- 1
Аркуш Алесь
Нестар эсэссэрыi (на белорусском языке)
Алесь Аркуш
Нестар эсэссэрыi
У таталiтарнай Беларусi быў, бадай што, адзiны сапраўдны яе песьняр Вiнцэсь Мудроў. Нiхто так, як ён, не захапляўся ўчорашнiм сацыялiзмам, з такой адданай любоўю не занатоўваў усе яго сацыяльныя праявы, гiсторыi, показкi. Пры гэтым не разьлiчваў на якiясь ганарары, членскi бiлет СП, месца ў прэзыдыюме i ляўрэацкiя вянкi. Крэмзаў сабе ў сваiх вучнёўскiх сшытках, час ад часу ладзячы сяброўскiя чытаньнi, на якiх прысутныя аж заходзiлiся ад рогату. Такi пясьняр мог зьявiцца: па-першае, на пэрыферыi, дзе ня трэба прыкладаць намаганьняў, каб заставацца нонканфармiстам (ты ўсё роўна нiкому не патрэбны); па-другое, у адпаведным асяродзьдзi (наконт гэтага ў Наваполацку ўсё было о'кэй); па-трэцяе, у сям'i, якая ня мела б нiякага дачыненьня да мастацтва (каб не патрапiць у наежджаную каляiну i не эстэтызаваць свой мастацкi сьвет). Не выпадкова менавiта Мудроў стаўся галоўным стваральнiкам лiтаратурнага самвыдавецкага альманаху 'Блакiтны лiхтар', пятнаццаць нумароў якога былi выпушчаныя ў Наваполацку 70-х гадоў.
У краiне пiянэрскiх гальштукаў i камсамольскiх сходаў патрэбная была прадушына. Дзялянка, на якой можна было праяўляць сваю бунтарскую сутнасьць, зьдзяйсьняць свой беларускi чын. (Iснуе легенда, што вучань Вiця Мудроў знайшоў аднойчы ў кучы школьнай макулатуры падзёрты зборнiк вершаў Максiма Багдановiча, вырашыў пазьдзекавацца з вахлачых беларускiх вiршаў i пачаў уголас дэклямаваць адзiн зь iх. Эффект атрымаўся неверагодны - 'мяшанец' Витя Мудров стаўся беларусам Вiнцэсем Мудровым.)
Аднак ягоная схiльнасьць да жартаўлiвага ўспрыняцьця беларускага сацрэалiстычнага слова засталася. Ён знаходзiў у творах беларускiх пiсьменьнiкаў, аўтараў 'Маладосцi', 'Полымя' etc., мясьцiны (балазе iх хапала ўдосталь), перачытваючы якiя, рваў сьмехам бакi. Сваiмi знаходкамi аматар беларускага краснага пiсьменства дзялiўся з сябрамi, нават наладжвалiся грунтоўныя чытаньнi чарговай мудроўскай ахвяры. Атрымлiвалiся сапраўдныя вечарыны гумару. Высьмейвалася ўгодлiвае, партыйна-прымiтыўнае, яўна хлусьлiвае бытапiсальнiцтва, непiсьменнасьць, спэкуляцыя на 'гераiчнай' тэме. Найбольш 'удалыя' радкi перасыпвалiся зьедлiвымi камэнтарамi чытальнiка, яго дасьцiпнымi тлумачэньнямi мастацкай канцэпцыi аўтара, фантазiямi i рэфлексiямi.
Так нараджаўся пiсьменьнiк Вiнцэсь Мудроў. Але я нiколi не пагаджуся, што ён аўтар гумарыстычных твораў. (Гэтая часовая нiша была прыдуманая сябрамi Мудрова, каб яго аповеды ўсё ж траплялi на старонкi беларускiх выданьняў.) Гумар у яго прозе выкарыстоўваецца як прыём, як мастацкi сродак. Мудроў ня ставiць перад сабой задачу павесялiць людзей, прапанаваць iм твор для баўленьня часу. Мэта празаiка больш сур'ёзная i дзёрзкая. I калi, напрыклад, Оруэл пужае сацыяльнымi наступствамi дэспатычнага рэжыму, дык Мудроў iмкнецца паказаць усю яго абсурднасьць, i ў той самы час эфемернасьць, бо ствараем таталiтарызм мы самi, сваiм канфармiзмам, бязвольлем, лайдацтвам. Мудроў нiчога не вынаходзiў. Ён узяў i гепэрбалiзаваў усе тыя мастацкiя прыёмы, якiя выкарыстоўвалi апалягеты сацрэалiзму. Абсурднасьць i марнасьць жыцьця чалавека-шрубкi ў таталiтарным грамадзтве пад пяром Мудрова выяўляюцца настолькi, што гэтае жыцьцё ўвогуле падаецца нейкiм саркастычным зьдзекам з iснасьцi i прыроды. У гэткага жыцьця цалкам адсутнiчае будучыня. Герой яго твораў або бязвольна перасоўваецца ад адной бессэнсоўнай жыцьцёвай падзеi да другой, або, як толькi ў яго нараджаецца мара (няхай сабе пра ненаселены востраў на возеры Асьвея, цi вучобу ў мараходцы) i ён пачынае iмкнуцца да яе, адразу патрапляе ў канфлiкт з акаляючым абсурдным сьветам i, ўрэшце, абавязкова губляе нават тое, што меў. А калi герой пачынае дамагацца нейкай справядiвасьцi, зьяўляецца прадстаўнiк дзяржавы, надзелены ўладнымi паўнамоцтвамi, i нахабна, адчуваючы поўную беспакаранасьць, дабiвае героя. Што заставалася яму рабiць? Адчуваць сябе прусаком, не выторквацца, чытаць i сур'ёзна абмяркоўваць чарговы твор 'важдзя', хадзiць на бязглуздыя дэманстрацыi, агучваць яшчэ больш бязглуздыя лёзунгi, iмiтаваць стваральную працу на прадпрыемствах або ў калгасах - i дэградаваць. Так грамадзтва цалкам i пасьлядоўна тупела, пачынаючы ад пiсьменьнiкаў i канчаючы пастухамi.
Вось такiя ў Мудрова 'жарцiкi'. I таму нiякi ён не гумарыст, i 'Вожык' няхай на яго не спадзяецца. Працы ў змагароў з таталiтарызмам хапае i сёньня, бо Беларусь яшчэ далёка да цывiлiзаванае краiны. Толькi працярэблiваем новы шлях. З пакутамi i бясконцымi хiстаньнямi. Мудроў жа застаецца адданым сваiм перакананьням i мастацкай мiсii. Пасьля двух афiцыйных кнiжак (у год саракагодзьдзя 'маладога' празаiка) ён не падаўся ў СП, а ўвашоў у Таварыства Вольных Лiтаратараў. Рэдагуе творы для тэвээлаўскiх 'Калосьсяў' i 'Ксэракса Беларускага', i пiша пераважна для гэтых незалежных выданьняў. (Ад каго незалежных? Ад дзяржавы.) Як i раней, пасьмейваецца з твораў беларускай сучаснай лiтаратуры, адстойвае Беларушчыну на старонках наваполацкай 'Новай газеты', у якой працуе, прафесiйна малюе палiтычныя карыкатуры (асаблiва ўдала ў яго атрымлiваўся сп. Кебiч), вывучае альбанскую мову (Альбанiя - ягонае другое пасьля лiтаратуры захапленьне), сьпявае песьнi Валерыя Абадзiнскага, зьдзекуецца са сваiх сяброў, любiць балбатаць нi аб чым, але баiцца вялiкiх кампанiяў, нiколi не здымаўся на тэлебачаньнi (колькi нi ўгаворвалi) i не даваў iнтэрвiю радыёжурналiстам, нават на тэвээлаўскiх iмпрэзах прысутнiчае рэдка, у час перадвыбарнай прэзыдэнцкай кампанii зьбiраў подпiсы за Пазьняка.
Калi б мяне спыталi - дык што ж урэшце пiша Мудроў i якая ў яго сапраўдная нiша? - я адказаў бы: Мудроў бацька беларускага сацарта. Пачытайце яго ўважлiва, i вы адчуеце, як пазбаўляецеся шаблённага ўспрыняцьця навакольнай рэчаiснасьцi i незамглёнымi вачыма пачынаеце дэталёва распазнаваць ўвесь абсурд жыцьця чалавека-шрубкi.
1994 г.
- 1