спыняючыся, дайшоў да могілак. З гэтага боку, ад поля, хісткая агароджа ля іх была паламана, мусіць, жывёлай, ён пералез цераз нізкую жэрдку і спыніўся: месяц ляніва асвятляў бязладнае нагрувашчванне крыжоў і магіл. Гэта былі, мабыць, усе новыя пахаванні, іх тут сабралося шмат, і ніводнага з іх Хведар не ведаў. Вялікія і малыя крыжы і крыжыкі, а то і зусім растаптаныя магільныя купіны без усялякага знаку белым пяском святлелі наўкола. На высокіх каталіцкіх крыжах дзе-нідзе ў змроку бялелі паркалёвыя стужкі ці кветкі; ссохлыя букеты кветак мясціліся ў стаўбунках пад крыжамі. Зводдаль на магіле ля плота Хведару кінулася ў вочы, мабыць, выразаная з фанеры пяцікутная зорка, якая прыкметна адбівалася на фоне светлаватага неба. Ступаючы між магіл, Хведар з цікаўнасцю перайшоў туды і ў месячным сяйве здзіўлена прачытаў чорныя літары на белай дошачцы: «Сокур Іван». Ніжэй былі дробненькія лічбы нараджэння і смерці. Хвіліну Хведар недаўменна пазіраў на гэтую дошачку, агледзеў пагорачак магілы ў доле. Відаць было нават уночы, што магілу ніхто не абкладваў і не даглядаў, яна бязладна абрасла шархоткім высахлым быльнягом і выглядала надта ўжо занядбанай на гэтых могілках. Зрэшты, як і шмат якія вакол яе. Але ж то былі даўнія і, можа, усімі забытыя пахаванні, а гэтая належала чалавеку, якога наўрад ці забылі ў вёсцы. Як высылалі Хведараву сям'ю, гэты Сокур памагаў начальнікам і з выгляду тады быў здаровы, сярэдняга веку чалавек, дужы і рухавы. Чаму ж ён апынуўся тут без пары? — немаведама ў каго пытаўся Хведар. Здаецца ж, не быў і злым чалавекам, Хведар на яго крыўды не меў, але ж… Можа, каб ведаў свой хуткі канец, пастараўся б быць лепшым. Бацька ж яго быў разумны, паважаны ў вёсцы селянін-серадняк, ніколі нікому не прычыніў клопату. Некалі ўзяў у гаспадарку братаву жонку з дзецьмі, як брата забіла перуном на Іллю. Была навальніца, і той схаваўся пад грушаю ў полі ды там і застаўся. Пад вечар нежывога яго знайшлі пастухі, назаўтра пахавалі, засталася хворая ўдава з трыма дзецьмі. Стары Сокур прыняў усіх у свой дом, выгадаваў, давёў да ладу дзяцей. Харошы быў чалавек. Мусіць, аднак, сын удаўся не ў бацьку. Вялікага зла ён не рабіў, але, мусіць, быў занадта падаткі для свае пасады старшыні сельсавета, раённае начальства папіхала ім, як хацела. Тады ж, як высылалі Роўбу, ён быў наглядчыкам і рупным памагатым двух упаўнаважаных з раёна, сачыў, каб раскулачаныя, як было загадана, узялі з сабой толькі пілу, тапор ды харчоў на тры дні. Усё астатняе — збожжа, бульба, майно, нажытае за гады потам і працай, рэквізавалася на карысць сельсавета. Яно няхай бы рэквізавалася на грамадскую патрэбу, думаў затым Хведар, але ж яны рэквізавалі найбольш для таго, каб не даць ім, небаракам, у іх дальнюю гаротную дарогу, каб яны хутчэй там памерлі ад голаду і марозу. Шасцігадовая Волечка якраз надзела новыя чорныя валёначкі, што ён справіў ёй у мястэчку з леташняй воўны, дзяўчынка ўсю зіму ашчаджала іх, надзела, можа, якія разы тры, болей абыходзілася старэнькімі, лапленымі-пералапленымі, якія меркавалася данасіць да вясны і выкінуць, але як стала збірацца ў гэта свой шлях, маці сказала Волечцы надзець новыя — усё ж выпраўляліся ў людзі, і маці хацелася, каб дзяўчынка выглядала па-людску. Волечка паслухалася, на сваю бяду, і тады стаяла ля ганка на снезе ў зграбненькіх чорных валёначках. Мусіць, дарма стаяла. Кінуліся тыя валёначкі ў хцівыя вочы ўпаўнаважаных, і старэйшы з іх, чалавек у чорным паўшубку, нешта загадаў Сокуру Івану. Сокур трохі памяўся, перасмыкнуў голеным тварам, але падступіў да дзяўчынкі і перадаў загад. Волечка паслухмяна здзела адзін чорны валёначак, затым другі і засталася на снезе ў адных панчошках, пакуль маці, заплакаўшы, не прынесла ёй з сенцаў старыя. Хведар, згледзеўшы тое, сказаў сабе: «Ая-я-я-я!», на што Сокур, учуўшы, зноў перасмыкнуў тварам і моўчкі цепнуў плячыма: маўляў, што зробіш? Ці мая гэта воля? Ён узяў тыя чорныя маленькія валёначкі і насіў з сабою, пакуль яны збіралі бедныя клумкі на сані. Не, каб сказаць тым, з раёна: не па-боску гэта — разуваць малое, не ў цёплы ж край выпраўлялі — на поўнач, у маразы, на голад і здзек. Ды не, не сказаў. Так і паехала Волечка ў стаптаных валёначках і хадзіла ў іх яшчэ дзве зімы, і прастуджвалася, і хварэла. Аж покуль не прастудзілася ў апошні раз, калі ўжо нічога ёй не стала патрэбна.

Яны тады гналі плыты па сцюдзёнай паўночнай рацэ — цэлую плывучую чараду з бярвён на тысячы кубаметраў драўніны. Было іх трынаццаць чалавек у брыгадзе сплаўшчыкам, а брыгадзірам быў Кузняцоў, сярэдніх гадоў барадаты мужчына, які не першы год рабіў тут на сплаве. Ён добра ведаў раку і ўсе яе павароты, мелі і перакаты, умеў у свой час збочыць, каб абысці небяспечны зліў, не рассыпаць звязкі, не налезці на камень ці на якую пясчаную выспу. З людзьмі быў строгі, малагаваркі, не любіў гультаёў і слабасільных (што, дарэчы, было для яго адно і тое ж). Мусіць, з гэтай прычыны Роўба трапіў у яго брыгаду, бо быў тады цягавіты і паслухмяны. Знайшлася, аднак, прычына, па якой ён ледзьве не вылецеў з плытагонаў. Пасля смерці жонкі не было на каго пакінуць дзесяцігадовую Волечку, і ён мусіў узяць яе на плыты. Але браць на такую работу дзяцей там забаранялася, і Кузняцоў, убачыўшы плытагона з дзіцём, тут жа адправіў яго ў кантору. Мабыць, ён думаў, што Роўба будзе спрачацца ці, можа, прасіцца, але той пакорліва сабраў сваю торбачку, узяў за руку дачушку і, сказаўшы «да пабачэння», смірна пайшоў да сходцаў. З берага ён апошні раз азірнуў плыты і ўбачыў брыгадзіра, які, стоячы на тым самым месцы, пазіраў на яго. І раптам брыгадзір махнуў да яго рукой — маўляў, вяртайся! Хведар гэтак жа моўчкі вярнуўся, як і ішоў, і Кузняцоў сказаў са злосцю: «Заставайся. Толькі глядзі — засыплешся, я нічога не знаю. Паняў?» — «Паняў», — сказаў Хведар, ураз акрыяўшы душой ад такога павароту лёсу. Сапраўды, ён ужо прывык да думкі, што будзе працаваць на сплаве, яму падабалася рачное прыволле, лясныя берагі навакол і высокае вольнае неба ўгары. Цяжкое працы на плытах ён не баяўся, — мабыць, цяжэй, чым на тарфянішчы ці на лесапавале ў тайзе, не будзе. Зноў жа пры ім будзе Волечка, і на ягонай душы не будзе шчымець кожны раз за дзяўчынку — як яна там, галодная, ці не пакрыўдзіў яе хто, малую? Як была жывая маці, тады ўсё здавалася прасцей, болей звыкла, хоць і тады Волечка цэлымі днямі сядзела ў халодным бараку, у той час як маці завіхалася на лесасецы. А цяпер у пасёлку не засталося ніводнай роднай душы, а людзі было розныя, зборныя з усёй краіны, як было пакінуць на месяц ці на два дзіця без нагляду? Хведар дужа ўдзячны быў брыгадзіру за яго дабрыню і на плытах ірваў жылы за двух.

Каб ён ведаў, чым абернецца тая дабрыня, дык бы ён лепш кінуў дзіця ў тайзе, у незнаёмым паселішчы на беразе, сярод чужых, незнаёмых людзей. О, каб тое знаццё…

На плытах Волечка не сядзела без працы, хоць і малая, але па характары была дужа прыслужлівая і чым магла памагала строгім, маўклівым дзядзькам. Праз дні два брыгадзір паставіў яе памочніцай да кашавара Краўца, ціхага, рахманага чалавека, самага старога з усёй іх брыгады. Той увогуле някепска ставіўся да малой, не крыўдзіў. Мо часам крыкне, калі што зробіць не так ці не ў час, але без злосці. Без злосці — гэта галоўнае. Не тое што ягоны зямляк Рагаўцоў, нервовы, зласлівы чалавек, што бясконца лаяўся брыдкімі словамі. Лаяўся з якой дробнай ці вялікай прычыны, а часцей — без усялякай прычыны — ад свае нутраной злосці. Кожны раз, як Хведар чуў тое, яго бы цвіком працінала ў сэрцы. Спярша ён стараўся, каб як засцерагчы Волечку, каб яна не чула таго. І як Рагаўцоў блізка лаяўся, ён пытаўся ў дачкі пра што-небудзь ці пасылаў яе на другі канец плытоў. Але неяк раз, як гэты Рагаўцоў асабліва брыдка абкладаў пры малой баб, што ўбачыў на беразе, Хведар не стрываў і стрымана папракнуў чалавека — маўляў, усё ж нягожа так пры дзіцяці распускаць язык, можна б трохі і па-людску. Рагаўцоў тут жа ўскрычаў, што ссыльны Роўба яму не ўказ, бо ягоная лаянка — дробязь для таго, хто нелегальна возіць старонніх і тым груба парушае рэжым. Вось ён возьме ў бліжэйшым пасёлку і «стукне», і тады ягоная дачушка ўчуе яшчэ не такое на бліжэйшым этапе, куды яе запратораць разам з яе чыстаплюем-бацькам.

Хведар так збянтэжыўся ад тых нахабных нялюдскіх слоў, што проста не знайшоў, як адказаць. Здаецца ён ужо нагледзеўся людской подласці ва ўсіх яе нечаканых праявах, але такой не прадбачыў. Увечары, як яны прайшлі Вусцюжную мель, ён ціха сказаў аб тым брыгадзіру, думаў, можа, брыгадзір заступіцца, папракне Рагаўцова. Але той толькі насупіўся і сказаў: «Гэны ўсё можа». — «Дык што ж мне рабіць?» — разгублена спытаў Хведар. І Кузняцоў, утаропіўшы ў яго суровы погляд, сказаў: «Будуць чужыя — хавай дачку». — «Куды ж схаваеш на плыце?» — шчыра здзівіўся Хведар, на што атрымаў хуткі адказ. «А пад плытом і схаваеш», — кінуў брыгадзір і пасігаў сабе па слізкіх бёрнах у хвост да стырнавога. Хведар застаўся стаяць, не ведаючы, сур'ёзна гэта ці, можа, для здзеку? Толькі спакваля да яго разуменне прыйшло: а праўда! Можна ж схавацца ў ваду, за плытом. Волечка ўжо навучылася няблага плаваць, будзе трымацца за бервяно, мо не ўтопіцца. Толькі адно нядобра — лета ўсё ж канчалася, вада пасцюдзянела, яны на плытах ужо не купаліся, толькі трохі мыліся ўранні.

Хто ведае, ці спраўдзіў сваю пагрозу той злыдзень Рагаўцоў, калі на плыт для праверкі ўскочыў вохравец з раённай камендатуры, як яны сталі перад Усысвінскім перакатам. Бывала, тыя вохраўцы наведваліся і раней, але так, больш для прыліку, спытаюць што-нішто ў брагадзіра, зірнуць сюды-туды і спяшаюцца на бераг. Гэты ж, мардаты, прыземісты шлапак у даўгім шынялі, пагаманіўшы з брыгадзірам, відаць, намерыўся прайсці па плытах да кармы, і ў Хведара нядобра скаланулася сэрца. Ён стаяў з багром у руках па правым баку плыта, а праз пяць крокаў ад яго, трымаючыся за вяроўчыну, сядзела ў вадзе Волечка,

Вы читаете Аблава
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату