не дзеля таго, каб памучыць мяне, не думаю — проста ён хацеў выйграць час. Знайсці што сказаць мне. Што-небудзь някрыўднае.
Ён выпісаў чэк, вырваў яго з кніжкі і працягнуў мне. Праз нейкую секунду да мяне дайшло, што мне трэба было працягнуць сваю руку насустрач ягонай. Ён сумеўся (так мне здалося), рэзка адвёў руку назад, паклаў чэк на край стала, зірнуў на мяне і кіўнуў. Твар ягоны ўсё роўна як гаварыў: «Вось, вазьмі, сын». Аднак на самай справе ён толькі кіўнуў.
Не тое што я хацеў пайсці, не — я таксама не мог прыдумаць якогасьці нейтральнага працягу размовы. І разам з тым нельга было сядзець вось так і далей, адчуваючы жаданне штосьці сказаць і адначасна баяцца нават зірнуць адзін аднаму ў вочы.
Я падаўся ўперад і ўзяў чэк. Але, роўна пяць тысяч долараў, падпісана Олівэрам Барэтам III. Чарніла яшчэ не паспела высахнуць. Я рупліва склаў чэк і паклаў у кішэню кашулі, потым падняўся і паволі пайшоў да дзвярэй. Варта было сказаць яму хоць што-небудзь: маўляў, я разумею, што дзеля мяне змусілі праветрывацца ў чакальні некалькі вельмі паважаных бостанскіх, а можа, нават і вашынгтонскіх бізнесменаў. І дадаць, што калі нам усё-такі ёсць пра што пагаварыць, дык я мог бы, бацька, пабадзяцца які час вакол ягонага офіса, а ён адмовіўся б ад абеду з якойсьці самавітай персонаю… і гэтак далей…
Прачыніўшы дзверы і спыніўшыся ля іх, я ўзяў сябе ў рукі і сказаў, гледзячы яму ў самыя вочы:
— Дзякуй, бацька.
21
Расказаць пра ўсё Філу давялося мне. Ну а каму ж яшчэ? Ён не грымнуўся адразу вобзем, як я баяўся, а спакойна зачыніў дзверы свайго дому і пераехаў жыць у нашую кватэру. У кожнага свае спосабы змагацца з горам. Філ ратаваўся тым, што ўвесь час прыбіраў у кватэры. Падмятаў, мыў, скроб. Гэтага я не надта разумеў, але, раз так, няхай працуе, калі яму лягчэй.
Можа, у душы ён спадзяецца, што Джэні яшчэ вернецца дамоў?
Пэўна ж, спадзяецца. Нябога. Таму і прыбірае тут кожнага дня. Ён проста не хоча прымаць рэчы як яны ёсць. Вядома, мне ён у гэтым не прызнаецца, аднак я здагадаўся, пра што ён думае.
Бо думаў ён пра тое ж, што і я.
Калі Джэні паклалі ў бальніцу, я патэлефанаваў Джонасу, чаму я не магу болей хадзіць на працу. Я зрабіў выгляд, што мне няма калі гаварыць доўга, бо адчуў, як ён засмуціўся і як спрабуе выказаць тое, чаго проста няздатны выказаць. Адгэтуль дні мае падзяліліся на час, які я бавіў з Джэні, і на ўсё астатняе. Вядома, «усё астатняе» не мела аніякага значэння. Я еў, не адчуваючы голаду, глядзеў, як Філ зноў і зноў прыбіраў у кватэры, і не спаў начамі, нягледзячы на тое, што пастаянна прымаў пігулкі, якія прапісаў мне доктар Акерман.
Аднаго разу я пачуў, як Філ прамармытаў сам сабе: «Доўга я так не вытрымаю». Мы толькі што паабедалі, і ён мыў посуд на кухні (уручную). Я яму нічога не сказаў, аднак падумаў: «А вось я вытрымаю, хто б Ты там ні быў, наверсе, містэр Усявышні, сэр, і прашу Цябе — няхай усё застаецца, як ёсць, я вытрымаю, я гатовы цярпець бясконца…»
Таго вечара Джэні выгнала мяне з палаты. Яна хацела пагаварыць з бацькам «як мужчына з мужчынам».
— На гэтую сустрэчу дапускаюцца толькі італійскія амерыканцы, — сказала яна. Твар у яе быў бялейшы за падушку. — Ідзі, Барэт, ідзі.
— О'кэй, — сказаў я.
— Толькі не адыходзь вельмі далёка, — дадала яна, калі ўжо я быў ля дзвярэй.
Я сеў у чакальні. Неўзабаве з'явіўся Філ.
— Яна кліча цябе, — хрыпла прашаптаў ён. — Я схаджу па цыгарэты.
— Зачыні гэтыя клятыя дзверы, — загадала яна, калі я ўвайшоў у пакой.
Я ціха прычыніў дзверы. Прысеўшы каля ложка Джэні, я разгледзеў яе. Я хачу сказаць, разгледзеў яе разам з усімі гэтымі трубкамі, падведзенымі да правай рукі, якую яна звычайна хавала пад прасціною. Я заўсёды любіў сядзець як мага бліжэй да яе і глядзець на яе твар. Цяпер ён быў страшэнна бледны, але на ім па-ранейшаму ззялі вочы. І гэты раз я сеў як мага бліжэй.
— Я зусім не адчуваю болю… Праўда, Ол, — сказала яна. — Ведаеш, гэта ўсё роўна як павольна падаць у прорву.
Усярэдзіне ў мяне штосьці балюча зварухнулася. Нешта падымалася да горла, каб выліцца слязьмі. Але я не заплачу. Я ніколі не плакаў. Я ж моцны хлопец, вы разумееце? Не, я не заплачу.
Але каб не заплакаць, мне нельга адкрываць рота. Мне застаецца адно кіўнуць. І я кіўнуў.
— Лухта, — сказала яна.
— Што? — З мяне хутчэй вырваўся хрып, чым слова.
— Ты не ведаеш, што гэта такое — падаць у прорву, падрыхтунчык, — сказала яна. — Ты ніколі нічога такога не адчуваў…
— Ведаю, — аднекуль узяліся ў мяне сілы загаварыць. — Гэтак было, калі я сустрэў цябе.
— Але, — сказала яна, і на твары ў яе прамільгнула ўсмешка. — «О, што гэта было за падзенне!» Хто гэта сказаў?
— Не ведаю, — адказаў я. — Шэкспір, напэўна.
— Але, Шэкспір, толькі які персанаж? — спыталася яна з смуткам у голасе. — Не магу нават згадаць, з якой п'есы. Я ж скончыла Рэдкліф, павінна памятаць. Некалі я ведала слова ў слова ўвесь Кёхелеўскі ўказальнік Моцарта.
— Ну і ну! — усклікнуў я.
— Вядома — ну і ну! — Яна зморшчыла лоб, потым папыталася: — Які нумар у домінорнага канцэрта?
— Я пагляджу, — сказаў я.
Я нават ведаў дзе. У нас дома. На нотнай паліцы каля фартэпіяна. Пагляджу і заўтра адразу ёй скажу.
— А я ж ведала, — сказала Джэні. — Ведала… Праўда, ведала…
— Паслухай, — сказаў я ў сваім богартаўскім стылі, — ты хочаш пагаварыць пра музыку?
— А ты што — хочаш пра пахаванне?
— Не, — выціснуў я, пашкадаваўшы аб сваіх словах.
— Я ўжо абмеркавала гэта з Філам. Ты мяне слухаеш, Олі?
Я адвярнуўся:
— Але, слухаю, Джэні.
— Я сказала яму, што ён можа запрасіць каталіцкага святара. Ты згодзішся? О'кэй?
— О'кэй.
— О'кэй, — сказала яна.
Я адчуў пэўную палёгку: пра што б ні загаварылі мы далей, сама цяжкае ўжо мінула. Аднак я памыліўся.
— Паслухай, Олівэр, — сказала Джэні вельмі ціха, але голасам, які бывае ў яе, калі яна сярдуе. — Олівэр, ды перастань ты мучыць сябе! Ты ж проста хворы!
— Я?
— Гэты вінаваты выраз твайго твару, Олівэр, гэта нешта хваравітае.
Я паспрабаваў змяніць гэты кляты выраз, але твар у мяне ўсё роўна як скамянеў.
— Тут няма нічыёй віны, дурненькі ты падрыхтунчык! — сказала яна. — Прашу цябе, перастань мучыць сябе!
Я хацеў глядзець і глядзець на яе, хацеў ніколі не адрывацца ад яе вачыма, але ўсё-такі апусціў іх. Мне было сорамна, што Джэні так лёгка чытае мае думкі.
— Паслухай, гэта адзінае, аб чым я цябе прашу, Олі. А так, я ўпэўнена, усё ў цябе будзе о'кэй.