капаць. Ды што — на Іллю, якая там бульбачка! Арэхі…

— Во як?

— Ну. А што ж ты не ведаеш? Ці ў вас там не было голаду? — стары ўтаропіўся ў яго дакорлівым позіркам.

— Дык як вам сказаць? Было…

— Ну, аднаго і паратунку, што кароўка. Малачко! Ды і тое здаць трэба. Дзвесця літраў. І мяса, і яйкі. І воўну. Зімой асмалілі падсвінка, дык штрафу далі пяцьдзесят рублёў.

— За падсвінка?

— Анягож. За скуру. Скуру ж трэба здаваць. А ў вас хіба не такія парадкі?

— У нас? Ды як вам сказаць? Строга, але, можа, не так, — трохі збянтэжыўся Хведар — ён не ведаў, як адказаць старому. Ці ўсюды было так, як тут? Ці, можа, у іншых мясцінах было трохі інакш. Мусіць, стары гэта зразумеў па-свойму.

— Я і казаў: нідзе няма так пагана, як у нашым раёне. Нягоднае кіраўніцтва нягодныя людзі. Ці ж можна так: за якую нядоімку — апошнюю карову. А малыя? Як ім без малака? Памруць. Ці мала іх памерла ўлетку. І малых і старых. Во бадзяюся па лясах з гэтай, — ён тузануў вяроўчынай. — Каб не адабралі. Бо плаціць жа падатак няма чым.

— Бяда, бяда, — раздумна паспачуваў старому збянтэжаны Хведар, якому яшчэ ні з кім не давялося гутарыць аб тутэйшых парадках, даведацца, як жывуць гэтым часам ягоныя землякі. Стары быў першы, і яму хацелася шмат пра што папытацца ў яго, хоць ён і баяўся выклікаць якое падазрэнне да сябе — усё ж чужы чалавек.

— Бяда, анягож.

— Можа, трэба было паскардзіцца? Жалабу куды напісаць? — асцярожна параіў Хведар.

Стары зласнавата ўхмыльнуўся ўсім сваім касмылявым тварам.

— Каму жалабу? Начальству? Дык яны ж самі ў нас як звяры. Прыедзе каторы… Вунь гэны Роўба: усё мацюгом ды пагрозай, Сібірру палохае…

Хведар знянацку адчуў, як закалыхалася пад ім зямля і коса паплыло кудысь поле.

— Роўба?

— Ну, Роўба. Цяпер жа ён парцейны сакратар. Малады, а нібы той цівун! Ад бацькі адмовіўся. Бацька ж яго раскулачаны ў Нядолішчы, дык адмовіўся. Казалі, і прозвішча меўся мяняць, каб анізвання…

Хведар, здалося, уязджаў у зямлю, якая ўсё плыла, гойдалася навакол. Ён ужо кепска чуў, што яшчэ казаў стары, які гаварыў і гаварыў — скардзіўся, мабыць, на парадкі ў раёне. Хведар яго не слухаў. Ён так нечакана ўчуў тое пра сына, з такім нутраным болем уразіла яго тая навіна, што ён анямеў на хвіліну. Болей не мог ні пра што пытацца, толькі самотна паглядзеў на шырокі абсяг руні, за якой на пагорку віднеліся стрэхі недалёкай вёскі, і моўчкі пайшоў па ўзлеску. Пра хлеб так і не папытаўся… Ён ужо не мог нічога прасіць, пайшоў прэч, як пабіты сабака. Ішоў і думаў: нашто прыйшоў сюды, зачапіў гэтага старога! Лепш бы ён не ведаў нічога ні пра тутэйшае жыццё, ні пра сына. Жыў бы, як раней, аднымі сваімі бедамі, што гадамі насіў у сабе. Нашто яшчэ да іх дадаваць і гэтыя? Як з імі жыць у сваёй спарахнелай душы?

Хаця якое ўжо там жыццё…

Зусім няўцямны да наваколля, ён далёка адышоўся па ўзлеску ад старога з каровай, ні разу не азірнуўшыся на яго; пасля зайшоў глыбей у лясцвяны лес і апусціўся ў высокую папараць. Тое, што ён чуў пра сына Міколку, напачатку бянтэжыла, збівала з тропу. Ну хай адмовіўся ад раскулачанага бацькі, навошта ж так да людзей? І яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага? Як тады жыць у будучым? Што ён скажа сваім дзецям, калі тыя будуць у яго? Дужа яму няпроста было зразумець сына, якога ён не бачуў сем год, і тое, што ён пачуў пра яго, адно бянтэжыла і абурала.

Малы Міколка быў жаласлівы да жывёлы, неяк усю зіму трымаў у клетцы пад ложкам бедалагу-курачку, якая зламала нагу. Дужа шкадаваў маці, як тая хварэла на рожу. А як вырас, мусіць жа, гэтак аддана палюбіў камсамол. Можа, і не сам камсамол, як тую гарластую мітусню, якой з захапленнем займаліся маладыя — ад суму і самоты, — седзячы зімой у цёмных, завеяных снегам вёсках. Усё нешта выдумвалі, выконвалі, засядалі, абмяркоўвалі і прымалі рэзалюцыі. З усёй іх ячэйкі асабліва актыўнічалі Міколка і ягоны аднагодак Шурка, адзіны сынок у бяднячкі-ўдавы Міхаліны. Аднойчы яны прынялі рэзалюцыю, каб зняць абразы. Канешне, дамагчыся таго ва ўсёй вёсцы, як ім хацелася, хлопцы не мелі сілы, тады пастанавілі зняць хоць бы ў сваіх бацькоў. Тое было прасцей, але, мусіць, таксама не надта, бацькі іх не дужа слухаліся. Хведар глядзеў на хлапечую задуму даволі памяркоўна — што тыя абразы! Праўда, вісяць у куце, нікому не замінаюць, але і карысці з іх таксама няма ніякай. А Гануля заўпарцілася, і Міколка яе ўгаворваў ад каляд да самага вялікага посту. Усё ж дамогся, аднойчы пазнімаў і абразы, і ручнікі з іх, замест павесіў партрэт Карла Маркса; ручнікоў, аднак, вешаць не стаў. З таго часу вісеў у куце барадаты чалавек, таксама ні карысці з яго, ні шкоды. Міколка ж быў задаволены, ну і добра.

І тут пад вясну выпадкам камсамольскі сакратар дазнаўся, што ў Шуркі застаўся адзін абраз, вісіць на покуці. Міколка сабраў камісію з трох чалавек, і яны пайшлі ў хату да Шуркі абследаваць. Аказалася, што так яно і ёсць, як казалі: абраз архангела Гаўрыіла вісіць сабе, дзе і вісеў, Міхаліна, Шуркава маці, плача, нізашто не дае знімаць, і Шурка нічора зрабіць з ёй не можа, такі аказаўся мяккацельны камсамолец. Міколка тут паставіўся крута. Думалі, ён скіне абраз, а ён абраз не чапаў, а сабраў камсамольскі сход і, не зважаючы на даўняе сяброўства, дамогся, што Шурку выключылі з камсамола. Хведар трохі падзівіўся з таго і неяк увечары мякка папракнуў сына. Сказаў, ці не занадта сурова яны паставіліся да свайго ж вясковага хлопца, як Міколка яму адказаў з нечуванаю раней строгасцю ў голасе: «Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок!» — «Ну-ну!» — зважліва сказаў сабе бацька і пайшоў па сваіх хатніх справах. На тыя сынавы клопаты ён глядзеў тады, бы на дзівацтва малых. Малое — дурное, падрасце — паразумнее.

Мабыць, аднак, паразумнеў па-свойму.

Разважыўшы, Хведар пачаў спакайнець, думаць інакш: а можа, цяпер так і трэба. І ў ссылцы ён даволі нагледзеўся на ўсялякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую строгасць і жорсткасць без мэты, ці якія мелі адну мэту — здзек. Але дабрыня, мусіць, там, дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэйшых да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня! Мусіць, навек адышла дабрыня з мінулым часам, на змену ёй паявілася нешта новае — жорсткае і няшчаднае. Ягоны разумны Міколка, мабыць, хутка засвоіў тое. Калі ён цяпер стаў такі, значыць, такім стаць было трэба. Асабліва калі ён не па сваёй злосці, а з дзяржаўнай патрэбы. Значыць, іначай нельга. А што выракся бацькі… Крыўдна, канешне, і балюча, ды што зробіш? Можа, ён адрокся таму, што бацька быццам памёр і ніколі не дазнаецца пра тое. Прынамсі, для яго, сына, сапраўды памёр, калі за шмат год ад таго — ні ліста, ні якой выпадковай весткі. Можа, так сыну лепей. Зноў жа — кулак!.. Мабыць, бацьку ўжо тым не нашкодзіць, а сын пажыве, можа.

І ўсё ж было крыўдна, балюча было Хведару, хоць плач.

Калі пачало вечарэць, ён падняўся з папараці, агледзеўся. Скрозь у целе была вялікая слабасць, ногі зрабіліся тоўстыя, бы кулі (ці не пачалі пухнуць?), і неяк цягнулі ўніз. Ён зноў памалу пайшоў праз гушчар на ўзлесак і па-над рунню патупаў у бок бульбянога палетка.

Сонца тым часам ужо сышло з небасхілу, схавалася за вяршаліны лесу, але неба над полем яшчэ поўнілася ягоным нізкім святлом, у якім вольна плылі кудысь пульхныя аблокі. Як Хведар і прадбачыў, бульбу на палетку ўжо ўсю выбралі, ні жанчын, ні коней нідзе не было відаць, толькі воддаль бугрыўся адзіны, накрыты саломай бурт. Ну але бурт яму не патрэбны. Трохі адышоўшыся ад канца загона, Хведар разгроб рукамі ўзараную баразну, калупаўся ў зямлі. Не, тут не было нічога, мабыць, усё падабралі. Тады ён адышоўся далей, перагарнуў у двух-трох месцах зямлю, знайшоў перарэзаную лемяхом палавіну бульбіны. Падняў галаву, агледзеўся — быццам нідзе нікога. Ён прайшоў трохі ўбок па загоне, дзе валялася ў барознах раскіданае каліўе бульбоўніку, падумаў, што, можа, што-нішто засталося. Капаў у некалькіх месцах, а знайшоў усяго чатыры бульбіны. Канешне, можна б дайсці да недалёкага ўжо бурта, набраць там у кішэні, але ён не хацеў надта аддаляцца ад ягонага выратоўцы-лесу. Дый зноў жа — красці калгаснае? Красці ён не хацеў, ён мог толькі ўзяць пакінутае, нічыё, што спрадвеку людзі не лічылі за грэх. Цяпер тым болей. Таропка пакапаўшыся ў зямлі, знайшоў яшчэ тры невялічкія бульбіны і спалохана азірнуўся. Ад узлеску ў напрамку да яго шырока сігалі па бульбянішчы дзве мужчынскія постаці. Сцяміўшы ўсё адразу, ён выпусціў з рук толькі што знойдзеныя бульбіны і таропка падаўся ўбок — наўкось цераз палетак, да лесу. Тыя таксама збочылі яму наперарэз — адзін пажылы, у ватоўцы і ботах, а другі, маладзейшы і цыбаты, у кепцы на галаве з даўгім насунутым на лоб казырком. Хведар ужо зразумеў, што справа яго — дрэнь, што тыя ловяць яго. І

Вы читаете Аблава
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату