Кошка ўвечары ласкавым зверам Трэцца аб вашы каленкі. Толькі вы ляжаце, кошка за дзверы — Мчыцца на двор па ступеньках. Кошка знікае кудысьці ўначы, Бінкі ж пры мне пастаянна: Ён мне гатовы заўжды памагчы — Значыць, ён друг беззаганны.

Матылёк, які тупнуў нагою

Вось табе, мой любенькі хлопчык, новая цудоўная казка — зусім адметная, не падобная на ўсе астатнія, — казка пра наймудрэйшага цара Сулеймана-ібн-Дауда. На свеце ёсць трыста пяцьдзесят казак пра Сулеймана-ібн-Дауда; але гэтая казка не з іх. Гэтая казка — пра Матылька, які тупнуў нагою.

Дык слухай жа, слухай уважліва.

Сулейман-ібн-Дауд быў мудрэц. Ён разумеў, што гавораць звяры, што гавораць птушкі, што гавораць рыбы, што гавораць насякомыя. Ён разумеў, што гавораць камяні глыбока пад зямлёю, калі яны душаць адзін аднаго і стогнуць. І ён разумеў, што гавораць дрэвы, калі яны шамацяць лісцем на досвітку. Ён разумеў усіх — і асу, і лісу, і ясень у лесе. І прыгожая царыца Балкіда, яго Першая і Галоўная царыца, была амаль гэтакая ж мудрая.

Сулейман-ібн-Дауд быў магутны. На сярэднім пальцы правай рукі ён насіў залаты пярсцёнак. Варта было яму пакруціць гэты пярсцёнак, як з-пад зямлі выляталі Афрыты і Джыны і рабілі ўсё, што ён пажадае ім загадаць. А варта было яму пакруціць пярсцёнак два разы, з неба спускаліся Феі і рабілі таксама ўсё, што ён загадае. Калі ж ён пакручваў свой пярсцёнак тры разы, перад ім з'яўляўся з мячом сам вялікі анёл Азраіл у адзенні звычайнага ваданоса і паведамляў яму пра ўсё, што адбываецца на зямлі, на небе і пад зямлёю.

І ўсё-такі Сулейман-ібн-Дауд быў чалавек вельмі сціплы. Ён амаль ніколі не выхваляўся, а калі яму і здаралася пахваліцца, ён пасля шкадаваў аб гэтым і каяўся.

Аднойчы ён абвясціў, што хоча накарміць за адзін дзень усіх звяроў, якія толькі існуюць на свеце, але, калі ён прыгатаваў яду, з глыбіні мора выплыў нейкі вялікі Звяруга і зжор усё за тры глыткі. Сулейман-ібн- Дауд быў вельмі здзіўлены і сказаў:

— О Звяруга, хто ты такі?

І Звяруга адказаў:

— О валадар! Будзь здаровы на векі вякоў! Я сама маленькі з трыццаці тысяч братоў, і мы жывём на дне мора. Мы дачуліся, што ты хочаш накарміць усіх звяроў, якія толькі ёсць на свеце, і мае браты паслалі мяне даведацца ў цябе, ці хутка будзе абед.

Сулейман-ібн-Дауд быў страшэнна здзіўлены і сказаў:

— О Звяруга, ты зжор увесь абед, што прыгатаваў я для ўсіх звяроў, якія толькі ёсць на свеце.

І сказаў яму Звяруга:

— О Валадар, будзь здаровы на векі вякоў! Але няўжо ты і сапраўды называеш гэта абедам? Там, адкуль я прыйшоў, кожнаму з нас трэба ў два разы больш яды, каб перакусіць паміж абедам і вячэрай.

Тады Сулейман-ібн-Дауд паваліўся ніцма перад ім і ўсклікнуў:

— О Звяруга, я прыгатаваў гэты абед, каб паказаць усім, які я вялікі і багаты цар, а зусім не таму, што я і папраўдзе люблю звяроў. Цяпер я пасаромлены, і хай будзе мне гэта добрай навукай.

Сулейман-ібн-Дауд быў і напраўду мудрэц, мой любенькі хлопчык. Пасля гэтага выпадку ён ужо ніколі не забываўся, што выхваляцца неразумна. І вось цяпер якраз і пачынаецца сапраўдная казка.

У Сулеймана-ібн-Дауда было много жонак. У яго было дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, калі не лічыць найпрыгажэйшай Балкіды. Усе яны жылі ў вялікім залатым палацы пасярод цудоўнага саду з фантанамі.

На самай справе Сулейману-ібн-Дауду зусім не патрэбны былі дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, але ў тыя часы кожны меў па некалькі жонак, так што цар, вядома, мусіў браць сабе яшчэ больш, каб паказаць, што ён цар.

Адны з іх былі красуні, другія проста ўродзіны. Непрыгожыя вечна варагавалі з красунямі, і тыя ад гэтага таксама рабіліся пачварамі, і ўсе яны сварыліся з Сулейманам-ібн-Даудам, што прычыняла яму вялікія пакуты. Адна толькі цудоўная Балкіда ніколі не сварылася з Сулейманам-ібн-Даудам, бо дужа яна кахала яго. Яна альбо сядзела ў сябе ў залатым палацы, альбо гуляла па садзе, і ёй было вельмі шкада Сулеймана-ібн- Дауда.

Вядома, каб ён захацеў пакруціць у сябе на пальцы пярсцёнак і паклікаць Джынаў і Афрытаў, яны ператварылі б усіх яго дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак у белых асліц, або ў хартоў, або ў зярняткі граната. Але Сулейман-ібн-Дауд баяўся зноў аказацца выхвалякам.

Таму, калі яго крыклівыя жонкі сварыліся ўжо занадта моцна, ён толькі сыходзіў у зацішны куточак свайго саду пры палацы і праклінаў тую часіну, калі ён нарадзіўся на свет.

Аднойчы здарылася так, што яны сварыліся ўжо тры тыдні запар — усе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак. Сулейман-ібн-Дауд сышоў ад іх, як звычайна, у ціхі закутак саду. І сярод апельсінавых дрэў ён сустрэў Балкіду Найпрыгажэйшую. І яна сказала:

— О пане мой, святло вачэй маіх, пакруці ў сябе на пальцы пярсцёнак і пакажы гэтым эгіпецкім, месапатамскім, кітайскім, персідскім царыцам, які ты вялікі і грозны валадар.

Але Сулейман-ібн-Дауд захітаў галавою і адказаў:

— О пані мая, радасць жыцця майго, успомні Звяругу, што выплыў з марской глыбіні і асарамаціў мяне перад усімі звярамі, якія толькі ёсць на зямлі, за тое, што я надумаўся павыхваляцца. Цяпер, калі я пачну выхваляцца перад гэтымі персідскімі, абісінскімі, кітайскімі, эгіпецкімі царыцамі толькі таму, што яны дакучаюць мне сваёю балбатнёю, я магу яшчэ горш асарамаціцца.

І Балкіда Найпрыгажэйшая сказала ў адказ:

— О пане мой, скарб душы маёй, што ж ты будзеш рабіць?

І Сулейман-ібн-Дауд адказаў:

— О пані мая, уцеха сэрца майго, давядзецца аддаць свой лёс у рукі тых дзевяцісот дзевяноста дзевяці царыц, якія выводзяць мяне з цярпення сваімі няспыннымі сваркамі.

І ён пайшоў міма лілеяў і японскіх лакатаў, міма ружаў, каннаў і духмянага імбіру, што раслі ў садзе, і прыйшоў да вялізнага камфорнага дрэва, якое празвалі Камфорнае Дрэва Сулеймана-ібн-Дауда.

А Балкіда схавалася між высокіх касачоў, плямістага бамбуку і чырвоных лілеяў, каб быць бліжэй да свайго каханага Сулеймана-ібн-Дауда.

У гэты час пад дрэвам праляталі два матылькі. Яны сварыліся.

Сулейман-ібн-Дауд пачуў, што адзін з іх сказаў другому:

— Як ты смееш гаварыць са мною гэтак непачціва і груба? Хіба ты не ведаеш, што варта мне тупнуць нагою — і ўзачнецца навальніца, і ўвесь палац Сулеймана-ібн-Дауда, і ўвесь гэты сад праваляцца ў тартарары!

Тады Сулейман-ібн-Дауд забыўся на ўсіх сваіх дзевяцьсот дзевяноста дзевяць сварлівых жонак і засмяяўся. Ён смяяўся з самахвальства Матылька, і смяяўся гэтак доўга, што затрэслася нават камфорнае дрэва. І ён выставіў палец і сказаў:

— Ану, хадзі ты сюды, чалавечак!

Вы читаете Казкі
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату