плоце вецер варушыў стракатую анучу, згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. І ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам — хацелася як найбольш убачыць, заўважыць, запомніць. І раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там — ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». І ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-а-а-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова.
Падумаўшы, што зараз нехта выскачыць з хаты ці праз вокны ўбачыць яго на вуліцы, Хведар шаснуў у двор, сцежкай пабег у гарод і па росным бульбоўніку загумення падаўся ў світальнае поле. Усё ў ім калацілася ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з Любкай, з якой яны разам раслі ў вёсцы, рабілі побач на бацькоўскіх надзелах, якую ён некалі нават кахаў трохі — наіўным маладым дзецюком перад прызывам на вайсковую службу. І крыўдна было яму, і горка, але ж… Мабыць, спалохалася жанчына і ледзьве не пагубіла яго. А можа, і не пазнала. Але не дзіва — хіба пазнаў бы сябе ён сам? Што ў ім засталося ад ранейшага Хведара, ад таго жаўтаротага дзецюка? Цяпер ён здань, начны, бесцялесны прывід, ад якога жахаюцца людзі, месца якому, мабыць, побач з ваўкамі ў лесе.
Раздзел чацверты
Радасць зямлі
Пакуль развіднела, ён быў ужо ў лесе, раздумна плёўся па блытаных, пратаптаных жывёлай сцяжынках і думаў, дзе б яму прыткнуцца на дзень. Мусіць, сюды зноў прыгоняць кароў, тут месца яму няма. Тады дзе ж яно ёсць? Канечне, дзе далей ад жытла і людзей, ад поля і сенажацяў. Значыць, зноў трэба плясціся ў расцяробы ці ў той дальні змрочны ельнік, на балотныя імшарыны. Разважыўшы, усё ж вырашыў, што лепш — у расцяробы. Там, ведама, небяспечней, чым у ельніку, затое ў тым баку поле і бульбянішча, на якое яму трэба будзе схадзіць. Як заўжды, зранку пачало дужа смактаць пад грудзямі, хацелася есці. Журавіны ён амаль усе з'еў уначы, яны кепска спатольвалі голад, толькі праганялі смагу. Трэба было ісці па бульбу.
У гэтую раннюю гадзіну дня, мабыць, можна было не надта баяцца спаткаць чалавека, і ён з вярсту ці болей ішоў добра ўтаптанаю сцежкай, якая блытана выкручвалася ў маладым бярэзніку. Пасля, як сцежка павярнула да зімовых дзялянак, ён збочыў з яе ўлева, да Доўгага рова, пайшоў мешаным, з рэдкімі елкамі лесам, падняўся па некрутым схіле ўгору. У лесе ўжо настаў дзень, было відна, навакол сцішана драмалі елкі, не варушыўся ніводзін лісцік у жаўтлявым вецці бяроз. Здаецца, усталявалася добрае, без дажджу надвор'е, можа, нават пачнуцца прымаразкі. Тады ўраз пачарнее лісце алешын, золатам зажаўцее бярэзнік, дружна пацярушыць лістапад. Праз нейкі нядоўгі час лісцвяны лес стане скразны для позірку, усё жывое ў ім будзе бачна здалёк. Мусіць, тады яму будзе горш… Але ён не хацеў думаць пра тое, што будзе, ён жыў адным днём, ягоныя клопаты не ішлі далей наступнага вечара. Увечары, мабыць, будзе спакайней, а ўдзень трэба трымаць вуха востра.
Бадай, у тым самым месцы, дзе і першы раз, ён асцярожна спусціўся кустоўем у шырокую праваліну рова, напіўся там у ручаіне, памыў рукі і твар. Паднімаўся на другі схіл доўга, разоў колькі спыняючыся, адпачываў, не ўпершыню заўважаючы, як менее ў яго сілы. Яшчэ нядаўна, у дарозе, неяк не прыкмячаў вялікае слабасці, мабыць, там рухала ім вялікая сіла мэты. А тут… Мэта ўжо апынулася ззаду. Найперш за многія дні бадзяння аслаб без хлеба, ведама, ягадамі не надта пракормішся. Але што ж тады — зноў ісці ў вёску, прасіць у каго хлеба? Чым гэта можа скончыцца? Ён і так дужа баяўся за нядаўнюю сустрэчу з Любкай, як бы яна аб тым не раззваніла ў сяле. А можа, не пазнала, калі так закрычала жудасна?
Вылезшы з рова, доўга аддыхваўся, пасля адышоўся далей да ўзроўка, знайшоў трохі ўтульную мясціну між двума кустамі ляшчынніку. Перш чым легчы, агледзеў суччо — не, арэхаў тут не ўрадзіла, на яго бяду, пажывіцца не было чым. У доле, праўда, сталі трапляцца грыбы — сыраежкі і ваўнянкі, зрэдку чырванеліся мухаморы, і ён падумаў, што хутка, мабыць, дойдзе чарга і да грыбоў. Але найперш яго вабіла бульба, пакуль тая яшчэ была ў полі.
З бульбаю ў яго быў звязаны адзін малапрыемны выпадак у германскім палоне, цяпер дык і смешна ўспамінаць аб ім. Але ўспаміналася часам, бо горкае і вясёлае ва ўспамінах заўжды месцяцца побач. Спярша ў палоне ён паўгода гібеў на варанай бручцы, калі з паўсотняй такіх, як сам, небаракаў рабіў на чыгуналіцейным заводзе. Затым трапіў да баўэра. Гэта быў стары гаспадар гер Ёган, два сыны якога ваявалі на фронце, а дома жыла нявестка з двума падлеткамі. Зямлі ж у таго Ёгана, як і скаціны, было процьма, і, каб апрацоўваць яе, баўэр узяў шасцёх парабкаў з рускіх палонных арміі генерала Самсонава. Наогул у баўэра было і няблага, прынамсі, кармілі па-людску, хоць рабіць прымушалі штодня без выхадных і святаў. І яны рабілі, як чэрці, як валы, — усе гаспадарчыя работы ў полі, на гумне і дома. На гэты конт быў заведзены цвёрды, бадай як у казарме, парадак, за якім асабіста назіраў сам гаспадар сядзібы, што некалі служыў у войску фельдфебелем і бясконца напамінаў ім аб тым. Пра гаспадарчыя справы болей клапацілася нявестка, якая насілася па палях на ладным буланым жарэбчыку, усё выглядаючы, дзе што зроблена, а што недароблена; гаспадар жа болей прыглядваў за батракамі — муштраваў і клапаціўся адначасна. Клопат яго быў асаблівы. Ён пакараў штрафам кухарку, калі тая неяк паклала ў іхні кацёл меней мяса, чым было ўстаноўлена нормай, караў вінаватага за брак у працы ці недаробак тым, што два ці тры дні не даваў мітаг — абедаць, толькі адзін фруштук раніцай. Аднойчы, калі палонны туляк Белашэеў паскардзіўся гаспадару, што другі палонны ўкраў у яго партабак, гер Ёган не стаў дужа разбірацца, а пакараў абодвух. Ён загадаў парабкам узяцца за левыя рукі, як для прывітання, і з прымаўленнем «гутэн морген — гутэн таг» біць па чарзе адзін аднаго ў вуха. Іншыя парабкі, а таксама кухарка, малыя і гаспадар з нявесткай назіралі за той гульнёй з ганка. Спярша было нават смешна, як два рускія, быццам ляніва, напаўсілы пачалі біцца, але хутка кінуліся разнімаць іх, бо тыя так разлютаваліся, што ледзьве не скрывавілі адзін аднаго.
Штодня яны ўставалі па званку ў пяць гадзін раніцы, акуратна засцілалі коўдрамі свае тапчаны, пілі каву з павідлам і чорным хлебам і адпраўляліся на працу. У паўдзён палуднавалі ладнаю міскай супу і кашай з кавалкам мяса, хлеба ім давалі па фунту на раз. Спалі на чыстай бялізне, якую старая кухарка мяняла кожную суботу; кожную суботу таксама мыліся пад цёплым душам у прыбудоўцы да кухні. Белашэеў, з якім пасябраваў Хведар, усё не мог нарадавацца сваім вайсковым лёсам, казаў, дома не спаў так чыста і не еў так сытна, як у гэтым палоне. А праца што ж — да сялянскае працы ім не прывыкаць. І, мабыць, усё было б увогуле добра, калі б не Рудзі, чатырнаццацігадовы падшыванец, сын Герды і ўнук старога Ёгана.
Гэта зладзюга Рудзі, мусіць, кожную гадзіну дома толькі і дбаў, каб зрабіць што брыдкае парабкам. То ён падапрэ каго калком у прыбіральні, то выцягне з хамута супонь, калі трэба запрагаць каня, то падставіць пад хвост кабыле іхні жбан ад квасу. Аднойчы ён выняў з нагружанай фуры шворан, і як Хведар пагнаў каня, фура звалілася з перадка, рассыпаўшы па вуліцы бульбу. Хведар кінуўся яе збіраць, а той Рудзі ад смеху хапаўся за жывот у гародзе, і Хведар, не доўга думаючы, агрэў яго цераз плот пугай. Затым сабраў усё да бульбіны, наладзіў фуру і, нічога нікому не сказаўшы, паехаў у поле. А калі ўвечары вярнуўся ў двор, дык убачыў там старога гаспадара, счырванелую ад гневу Герду і таго злыдня Рудзі з крывавым пісягом на шчацэ. Стары Ёган тут жа распачаў следства, Хведар спрабаваў апраўдацца, але яго не захацелі і слухаць. Нявестка нешта гырчэла пра камендатуру і гаўптвахту, але свёкар сказаў, што гаўптвахты не будзе: ён не можа дазволіць, каб у гарачы дзень веснавых работ ягоны работнік сядзеў у кутузцы ці ляжаў на тапчане з пасечаным бізунамі задам. Ён яго пакарае ганьбай — заўтра Фэдэр пойдзе на працу ў адной кашулі, без порткаў.
Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара — без порткаў? А адных падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках — зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як — трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо