Многа прайшоў ты, нябожа!» Сеў і мацуецца, каб не заснуць, — Ведаў, што стацца тут можа… Звіўся клубочкам і ціха сядзіць; Лёгкасць на сэрцы такая… Толькі мяцеліца вые, шуміць, Песні яму напявае: «Спі, мой Сцяпанка, дзіцятка маё, Я тут тваёю ўжо паняй! Гэткай пасцелі не меў за жыццё, Ў гэткай — і конь твой, і сані. Сына спяшыш ты, сляпы, ратаваць? Ну, і нашто ж гэтак рвацца?! Лёгка ж табе было век гараваць, З мачыхай-доляй змагацца? Я ашчасліўлю, мой братка, цябе, Ўбачыўшы быццам у небе; Гора, бяда не падойдзе к табе, Думаць не трэба аб хлебе. Спі! Знаю, крыўды не раз зазнаў ты, Братам не быў між братамі. Я пашкадую цябе, сіраты, Буду галубіць снягамі… Меў жа прыпынак ты зносны калі, Гонячы быт свой цыганскі? Я з гулкай песняй: «Ай, люлі-люлі!» Спраўлю начлег табе панскі, Скончу я песеньку, байку сваю, Зоры пачнуць усміхацца, Будуць глядзець на спакойнасць тваю, Будуць табой уцяшацца!..» Гэтак над сонным завея пяе, Гэтак яго калыхала; I, што ж вы скажаце, людзі мае? — Сцёпку навекі прыспала. . . . . . . . . . Збегла па гэтым дзён нешта са тры, Тры дні — а шмат даказалі: Ў Сцёпкавай хаце удвух сталяры Дзве дамавіны збівалі. З іх адну збілі для костак старых, Сына ў другую злажылі — I пахавалі па-божаму іх, Родных, навекі ў магіле. Сходзіўся ўдоўку пацешыць народ, Братнім слаўцом адзываўся: «Маеш адзін хоць расход і заход, Крыжам адным абышлася!»
Вы читаете У Піліпаўку
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×