спецыялістаў, і ніхто гэтым не цікавіцца. Калі ён спытаў у мяне, хто там спецыяліст, дык і я ня ведаў. Можа іх і праўда няма.
Будзьце ласкавы, не адкладаючы напішыце мне пра ўсё гэта. Пэўна трэба пагаварыць з Сіманоўскім. Покуль што нічога пра гэта не гаварыце, каб не зрабілі якога-небудзь нетактычнага запытання. Ён гэтага надта ня любіць.
У пачатку мая я прыеду у Мінск працаваць у архіве, але было б лепш, каб Вы маглі напісаць мне, пакуль я буду яшчэ тут.
21.III. 1962
К.І. Шабуне
Канстанцін Іванавіч!
3.ІІІ.64 г. з мяне зрабілі доктара. Прайшоў я аднагалосна. Апанентамі былі М.В.Нечкіна, Ю.І.Жугжда і А.Л.Шапіра. Найбольш важныя заўвагі зрабіла Нечкіна, якая лічыць, што я павінен быў сфармуляваць значна больш тэарэтычных вывадаў… Я сказаў, што такі раздзел у мяне быў напісаны, але я ня мог абгрунтаваць свае вывады статыстычнымі матэрыяламі, і таму выключыў іх са свае працы. Калі дасць Бог буду жыць, то паеду ў Вільню, вазьму фонды Тышкевіча і напішу манаграфію пра ўзнаўленне сялянскай гаспадаркі. Між іншым, калі хто хоча напісаць добрую манаграфію на гэтую тэму ці наогул пра магнацкую гаспадарку, няхай бярэ гэты матэрыял, бо пэўна ў СССР падобнага няма.
Пасля абароны быў, ведама, банкет, а пасля банкету я, ведама, хварэў, а зараз ніяк не магу выспацца, тым больш, што тэрмінова рыхтую кнігу для выдавецтва.
Вялікі дзякуй Вам і ўсяму калектыву, і ўсім асабіста, хто чытаў рукапіс і хто адзначыў яго добрым словам.
Скора пэўна буду ў Мінску.
8.III.1964 г.
Улашчык
Ю.В. Бібіла
Юлія Восіпаўна!
Дзякуй за кнігу. Шкада, што бібліяграфія толькі руская. Колькі яшчэ чакаць на загранічных мовах.
Паслаў у Мінск нешта з дзесяць сваіх кніг (у тым ліку і Вам), але дагэтуль няма ніводнага паведамлення аб атрыманні. Ці дайшла яна да Вас? Пасля моцнага націску беларускі Кнігагандаль згадзіўся даць заказ на 400 экз. маёй кнігі. Ці ня будзеце Вы ласкавы зайсці ў кніжную краму паглядзець, ёсць яна там ці не, а калі ёсць, то ці купляе хто. Сам я ўжо купіў цэлы стос.
Скора выходзіць з друку 29 том Поўнага збору рускіх летапісаў. Сярод усяго іншага там апісаны паход Івана IV на Полацак і выкладзеныя матывы, чаму неабходна было яго заваяваць: у Літве пашырылася лютарская ерась, якую неабходна было знішчыць, а разам, ведама, спаліць гарады і знішчыць насельніцтва. Нават ня ведаю, якім чынам паведаміць чытачам Беларусі пра гэтыя матэрыялы. Мне самому пісаць не выходзіць, бо я рэдактар значнай часткі гэтага тому.
Неяк пісаў Вам, прасіў пахадайнічаць, каб Бібліятэка прыслала мне нумары 10,11 «Летапісу» за мінулы год, але Вы не адказалі. За гэты год покуль прыйшоў толькі першы нумар (ужо па падпісцы). Пэўна ўжо выйшаў і другі, але вестак пра гэта няма.
Бывайце здаровы. Грамыка надта ўзрушаны, што ізноў надрукаваны яго вершы.
22.V.1965 г.
Галоўнаму рэдактару газеты «Правда»
Галоўнаму рэдактару газеты «Правда»
Нядаўна быў у Мінску. Там на Цэнтральнай плошчы пабудаваны будынак Дзяржаўнага рэспубліканскага музею. Будынак будавалі спецыяльна для гэтага музею, будавалі вельмі доўга, а пакуль ішло будаўніцтва, — збіралі экспанаты, заклікаючы грамадзян дастаўляць у будучы музей хто што можа, і грамадзяне адгукнуліся на гэты заклік.
Калі музей напалову асвоіў будынак, камусьці прыйшло ў галаву перадаць яго Музею Айчыннай вайны, а Дзяржаўнаму музею прапанаваць будынак гэтага музея. Ня ведаю, хто аддаў такое распараджэнне, можа і ніхто, проста было выказана пажаданне зрабіць вось так, а хтосьці прыняў гэта як дырэктыву, але магчыма было і распараджэнне. Сітуацыя атрымліваецца больш чым дзіўная. У дзяржаве, дзе гаспадарка планавая, выпадковае распараджэнне або нават проста пажаданне вядзе да таго, што музей, які ствараўся добры дзесятак гадоў, і на які патрачана столькі сродкаў, мусіць згортвацца (новае памяшканне ня змесціць і трэці экспанатаў, у той час як Музей Айчыннай вайны зойме ня больш за палову перададзенага яму будынка). Пераезды музеяў, пераробка будынкаў будуць, відаць, каштаваць мала менш за тое, што каштаваў бы новы будынак для Музея Айчыннай вайны, і ці не трэба было падумаць у свой час, што гэтаму музею патрэбны новы будынак.
Чаму так лёгка растрачваюцца народныя грошы, чаму спусташаецца навуковая ўстанова, якая нават ня стала яшчэ як след працаваць, чаму, у рэшце рэшт, гэта робіцца без удзелу грамадзкасці.
1 чэрвеня 1966 г.
М.Улашчык,
доктар гістарычных навук
Масква А-252
Новапясчаная д. 21 кв. 19
С.П. Шушкевічу
Станіслаў Пятровіч!