Незнаёмы (ці ведаеш ты, што ён быў цяварац?) усё бег і бег з карцінкай у руках і прабег некалькі міляў і раптам зусім выпадкова натрапіў на Цешумай Тэвіндра. Яна стаяла каля ўвахода ў пячору і пляткарыла з дагістарычнымі дамамі, якія прыйшлі да яе ў госці на дагістарычнае снеданне.
Тафі была вельмі падобная на Цешумай, асабліва вачамі і верхняй часткай твару, таму Незнаёмы — сама сапраўдны цяварац — пачціва ўсміхнуўся і ўручыў Цешумай бяросту. Ён гэтак хутка бег па балоце, што засопся, а ногі ў яго былі паабдзіраны калючым цярноўнікам, але ён усё яшчэ стараўся быць ветлівым.
Як толькі Цешумай зірнула на карцінку, яна заверашчала і рынулася на Незнаёмага. Астатнія дагістарычныя дамы разам павалілі яго на зямлю і ўсе шасцёра ўселіся на яго ў радок, а Цешумай узялася выскубваць у яго з галавы цэлыя жмуты валасоў.
— Усё зусім зразумела і проста, — сказала яна. — Гэты незнаёмы мужчына праткнуў майго Цегумая дзідай і гэтак напужаў Тафі, што ў яе валасы сталі дыбам. Але гэтага яму было мала, і ён прынёс мне страшную карцінку, каб пахваліцца сваімі злачынствамі. Глядзіце, — і яна паказала карцінку ўсім дагістарычным дамам, што цярпліва сядзелі на Незнаёмым, — вось мой Цегумай, у яго зламаная рука. Вось дзіда, якую ўваткнулі яму ў спіну, а вось чалавек, які збіраецца кінуць у Цегумая дзіду, а вось другі чалавек, які кідае ў яго дзіду з пячоры. А вось тут цэлая шайка ліхадзеяў (Тафі намалявала баброў, але яны былі больш падобныя на людзей) падкрадваецца ззаду да Цегумая… Усё гэта жахліва, жахліва!
— Жахліва! — згадзіліся дагістарычныя дамы і выпэцкалі Незнаёмаму ўсю галаву граззю (што вельмі здзівіла яго) і загрукалі ў баявы барабан.
І на стук барабана прыйшлі ўсе правадыры цегумайскага племені з усімі сваімі гетманамі, даламанамі, негусамі. За імі крочылі прарокі, знахары, жрацы, шаманы, бонзы — і ўсе яны ў адзін голас парашылі: адсячы Незнаёмаму галаву, але хай ён спачатку завядзе іх да ракі і пакажа, куды ён схаваў няшчасную Тафі.
Між тым Незнаёмы (хоць ён і быў цяварац) вельмі моцна ўзлаваўся на дамаў. Яны панабівалі яму ў валасы камякоў гразі, яны правалаклі яго па вострых камянях, шасцёра з іх доўга сядзелі на ім; яны білі і малацілі яго так, што ён ледзьве дыхаў, і хоць іхняя мова была яму незразумелая, няцяжка было здагадацца, што яны лаюць яго сама брыдкай лаянкай. І ўсё-такі ён не сказаў ніводнага слова, а калі сабралася цегумайскае племя, ён павёў гэтых людзей да ракі Вагай, і там яны ўбачылі Тафі. Яна сядзела і пляла вянок са стакротак, а бацька яе Цегумай цэліўся дзідай, якую яму ўжо ўдалося адрамантаваць, у невялікага карпа, што плыў у рацэ.
— Хутка ж ты вярнуўся! — усклікнула Тафі. — Але чаму ты прывёў з сабою гэтулькі народу? Татачка, вось мой сюрпрыз. Праўда, ты здзіўлены?
— Вельмі, — сказаў Цегумай. — Але ўсё маё сённяшняе паляванне прапала. Чаго, чаго, растлумач мне, збеглася сюды ўсё наша слаўнае племя?
І сапраўды, усё племя было тут. Наперадзе крочыла Цешумай Тэвіндра з усімі сваімі суседкамі. Яны моцна трымалі Незнаёмага, валасы якога былі густа запэцканы граззю (хоць ён і быў цява рац). За імі ішоў галоўны правадыр са сваім намеснікам, потым міністры і памочнікі правадыра (узброеныя да самых зубоў), гетманы, сотнікі, негусы, ваяводы са сваімі тылавымі атрадамі (таксама ўзброеныя да зубоў). А за імі бегла ўсё племя з такім страшэнным лямантам, які распудзіў усю рыбу ў рацэ на дваццаць кіламетраў — не менш.
Гэта вельмі раззлавала Цегумая, і ён аблаяў усіх, хто прыбег да ракі, сама непрыстойнымі дагістарычнымі словамі.
Тут Цешумай Тэвіндра падбегла да Тафі і давай цалаваць яе, абдымаць ды песціць. Але галоўны правадыр цегумайскага племені схапіў Цегумая за пёры, што тырчалі ў яго ў валасах, і затрос яго з шалёнай лютасцю.
— Гавары! Гавары! Гавары! — закрычала ўсё цегумайскае племя.
— Што за лухта! — сказаў Цегумай. — Пакіньце мае пёры ў спакоі. І чаму гэта так: варта чалавеку зламаць на паляванні дзіду, як на яго адразу накідваецца ўсё племя і пачынае дубасіць! І хто вам даў права лезці не ў свае справы?
— А ты так і не прынёс татаву чорную дзіду! — сказала Тафі. — І што гэта вы робіце з маім мілым Незнаёмым?
То два чалавекі, то тры, а то і цэлы дзесятак падбягалі да Незнаёмага і білі яго, так што ў таго ўрэшце вочы на лоб палезлі. Ён не мог і слова вымавіць і моўчкі паказваў на Тафі.
— Дарагі мой, а дзе ж ліхадзеі, што праткнулі цябе вострымі дзідамі? — спытала Цешумай.
— Ніякіх тут не было ліхадзеяў! — адказаў Цегумай. — Адзіны чалавек, каго я сёння бачыў, вунь той няшчасны, якога вы б'яце зараз. Ці не звар'яцела ты, о цегумайскае племя?
— Ён прынёс нам страшную карцінку, — адказаў галоўны правадыр. — На карцінцы ты ўвесь з галавы да пят утыканы дзідамі.
Тут загаварыла Тафі:
— М… м… м… Шчыра кажучы… гэта я дала яму карцінку…
Ёй было дужа няёмка.
— Ты?! — закрычала ўсё цегумайскае племя. — Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў- за-тое-што-яна-такая-гарэзніца?! Ты?!
— Тафі, любенькая! Баюся, нам з табою зараз давядзецца даволі крута… — прамовіў Цегумай і абняў яе, і таму яна адразу перастала баяцца ворагаў.
— Гавары! Гавары! Гавары! — сказаў галоўны правадыр цегумайскага племені і заскакаў на адной назе.
— Я хацела, каб Незнаёмы прынёс сюды татаву дзіду, от я і намалявала дзіду, — растлумачыла Тафі. — Яна адна, але я намалявала яе тры разы, каб Незнаёмы не забыўся пра яе. А калі выйшла так, быццам яна пратыкае тату спіну, дык гэта ўсё таму, што кавалачак бяросты вельмі маленькі і на ім не хапае месца. А тыя фігуркі, якія мама называе ліхадзеямі, гэта проста мае бабры. Я намалявала іх таму, што трэба ж было паказаць Незнаёмаму, што ён павінен пайсці па балоце! І я намалявала маму каля ўвахода ў пячору. Яна стаіць і ўсміхаецца Незнаёмаму, бо ён гэтакі мілы і добры. А вы… дурнейшых за вас няма на ўсім свеце! ён жа мілы і добры, навошта ж вы выпэцкалі яму галаву граззю? Памыйце яго зараз жа!
Пасля гэтага ўсе вельмі доўга маўчалі. Ніхто не вымавіў ні слова. Нарэшце галоўны правадыр засмяяўся. Потым засмяяўся Незнаёмы (а ён быў, як ты ведаеш, цяварац); потым засмяяўся Цегумай, ды так моцна смяяўся, што не мог устаяць на нагах; потым засмяялася ўсё цегумайскае племя, яно смяялася доўга і гучна.
Потым галоўны правадыр цегумайскага племені пракрычаў, прагаварыў і праспяваў:
— О, Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-ты-такая-гарэзніца, ты зрабіла вялікае адкрыццё!
— Ніякага адкрыцця я не хацела рабіць, — адказала Тафі. — Я проста хацела, каб сюды прынеслі татаву чорную дзіду.
— Усё адно! Гэта — вялікае адкрыццё, і прыйдзе дзень, калі людзі назавуць яго ўменнем пісаць. Пакуль што замест пісем мы будзем пасылаць адзін аднаму карцінкі, а ў карцінках — вы самі гэта бачылі — не заўсёды можна разабрацца, што да чаго. Іншы раз выходзіць сама дзікая блытаніна. Але прыйдзе час, о дзіця цегумайскага племені, калі мы прыдумаем літары і навучымся з дапамогай літараў чытаць і пісаць — і тады ў нас ужо не будзе памылак. І няхай дагістарычныя дамы змыюць гразь з галавы Незнаёмага.
— От будзе добра! — сказала Тафі. — Бо цяпер вы прынеслі сюды на бераг усе дзіды, якія толькі ёсць у цегумайскага племені, але забыліся прынесці адну-адзіную — чорную дзіду майго таты!
Тады галоўны правадыр цегумайскага племені пракрычаў, прагаварыў і праспяваў:
— Наступны раз, як прыйдзе табе ў галаву напісаць пісьмо ў выглядзе карцінкі, пашлі з гэтым пісьмом чалавека, які ўмее гаварыць па-нашаму, і той чалавек растлумачыць усё, што ты хочаш сказаць у пісьме. А не, дык ты сама бачыш, якія могуць выйсці непрыемнасці для ўсяго цегумайскага племені, ды і Незнаёмаму часам давядзецца нялёгка.
Пасля гэтага цегумайскае племя прыняло ў сваю суполку Незнаёмага (хоць ён быў сапраўдны цяварац). Племя ўсынавіла яго, бо ён аказаўся бездакорным джэнтльменам і не скандаліў, калі дагістарычныя дамы абляпілі ўсю яго галаву граззю. Але з таго дня і да сённяшняга (і, па-мойму, гэта ўсё праз Тафі) не дужа многа знойдзецца на свеце такіх маленькіх дзяўчынак, якія любяць вучыцца чытаць і пісаць. Ім больш падабаецца маляваць карцінкі і ціхенька гуляць дзе-небудзь непадалёку ад таты — гэтак як Тафі.