таго, як скончылася святкаванне перамогі. Баксёр адмовіўся ўзяць нават адзін выхадны дзень і лічыў для сябе справай гонару не паказаць, што яму баліць. Вечарамі ён патаемна прызнаваўся Канюшынцы, што боль у капыце вельмі яго непакоіў. Канюшынка лячыла капыт прыпарамі з зёлак, якія яна гатавала, папярэдне іх пражаваўшы, і разам з Бэнджамінам прасіла Баксёра працаваць не так заўзята. «Лёгкія ў каня трываюць не вечна», — казала яна яму. Але Баксёр не слухаў. У яго засталася, казаў ён, толькі адна сапраўдная мара — пабачыць, як будзе працаваць вятрак, а тады ўжо можна і пайсці на пенсію.
Напачатку, калі ўпершыню былі сфармуляваныя законы Фермы Жывёлаў, пенсійны ўзрост быў вызначаны для коней і свінняў дванаццаць, для кароў чатырнаццаць, для сабакаў дзевяць, для авечак сем і для курэй ды гусей пяць гадоў. Дамовіліся і наконт добрай пенсіі па старасці. Пакуль што ніводная жывёліна не выйшла на пенсію, але апошнім часам тэма гэтая пачала абмяркоўвацца ўсё часцей і часцей. Цяпер, калі маленькае поле за садам было пакінута пад ячмень, хадзілі чуткі, што кавалак вялікага выгану будзе абнесены агароджай і аддадзены састарэлым жывёлам. Для коней, казалі, пенсія складзе пяць фунтаў збожжа на дзень, а ўзімку пятнаццаць фунтаў сена, а таксама адну морквіну ці, магчыма, яблык на святы. У канцы наступнага лета Баксёру спаўнялася дванаццаць гадоў.
Тым часам жыццё было цяжкае. Зіма выдалася не цяплейшая за папярэднюю, а ежы было меней. Зноў зменшылі нормы харчоў усім жывёлам, апроч свінняў і сабакаў. Занадта строгая ўраўнілаўка ў нормах, тлумачыў Віскун, будзе пярэчыць прынцыпам Жывялізму. У любым выпадку яму няцяжка было давесці астатнім жывёлам, што ў сапраўднасці ніякай нястачы ежы няма, як бы гэта ім ні здавалася. А пакуль што палічылі неабходным упарадкаваць нормы (Віскун заўсёды гаварыў пра ўпарадкаванне, а не пра скарачэнне), але ў параўнанні з часамі панавання Джоўнза паляпшэнне было відавочнае. Прачытаўшы ім вісклівым таропкім голасам лічбы, ён падрабязна растлумачыў і пераканаў іх, што цяпер яны мелі больш аўса, больш сена, больш рэпы, чым за часы Джоўнза, што працавалі яны цяпер меней, што пітная вада цяпер лепшай якасці, што яны жылі даўжэй, што смяротнасць сярод іх патомства паменшала, што цяпер у іх стойлах болей саломы і што ім цяпер меней назалялі мухі і авадні. Жывёлы верылі кожнаму яго слову. Праўду кажучы, Джоўнз і ўсё, што з ім было звязана, ужо амаль сцерлася з іх памяці. Яны ведалі, што жыццё сягоння было суровае і ўбогае, што яны часта цярпелі ад голаду і холаду і што звычайна яны ўвесь час працавалі, калі не лічыць часу, прызначанага на сон. Але, бясспрэчна, за старым часам было значна горш. Яны былі радыя ў гэта верыць. Апроч таго, у тыя дні яны былі рабамі, а цяпер яны свабодныя, і ў гэтым уся розніца, як не прамінуў адзначыць Віскун.
Едуноў цяпер значна пабольшала. Увосень чатыры мацёры апарасіліся амаль адначасова, даўшы свету разам трыццаць адно парася. Парасяты былі рабенькія, і як Напалеон быў адзіны кныр на ферме, было няцяжка здагадацца аб іхным паходжаняі. Было абвешчана, што пазней, калі набудуць цэглу і драўніну, у садзе пры сядзібе пабудуюць школу. Пакуль жа адукацыю парасятам даваў сам Напалеон у сядзібнай кухні. Яны практыкаваліся ў садзе, і ім не дазвалялася гуляць з іншымі маладымі жывёламі. Недзе ў тым самым часе было пастаноўлена, што калі свіння і якая іншая жывёліна сустрэнуцца на дарозе, дык іншая жывёліна мусіць саступіць; а таксама што ўсе свінні, незалежна ад тытулу, будуць мець прывілей насіць у нядзелю зялёную стужку на хвасце.
Той год выдаўся для фермы даволі ўдалы, але грошай усё яшчэ не хапала. Трэба было купіць на школу цэглы, пяску і вапны, трэба зноў было ашчаджаць на абсталяванне для ветрака. Былі таксама патрэбныя газа і свечкі для сядзібы, цукар да Напалеонавага стала (іншым свінням ён забараніў яго ўжываць, каб не таўсцелі) і ўсе звычайныя прыпасы, якія час ад часу неабходна было папаўняць: інструменты, цвікі, вяроўкі, вугаль, дрот, бляха і сабачыя сухары. Давялося прадаць стог сена і частку ўраджаю бульбы, а кантракт на яйкі быў павялічаны да шасцісот на тыдзень, так што куры ў гэтым годзе ледзьве маглі вывесці дастатковую колькасць куранят, каб захоўваць свой род на тым самым узроўні. Нормы, скарочаныя ў снежні, яшчэ раз скарацілі ў лютым, і дзеля эканоміі газы ліхтары ў стойлах былі забароненыя. Але свінні, як выглядала, пачуваліся даволі выгодна і нягледзячы ні на што набіралі вагу. Аднойчы ўвечары ў канцы лютага з маленькага бровара, што стаяў за кухняй і не працаваў ужо і пры Джоўнзе, разліўся ў паветры па ўсім двары цёплы, шчодры і смачны пах, якога жывёлы ніколі раней не чулі. Нехта сказаў, што гэтак пахне вараны ячмень. Галодныя жывёлы нюхалі паветра і пыталіся самі ў сябе, ці не ім на вячэру варыцца тая цёплая боўтанка. Але ніякай боўтанкі яны не ўбачылі, а ў наступную нядзелю было абвешчана, што з таго часу ўвесь ячмень будзе ісці на патрэбы свінняў. Палетак за садам ужо засеялі ячменем. А неўзабаве пранеслася чутка, што кожная свіння атрымлівае цяпер пінту піва штодня, а сам Напалеон — паўгалона, якія яму заўсёды падавалі ў супніцы з сервізу «Краўн Дарбі».
Хоць жывёлам і даводзілася цярпець нягоды, аднак яны часткова кампенсаваліся тым, што жыццё цяпер было больш велічнае і ўрачыстае, чым раней. Цяпер было болей песень, болей прамоў, болей дэманстрацый. Напалеон загадаў, каб раз на тыдзень ладзілася, як ён называў, Стыхійная Дэманстрацыя, мэтаю якой было адзначыць змаганне і перамогі Фермы Жывёлаў. У прызначаны час жывёлы мусілі спыніць працу і маршыраваць ваенным шыхтом вакол фермы — свінні наперадзе, за імі коні, пасля каровы, авечкі і ззаду птушкі. Сабакі ішлі з флангаў, а паперадзе ўсіх ішоў Напалеонаў чорны певень. Баксёр і Канюшынка цягнулі зялёны сцяг з капытом і рогам і з надпісам «Няхай жыве таварыш Напалеон!». За шэсцем ішло чытанне паэмаў, складзеных у гонар Напалеона, і прамова Віскуна, у якой адзначалася павышэнне вытворчасці харчовай прадукцыі, а пасля прынародна палілі з стрэльбы. Авечкі былі найгарачэйшыя прыхільнікі Стыхійных Дэманстрацый, і калі нехта скардзіўся (як некаторыя жывёлы, калі побач не было свінняў і сабакаў), што яны марнуюць час і дарма стаяць на холадзе, дык авечкі абавязкова затыкалі яму рот сваім страшным бляяннем «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна!». Але ўвогуле жывёлам падабаліся гэтыя ўрачыстасці. Іх суцяшаў напамін пра тое, што, як бы там ні было, яны былі самі сабе гаспадары і працавалі на сябе. А так, з гэтымі песнямі, дэманстрацыямі, Віскуновымі лічбамі, грымотнымі стрэламі, пеўневым кукарэканнем і лапатаннем сцяга, яны паволі забываліся, што трыбухі ў іх пустыя, прынамсі на нейкі час.
У красавіку Ферма Жывёлаў была абвешчаная Рэспублікай, і ўзнікла неабходнасць выбраць Прэзідэнта. Кандыдат быў толькі адзін — Напалеон, яго і абралі аднагалосна. У той самы дзень было паведамлена, што выявіліся новыя дакументы, якія выкрывалі дадатковыя падрабязнасці Сняжковай змовы з Джоўнзам. Цяпер выглядала, што Сняжок не проста спрабаваў хітрым манеўрам давесці да паразы Бітву пры Хляве, як дагэтуль уяўлялі жывёлы, але адкрыта змагаўся на баку Джоўнза. У сапраўднасці менавіта ён кіраваў войскам людзей і кінуўся ў бітву са словамі «Няхай жыве чалавецтва!» на вуснах. Раны на Сняжковай спіне, пра якія ўсё яшчэ памяталі некаторыя, нанёс сваімі зубамі Напалеон.
У сярэдзіне лета на ферме нечакана з'явіўся крумкач Масей, якога не бачылі ўжо некалькі гадоў. Ён амаль не змяніўся, як і раней, нічога не рабіў і ўсё гаварыў у тым самым духу пра Ледзянцовыя Горы. Ён сядзеў на пні, лопаў чорнымі крыламі і гадзінамі прамаўляў усім, хто яго слухаў. «Там наверсе, таварышы, — казаў ён урачыста, паказваючы ў неба сваёй вялізнай глюгай, — там наверсе, на другім баку вунь той цёмнай хмары ляжаць Ледзянцовыя Горы, тая шчаслівая краіна, дзе мы, бедныя жывёлы, спачнём назаўсёды ад нашых цяжкіх клопатаў!» Ён нават цвердзіў, што пабыў там, калі аднойчы высока ўзляцеў, і пабачыў там бясконцыя палі канюшыны і платы, на якіх раслі кавалкі цукру і льняная макуха. Шмат хто з жывёлаў верыў яму. Іх жыццё цяпер, меркавалі яны, галоднае і пакутнае, дык ці ж гэта не слушна і не справядліва, што недзе мусіць існаваць нейкі лепшы свет? Аднак вельмі цяжка было вызначыць, як ставіліся да Масея свінні. Усе яны з пагардаю заяўлялі, што яго байкі пра Ледзянцовыя Горы былі хлуснёй, і разам з тым яны дазвалялі яму заставацца на ферме не працуючы і выдавалі яму чвэрць пінты піва штодня.
Калі капыт у Баксёра загаіўся, ён пачаў працаваць яшчэ старанней. Праўду кажучы, усе жывёлы працавалі гэты год, як рабы. Апроч звычайнай працы на ферме і на адбудове ветрака, яны мусілі цяпер будаваць школу парасятам, закладзеную ў сакавіку. Часам было цяжка трываць доўгія гадзіны на галоднай норме, але Баксёр ніколі не вагаўся. Ва ўсім, што б ён ні казаў або ні рабіў, не было і знаку, што сіла ў яго была ўжо не тая, што раней. Толькі з выгляду ён крыху змяніўся: скура ў яго ўжо не блішчала, як раней, а яго магутныя заднія ногі нібы ссохліся. Іншыя казалі: «Баксёр ачуняе, калі ўвесну ўзыдзе трава», але настала вясна, а Баксёр так і не пагладчэў. Часам, калі ён напружваў цягліцы, выкочваючы з кар'ера вялізны валун, здавалася, што толькі нязломнае жаданне трымала яго на нагах. У гэткія хвіліны можна было пабачыць, як у вуснах ягоных складаюцца словы: «Я буду працаваць яшчэ старанней»; голасу ў яго ўжо не засталося. Канюшынка і Бэнджамін зноў папярэдзілі яго, каб ён дбаў пра здароўе, але Баксёр на іх не зважаў. Набліжаўся дзень, калі яму споўніцца дванаццаць гадоў. Яго гэта не хвалявала, бо да таго, як яму ісці на