівасць. Нашто ён пусціў Сушчэню…
Ён апынуўся ў быльнягу ля самай канавы, зрок яго заслала чорным туманам, ён удыхнуў — трудна, з клёкатам у грудзях — і не меў сілы выдыхнуць. Пачулася недалёкая гамана, выкрыкі, спярша на шашы, пасля галасы загучалі бліжэй — яго ўжо шукалі. Ён чакаў урэшце пачуць знаёмы голас Сушчэні, каб канчаткова праклясці яго перад пагібеллю, ды не пачуў. Гучней за іншыя чуўся гугнявы, нібы прастуджаны ці задыханы голас чалавека, які гукаў да кагосьці:
— Панімаеш, азірнуўся — стаіць! Ах ты… Недзе тут ён. Хадзі сюды…
— Чакай ты…
— Ды во ён… Ляжыць!
Голас той быў не Сушчэнеў, але надта знаёмы Войціку, які ўжо чуў яго недзе, толькі цяпер не мог прыпамятаць дзе.
— Во вінтоўка! Ну я ж казаў…
Зусім блізка пачуўся шоргат травы, крокі, што болем аддаліся ў Войцікавых грудзях. Затым ён пачуў зморанае хрыплаватае дыханне побач.
— Бандыт, во! — задыхана вымавіў нехта, дужа дзёўбнуўшы яго нагою ў бок.
— Забіты?
— Забіты, мусіць.
Яны ўжо былі ля яго, двое ці болей, нагнуліся, папіхалі ў бок. Войцік не кратаўся і не адзываўся, усё на свеце стала яму чужым і апрыклым. Рэшта жыцця яшчэ трымалася ў ім, але цела было ўжо не яго. Яго заставаўся хіба пякельны боль у грудзях, які засланіў цяпер ад яго ўвесь белы свет.
— Во кабура… пустая. А дзе наган?
— Трэ пашукаць. У траве недзе…
Тое, што спыталіся пра наган, дало зразумець Войціку, што Сушчэні з імі не было, Сушчэня наган не