ужо не чалавек. Ён дашчэнту расчалавечыўся.

На пагорачку ў змяшаным рэдкалессі ён павярнуў управа — убок да бальшака і поплаву, туды, адкуль ён прыйшоў тры дні назад. Мабыць, пакуль была такая магчымасць, трэба ўцякаць з гэтага лесу, лес для яго ўжо не прытулак. Лес цяпер іхні. У ім яны хочуць злавіць яго — і тады… Не, усё ж ён не дасца. Пакуль ёсць сілы, ён іх апярэдзіць. Ён не дасць вярнуць сябе туды, адкуль з такім намаганнем вырваўся. Туды ён не вернецца.

Хведар бег, аслабела і няўцямна, ужо не выбіраючы шляху, прадзіраўся праз кустоўе падлеску, вымак наскрозь — ад ног да галавы. Ззаду, аднак, было ціха, яго яшчэ не даганялі, і ён спяшаўся паспець. Паспець выскачыць з лесу на поплаў, там уздоўж рэчкі была чужая, зарэчнага раёна зямля, мабыць, там пра яго яшчэ не ўведалі. Яму ўжо трошачкі заставалася лесу, затым будзе нешырокая лагчына і бальшак, які ён перайшоў той раз. Але ён задыхаўся, змарыўся ўшчэнт і да ўзлеску ледзьве даплёўся ад знямогі. Усё ж, перш чым выйсці, зірнуў на лагчынку, там не было нікога. Тады — на грудок і дарогу, і разам асеў долу. Ля старых хвой на бальшаку стаялі машаны — тры грузавыя палутаркі, і ад іх у напрамку да лесу ішла грамада людзей — чалавек трыццаць ці больш. Наперадзе рашуча крочыў па сенажаці чалавек у расшпіленым чорным плашчы, ён нешта казаў і рукой шырока паказваў астатнім — ці не разысціся па-над лесам у ланцуг?

Згледзеўшы тое, Хведар крута павярнуўся і пабег назад у лес. Усё ж, мусіць, ён яшчэ меў нейкую магчымасць, тыя толькі пераходзілі лагчынку. Пакуль яны паднімуцца па адхоне, увойдуць у лес… Не, ён адарвецца, ён не дасць ім дагнаць сябе. Толькі куды яму бегчы — во ў чым загвоздка. Злева Нядолішча і землякі-калгаснікі, ззаду гэтыя, што прыхалі, мабыць, з раёна. Усе апранутыя ў чорнае, не вясковае — значыць, з раёна. Кіраўніцтва і актыў. Яны ззаду. Справа ў яго ельнік і далей багністая Багавізна, там не пройдзеш. Няўжо спераду яму пакінулі выйсце? Там, дзе бульбянішча, дзе ён учора сустрэў дзеда з каровай. Няўжо там нікога няма? Гэта была б удача, толькі б паспець дабегчы туды. Добра, што яго яшчэ не ўбачылі, раней убачыў ён сам. Тое давала шанец. Толькі б не здрадзілі ногі. Усё ж бегчы яму было трудна, сіпата зацінала грудзі, у роце набралася гаркоты, якую ён не мог выплюнуць. Плечы і грудзі пад яго мокрай і цяжкой апраткай спатнелі, па шчоках паўзлі цуркі поту. Раз-пораз ён выціраў твар рукавом, азіраўся і то бег, то ішоў хісткім няпэўным крокам — далей ад гасцінца і ад вёскі таксама. Мусіць, не проста было вытрымаць гэта дакладны, касы кірунак у лесе, здаецца, ён трохі яго ўжо зблытаў. Падобна было, што ён занадта ўзяў управа — далей ад тых і тых даганятых, і тым прыціснуўся да Багавізны. Не, яму трэба было трохі далей ад яе, каб выйсці на трэці бок лесу — да бульбянішча. Галоўнае — яму б вырвацца з гэтых абцугоў, якімі яго абхамілі з абодвух бакоў. Можа, трэці яшчэ заставаўся вольны, і тое дасць яму выскачыць.

Ужо з'явілася спадзяванне, што ён як-небудзь выкруціцца. Усё ж яго ніхто з іх не бачыў. Ад задніх ён, мабыць, адарваўся, а тыя збоку, ад вёскі, мабыць яшчэ толькі ступілі ў лес. А можа, яны яшчэ чакаюць на ўзмежку. Яму б толькі дабегчы да бульбянішча, а там бы ён вырваўся з гэтага лесу.

Але бегчы ўжо не ставала сілы, і ён, спатыкаючыся, марудліва тупаў па травяным доле. Увесь час азіраўся — ці не пагналіся? Здаецца, яшчэ не гналіся. Але ў тым кірунку, ад гасцінца, пачуліся галасы — мабыць, там ужо пайшлі па ягоных слядах. Галасы, галёканне рабілася мацнейшымі, во забрахаў і сабака. Але не ўчарашні вясковы — гэта быў рык дужага, пароднага пса. Хведар пабег зноў — цяжка, знясілена, страхавіта, штораз азіраючыся. Пільнасць яго і ўвага цяпер былі да таго, што адбываецца ззаду. Ён празяваў нейкі момант, калі трэба было зірнуць наперад, і за кустом ядлоўцу ледзь не сутыкнуўся з зайцам. Чымсь спуджаны, той сігануў насустрач, а як згледзеў яго, шырока скочыў убок і праз хмызняк падросту спалохана кінуўся назад, адкуль бег. Таксама няма спакою, коратка падумаў Хведар і тут жа спыніўся. Там, куды паскакаў заяц, зблізку пачулася:

— Стой! Стрелять буду!

— Куды ты — стрелять! Это же заяц…

І там засмяяліся — бесклапотным хлапечым смехам.

Хведар насцярожана выцяг з каўняра шыю, наперадзе, куды ён імкнуўся, у жаўтлявым лісці падросту мільганулі дзве зялёныя шапкі, нехта ціха гукнуў да іх зводдаль, і яны стаіліся. Хведар зразумеў: хлях яму і туды адрэзаны. Відаць, з гэтага боку, ад бульбянішча, загон рабілі чырвонаармейцы-пагранічнікі. Іхняя застава была недалёка, пад суседнім лесам. Але ж чаму — і пагаранічнікі? Што ён, які шпіён ці шкоднік? Ці ён уцёк з турмы, дзе сядзеў за якое злачынства? Ён прыйшоў у свой родны кут, дзе нарадзіўся, жыў. Дзе нарадзіліся і аджылі ўсе яго продкі. Чаму — пагранічнікі?

Мусіць, аднак, ён горшы за шпіёна. Бо таго ловяць адны пагранічнікі, а яго апроч тых яшчэ і два загоны — з вёскі і з раёна. А божа ж мой, во дык воўк. Во дык дзікун…

Усё ж шчасце яго было ў тым, што ні з аднаго з трох загонаў яго пакуль што не заўважылі — ён іх заўважыў першы. Але ці доўга яму будзе так шэнціць? Мабыць жа, згледзяць і яго. Што ж ён, які невідзімка? Праўда, ён ведаў гэты Казённы лес і цяміў, у які бок сунуцца. Але ж і яны, мабыць, таксама ведалі лес, ужо яго аднавяскоўцы напэўна, думаў Хведар. Цяпер ён бег невядома куды, мабыць у чацвёрты бок, дзе не было выйсця. У чацвёртым баку быў тупік, лясны край — Багавізна. Там дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся. Туды і звер не ходзіць, не тое што чалавек. Да самых маразоў там патоп і пагібель.

Але куды ж яму дзецца?

Ён ужо не бег — ён плёўся між змрочнага ельніку, па мяккім, набрынялым вільгаццю доле. І ўсё слухаў, што робіцца ззаду. Ззаду ваўсю гучалі галасы, хтось там галёкаў, адкрыта і загадна, гучна брахаў сабака. Мабыць, загоны сышліся, а яго ўпусцілі. А можа, яны вернуцца назад, на гасцінец і ў вёску, абнадзеена падумаў Хведар і стаіўся за елкай. Хоць бы далі аддыхацца, а то знямоглая гаркота раздзірала грудзі…

Аддыхацца, аднак, не далі.

Яны ўжо былі недзе блізка, убачыць іх яму заміналі дрэвы. Зрэшты, як і ім яго, мабыць, таксама. Але ён пачуў ажывелыя вокрыкі зводдаль: «Глядзі, след!» — і зразумеў, што яны пайшлі наўздагон. І што яму ад іх не ўцячы. Іх некалькі дзесяткаў, жыхароў і чырвонаармейцаў, яны абклалі лес з трох бакоў. А ён перад імі адзін. І ён ушчэнт змораны. І ўжо не ведае, куды бегчы і дзе хавацца. Ён толькі бяжыць. Мабыць, апошнія свае крокі. І тут ён убачыў перад сабой у ельніку хуткае мільганне ў доле — то ўцякаў-ратаваўся заяц. Спярша бег ад чырвонаармейцаў, а цяпер, мабыць, ад яго, Хведара. Але нашто ад яго? Ён сам цяпер быў у становішчы зайца. Мо нават горшым, бо заяц, напэўна, яшчэ ўратуецца…

«Людцы, завошта вы так? — гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. — Што я зрабіў кепскае вам? Што — малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў ўсё вам — бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..»

Аднак ніхто не адумваўся — яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: «Пастойце, братцы! Што ж гэта мы…»

Не стаў, не сказаў, і яго гналі далей.

— Роўба, стой!!!

Ну вось, нарэшце…

За ўвесь час недарэчных сваіх уцёкаў Хведар чакаў гэтага вокрыку ўдзень і ўначы, і ўсё роўна цяпер ён прагучаў знянацку і страшна. Хведар не адразу азірнуўся — там ззаду, між елак, ужо мільгалі цёмныя постаці, сваіх ці чырвонаармейцаў — ён не разглядзеў нават. Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Але ўжо і бегчы рабілася неяк, мабыць, ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут — праз тысячу вёрст да роднай зямлі. Аднак жа няласкава яна сустрэла яго, родная яго зямелька. Не ды бог з ёй, чаго было чакаць лепшага. Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам.

Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар'яцтвам. Але што для яго не было вар'яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся — з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.

Вы читаете Аблава
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату