і вочы яе напоўніліся слязьмі. Калі б яна магла выказаць свае думкі, яна сказала б, што не да гэтага яны імкнуліся, калі браліся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор і забойствы былі зусім не тым, пра што яны так марылі ў тую ноч, калі стары Маёр упершыню абудзіў іх на паўстанне. Калі яна раней мела нейкі вобраз будучыні, дык гэта было грамадства без голаду і бізуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы бароніць слабога, як яна бараніла вывадак качанят, захінуўшы іх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы. А замест усяго гэтага — і яна не ведала чаму — яны дажылі да часоў, калі ніхто не можа сказаць таго, што думае, калі паўсюль сноўдаюць лютыя рыклівыя сабакі і калі ты мусіш глядзець, як тваіх таварышаў разрываюць на шматкі пасля таго, як яны прызналіся ў страшных злачынствах. У яе ў галаве не было і думкі пра бунт ці непаслушэнства. Яна ведала, што нават гэтак было лепей, чым за часы Джоўнза, і што найперш трэба было зрабіць усё, каб не вярнуліся чалавечыя істоты. Што б ні здарылася, яна застанецца вернай, будзе цяжка працаваць, выконваць усе загады, што ёй будуць давацца, і пагаджацца з кіраўнічаю роляю Напалеона. І ўсё ж гэта было не тое, на што яна і ўсе іншыя жывёлы спадзяваліся і дзеля чаго аддавалі ўсе свае сілы. Не дзеля таго яны будавалі вятрак і падстаўляліся пад Джоўнзавы кулі. Гэтак яна думала, хоць ёй не ставала словаў, каб выказаць свае думкі.

Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замяніць тыя словы, якіх яна ніяк не можа знайсці, яна пачала спяваць «Звяры Брытаніі». Іншыя жывёлы, што сядзелі вакол яе, падхапілі спеў, і яны праспявалі яе тры разы — вельмі суладна, але павольна і жалобна, так, як ніколі раней не спявалі.

Не паспелі яны скончыць, як Віскун, у атачэнні двух сабакаў, падышоў да іх з выглядам, нібы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясціў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона «Звяры Брытаніі» адмененыя. З гэтага часу спяваць іх забаронена.

Жывёлы былі агаломшаныя.

— Чаму? — закрычала Мюрыэль.

— Яна больш не патрэбная, таварыш, — сурова адказаў Віскун. — «Звяры Брытаніі» былі песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднікаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер і знешнія і ўнутраныя ворагі разбітыя. У «Звярах Брытаніі» мы выказвалі свае мары аб лепшым грамадстве ў будучыні. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае ніякага сэнсу.

Хоць і спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглі б запратэставаць, але ў гэты момант авечкі завялі сваё звычайнае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», што цягнулася некалькі хвілін і паклала канец спрэчцы. Такім чынам, «Звяры Брытаніі» болей не спявалі. Замест іх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:

О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!

Ніколі табе не ўчыню я шкоды! —

і цяпер яе спявалі кожную нядзелю раніцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што ні мелодыя, ні словы яе ніяк не маглі зраўняцца з «Звярамі Брытаніі».

VIII

Праз некалькі дзён, калі страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (ці яму гэта толькі падалося), што Шостая Запаведзь казала: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў». І хоць нікому і ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасці свінняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнія забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзі. Канюшынка папрасіла Бэнджаміна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, і калі Бэнджамін, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткія справы, яна схадзіла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў без прычыны». Неяк так здарылася, што два апошнія словы выпалі з памяці жывёлаў. Але цяпер яны пабачылі, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмі важкая прычына, каб забіць здраднікаў, якія схаўрусаваліся з Сняжком.

Увесь гэты год жывёлы працавалі яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамі ўдвая таўсцейшымі і скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць і звычайную працу на ферме — усё гэта вымагала неверагодных высілкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелі ўранку Віскун браў доўгі сувой паперы і чытаў ім спісы лічбаў, якія сведчылі, што вытворчасць усіх відаў харчовай прадукцыі ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават і на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было ніякіх падставаў яму не верыць, асабліва таму, што яны ўжо добра і не памяталі, у якіх умовах яны жылі да Паўстання. І ўсё ж былі дні, калі ім здавалася, што раней было менш лічбаў і болей ежы.

Усе загады цяпер абвяшчаліся праз Віскуна або яшчэ каго з свінняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыдні. Калі ён з'яўляўся, пры ім быў не толькі сабачы почт, але і чорны певень, які быў нібы за трубача і крычаў гучнае «кукарэку!» кожны раз перад тым, як Напалеон збіраўся нешта сказаць. Казалі, што нават у сядзібе Напалеон жыў у асобных ад усіх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над ім чуйнавалі два сабакі, і еў ён заўсёды з абеднага сервізу «Краўн Дарбі», які раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўні. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як і ў дзве іншыя гадавіны.

Пра Напалеона цяпер ніколі не казалі проста «Напалеон». Афіцыйна яго цяпер заўсёды называлі толькі «наш Правадыр таварыш Напалеон», і свінні любілі прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсіх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнік Авечага Статка, Сябра Качанятаў і падобнае. У сваіх прамовах Віскун, заліваючыся слязьмі замілавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца і пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсім свеце, асабліва ж да няшчасных жывёлаў, якія жылі ў няведанні і рабстве на іншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне і за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: «Пад кіраўніцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён»; або як дзве каровы на вадапоі радасна ўсклікалі: «Дзякуючы кіраўнічай ролі таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!» Агульныя пачуцці на ферме былі добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася «Таварыш Напалеон» і гучала так:

О сябар сіротам! Крыніца цяпла і пяшчоты! Памыйні ўладар! Ні пакуты, ні голад, ні скон Мне душу не азмрочаць, Бо заўжды твае мудрыя вочы Мне, як сонца з нябёсаў, зіхочуць, Таварыш Напалеон! Ты — дарыльшчык усёй той надобы, Што падданым тваім даспадобы: Набіты трыбух і сухая падсцілка на сон; У хляве, як у раю, Спіць спакойна худоба любая, Бо нядрэмных вачэй не змыкае Таварыш Напалеон! Каб я меў парсючка-немаўляці, Гадаваў бы яго быццам маці І, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён, Я яго навучаў бы старанна Табе ў вочы глядзець закахана І страчаць цябе віскам адданым: «Таварыш Напалеон!»
Вы читаете Ферма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату