Нягледзячы на ўзрушэнне, выкліканае выгнаннем Сняжка, жывёлы былі збянтэжаныя гэтым паведамленнем. Некаторыя з іх нават і запярэчылі б, калі б знайшлі неабходныя аргументы. Нават Баксёр быў нямала ўсхваляваны. Ён падціснуў вушы, колькі разоў трасянуў грывай і паспрабаваў спарадкаваць свае думкі; але ўрэшце ён так і не знайшоў што сказаць. Некаторыя свінні, аднак, выразней выявілі сваю пазіцыю. Чатыры маладыя парсюкі, што сядзелі наперадзе, незадаволена завішчалі і ўсе чацвёра ўскочылі на ногі і пачалі гаварыць усе разам. Але раптам сабакі, што сядзелі вакол Напалеона, пагрозліва загыркалі, і свінні змоўклі і селі на свае месцы. Тады авечкі забляялі сваё жахлівае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», бляянне цягнулася амаль чвэрць гадзіны і паклала канец усяму абмеркаванню.

Пасля гэтага Віскун быў упаўнаважаны прайсціся па ўсёй ферме і растлумачыць усім астатнім новы парадак.

— Таварышы, — казаў ён, — я спадзяюся, што кожны з вас цэніць ахвярнасць таварыша Напалеона, які ўзяў на сябе гэты дадатковы цяжар. Не думайце, таварышы, што быць правадыром — гэта нешта прыемнае! Наадварот, гэта вялікая і цяжкая адказнасць. Ніхто не верыць так глыбока, як таварыш Напалеон, што ўсе жывёлы роўныя. Ён быў бы толькі шчаслівы даць вам магчымасць вырашаць самім за сябе. Але ж часам вы маглі б прымаць няправільныя рашэнні, таварышы, і што б тады было? Уявіце, што вы маглі б вырашыць падтрымаць Сняжка з ягонымі бязглуздымі ветракамі — Сняжка, які, як мы цяпер ведаем, быў проста крымінальнікам.

— Ён мужна змагаўся ў Бітве пры Хляве, — сказаў нехта.

— Адной мужнасці мала, — сказаў Віскун. — Адданасць і паслухмянасць значна важнейшыя. А што да Бітвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калі выявіцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыпліна, таварышы, жалезная дысцыпліна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзін памылковы крок, і вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?

Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелі, каб вярнуўся Джоўнз; калі правядзенне спрэчак нядзельнымі раніцамі магло б спрычыніцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкі варта было спыніць. Баксёр, які цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: «Калі гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда». І з таго часу ён узяў сабе за прымаўку «Напалеон заўсёды кажа праўду» ў дадатак да свайго асабістага дэвізу «Я буду працаваць яшчэ старанней».

Тым часам надвор'е перамянілася і пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, і лічылася, што гэтыя чарцяжы былі сцертыя з падлогі. Кожную нядзелю раніцай а дзесятай гадзіне жывёлы збіраліся ў вялікім гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусім голы, выкапалі з магілы ў садзе і прычапілі на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусілі ўрачыстым шыхтам прайсціся міма чэрапа, перш чым увайсці ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелі ўсе разам, як некалі раней. Напалеон з Віскуном і яшчэ адным парсюком, якога звалі Малятка і які меў незвычайны талент складаць песні і паэмы, сядзелі наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол іх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а іншыя свінні сядзелі ззаду. Астатнія жывёлы сядзелі насупраць іх у сярэдзіне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылі, і пасля аднаразовага адспявання «Звяроў Брытаніі» ўсе жывёлы разыходзіліся.

Трэцяе нядзелі пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзіўленнем пачулі паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў ніякіх прычынаў гэткай змены сваіх намераў, а проста папярэдзіў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмі цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скараціць харчовыя нормы. Усе праекты былі ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбніцы. Адмысловы свіны камітэт працаваў над імі на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з іншымі перадавымі пераменамі, зойме два гады.

Гэтым вечарам Віскун тлумачыў прыватна іншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасці ніколі не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён бараніў гэтую ідэю з самага пачатку, а чарцёж, які Сняжок намаляваў на падлозе ў інкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такім чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Віскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хітрасць таварыша Напалеона. Ён рабіў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавіцца ад Сняжка, які быў небяспечны элемент і дрэнна ўплываў на астатніх. Цяпер, калі Сняжок прыбраны з дарогі, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Віскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькі разоў: «Тактыка, таварышы, тактыка!», скачучы навокал, круцячы хвастом і весела смеючыся. Жывёлы не ведалі дакладна, што значыць гэтае слова, але Віскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакі, што выпадкова апынуліся пры ім, вурчэлі так пагрозліва, што яны пагадзіліся з яго тлумачэннямі без лішніх пытанняў.

VI

Увесь гэты год жывёлы працавалі, як рабы. Але яны былі шчаслівыя; яны не шкадавалі сілы і ахвотна ішлі на ахвяры, бо добра ведалі, што ўсё, што яны рабілі, было для іх саміх і для тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля іх, а не для жменькі лайдакоў і зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.

Усю вясну і лета яны працавалі шэсцьдзесят гадзін на тыдзень, а ў жніўні Напалеон паведаміў, што яны будуць працаваць таксама і ў нядзелі пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёліна, што самачынна адхілялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. І нават пры гэткіх умовах ад некаторых работ давялося адмовіцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, і два палеткі, якія планавалі засеяць караняплодамі на пачатку лета, засталіся незасеяныя, бо іх спазніліся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зіма.

Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былі добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску і цэменту, так што ўсе будаўнічыя матэрыялы былі пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы ніяк не маглі вырашыць, было, як разбіць камяні на кавалкі патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабіць інакш, як з дапамогаю кіркі і лома, якімі ніводная жывёла не магла карыстацца, бо ніводная жывёла не магла стаяць на задніх нагах. Толькі пасля некалькіх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка — выкарыстаць сілу прыцягнення. Вялізныя валуны, занадта вялікія, каб іх можна было ўжыць, параскладалі на дне кар'ера. Жывёлы абвязвалі іх вяроўкамі, і тады ўсе разам, каровы, коні, авечкі — усе, хто мог учапіцца за вяроўку, у крытычныя моманты да іх далучаліся нават свінні — цягнулі ўгору з безнадзейнай павольнасцю да самага краю кар'ера, адтуль іх спіхалі, і яны разбіваліся ўнізе на кавалкі. Перавозіць бітае каменне было параўнаўча лёгка. Коні цягнулі яго на вазах, авечкі валаклі асобныя кавалкі, нават Мюрыэль і Бэнджамін упрэгліся ў лёгкую двухколку і везлі сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, і тады пад наглядам свінняў пачалося будаўніцтва.

Гэта была марудная і цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень ішоў на тое, каб нязмернымі намаганнямі зацягнуць адзіны валун на край кар'ера, і часам, калі яго спіхвалі ўніз, ён не разбіваўся. Нічога нельга было б зрабіць, калі б не Баксёр, чыя сіла, здавалася, была роўная сіле ўсіх астатніх жывёлаў разам узятых. Калі валун слізгаў уніз і жывёлы, якіх цягнула за ім з гары, пачыналі крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся і спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзіў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымі краямі падкоў, як ягоныя бакі макрэлі ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся і не перясільваўся, але Баксёр ніколі яе не слухаў. Два ягоныя дэвізы «Я буду працаваць яшчэ старанней» і «Напалеон заўсёды кажа праўду» здаваліся яму вычарпальным адказам на ўсе пытанні. Ён дамовіўся з пеўнікам, каб той будзіў яго раніцай не на паўгадзіны, а на тры чвэрці гадзіны раней. А ў свае вольныя хвіліны, якіх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна ішоў адзін да кар'ера, набіраў бітага камення і без чужой дапамогі цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.

Усё гэтае лета жывёлы былі няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калі ў іх было і не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсі, і не меней. Перавага ў тым, што яны кармілі цяпер толькі саміх сябе, а не мусілі ўтрымліваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых істотаў, была такая вялікая, што кампенсавала шматлікія нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былі больш эканомныя і

Вы читаете Ферма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату