Жывёлы былі не на жарт напалоханыя. Ім здавалася, што Сняжок напоўніў паветра вакол іх сваімі нябачнымі ўплывамі і пагражаў ім рознымі няшчасцямі. Увечары Віскун склікаў усіх разам і з трывогаю на твары сказаў, што мае паведаміць важную навіну.

— Таварышы! — закрычаў Віскун, нервова падскокваючы. — Выявілася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пінчфілд, які збіраецца напасці на нас і забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за правадніка, калі пачнецца наступ. Але ёсць і страшнейшая навіна. Мы думалі, што Сняжок узняўся на бунт толькі праз сваю фанабэрыю і ганарлівасць. Але мы памыляліся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявілася з дакументаў, якія засталіся пасля яго і якія мы знайшлі толькі цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Ці ж мы самі не бачылі, як ён спрабаваў — на шчасце, без поспеху — разбіць і знішчыць нас у Бітве пры Хляве?

Жывёлы былі агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькі хвілін, перш чым яны здолелі цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталі або думалі, што памятаюць, як яны бачылі Сняжка на чале жывёлаў у Бітве пры Хляве, як ён іх падтрымліваў і падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху ні на хвіліну, нават калі шраціны з Джоўнзавай стрэльбы паранілі яму спіну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, які рэдка задаваў пытанні, быў збіты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднія ногі, заплюшчыў вочы і цяжкім намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкі.

— Я не веру гэтаму, — сказаў ён. — Сняжок мужна змагаўся ў Бітве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Ці ж не ўзнагародзілі мы яго адразу пасля бітвы медалём «Жывёла-Герой» першага класа?

— Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем — усё гэта напісана ў сакрэтных дакументах, якія мы знайшлі, — што ў сапраўднасці ён хацеў завабіць нас на загубу.

— Але ён быў паранены, — сказаў Баксёр. — Мы ўсе бачылі, як цякла кроў.

— Пра гэта было загадзя дамоўлена! — закрычаў Віскун. — Джоўнзаў стрэл толькі трошкі яго зачапіў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясціну ягоных запісаў, калі б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сігнал да ўцёкаў і адступіць перад ворагам. І яму гэта амаль удалося — я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калі б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калі Джоўнз і яго людзі ўбеглі на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся і пачаў уцякаць, і большасць жывёлаў кінулася за ім? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калі ўсіх ахапіла паніка і ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклічам «Смерць чалавецтву!» і ўкусіў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы? — закрычаў Віскун, падскокваючы на месцы.

Цяпер, калі Віскун апісаў тыя падзеі гэтак відавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякім разе, яны памяталі, што ў сама крытычны момант бітвы Сняжок павярнуўся і пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.

— Я не веру, што Сняжок быў здраднікам на самым пачатку, — нарэшце сказаў ён. — Што ён рабіў пасля — гэта ўжо іншая справа. Але я веру, што пад час Бітвы пры Хляве ён быў добрым таварышам.

— Наш Правадыр таварыш Напалеон, — заявіў Віскун, гаворачы вельмі павольна і выразна, — катэгарычна сцвярджае — катэгарычна, таварыш, — што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку — так, і нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.

— А, ну гэта іншая справа! — сказаў Баксёр. — Калі гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно і ёсць.

— Вось гэта правільныя словы, таварыш, — закрычаў Віскун, але ўсе заўважылі, што ён неяк вельмі нядобра паглядзеў на Баксёра сваімі мірглівымі вочкамі. Ён павярнуўся, каб пайсці, пасля спыніўся і дадаў шматзначна: — Папярэджваю ўсіх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пільныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьці з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!

Праз чатыры дні, надвячоркам, Напалеон загадаў усім жывёлам сабрацца ў двары. Калі яны ўсе сышліся разам, Напалеон выйшаў з сядзібы, аздоблены абодвума сваімі медалямі (бо незадоўга перад тым ён узнагародзіў сябе медалямі «Жывёла-Герой» першага класа і «Жывёла-Герой» другога класа), з сваімі вялізнымі сабакамі, што круціліся вакол яго і гыркалі так, што ў жывёлаў дрыжыкі беглі па спінах. Яны маўкліва скурчыліся на сваіх месцах, нібы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.

Напалеон стаяў і сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранізліва завішчаў. Сабакі зараз жа кінуліся наперад, схапілі чатырох свінняў за вушы і пацягнулі іх да ног Напалеона, не зважаючы на іх страшны віск ад болю і страху. З свіных вушэй цякла кроў, сабакі адчулі яе смак і на нейкі момант зусім ашалелі. Раптам, усім на здзіўленне, трое сабак накінуліся на Баксёра. Убачыўшы іх, Баксёр выставіў наперад свой вялізны капыт, збіў аднаго сабаку з лёту і прыціснуў яго да зямлі. Сабака заенчыў аб літасці, і два другія ўцяклі, падціснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабіць: раздушыць сабаку насмерць ці адпусціць. Напалеон, як здалося, змяніўся з твару і рэзка загадаў Баксёру адпусціць сабаку, на што той падняў капыт, і сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.

У хуткім часе сумятня сціхла. Чатыры свінні чакалі, дрыжучы, усім сваім выглядам прызнаючы сваю віну. Напалеон запрапанаваў ім павініцца ў сваіх злачынствах. Гэта былі тыя самыя чатыры парсюкі, якія пратэставалі, калі Напалеон адмяніў нядзельныя Сходы. Без лішняй прынукі яны прызналіся, што трымалі сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнічалі з ім у справе разбурэння ветрака і што ўвайшлі ў пагадненне з ім з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў містэру Фрэдэрыку. Яны дадалі, што Сняжок патаемна прызнаўся ім, што ён доўгія гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калі яны скончылі сваю споведзь, сабакі тут жа на месцы разарвалі ім глоткі, і Напалеон страшным голасам запытаўся, ці хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.

Тры курыцы, што верхаводзілі няўдалым яечным бунтам, выйшлі наперад і засведчылі, што Сняжок з'явіўся ім у сне і намовіў іх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былі забітыя на месцы. Тады выйшла гуска і прызналася, што схавала шэсць пшанічных каласкоў пад час леташняга жніва і з'ела іх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруіла ў ставок з пітной вадою — яна сказала, што яе на гэта падбіў Сняжок, — а яшчэ дзве авечкі павініліся ў тым, што загубілі старога барана, вельмі адданага прыхільніка Напалеона, тым, што ганялі яго, хворага на кашаль, вакол вогнішча, пакуль ён не памёр. Усе яны былі забітыя на месцы. І так чарада прызнанняў і пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў і паветра не напоўнілася смуродам крыві, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.

Калі ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свінняў і сабакаў, бязладным гуртом пацягнуліся прэч. Яны былі ўзрушаныя і няшчасныя. Яны не ведалі, што болей уразіла іх — здрада жывёлаў, якія ўступілі ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамі якое яны толькі што былі. Даўнейшымі часамі бывалі на ферме і не менш жахлівыя сцэны крывавае бойні, але ўсім ім здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калі гэта адбывалася паміж імі. З таго часу, як Джоўнз пакінуў ферму, і да гэтага дня ніводная жывёла ніколі не забіла іншае жывёлы. Не быў забіты нават ніводзін пацук. Яны пакіраваліся да ўзгорка, на якім стаяў недабудаваны вятрак, і, не згаворваючыся, леглі на зямлю, скупіўшыся, каб сагрэцца, — Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамін, каровы, авечкі і цэлая чарада гусей і курэй — усе, апроч ката, які раптоўна знік якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкі час усе маўчалі. Адзін Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круціўся, абмахваючы даўгім хвастом бакі, і час ад часу здзіўлена іржаў. Нарэшце ён сказаў:

— Я нічога не разумею. Я ніколі не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Відаць, мы самі ў нечым вінаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць раніцай на цэлую гадзіну раней.

І ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў іх да ветрака і толькі тады пайшоў спаць.

Жывёлы скупіліся вакол Канюшынкі і маўчалі. З пагорка, на якім яны ляжалі, адкрываўся шырокі спазор на ваколіцы. Яны маглі бачыць большую частку Фермы Жывёлаў — даўгі выган, што цягнуўся да гасцінца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палі, дзе ўжо зазелянела рунь, і чырвоныя дахі гаспадарчых будынкаў з дымам, што віўся з комінаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава і жываплоты залаціліся пад косымі промнямі сонца. Ніколі раней ферма — а яны са здзіўленнем успомнілі, што гэта была іх ферма, кожны лапік яе быў іхняю ўласнасцю — не здавалася такою ўтульнай і выгоднай. Канюшынка паглядзела на схіл пагорка,

Вы читаете Ферма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату