іншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камітэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камітэт па Вытворчасці Яек, для кароў — Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак — Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камітэт Перавыхавання Дзікіх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў і зайцоў) і шмат іншых, а таксама курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдаліся. Спроба ўхатніць дзікіх жывёлаў, напрыклад, правалілася амаль адразу. Тыя працягвалі паводзіць сябе па-ранейшаму, а калі да іх ставіліся з шчодрасцю і спагадай, яны проста з гэтага карысталі. Кот далучыўся да працы Камітэта Перавыхавання і колькі дзён быў вельмі актыўны. Адзін раз бачылі, як ён сядзеў на даху і гутарыў з вераб'ямі, якія абачліва трымаліся ад яго на адлегласці. Ён расказваў ім, што цяпер усе жывёлы таварышы і што любы верабей мог бы падысці і сесці яму на лапу; аднак вераб'і не наважваліся падысці бліжэй.
Гурткі ж па ліквідацыі непісьменнасці якраз удаліся. Да восені амаль кожная жывёліна на ферме была ў пэўнай ступені пісьменная.
Што да свінняў, дык яны ўжо выдатна ўмелі чытаць і пісаць. Сабакі навучыліся чытаць даволі добра, але не выяўлялі асаблівае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямі Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў і часам вечарамі чытала іншым з газетных шматкоў, якія яна знаходзіла на сметніку. Бэнджамін умеў чытаць не горш за свінняў, але ніколі не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькі яму вядома, няма нічога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе літары, але не магла злучыць іх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэсліць на пяску сваім вялізным капытом А, В, С, а тады, падціснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на літары, часам патрэсваючы чубам, і што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж ідзе далей, але так ніколі і не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён іх запомніць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавіў, што яму хопіць і чатырох першых літар, і штодня раз ці два практыкаваўся пісаць іх, каб асвяжыць памяць. Молі адмовілася вучыць больш за чатыры літары, з якіх складалася яе імя. Яна любіла акуратна выкладаць іх з галінак і ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзіла навокал і захаплялася сваім мастацтвам.
Ніводная іншая жывёліна на ферме не пасунулася далей за літару А. Выявілася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкі, куры і качкі, былі няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясціў, што Сем Запаведзяў, па сутнасці, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавіта: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна». У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялізму. Той, хто глыбока ім прасякнецца, зможа ніколі не баяцца ніякіх чалавечых уплываў. Птушкі спачатку запярэчылі, бо ім здавалася, што яны таксама маюць дзве нагі, але Сняжок давёў ім, што гэта не так.
— Птушынае крыло, таварышы, — сказаў ён, — гэта орган руху, а не дотыку, і, такім чынам, павінна быць прыраўнянае да нагі. Адметны знак чалавека — рука, прылада, якою ён чыніць усе свае зладзействы.
Птушкі не зразумелі доўгай прамовы Сняжка, але пагадзіліся з ягоным тлумачэннем, і ўсе ніжэйшыя жывёлы ўзяліся вучыць новы лозунг на памяць. «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» было напісана вялікімі літарамі на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямі. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкі праняліся да яго вялікім упадабаннем і часта, лежачы ў полі, яны ўсе разам пачыналі бляяць: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна! Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна!» і бляялі гэтак, не стамляючыся, цэлымі гадзінамі.
Напалеон Сняжковымі камітэтамі не цікавіўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзі — значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабіць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсі і Званочак абедзве ашчаніліся, спарадзіўшы на свет разам дзевяць здаровенькіх шчанятак. Як толькі яны адвучыліся ад матчынага малака, Напалеон забраў іх ад матак і сказаў, што сам паклапоціцца аб іхнім выхаванні. Ён занёс іх на гарышча, куды можна было трапіць толькі па драбіне з рымарні, і там трымаў іх у такім адасобненні, што ўсе на ферме неўзабаве пра іх забыліся.
У хуткім часе раскрылася таямніца таго, куды знікала малако. Яго дамешвалі штодня ў ежу свінням. Пачалі ўжо выспяваць раннія яблыкі, і трава ў садзе была ўсыпаная ападкамі. Усе жывёлы меркавалі як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкі будуць дзяліць на ўсіх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкі мусілі сабраць і занесці ў рымарню на спажытак свінням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нічога не дапамагло. Усе свінні былі аднадушныя ў гэтым пытанні, нават Сняжок і Напалеон. Даць усім іншым неабходныя тлумачэнні выслалі Віскуна.
— Таварышы! — закрычаў ён. — Спадзяюся, вы не лічыце, што мы, свінні, робім гэта дзеля эгаізму або прывілеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любіць малака і яблыкаў. Я і сам іх не люблю. Адзінае, дзеля чаго мы іх ямо, — каб захаваць сваё здароўе. Малако і яблыкі (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свінняў. Мы, свінні, — працаўнікі разумовае працы. Усё кіраванне фермаю і парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень і ўночы мы клапоцімся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако і ямо гэтыя яблыкі. Ці ведаеце вы, што б здарылася, калі б мы, свінні, не справіліся з сваімі абавязкамі? Джоўнз вярнуўся б! Так, Джоўнз вярнуўся б! Напэўна, таварышы, — крычаў Віскун ледзь не ўмольным голасам, скокаючы сюды-туды і матляючы хвастом, — напэўна, сярод вас няма нікога, хто захацеў бы, каб вярнуўся Джоўнз?
І праўда, калі і было нешта, у чым жывёлы былі цалкам упэўненыя, дык гэта тое, што яны не хацелі, каб Джоўнз вярнуўся. І калі ўсё было выстаўлена ў такім святле, ім не было чаго сказаць. Важнасць таго, каб свінні заставаліся пры добрым здароўі, была аж занадта відавочная. І таму без далейшых спрэчак было дамоўлена, што ўсё малако і ападкі яблыкаў (а таксама і ўвесь ураджай, калі яны даспеюць) будуць належаць адным свінням.
IV
Да канца лета вестка пра тое, што адбылося на Ферме Жывёлаў, разышлася па ўсім наваколлі. Сняжок і Напалеон штодня высылалі па колькі галубоў, якія меліся ўвайсці ў зносіны з жывёлаю на суседніх фермах, расказаць ёй гісторыю Паўстання і навучыць мелодыі «Звяроў Брытаніі».
Містэр Джоўнз цяпер найчасцей бавіў час у бары ўілінгданскай карчмы «Чырвоны леў», скардзячыся кожнаму, хто б ні трапіўся, на ўчыненую яму нялюдскую несправядлівасць — як яго выгнала з ягонага маёнтка нейкая купка нічога не вартых жывёлін. Іншыя гаспадары спачувалі яму дзеля прыліку, але не надта спяшаліся яму нечым дапамагчы. У душы кожны з іх патаемна разважаў, ці нельга было б Джоўнзава няшчасце павярнуць неяк на сваю карысць. На шчасце, уладальнікі гаспадарак, прылеглых да Фермы Жывёлаў, увесь час не ладзілі між сабою. Адна з іх, што звалася Фоксвуд, была вялікай занядбанай старасвецкай гаспадаркаю, збольшага зарослай лесам, са змарнаванымі пашамі і несамавітымі агароджамі. Гаспадар, містэр Пілкінгтан, быў нядбайны, ленаваты панок, які большасць свайго часу прысвячаў, залежна ад пары, рыбалцы або паляванню. Другая гаспадарка, Пінчфілд, была меншая і лепш дагледжаная. Яе ўладальнік, містэр Фрэдэрык, упарты і спрытны дзялок, увесь час з некім судзіўся і меў славу няўступлівага ў здзелках чалавека. Гэтыя двое так не любілі адзін аднаго, што ім цяжка было прыйсці да нейкага пагаднення, нават калі справа тычылася абароны іх інтарэсаў.
Тым не меней іх не на жарт спалохала паўстанне на Ферме Жывёлаў, і яны пастараліся зрабіць, што маглі, каб іх уласныя жывёлы як мага меней пра гэта ведалі. Спачатку яны спрабавалі высмеяць саму ідэю таго, што жывёлы самі могуць весці гаспадарку. Тыдні праз два ўсё гэта разваліцца само па сабе, казалі яны. Яны пускалі чуткі, што жывёлы на Ферме Мэнар (яны і далей упарта называлі яе «Ферма Мэнар», не церпячы назвы «Ферма Жывёлаў») увесь час ваююць паміж сабою і таму хутка памруць з голаду. Калі прайшоў нейкі час, а жывёлы зусім не памерлі з голаду, Фрэдэрык і Пілкінгтан завялі іншую песню і пачалі гаварыць пра страшны шал злачыннасці і распусты, які нібыта лютаваў цяпер на Ферме Жывёлаў. Казалі, што жывёлы там ядуць адна адну, катуюць адна адну распаленымі да чырвані падковамі, а самак ужываюць супольна. Вось што выйшла з гэтага паўстання супраць законаў Прыроды, казалі Фрэдэрык і Пілкінгтан.
Аднак ніхто да канца не верыў гэтым байкам. Няясныя і перакручаныя чуткі пра дзівосную ферму, дзе