вострай дзідай набіць на абед карпаў. Тафі пайшла разам з ім. Дзіда ў яго была драўляная, з наканечнікам з зубоў акулы. І толькі ён узяўся паляваць, як дзіда зламалася папалам: занадта моцна ён тыцнуў ёю ў дно ракі, калі цаляў у рыбіну. Што рабіць? Ісці дадому — далёка (снеданне яны, вядома, узялі з сабою ў торбачцы), а запасной дзіды ў Цегумая не было. Запасную дзіду ён забыўся ўзяць.

— Рыбы ажно кішыць, — сказаў ён, — а каб адрамантаваць дзіду, мне спатрэбіцца цэлы дзень.

— У цябе ж ёсць другая дзіда! — сказала Тафі. — Такая вялікая і чорная. Хочаш, я збегаю ў пячору і папрашу яе ў мамы?

— Дзе табе бегчы ў такую далеч! — сказаў Цегумай. — Гэта не пад сілу тваім пухленькім ножкам. Ды і дарога небяспечная: чаго добрага, утопішся ў Бабровым балоце. Паспрабуем як-небудзь справіцца з нашай бядою на месцы.

Ён сеў на зямлю, узяў скураную, спецыяльна для рамонту, торбачку, дзе ў яго былі складзены аленевыя жылы, доўгія палоскі скуры, кавалачак смалы, камячок мяккага пчалінага воску, і ўзяўся рамантаваць сваю дзіду. Тафі таксама села непадалёку ад яго, звесіла ногі ў ваду, падперла ручкай падбародак і думала-думала на ўсю моц. Потым яна сказала бацьку:

— Мне здаецца, гэта па-зверску крыўдна, што мы з табою не ўмеем пісаць. Напісалі б запіску дадому, каб нам прыслалі другую дзіду!

— Тафі, — сказаў Цегумай, — колькі разоў напамінаў я табе, каб ты не гаварыла грубых слоў! «Па- зверску» — гэта брыдкае слова. Але было б і праўда някепска, калі ўжо ты нагадала пра гэта, каб мы маглі напісаць тваёй маме запіску.

А ў гэты час па беразе ракі ішоў незнаёмы чалавек. Ён не зразумеў ні слова з таго, што сказаў Цегумай, таму што быў з далёкага племені Цявара. Ён стаяў на беразе, пазіраў на Тафі і ўсміхаўся, бо ў яго ў самога дома была маленькая дачушка. Цегумай дастаў з торбачкі маток аленевых жыл і ўзяўся рамантаваць сваю дзіду.

— Хадзі сюды, — сказала Тафі Незнаёмаму. — Ці ведаеш ты, дзе жыве мая мама?

Незнаёмы адказаў: «Гм», бо ён быў, як ты ведаеш, цяварац.

— Дурань дурны! — сказала Тафі і тупнула ножкай, бо ўбачыла, што па рацэ плыве цэлая чарада вялікіх карпаў, якраз тады, калі бацька не можа запусціць у іх дзідай.

— Не лезь да старэйшых, — сказаў Цегумай не азіраючыся; ён быў так заняты рамонтам дзіды, што нават не глянуў на Незнаёмага.

— Я не лезу, — адказала Тафі. — Я толькі хачу, каб ён зрабіў тое, што мне хочацца. А ён не разумее.

— Тады не дакучай мне, — сказаў Цегумай, і ўзяўшы ў рот канцы аленевых жыл, пачаў выцягваць іх з усяе сілы.

А Незнаёмы (ён быў сама сапраўдны цяварац) сеў на траву, і Тафі пачала паказваць яму, што робіць бацька.

Незнаёмы падумаў: «Гэта вельмі дзіўная дзяўчынка. Яна тупае на мяне нагой і строіць мне грымасы. Яна, мусіць, дачка гэтага знакамітага правадыра, які гэтакі важны, што нават не звяртае на мяне ніякай увагі».

Таму ён усміхнуўся яшчэ больш ветліва.

— Дык вось, — сказала Тафі. — Я хачу, каб ты пайшоў да мае мамы (таму, што ў цябе ногі даўжэйшыя за мае і ты не звалішся ў Бабровае балота) і папрасіў, каб табе далі другую дзіду. Чорную. Яна вісіць у нас над ачагом.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: «Гэта вельмі, вельмі дзіўная дзяўчынка. Яна махае рукамі і крычыць на мяне, але я не разумею ні слова. І я вельмі баюся, што, калі я не выканаю яе загадаў, гэты велічны правадыр, Чалавек-які-паварочваецца-спінай-да-сваіх-гасцей, раззлуецца». Ён устаў, адлупіў з бярэзіны вялікі кавалак кары і падаў яго Тафі. Гэтым ён хацеў паказаць, што душа ў яго белая, як бяроста, і што ён нікому не жадае зла. Але Тафі зразумела яго па-свойму.

— О, — сказала яна, — разумею! Ты хочаш даведацца, дзе жыве мая мама. Вядома, я не ўмею пісаць, але я магу намаляваць карцінку заўсёды, калі пад рукою ёсць што-небудзь вострае, каб можна было надрапаць яе. Дай мне на хвілінку зуб акулы з тваіх караляў.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) нічога не адказаў. Таму Тафі працягнула руку і тузанула да сябе каралі, што віселі ў Незнаёмага на шыі. Каралі былі з пацерак, зярнятак і зубоў акулы.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: «Гэта вельмі, вельмі дзіўнае дзіця. У мяне ў каралях заварожаныя зубы акулы, і мне заўсёды казалі, што той, хто дакранецца да іх без майго дазволу, адразу ж распухне або лопне. Але гэтае дзіця не распухла і не лопнула. А той велічны правадыр, што не звярнуў на мяне ніякай увагі, відаць, не баіцца, што дзяўчынцы пагражае бяда. Лепей мне трымацца з імі яшчэ больш ветліва».

Таму ён даў Тафі свой зуб акулы, і яна тут жа легла на жывот і заматляла нагамі ў паветры, зусім як некаторыя дзеці робяць гэта і сёння, калі яны кладуцца ў пакоі на падлогу, каб намаляваць тую ці іншую карціну. Яна сказала:

— Зараз я намалюю табе некалькі прыгожых карцінак! Можаш глядзець у мяне з-за пляча. Адно не штурхай мяне пад руку. Спачатку я намалюю, як тата ловіць рыбу. Ён выйшаў у мяне не дужа падобны, але мама пазнае, бо я намалявала, што дзіда ў яго зламалася.

А цяпер я намалюю другую дзіду, тую, якая яму трэба, чорную. У мяне выйшла, нібыта яна выцяла тату ў спіну, але гэта таму, што твой зуб акулы слізгануў, ды і кавалак бяросты малаваты.

Вось дзіда, якую ты павінен прынесці. А от гэта я. Я стаю і пасылаю цябе па дзіду. Валасы ў мяне не тырчаць на ўсе бакі, як я намалявала, але гэтак лягчэй маляваць.

Цяпер я намалюю цябе. Я думаю, што папраўдзе ты вельмі прыгожы, але не магу ж я зрабіць цябе на карцінцы прыгажуном, таму, калі ласка, не злуйся на мяне. Ты не злуешся?

Незнаёмы (а ён быў цяварац) усміхнуўся. Ён падумаў: «Мусібыць, дзесьці зараз адбываецца вялікі бой, і гэтае незвычайнае дзіця, якое ўзяло ў мяне заварожаны зуб акулы і не распухла і не лопнула, загадвае мне паклікаць усё племя вялікага правадыра да яго на падмогу. Ён вялікі правадыр, інакш ён не сядзеў бы да мяне спінай».

— Глядзі, — сказала Тафі, вельмі старанна выводзячы на кары свой малюнак. — Цяпер я намалявала цябе. Я суну тую дзіду, якая гэтак патрэбна тату, табе ў руку, каб ты не забыўся прынесці яе. Цяпер я пакажу табе, дзе жыве мая мама. Ідзі, пакуль не дойдзеш да двух дрэў (вось гэтыя дрэвы), потым падыміся на гару (вось гэтая гара), і тады ты выйдзеш на Бабровае балота, у ім поўна-поўна баброў. Я не ўмею маляваць баброў, але я намалявала іхнія галоўкі. Бо толькі галоўкі ты і ўбачыш, як будзеш ісці па балоце. Ды, глядзі, не збоч. Як скончыцца балота, тут адразу і будзе наша пячора. Папраўдзе яна не такая вялікая. як пагорак, але я не ўмею маляваць вельмі маленькія рэчы. От мая мама. Яна выйшла з пячоры. Яна прыгожая. Яна прыгажэйшая за ўсіх мам, якія толькі ёсць на свеце, але яна не пакрыўдзіцца, што я намалявала яе непрыгожай. Цяпер, на выпадак, калі ты забудзеш, я намалявала збоку і тую дзіду, якая патрэбна тату. На самай справе яна ўсярэдзіне, але ты пакажы карцінку маме, і мама дасць табе гэтую дзіду. Я намалявала, як яна ўзняла рукі, бо я ведаю, што яна будзе рада бачыць цябе… Прыгожая карцінка, праўда? Ты добра зразумеў ці мне растлумачыць яшчэ раз?

Незнаёмы (а ён быў цяварац) паглядзеў на карцінку і заківаў галавою. Ён сказаў сам сабе: «Калі я не прывяду племя гэтага вялікага правадыра яму на падмогу, яго заб'юць ворагі, якія падкрадваюцца з дзідамі з усіх бакоў. Цяпер я разумею, чаму вялікі правадыр прыкінуўся, нібыта не звяртае на мяне ўвагі. Ён баіцца, што ворагі прытаіліся ў кустах і што яны ўбачаць, як ён дае мне даручэнні. Таму ён адвярнуўся і даў магчымасць мудраму і дзівоснаму дзіцяці намаляваць гэтую страшную карцінку, каб я зразумеў, у якой бядзе ён апынуўся. Я пайду і прывяду яму на выручку ўсё яго племя».

Ён нават не папытаўся ў Тафі дарогі, а рынуўся, як вецер, у кусты з бяростай у руцэ. А Тафі села сабе на беразе, вельмі задаволеная.

— Што гэта ты рабіла, Тафі? — спытаў Цегумай.

Ён адрамантаваў дзіду і цяпер асцярожна памахваў ёю ўправа і ўлева.

— Гэта мой сакрэт, любенькі татачка, — адказала Тафі. — Калі ты не будзеш распытваць мяне, ты хутка даведаешся, у чым справа, і гэта вельмі цябе здзівіць. Ты не можаш сабе ўявіць, які гэта будзе сюрпрыз для цябе! Паабяцай мне, што ты будзеш рады.

— Добра, — сказаў Цегумай і ўзяўся лавіць рыбу.

Вы читаете Казкі
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату