да Сямі Запаведзяў. Гэтыя Сем Запаведзяў цяпер будуць запісаныя на сцяне, яны стануцца непарушным законам, паводле якога ўсе насельнікі Фермы Жывёлаў мусяць жыць ад гэтага дня і назаўсёды. З пэўнай цяжкасцю (бо свінні не надта зручна лазіць па драбінах) Сняжок залез угору і ўзяўся за працу, а колькі прыступак ніжэй стаяў Віскун і трымаў фарбу. Запаведзі былі напісаныя на прасмоленай сцяне вялікімі белымі літарамі, якія чыталіся з адлегласці трыццаць ярдаў. Гучалі Запаведзі так:
Сем Запаведзяў
1. Усе, хто ходзіць на дзвюх нагах, — ворагі
2. Усе, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы, — сябры
3. Ніводная жывёла не павінна насіць адзенне
4. Ніводная жывёла не павінна спаць у ложку
5. Ніводная жывёла не павінна піць гарэлку
6. Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў
7. Усе жывёлы роўныя
Напісана было вельмі чыста, і калі не лічыць, што замест «ложку» было напісана «лошку» і адно «я» было павернута ў другі бок, усё было слушна і без памылак. Сняжок прачытаў напісанае ўголас, каб зразумелі астатнія. Усе жывёлы ўхвальна качалі галовамі, а разумнейшыя адразу пачалі завучваць Запаведзі на памяць.
— А цяпер, сябры, — закрычаў Сняжок, адкінуўшы пэндзаль, — усе на сенажаць! Справай гонару будзе для нас сабраць сена хутчэй, чым гэта рабілі Джоўнз і яго людзі.
Але ў гэты момант тры каровы, якія ўжо нейкі час выглядалі неспакойнымі, пачалі ўтрапёна рыкаць. Іх ужо цэлыя суткі не даілі, і вымя ў іх разрывалася ад малака. Крыху падумаўшы, свінні загадалі прынесці вёдры і даволі ўдала падаілі кароў, бо капыты ў іх былі добра прыстасаваныя да гэтага. Неўзабаве пяць вёдраў напоўніліся тлустым шумлівым сырадоем, на які шмат хто з жывёлаў паглядаў з паважным зацікаўленнем.
— Што будзе далей з гэтым малаком? — спытаўся нехта.
— Джоўнз часам падліваў нам крыху малака ў корм, — сказала адна курыца.
— Не хвалюйцеся за малако, таварышы! — закрычаў Напалеон, стаўшы перад вёдрамі. — Мы разгледзім гэтае пытанне. Нам важней цяпер бітва за ўраджай. Зараз вы пойдзеце за таварышам Сняжком. Я прыйду праз некалькі хвілін. Наперад, таварышы! Сенажаць чакае.
І ўсе пацягнуліся гуртам на сенажаць пачынаць касьбу, а калі ўвечары яны вярнуліся, нехта заўважыў, што малако знікла.
III
Колькі яны намучыліся і папацелі на сенакосе! Але высілкі іхнія не былі марныя, бо сена накасілі нават больш, чым спадзяваліся.
Часам праца давалася цяжка; прылады былі разлічаны на людзей, а не на жывёлу, і вялізнаю перашкодай было тое, што ніводная жывёліна не магла карыстацца прыладамі, якія вымагалі стаяння на задніх нагах. Але свінні былі такія разумныя, што маглі знайсці выйсце з любога цяжкага становішча. Што да коней, яны ведалі на полі кожны каменьчык і на самай справе разбіраліся ў тым, як касіць і грэбці сена, значна лепей за Джоўнза і яго людзей. Свінні фактычна не працавалі, але кіравалі і наглядалі за іншымі. Пры іх вышэйшым розуме было натуральна, што яны возьмуць на сябе кіраўніцтва. Баксёру і Канюшынцы самім даводзілася ўпрагацца ў касілку або конныя граблі (ні цуглі, ні лейцы цяпер, вядома ж, былі не патрэбныя) і заўзята хадзіць сюды і туды па полі, а за імі хадзілі свінні і гукалі: «Но, пайшоў, таварыш!» або «Тпру, назад, таварыш!», у залежнасці ад патрэбы. І ўсе жывёлы, нават сама маленькія, пераварочвалі сена і збіралі яго. Нават качкі і куры сноўдалі цэлы дзень сюды-туды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькія жмуточкі сена. Урэшце яны скончылі сенакос, затраціўшы на яго на два дні меней, чым на гэта ішло часу ў Джоўнза і ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гісторыю фермы. Стратаў не было зусім; куры і качкі з іх пільнымі вочкамі падабралі ўсё да апошняй былінкі. І ніводная жывёліна на ферме не ўкрала ні каліва сена.
Усё лета праца на ферме ішла як добра наладжаны механізм. Жывёлы ніколі сабе не ўяўлялі, што яны могуць быць такія шчаслівыя. Кожны кавалак ежы выклікаў у іх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды іх ежа, здабытая імі самімі і дзеля іх саміх, а не мізэрныя порцыі, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калі не было болей гэтых нікому не патрэбных паразітаў — людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер і вольнага часу, хоць жывёлы і не мелі ніякага досведу ў тым, як яго бавіць. Яны сутыкаліся з рознымі цяжкасцямі — напрыклад, праз нейкі час, калі яны збіралі збожжа, ім прыйшлося малаціць яго на стары лад і выдзімаць з яго мякіну, бо на ферме не было малатарні — але свінні з сваім розумам і Баксёр з сваёй неверагоднаю сілай заўсёды іх ратавалі. Баксёрам захапляліся ўсе. Ён быў добры работнік яшчэ за часамі Джоўнза, але цяпер ён быў нібы тры кані, а не адзін; былі дні, калі здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. З раніцы да ночы ён штурхаў і цягнуў, і заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ён дамовіўся з адным пеўнікам, каб той будзіў яго раніцай на паўгадзіны раней ад усіх астатніх, і сам браўся за якую-небудзь працу — такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай, — перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: «Я буду працаваць яшчэ старанней!» — ён узяў гэтыя словы сабе за дэвіз.
Але кожны працаваў адпаведна сваім магчымасцям. Куры і качкі, напрыклад, уратавалі пяць бушаляў збожжа пад час жніва, старанна падбіраючы зярняткі. Ніхто не краў, ніхто не скардзіўся за порцыі. Сваркі, бойкі і зайздрасць, такія звычайныя штодзённыя з'явы колішніх часоў, цяпер амаль зусім зніклі. Ніхто не ўхіляўся ад працы — ці амаль ніхто. Молі, што праўда, не надта ахвотна паднімалася раніцаю і мела звычку ісці з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забіўся камень. Дзіўныя былі і паводзіны ката. Неўзабаве ўсе заўважылі: як толькі трэба нешта рабіць, ката ніколі нельга знайсці. Ён знікаў на цэлыя гадзіны, тады раптам з'яўляўся, калі трэба было есці, або ўвечары, калі праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так і трэба. Але ён заўсёды знаходзіў такія цудоўныя прабачэнні і муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамін, як здавалася, пасля Паўстання зусім не змяніўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як і за часы Джоўнза, ніколі не ўхіляючыся, але і не беручы ніколі добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне і яго вынікі ён звычайна не выказваў ніякіх думак. Калі ў яго пыталіся, ці шчаслівейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: «Аслы жывуць доўга. Ніхто з вас яшчэ ніколі не бачыў мёртвага асла», і ўсе мусілі задавольвацца гэтым загадкавым адказам.
Нядзелі былі вольныя ад працы. Снедалі на гадзіну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонія, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднімалі сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарні стары зялёны абрус місіс Джоўнз і намаляваў на ім белай фарбай падкову і рог. Сцяг паднімаўся на флагштоку перад сядзібай кожную нядзелю раніцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палі Англіі, тым часам як падкова і рог азначалі будучую Рэспубліку Жывёлаў, якая паўстане, калі чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы ішлі гуртам у гумно на агульны збор, які называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўваліся і абмяркоўваліся розныя пастановы. Высоўвалі пастановы заўсёды свінні. Іншыя жывёлы навучыліся галасаваць, але самі ніякіх прапаноў прыдумаць не маглі. Найбольш актыўнымі ў спрэчках былі Сняжок і Напалеон. Але можна было заўважыць, што гэтыя двое ніколі не пагаджаліся між сабою: калі адзін з іх выказваў якую думку, можна было быць пэўным, што другі будзе яе абвяргаць. Нават калі было пастаноўлена — па сутнасці, ніхто не меў нічога супраць — выдзеліць маленькі выган за садам у якасці месца адпачынку для жывёлаў, якія састарыліся і не маглі болей працаваць, дык усчаліся зацятыя спрэчкі наконт дакладнага веку выхаду на пенсію для розных катэгорыяў жывёлы. Сход заўсёды сканчаўся адспяваннем «Звяроў Брытаніі», і ўвесь час па абедзе прызначаўся на адпачынак.
Рымарню свінні выбралі сабе за штаб. Вечарамі яны вывучалі тут кавальства, цяслярства і іншыя неабходныя рамёствы з кніжак, якія яны вынеслі з сядзібы. Сняжок сам займаўся яшчэ і арганізаваннем