Адкуль у насарога скура
У нейкім царстве, у нейкім уладарстве, на Чырвоным моры, каля самага берага, стаяла Незаселеная выспа. На выспе жыў парс, а ў парса была шапка, і яна блішчала на сонцы, як сонца.
Толькі і было дабра ў парса, што шапка, ды нож, ды печка, — а вам гэтую печку чапаць рукамі нельга.
І вось аднаго разу ўзяў парс ізюму, і мукі, і вады, і сліў, і цукру, і ўсяго ўсялякага, змяшаў усё ў кучу і зрабіў сабе пірог, надзвычайны чароўны пірог, у два аршыны даўжынёй, тры аршыны шырынёй; і паставіў яго на печку: яму, значыць, можна было падыходзіць да гэтай печкі. І так ён пёк гэты пірог, што той зарумяніўся, і дух ад яго пайшоў дзівосны.
Але толькі парс разявіў рот і хацеў з'есці пірог, глядзіць — ідзе Насарог, а ў Насарога на носе рог, і вочкі ў яго парасячыя, і манеры ў яго дрэнныя.
У тыя часы насарогі насілі скуру ў абцяжку, без адзінай складачкі, і вельмі падобныя былі да цацачных, толькі былі, вядома, буйнейшыя. Усё ж яны і цяпер недалікатныя, раней былі недалікатныя і заўсёды будуць недалікатныя.
Насарог сказаў:
— Угу.
І пакінуў парс пірог, і кінуўся да пальмы і, у чым быў, палез на верхавіну, а быў ён у адной шапцы, а шапка блішчала на сонцы, як сонца.
І ткнуў Насарог у яго печку носам, і печка перакулілася дагары нагамі, і пакаціўся пірог па пяску, і падхапіў Насарог пірог на рог, і пачаў яго есці, а з'еўшы, пайшоў у бязлюдную, незаселеную пустыню, недалёка ад астравоў па суседству Мазандэрана, Сакотра і мысаў Вялікага Раўнадзенства.
Тады парс злез з дрэва, паставіў печку на ножкі і прагаварыў такое заклінанне:
І, ах, — гэта было нездарма!
Таму што прайшло пяць тыдняў, і ў Чырвоным моры зрабілася горача, і ўсе пачалі скідаць з сябе адзенне. Парс скінуў з сябе шапку, а Насарог скуру, перакінуў яе цераз плячо і пайшоў купацца. Тады яшчэ скура ў Насарога зашпільвалася на жываце на тры гузікі і была падобна на ватэрпруф[1].
Сустрэўшы парса, ён нават не ўспомніў пра пірог, бо, паўтараю, ён быў вельмі недалікатны, — раней, цяпер і заўсёды. Валюхаючыся, ён проста палез у ваду і пачаў пускаць праз нос бурбалкі, а скуру пакінуў на беразе.
Ідзе міма парс і бачыць: скура. Усміхнуўся парс хітрай усмешкай — і раз, і другі. Потым тройчы пратанцаваў ён вакол скуры, кожны раз паціраючы рукі.
Потым ён кінуўся дадому і набраў поўную шапку крошак, якія засталіся ад пірага. Парс толькі і еў што пірагі, а крошак ніколі не вымятаў. І ён узяў гэту скуру, і памяў гэту скуру, і пацёр гэту скуру, і распасцёр гэту скуру, і набіў яе знізу даверху засохлымі, жорсткімі, чорствымі, калючымі крошкамі і гарэлымі ізюмінкамі. Потым узлез на пальму і пачаў чакаць, каб Насарог выйшаў з вады і нацягнуў на сябе сваю скуру.
Насарог так і зрабіў. Ён зашпіліўся на тры гузікі, і адразу ж яго пачало драпаць, як драпаюць крошкі ў пасцелі. Яму захацелася пачухацца, але ад гэтага зрабілася яшчэ горш. Грымнуўся ён тады аб зямлю і пачаў качацца па зямлі, і качаўся, і качаўся, і качаўся, і чым больш качаўся, тым больш даймалі яго крошкі — і ўсё горш, і горш, і горш. Кінуўся Насарог да пальмы і пачаў аб яе церціся, і цёрся, і цёрся, і цёрся. І так доўга ён цёрся, і так моцна ён цёрся, што нацёр сабе на скуры вялікую складку — якраз над плячамі, і другую складку на жываце, дзе раней былі гузікі (але ён адцёр гэтыя гузікі прэч), і яшчэ нацёр складак у сябе на нагах. І гэта вельмі сапсавала яго характар, але не пазбавіла яго ад крошак. Крошкі засталіся ў яго за скурай і драпалі як