Вітаю Вас з выхадам новай кнігі, а зараз дзякую, што прыслалі [яе] мне. Літаратурнае жыццё Беларусі ведаю такі кепска, на ўсё не стае. Найбольшае ўражанне на мяне зрабіла «Палеская хроніка» Мележа. Мне здаецца, што аўтара, які б так ведаў і так паказаў вёску, як Мележ, у Саюзе можа і няма.
Пісаць пра перажытае нам трэба, але шмат пра каго, што Вы запыталі, я ведаў зусім мала. З Бабарэкам ехаў ад Масквы да Вяткі і жыў там з тыдзень разам (1931 г.), а ў 1935 годзе ўлетку бачыўся яшчэ трохі, але гэтага замала, каб сказаць што-небудзь апрача таго, што ён быў вельмі разумны і прыемны чалавек. Зараз у Маскве жывуць яго жонка і адна дачка, а другая дачка ў Ленінградзе. Адрас відаць ёсць у маёй сястры Ніны (Кахоўская, д. 28, кв. 65).
З Пічэтам у тыя гады ў Вятцы бачыўся адзін раз, і таму таксама нічога сказаць не магу, хіба [тое], што ён там быў нарміроўшчыкам нейкай каапэратыўнай гаспадаркі. Зараз тут жыве ягоная жонка, але яна пісаць нічога ня будзе. Часта спатыкаўся я з Пічэтам у 1944-47 г., жывучы ўжо ў Маскве. А.Ліс прапанаваў мне нават напісаць невялікую кнігу пра Пічэту, але ў мяне зараз выйшла так, што я не паспяваю са сваімі планавымі заданнямі, і таму адмовіўся.
У 1931 г. у самым пачатку жніўня Азбукін, Гурскі (дырэктар тэатру), Міцкевіч (пэўна таксама Ваш настаўнік, матэматык) і яшчэ некалькі выехалі з Вяткі, каб ехаць на поўдзень сучаснай Кіраўскай вобласці. Мы даехалі чыгункаю да Кацельніча, дзе спаткаліся з Савічам (той, што працаваў у «Беларускай вёсцы») і Жылкам, які на той час прыехаў з Менску. У Кацельнічы мы думалі-думалі як ехаць, а ўрэшце зрабілі так, як там рабілі тубыльцы: купілі вялікую лодку і паплылі. Плылі 6 ці 7 дзён, адзін раз ледзьве не ўтапіліся (нас зганяла на плыт, ці пад плыт), але ўрэшце даехалі. Я з Азбукіным жыў у горадзе Налінску (гэта 20 км ад ракі Вяткі), а цераз Вятку кіламетраў за 60 ад нас, у Уржуме, жыў Жылка. Азбукін неяк адразу пасля прыезду стаў настаўнікам у ШКМ (школе сялянскай моладзі), дзе выкладаў прыродазнаўства, а пазней быў адначасова і загадчыкам краязнаўчага музэю. З вясны па зіму 1932 г. ён збіраў гербарый і сабраў нешта 600 розных раслін. Гэта ўсё знаходзілася ў музэі, а пасля яго ад’езду ў Вятку (1934, ці 1933 г.) гербарый аддалі карове. У Вятцы Азбукін таксама быў настаўнікам і трохі займаўся навуковымі доследамі, але гэта так-сабе, бо друкаваць было немагчыма, нават каб што і добрае.
У Вятцы (ці, у той час, у Кіраве) ён прабыў, здаецца, да лета 1936 г., а пасля пераехаў ва Ульянаўск, які тады быў яшчэ раёнам. Там ён пачаў таксама працаваць у сярэдняй школе выкладчыкам геаграфіі. Стаў збіраць гербарый і розных казюрак, рабіў невялікія экскурсіі каля гораду (за Волгаю там пачынаецца стэп), пасябраваў з дырэктарам музэю, але ўсё гэта было ізноў-такі так-сабе, бо сапраўды навуковаю працаю займацца было нельга.
Улетку 1937 г. я паехаў уніз па Волзе і спыніўся ў сяле на мяжы з Казахстанам, а Азбукін рушыў далёка на ўсход і даехаў да Таджыкістана, дзе і загінуў у пачатку вайны.
Старэйшая яго дачка, казалі мне, працуе ў Ленінградскім універсітэце, але яна мала ведала бацьку (прыязжджала трохі ў Налінск і Ульянаўск), тым болей, што яе бацькі разышліся, калі яна была малая. Другая дачка ад другой жонкі, казалі, недзе працуе каля Разані садаводам, але яна была зусім малая, калі загінулі бацькі, і пэўна таксама нічога ня ведае, ці, інакш кажучы, ня памятае пра бацьку.
У жыцці Азбукін быў, што завецца, «лёгкі» чалавек, звычайна ў добрым гуморы. Ён шмат што ведаў і быў бы, пэўна, добрым вучоным.
З Максімам Гарэцкім спатыкаўся толькі некалькі разоў і сказаць пра яго няма чаго.
З вясны 1931 г. па 1936 ці 1937 г. у Вятцы жыў Н.Чарнушэвіч. Але ж ён жыве ў Мінску, і найлепш было б зайці да яго самога, тым больш, што ён хворы і бывае надта рады, калі да яго хто зойдзе. Можа як дзіва для Вас, скажу, што ён адзін час быў дацэнтам фізікі ці біяфізікі ў Вяцкім (здаецца вэтэрынарным) інстытуце. Каб весці заняткі, ён працаваў ня менш за 20 гадзін у суткі. Скончылася гэта тым, што ў яго сталіся глыбокія каверны, і дактары ў 1932 г. сказалі, што ён праз месяц ці два памрэ. Працу ён, ведама, пакінуў, але, зарабіўшы грошай, наказаў насіць яму малака і штодня па кавалку масла. Піў гарачае малако з маслам, і вось жыве да гэтага часу.
З Уржуму некалькі разоў званіла мне жонка Жылкі. Яна пакінула яго прыблізна ў чэрвені 1932 г. і паехала ў Ленінград (прыехала ў Уржум у верасні 1931 г.). Жылка прысылаў мне свае апошнія вершы і пераклады са скандынаўскіх паэтаў. Прыслаў і свой «Тэстамэнт», з якога памятаю толькі адзін радок: Умыйся чэрвенскім дажджом, жыві, расці, цвіці бясконца.
Усё гэта ў свой час загінула. Відаць, ніхто ня ведае, дзе нават яго магіла. У студзені (здаецца, так) 1933 г. яму дазволілі паехаць у Крым, але ён быў зусім хворы, жыў адзін, і выехаць ня мог. Памёр пэўна ўвесну 1933 г. Казаў пра сваю маленькую дачушку, якая, здаецца, гадавалася ў яго маткі. Праўда, можа што і блытаю, бо было вельмі даўно, але прыезд і ад’езд жонкі памятаю добра.
Гурскі і Міцкевіч у 1933 ці 1934 г. прыехалі ў Вятку, дзе Міцкевіч скора памёр.
Вось па крысе тое, што памятаю.
15 снежня 1966 г.
М.Улашчык
М.І. Ермаловічу
Шаноўны Мікалай Іванавіч!
У «Тэзісах» Ваш пункт погляду выкладзены ў вельмі скарочаным выглядзе, і таму некаторых асноўных палажэнняў проста не відаць. У прыватнасці, з тэзісаў не зусім зразумела, хто жыў у Нальшанах. Кажучы больш дакладна, вядома, што племя літоўскае, але незразумела, у якіх адносінах [яно] было да тае Літвы, якая ў Вас акрэслена на карце. З тых крыніц, якія Вы скарысталі, на Густынскі летапіс нельга спасылацца цалкам, бо ён пісаны ў позні час, калі Літвою звалі ўсіх жыхароў ВКЛ, як і ўсю тэрыторыю ВКЛ (я пра гэта ўжо Вам пісаў раней). У выданні «Белоруссия в эпоху феодализма» змешчаны ўрывак ня летапісу, але пераклад з хронікі Стрыйкоўскага. Зараз хроніку, у аснове якой знаходзіцца хроніка Стрыйкоўскага, рыхтую да выдання, і лічу, што Стрыйкоўскі карыстаўся пэўна большаю колькасцю летапісаў, чым на гэта ў свой час паказаў Рогаў. У кожным разе, там на першае месца ставяцца то рускія, а то літва, сталіца знаходзілася то ў Наваградку, то ў Кернаве (між іншым, самі наваградчане яшчэ ў час першай сусветнай вайны свой горад звалі Наваградак).
Паколькі праблема, якую Вы разглядаеце, надта цьмяная, і яе на падставе пісьмовых крыніц вырашыць пэўна ня ўдасца, варта было б больш увагі звярнуць на археалагічныя матэрыялы, бо паміж рэчамі славянскімі і літоўскімі ў XI — XIII ст. павінна быць істотная розніца.
5.ІV.70 г.
М.А. Ючасу
Дарагі Мечыслаў Адольфавіч!