ўбачыў: дужа дамоў хочаш». — «Што праўда, то праўда. Дзякуй жа табе за тое». — «Пасля аддзячыш. Красненькімі», — ухмыльнуўся Вугор.
Тады ён і сапраўды быў неблагі хаўруснік, клапатлівы таварыш. Па справядлівасці дзяліў іх небагаты харч, уранку сам распальваў касцярок, заўжды вызначаў шлях і ішоў наперадзе. Тайгу, як можна было здагадацца, ён ведаў лепш за іх двух, мабыць, не першы раз падарожнічаў па ёй. Куды і як будуць ісці далей, Вугор ім не казаў, і Хведар ні пра што не пытаўся: ён ужо прывык спадзявацца на вопыт таварыша. Сапраўды, хіба б ён адзін адмахаў за тыдзень две сотні вёрст без дарог, па незнаёмым лесе? Гэта пасля ён што-нішто зразумеў у жахлівай справе ўцёкаў, а тады быў дурны і зялёны, бы салдат-навабранец.
Папаліся яны па-дурному, выпадкова; тут, канешне, ні Вугор, ні хто іншы не быў вінаваты. Увечары каля невялічкай таежнай рачулкі напаткалі пакінутую паляўнічую хатку, зайшлі, думаючы чым пажывіцца, але марна, нічога здатнага ў ёй не знайшлі. Начаваць там не адважыліся, адышліся вярсты дзве і ўжо ў прыцемку, дашчэнту змораныя, не распальваючы цяпельца, паклаліся радком на мяккім моху ў хвойніку. На світанні іх і паднялі пад рулямі дзвюх стрэльбаў. Пасля аказалася, што ўчора ля тае хаткі іх згледзеў тутэйшы паляўнічы, сказаў брату і яны ўдвух дагналі ўцекачоў. Усё адбылося нечакана, знянацку; каб яны мелі трохі больш часу, дык, можа б, як выкруціліся. Але не паспелі яны апамятацца, як прыйшла фурманка, і іх адвезлі на лесаўчастак, адтуль на прыстань, у камендатуру. Браты-паляўнічыя, мабыць, атрымалі сваю ўзнагароду, а яны апынуліся ў становішчы яшчэ горшым, чым да ўцёкаў. Хведар дужа перажываў ад таго, проста счарнеў з твару ад гора і нават не ўзяў свой кавалак хлеба, які ім кінулі ў каталажцы. Вугор тады, неяк адразу страціўшы свой звычайна добразычлівы тон, буркнуў: «А табе чаго кіснуць? Табе дык радавацца трэба». — «Як?» — не зразумеў Хведар. «А так! — нядобра засмяяўся яго таварыш. — Што кабаном не стаў». — «Якім кабаном?» — усё не разумеў Хведар. «Не ведаеш якім? Во, у тым уся справа, што ўжо не ўведаеш».
Хведар тады так і не зразумеў нічога. Толькі пасля, як яго вярнулі ў яшчэ горшае пекла — на тарфянішча за Сыктыўкарам, неяк у размове з вушлымі зэкамі ён папытаўся, што значыць гэтае слова, і ў яго пацямнела ўваччу. Аказваецца, так звалі таго наіўнага дзівака, якога падбівалі на ўцёкі, каб, калі скончацца прыпасы, пахарчавацца ім у тайзе. Гэта і ёсць
А ён столькі часу быў удзячны Вугру. Ён проста яго палюбіў найперш за давер і ўвагу. Так той апекаваў свайго кабана… Ну але ж гэта Вугор — закаранелы злачынец, забойца, чаго іншага было ад яго чакаць. А як во жыццё паставілася да чалавека, бы той Вугор, — неміласэрна, жорстка і вераломна?
А можа, гэта яму пакаранне за бога? За абразы, якія ён маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты? Спярша Ганулька іх прыхавала на гарышчы за комінам, але Міколка, дазнаўшыся, дастаў адтуль і пабіў аб вугол за свірнам. Маці плакала, а ён, Хведар, не ведаў, як паставіцца да таго. Трохі было і шкада святых, з якімі мінала жыццё, але зноў жа — калі тое робіць сын ад імя ўлады… Усё ж уладзе ён верыў. Лічыў, што там недзе, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя і справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без бога народу лепш, дык, мабыць, гэтак і трэба. Чаму лепш — ён зразумець не мог. Але ці шмат ён тады разумеў наогул, маючы ўсяго дзве зімы царкоўнапрыходскай школы. Затое ягоны сын меў аж сем класаў, мабыць, ужо ён разумеў больш.
Аднак жа бог пакараў яго, а не сына. Сына ён узнагародзіў быццам… А калі пакарае і сына?
Дождж і праўда ўсчаўся. Дробнае дажджавое сяйво з парывістым ветрам хвалямі хадзіла па лесе, асыпаючы ельнік; схавацца тут ад яго не было дзе. Мусіць, трэба было перайсці пад вышэйшую яліну, але навокал ляжала такая цемра, што было боязна ўстаць, каб не выкалаць вочы. Такой ноччу добрыя людзі па лесе не ходзяць, думаў панылы Хведар. Часам дождж пераставаў, нібы сціхаў зусім, добра, аднак, намачыўшы траву, абвіслае голле ялін, Хведаравы галаву і плечы. А затым пачынаўся зноў. Хведар ужо не кранаўся з наседжанага месца і не клаўся долу — сядзеў, згорбіўшыся і раз-пораз падрыгваючы ад сцюжы. Хоць было холадна, мокра і няўтульна, але ён трошкі адхалонуў душой — усё ж ноччу можна было не баяцца. З зацятым неспакоем ён чакаў золку, бо не ведаў, куды падацца ўдзень, дзе раздабыць харчу. Ды і наогул… Адчувала ягоная душа, што дзень прынясе новыя трывогі. Хоць бы не прынёс бяды.
Мусіць, аднак, пад раніцу дождж перастаў. Вецер жа ўсё не сціхаў — трэс долу дробныя кроплі з вецця, і ў лесе здавалася, што гэта прадаўжаецца дождж. Але неба над ельнікам паяснела ўжо, хоць і было змрочнае і хмарнае, — сумнае неба непагоднага восеньскага дня. Менавіта ў той час дзесьці паблізу пачалі каркаць вароны — так заўзята, што, здавалася, чутна было ва ўсім лесе. Нейкая невыразная трывога ішла ад гэтага іх нязмоўчнага крыку, і Хведар са злосцю ўслухоўваўся, думаў — якога д'ябла яны раскаркаліся? Ён ужо хацеў быў устаць і пайсці ў той бок, прагнаць іх, ці што? Але не было сілы ўстаць, хацелася сядзець так і сядзець, можа, нават прылегчы пасля тлумнай бяссоннай начы. Памалу развіднела, і ў лесе зблізку сталі відаць яловыя галіны, натапыранае сухое суччо ля камлёў, голы, абсыпаны ігліцаю дол. І раптам на гэтым доле ў ельніку з'явіўся аднекуль заяц, сюды-туды пакруціў вушастаю галавой, прысеў на заднія лапы і пярэднімі пачаў дбайна аціраць вусатую пыску. Хведара ён не бачыў ці, можа, палічыў за пень, і той не рашыўся варухнуцца, каб не спалохаць жывёліну. Мабыць, гэта яму ўдалося. Непатрывожаны заяц паволі, бы ў роздуме, праскакаў за пяць крокаў ад яго і схаваўся недзе ў ельніку.
А вароны ўсё надрываліся — нападалі на каго ці проста сварыліся ў сваёй варонняй зграі, — мусіць, таксама нейкія ў іх непаладкі, падумаў Хведар. Як у людзей. Але, мабыць, такіх, як у людзей, не бывае ні ў якіх істотаў. Тыя калі дзяруць каго, дык каб з'есці, а гэтая — хіба каб задзерці і кінуць. І ўзяцца за наступнага. Усё ж лютая істота чалавек!
Можа, ён так і сядзеў бы ў тым ельніку, дзе было хоць і мала ўтульна, але ціха і спакойна, калі б не голад. Голад падцінаў ягоны жывот, аж балюча было пад грудзямі, і ён усё думаў-думаў: ну што б знайсці з'есці? У лесе, мабыць, ужо нічога знайсці было нельга, хіба што грыбы. Грыбоў ён мог бы тут назбіраць, асабліва на імшарыне каля балота, ды сырыя іх не з'ясі, а ўдзень паліць касцярок ён асцерагаўся. І тады ягоныя думкі ўсё часцей пачалі туліцца да вёскі, да той ігрушыны на ўзлеску, ля якой ён ужо частаваўся. Грушкі былі нічога сабе, мо з гэтай начы нападала болей, мабыць, варта туды схадзіць.
Ён добра намок, пакуль выбраўся з ельніку, — кожная яліна сыпала на яго жменю сцюдзёных кропляў, нізкае вецце выцірала сваю дажджлівую вільгаць аб яго і без таго змакрэлую вопратку. Ну але што зробіш — трэба было трываць. Макрэдзь і сцюжу трываць было звыкла, каб яшчэ навучыцца гэтак жа трываць голад. Ды голад, мабыць, не можа стрываць ніхто. Ні чалавек, ні жывёліна. Голад — гаспадар над усімі.
Хведар памалу ішоў па лесе, выбіраючы болей адкрытыя, без падлеску мясціны, усё ж каб меней мокнуць ад вецця. Чамусьці ён падумаў з цікаўнасцю: які сёння дзень? Зусім згубіў лік дням і не мог адрозніць святое нядзелі ад будняў. З сённяшняй ночы пасялілася ў яго адчуванні нейкая загадкавая туга. Ён не ведаў, чаму так — ці ўчора надта засмуціла нядобрая вестка пра сына, ці ўсур'ёз растрывожылі тыя пярэймы на бульбянішчы? Ці яшчэ што. А мо во гэты варонні гвалт, які і цяпер чуваць быў адсюль, з старога лесу. Мабыць, не падзяліла чаго вараннё, думаў Хведар.
Усё ж ягоны слых за гэтае бадзянне па лясах стаў дужа чуйны, ён выручаў не раз, не падвёў слых і цяпер. Яшчэ не дайшоўшы да ўзлеску з грушай, Хведар заўважыў якійсь неспакой на ўзлессі, а затым і спыніўся. З-за кустоўя ўжо віднеліся слупы на дарозе, зялёныя лапікі руні, шэры восеньскі ўзмежак. Якраз на гэтым узмежку непадалёк ад ігрушыны стаялі два чалавекі — адзін у шэрым будзённым пінжаку, а другі ў такой жа рудой, як і ў яго, саматканай паддзёўцы, — адзін другому даваў прыкурыць. Як той, што прыкурваў, падняў ад запалкі галаву, Хведар адразу пазнаў Міхалінінага Шурку, маладога хлопца, Міколкавага дружбака, якога некалі выключылі з камсамола. Другі стаяў да лесу спіной, і Хведар не мог разгледзець яго. Пасля, закурыўшы, абодва яны ўставіліся позіркамі некуды ўбок, адкуль данеслася некалькі слоў нягучнай размовы, і Хведар таксама пасунуўся за кустом. Яму адкрыўся наўкось добры прасцяг узлесся і на ім чалавек шэсць, што пасталі ў рад крокаў праз дваццаць адзін ад аднаго — чагось чакалі. То былі ягоныя аднасяльчане, маладзейшыя і двое старэйшых. У бліжэйшым з гэтага раду Хведар пазнаў Міхася Майстронка, што жыў якраз насупроць ягонае сажалкі, і Хведаравы гусі часам рабілі на ягоным гародзе шкоду; тады між імі былі дзве ці тры малапрыемныя сутычкі, а так жылі між сабой някепска. За ім таптаўся па ўзмежку схуднелы і пастарэлы, з сівымі скронямі пад чорным картузом Лёкса Саўчык — у даўгім армяку, з пугаўём у руках. Божа, во і сустрэўся, пабачыўся, паныла падумаў Хведар. Але чаму яны тут пасталі, каго чакаюць? І тады яму бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны — па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне. Як зімой палююць на воўка з сцяжкамі. Толькі гэтыя цяпер без сцяжкоў. Бо ён не воўк — ён чалавек, з ім можна і прасцей.
На дрыготкіх нагах Хведар паціху патрухаў у глыб лесу. Усё ў ім калацілася ад крыўды, ад прадчування хуткай бяды. І нічога не зробіш, нічога не скажаш, нічым не апраўдаешся. Ён мог толькі бегчы, уцякаць, як звер. Але не як чалавек. Чалавек бы не ўцякаў ад людзей, ён бы нешта сказаў, і яго б паслухалі. Значыць, ён