шукаў бы. Яны ўхапіліся за яго дзягу, расшпілілі спражку і выдралі дзягу з-пад цела. Пасля перакацілі на другі бок, пачалі знімаць паддзёўку. Войцік не кратаўся і нават не дыхаў, ён ледзь трываў боль і амаль не адчуваў свайго цела. Яму балюча заламалі руку, здзіраючы рукаў, паліцай злосна вылаяўся, і тады раптам Войцік пазнаў: то быў пляменнік Хмялеўскага Драбіна. Невядома, ці то было прозвішча, ці мянушка, але мінавіта гэтак клікалі ў мястэчку таго даўгалыгага худога мужчыну, што перад вайной паліў печы ў местачковай лазні. Ён жа тады памагаў Кацярыне Іванаўне пілаваць дровы, якімі Войцік падзяліўся з удавою Хмялеўскага. Аднойчы яны нават трохі пагаманілі цераз плот уранку, як Войцік бег у выканком на працу. Цяпер гэты Драбіна, пэўна, не пазнаваў Войціка, ды Войцік яго пазнаў і са спазнелым пакаяннем падумаў: во ўпусцілі, не дадушылі ў свой час. Цяпер прападай. Ад рук во такіх…

Тым часам яны аблапалі яго кішэні, выцягнулі кашалёк з паперамі, лыжку і ладны жалезны складанчык на два лязы са штопарам. Ён яшчэ быў жывы. У грудзях ужо не клёкала, кроў ціха сцякала праз дзірку прадранага на локцях світэра на сцюдзёны травяны дол. Урэшце яны адступіліся, і ён падумаў: прыйдзецца канаць. Усведамленне задоўжанай смерці нават спалохала яго — як вытрываць яму, калі доўга? Лепш бы адразу. Але ён не мог ні азвацца, ні нават заенчыць — мог толькі ляжаць тут, нібы труп, і ціха сплываць крывёю.

Ліпкая млявая знямога ўрэшце пачала засціць ягоную памяць, ён то забываўся, то пачынаў разумець, што здарылася, і адчуваць пад сабой стылую вогласць травы. Неяк падумаў, што яны пайшлі, і тады ў ім пыхнула кароценькая надзея: а раптам… А раптам яшчэ ўратуецца. Можа б, Сушчэня… Аднак ён не паспеў нічога дадумаць — пэўная думка яшчэ не аформілася ў яго змарнелай свядомасці, як блізкім абвалам зноў затаўкліся таропкія крокі побач.

— Гамашы ў яго! — надта гучна ўначы прагучала паблізу, і Войцік адчуў балючы ўдар па назе ля калена.

— Давай хутка…

Паліцай, мусіць, прысеў ля яго на кукішкі, Войцік адчуў гэта па стомленым выдыху побач, і ўзяўся здзіраць з ног гамашы. Адзін з натугай садраў, не разбэрсваючы, на другім спярша разарваў пальцамі вузлаватыя шкуматы-завязкі. І тут, мабыць, яму штосьці ўчулася, паліцай насцярожыўся і брыдка, разлютавана вылаяўся.

— Ах ты смоўж!.. Жывы яшчэ…

— Стрэльні, і айда, — данеслася здаля, ад шашы, — то быў голас таго ж Драбіны. Побач шчоўкнуў затвор, і Войцік паспеў адчуць толькі, як агняна-сляпучая бліскаўка пыхнула ў твар…

Сушчэня тады перайшоў шашу, пераскочыў неглыбокую сухую канаву і з астатняе сілы ўскараскаўся на супрацьлеглы адхон. Ззаду і на дарозе ўсё было ціха, у тумане яго не маглі згледзець здалёк, а зблізку не было нікога. Па гэты бок ад шашы хвой ужо не было, адразу за тэлеграфнымі слупамі з сякім-такім хмызам унізе пачынаўся нешырокі сенакосны прасцяг, воддаль за якім у тумане зноў шарэла кустоўе, — там, ведаў Сушчэня, цякла рэчка Рэса. Каб найхутчэй аддаліцца ад шашы, Сушчэня наўпрасткі пашыбаваў да таго кустоўя, мяркуючы, што Войцік неўзабаве дагоніць яго. Задыханы, ён пралез нешырокі алешнікавы гушчар і спыніўся, зваліў з сябе Бурава. Далей зноў быў адхон з драбналессем, і недалёка ўнізе пад абрывам бліскаў праз туман нешырокі паварот ракі — мабыць, тут трэба было пашукаць, дзе цераз яе пералезці. Але спярша трэба было дачакацца Войціка.

Толькі Сушчэня бокам зморана апусціўся ля Бурава, як ззаду, на шашы, раздаўся прыглушаны крык — незразумелы, але, як здалося Сушчэню, страхавіта-пагрозлівы, і зараз жа дробна пратрашчала чарга, за ёй другая і трэцяя. Сушчэня спярша ўгнуўся, прыпаў да зямлі, потым успомніў пра свой наган і дрыготкамі пальцамі выдраў яго з кішэні. Нейкі час ён не ведаў, што яму трэба рабіць — затаіцца, уцякаць ці бегчы насустрач Войціку, які, пэўна, трапіў у бяду. Чэргі і яшчэ трашчалі, між іх чуліся глухаватыя крыкі, толькі адсюль ён нічога зразумець не мог — невядома нават, на якой мове крычалі. На шчасце, аднак, крыкі не набліжаліся, яны гучалі ўсё ў выемцы, там жа трашчалі і стрэлы; куляў тут не было чуваць, значыць, стралялі не ў гэты бок. Урэшце Сушчэня наважыўся і крадком з наганам у руцэ прадраўся праз край алешніку, асцярожна паглядзеў праз хмызняк.

Добра ўжо затуманеная вечаровым прыцемкам сенажаць ляжала пустая, Войціка нідзе не было, і Сушчэня сумеўся зноў: што ж яму цяпер тут рабіць?

Тым часам стрэлы на дарозе спыніліся, з туманнай цішы нядоўга даносіліся глухаватыя галасы, але не крыкі, падобна, там гаманіла некалькі чалавек запар, але зноў, на якой мове — зразумець было нельга. Нарэшце ляснуў адзіночны стрэл, і ўсё сціхла. «Што яны там нарабілі? Што нарабілі?» — білася ў галаве ў Сушчэні недарэчная думка-пытанне. Але што нарабілі — няцяжка было здагадацца, ды ён не хацеў верыць у тое — ён ўсё ўзіраўся ў прарывістую грыўку кустоўя каля шашы пад слупамі і чакаў, што адтуль паявіцца Войцік. Ды Войцік не паяўляўся, ад стомы і непружання ў Сушчэні пачало дваіцца ўваччу. Ён і не заўважыў, як зусім змерклася — змрочны туман зусім праглынуў хмызняковы шнурок пад правадамі, сцяну хвой па той жа бок шашы, неўпрыкмет заслаў і нешырокі прасцяг сенажаці. На трохі яшчэ светлаватым небе ўгары адбілася чорнае сучча алешын — настала ноч. Нядоўгая трывога на шашы ўляглася, галасы змоўклі, падобна было, што там усё затаілася. Ці, можа, яны паехалі? Але маторнага грукату ён не пачуў, хіба там не было аўтамабіляў? Тады што там было і адкуль узялося?

Усё не ў стане саўладаць з хваляваннем, Сушчэня вярнуўся назад, да Бурава, які, даўно абыякавы да ўсяго, ляжаў на спіне пад кустоўем. Тут ён пастаяў і паслухаў, думаючы, што мо Войцік паявіцца з іншага месца. Толькі дарма. На лесавых прасторах заўладарыла золкая восеньская ноч, ад рэчкі несла зябкаю сырасцю, а Войціка нідзе не было. Але куды ж тады было падацца Сушчэню? Сцяміўшы, што, мабыць, Войціка тут не дачакацца, ён аж здрыгануўся знячэўку — гэта было жахліва… Мала таго, што Бураў, дык яшчэ і Войцік! Што ж тады ён адзін без іх, куды ён падасца?

Ён выйшаў з кустоўя, ступіў некалькі крокаў па сенажаці, паслухаў. Цяпер ужо можна было не хавацца, у змроку начы і зблізку няшмат чаго можна было згледзець. Хуткім крокам Сушчэня прайшоў па траве ўздоўж кустоўя, перадумаў — пайшоў у другі бок. Увагу яго ўсё цягнула да сябе шаша, пэўна, трэба было падысці туды. Ён баяўся: там маглі сядзець ворагі, пільнаваць яго або Войціка, калі таму пашчасціла ўцячы. Але тое месца, дзе ён перайшоў шашу і дзе павінен быў перайсці яе Войцік, уладарна цягнула яго да сябе, і Сушчэня наважыўся. Праўда, ён не пабег наўпрост цераз сенажаць, а павярнуў наўзбоч, даў добрага крука, пакуль абышоў тое злашчаснае месца і ля тэлеграфнага слупа з падпорынай вылез на адхон. Адхон тут быў яшчэ болей высокі, удзень, мусіць, дарогу з яго можна было бачыць далёка. Але гэта ўдзень. Цяпер жа ні здалёк, ні паблізу нічога не было відаць, у выемцы, нібы ў праваллі, трохі курэў змрочны туман. Сушчэня прысеў на адхоне, пасядзеў, паслухаў. Пасля з наганам у руцэ ашчадна, каб не паслізнуцца, спусціўся да шашы, перабег яе па сырым гравію і ўскараскаўся на адхон насупраць. Ніхто яго не ўбачыў; нідзе ніхто не азваўся. Тады ён дужа асцярожна, праз кожныя пяць крокаў спыняючыся, пачаў красціся да таго месца, дзе пераходзіў шашу на той бок. У травяністым доле і асабліва ў выемцы нічога не было відаць, і ён болей спадзяваўся на сваё адчуванне, калі шукаў тое месца. «Здаецца, недзе тут блізка, — урэшце падумаў ён, добра такі пратупаўшы пад адхонам. — Ці, можа, далей…» Так разважаючы, ён згледзеў у тумане ледзьве прыкметны бляск лужыны і ўзрадаваўся, зразумеўшы, што праходзіў менавіта тут. Але што з таго? Войцік мог пайсці іншым шляхам, мог наогул не выйсці з лесу… Усё ж Сушчэня прайшоў раз і другі па адхоне, паўзіраўся ў чорныя баравыя нетры паблізу. Нідзе не было нікога… Зрэшты, Войцік мог і ўцячы, ці яны маглі забіць яго і забраць з сабой. Шмат было магчымасцей у ворагаў, а вось у яго, здаецца, ужо не засталося ніводнай.

Пастаяўшы на адхоне і нявесела разважыўшы, ён з апанураным сэрцам пачаў спускацца ўніз. І нечакана ў траве натрапіў нагою на штось мяккае, хапіў рукою і пазнаў: то была кепка. Жорсткая суконная кепка з цвёрдым даўгім казырком — знаёмая кепка Войціка. Аж спалохаўшыся ад тае знаходкі, ён замітусіўся на адхоне, прабег паўз канавы і ў стаптаным быльнягу ледзьве не наскочыў на чалавека. Цёмнай нерухомай купінай той ляжаў ніцма, і штосьці белае на ім выразнаю плямай свіцілася ў змроку.

Поўзаючы на каленях, Сушчэня абмацаў яго — то быў Войцік, і быў ён нежывы, ужо стаў халодны, як і зямля, на якой ляжаў. Вінтоўкі нідзе не было, паддзёўку з яго, мабыць, здзерлі, гамашы таксама — за адной нагой валаклася ануча, другая нага была босая. Кішэні штаноў матляліся вывернутыя, мабыць, шукалі зброі ці якой маёмасці, — забілі і кінулі. Сам не адчуваючы сябе ад страхавітага хвалявання, Сушчэня ўпоперак на плечы ўзваліў шчуплаватае цела Войціка і подбегам адолеў шашу. Трохі цяжэй было ўзлезці на адхон. Але наўкола па-ранейшаму ляжала цішыня, нават не гулі правады ўгары, і ён, гучна дыхаючы, кінуўся па

Вы читаете У тумане
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату