Але ж Рыкі гэтага не ведаў. Вочы ў яго зусім пачырванелі, ён ужо ні пра што не думаў — ён ішоў і пагойдваўся то ўзад, то ўперад, шукаючы, куды б яму лепш ушпіліцца зубамі. Карайт наляцела на яго, каб уджаліць. Рыкі адскочыў убок і хацеў ужо быў пусціцца наўцёкі, але праклятая пыльна-шэрая галоўка нагнала яго, і каб скінуць яе са спіны, яму прыйшлося перакуліцца ў паветры. Яна не адставала і імчалася за ім па пятах.
Тэдзі павярнуўся да дома і крыкнуў:
— Ідзіце паглядзіце: наш мангуст забівае змяю!
І Рыкі-Цікі пачуў, як войкнула Тэдзева матка. Бацька хлопчыка выбег з кіем, але якраз у гэты час Карайт зрабіла няўдалы скачок — скочыла далей, чым трэба, — і Рыкі-Цікі ўскочыў на Карайт і ўшпіліўся зубамі крышку ніжэй яе галавы, а потым адкаціўся ад яе. Карайт адразу перастала варушыцца, і Рыкі-Цікі падрыхтаваўся ўжо з'есці яе, пачынаючы ад хваста (такі абедзенны звычай у мангустаў), як раптам успомніў, што мангусты ад сытнай ежы цяжэюць і што, калі ён хоча захаваць свой спрыт і сілу, ён павінен аставацца худы. Ён адышоўся і пачаў купацца ў пыле пад кустом клешчавіны, а Тэдзеў бацька накінуўся з кіем на мёртвую Карайт.
«Навошта гэта? — думаў Рыкі. — Я ж ужо прыкончыў яе».
І тут да Рыкі-Цікі падбегла Тэдзева матка, падняла яго прама з пылу і пачала моцна прыціскаць да сябе, крычучы, што ён выратаваў яе сына ад смерці, а Тэдзі зрабіў вялікія вочы, і ў ягоных вачах быў спалох. Мітусня спадабалася Рыкі, але чаму яна адбылася, ён, вядома, зразумець не мог. Можа, Тэдзева матка лашчыць яго за тое, што ён выкачаўся ў пыле? Ва ўсякім выпадку, усё гэта было вельмі прыемным.
Калі селі абедаць, Рыкі-Цікі, гуляючы па абрусе сярод шклянак віна, мог бы тройчы напакаваць сабе бруха найсмачнейшымі прысмакамі, але ён успомніў пра Нага і Нагайну, і хоць яму было вельмі прыемна, што Тэдзева маці ціскае і гладзіць яго і што Тэдзі садзіць яго да сябе на плячо, але вочы ў яго штохвіліны чырванелі, і ён кідаў свой ваяўнічы кліч:
— Рыкі-цікі-цікі-цікі-чк!
Тэдзі ўзяў яго да сябе ў ложак. Хлопчыку хацелася, каб Рыкі абавязкова спаў у яго пад самым падбародкам, на грудзях. Рыкі быў добрага выхавання мангуст і не мог ні ўкусіць, ні абдрапаць яго, але ледзь толькі Тэдзі заснуў, ён злез з ложка і пайшоў вандраваць па доме.
Упоцемку ён наткнуўся на мускусную пацучыху Чучундру, якая падкрадвалася бліжэй да сцяны.
У Чучундры разбітае сэрца. Яна енчыць і ные ўсю ноч і ўсё хоча набрацца адвагі, каб выбегчы на сярэдзіну пакоя. Але адвагі ў яе ніколі не знаходзіцца.
— Не губі мяне, Рыкі-Цікі! — закрычала яна і ледзьве не заплакала.
— Той, хто забівае змяю, ці будзе вазіцца з нейкім там мускусным пацуком! — пагардліва сказаў Рыкі- Цікі.
— Хто забівае змяю, той ад змяі і загіне! — яшчэ сумней сказала Чучундра. — І хто ведае, ці не заб'е мяне Наг, памыліўшыся? Ён падумае, што я — гэта ты…
— Знайшла чаго баяцца! — сказаў Рыкі-Цікі. — Наг у садзе, а цябе там ніколі не бывае…
— Мая стрыечная сястра — пацучыха Чуа — казала мне… — пачала Чучундра і змоўкла.
— Што ж яна казала?
— Цсс… Наг пачуе нас, ён — усюды. Няхай бы ты сам пагутарыў з маёй сястрой у садзе.
— Але ж я яе не бачыў. Ну, дык гавары! Ды хутчэй, Чучундра, а не — дык я цябе ўкушу!
Чучундра села, падкурчыўшы ногі, і пачала плакаць.
Плакала яна так доўга, што з вусоў у яе пакаціліся слёзы.
— Я такая няшчасная! — лямантавала яна. — У мяне ніколі не ставала смеласці выбегчы на сярэдзіну пакоя. Цссс! Але хіба ты не чуеш, Рыкі-Цікі? Лепш ужо мне нічога не гаварыць.
Рыкі-Цікі прыслухаўся. У доме была цішыня, але яму здалося, што да яго ледзь-ледзь даносіцца найлягчэйшае трр-трр, як быццам па шкле прайшла аса. Гэта шархацела змяіная скура па цаглянай падлозе.
«Або Наг, або Нагайна! — вырашыў ён. — Нехта з іх паўзе ў ванны пакой па рыштку для сцякання вады…»
— Праўда твая, Чучундра. Мне трэба было б пагаманіць з тваёй Чуа.
Ён пракраўся ў Тэдзеў пакой для ўмывання, але там нікога не было. Адтуль ён прабраўся ва ўмывальны пакой Тэдзевай маткі. Там у атынкаванай гладкай сцяне, каля самай падлогі, была вынята цагліна для спуску вады, і калі Рыкі прабіраўся па каменнаму беражку таго паглыбення, у якое ўстаўлена ванна, ён пачуў, як за сцяной у ззянні месяца шэпчуцца Наг і Нагайна.
— Калі ў доме перастануць жыць людзі, — гаварыла Нагайна мужу, — ён таксама пойдзе адсюль, і сад зноў будзе наш. Ідзі ж, не хвалюйся і памятай, што перш-наперш ты павінен укусіць Вялікага Чалавека, які забіў Карайт. А потым вяртайся да мяне, і мы ўдваіх прыкончым Рыкі-Цікі.
— Але ці будзе нам якая, хоць найменшая, карысць, калі мы заб'ём іх?
— Ды што ты! Вялізная! Калі дом быў пусты, хіба тут вяліся мангусты? Пакуль у доме ніхто не жыве, мы з табою — цары ўсяго саду: ты цар, я царыца. І не забудзься, што калі на градзе з дынямі вылупяцца з яек нашы дзеці (а гэта можа здарыцца і заўтра), ім патрэбен будзе спакой і ўтульнасць.
— Пра гэта я і не падумаў, — сказаў Наг. — Добра, я іду. Але, здаецца, няма ніякага сэнсу выклікаць на бой Рыкі-Цікі. Я заб'ю Вялікага Чалавека і яго жонку, а таксама, калі мне ўдасца, яго сына — і выпаўзу ціхенька. Тады дом стане пусты, і Рыкі-Цікі сам пойдзе адсюль.
Рыкі-Цікі ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння і злосці.
У адтуліну прасунулася галава Нага, а за ёй і ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкі-Цікі хоць і быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калі ўбачыў, якая вялізная гэта кобра. Наг скруціўся ў кальцо, падняў галаву і прыглядаўся да цемры ваннага пакоя — Рыкі-Цікі мог бачыць, як цьмяна пабліскваюць яго вочы.
«Калі я заб'ю яго цяпер, — меркаваў Рыкі-Цікі, — пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Біцца ж у адкрытым месцы мне вельмі нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабіць?»
Наг пагойдваўся ўправа і ўлева, а потым Рыкі-Цікі пачуў, як ён п'е ваду з вялікага збана, якім карысталіся, наліваючы ванну.
— Цудоўна! — сказаў Наг, прагнаўшы смагу. — У Вялікага Чалавека быў кій, калі ён выбег, каб забіць Карайт. Можа, гэты кій пры ім і цяпер. Але калі сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кія… Нагайна… ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да раніцы.
Нагу ніхто не адказаў, і Рыкі-Цікі зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвіўся вакол вялікага збана каля самай падлогі і заснуў. А Рыкі-Цікі стаяў ціха, як смерць. Праз гадзіну ён пачаў пасоўвацца да збана — мускул за мускулам. Рыкі прыглядаўся да шырокай спіны Нага і думаў, куды ўшпіліцца зубамі.
«Калі я ў першы ж момант не перакушу яму шыю — у яго ўсё яшчэ хопіць сілы змагацца са мной, а калі ён пачне змагацца — о, Рыкі!..»
Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, — не, яму з гэткай шыяй не справіцца. А грызнуць дзе-небудзь бліжэй да хваста — толькі яшчэ горш раззлаваць ворага.
«Астаецца галава, — вырашыў ён. — Галава над самым капюшонам. І калі ўжо ўчапіцца ў яе, дык не выпускаць нізавошта…»
І ён скочыў. Галава змяі ляжала крышку наводшыб: пракусіўшы яе зубамі, Рыкі-Цікі мог прыперціся спінаю да выступу глінянага збана і не даць галаве падняцца з зямлі. Такім чынам ён выйграваў толькі секунду, але ўжо гэтую секунду ён выкарыстаў як толькі мог. А потым яго падхапіла і бразнула вобземлю, і пачало шкуматаць на ўсе бакі, як пацука шкуматае сабака, і ўгору, і ўніз, і вялікімі кругамі, але вочы ў яго былі чырвоныя, і ён не адваліўся ад змяі, калі яна малаціла ім па падлозе, раскідаючы ва ўсе бакі бляшаныя тазікі, мыльніцы, шчоткі, і біла яго аб берагі металічнай ванны.
Ён сціскаў сківіцы ўсё мацней і мацней, таму што хоць і думаў, што прыйшла яго смерць, але вырашыў сустрэць яе, не расціскаючы зубоў. Гэтага патрабаваў гонар яго роду.
Галава ў яго кружылася, яму рабілася моташна, і ён адчуваў сябе так, быццам увесь быў пабіты на кавалкі. Раптам у яго за спіной быццам грукнуў пярун, і гарачы віхор наляцеў на яго і збіў яго з ног, а чырвоны агонь абсмаліў яму шэрстку. Гэта Вялікі Чалавек, пабуджаны шумам, прыбег з паляўнічай стрэльбай, стрэліў адразу з абодвух ствалоў і папаў Нагу ў тое месца, дзе канчаецца ягоны капюшон. Рыкі- Цікі ляжаў, не расціскаючы зубоў, і вочы ў яго былі заплюшчаныя, бо ён лічыў сябе за мёртвага. Але змяіная галава ўжо больш не варушылася. Вялікі Чалавек падняў Рыкі з падлогі і сказаў: