гэта, таварышы, усю кароткую рэшту вашага жыцця! А галоўнае — перакажыце гэты мой заклік тым, хто прыйдзе пасля вас, каб будучыя пакаленні маглі працягнуць змаганне да пераможнага канца.
І памятайце, таварышы, ваша рашучасць павінна быць непахісная. Ніякія доказы не павінны збіць вас з тропу. Ніколі не слухайце, калі вам будуць казаць, што Чалавек і жывёлы маюць агульныя інтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць і дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць інтарэсам ніводнай жывой істоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць і братэрства ў змаганні. Усе людзі — ворагі. Усе жывёлы — таварышы.
У гэтую хвіліну ўзняўся страшны гармідар. Пакуль Маёр прамаўляў, чатыры вялікія пацукі выпаўзлі з сваіх нораў і цяпер сядзелі на задніх лапах і слухалі яго. Раптам іх заўважылі сабакі, і толькі спрытна шмыгнуўшы ў свае норы, пацукі ўратавалі сабе жыццё. Маёр падняў нагу, заклікаючы да цішыні.
— Таварышы, — сказаў ён, — нам трэба вырашыць адну праблему. Дзікія звяры, такія як пацукі або зайцы, — сябры яны нам або ворагі? Давайце паставім гэта на галасаванне. Прапаную сходу пытанне: ці можна лічыць пацукоў таварышамі?
Адразу прагаласавалі, і пераважнай большасцю было вырашана, што пацукі — таварышы. Было толькі чацвёра нязгодных: усе тры сабакі і кот, які, як высветлілася пасля, галасаваў на два бакі. Маёр працягваў:
— Я яшчэ дадам наступнае. Паўтараю: заўсёды памятайце пра ваш абавязак варожасці да Чалавека і ўсіх ягоных звычаяў. Той, хто ходзіць на дзвюх нагах, — вораг. Той, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы, — сябар. Памятайце таксама, што, змагаючыся супраць Чалавека, мы не павінны да яго прыпадабняцца. Нават калі вы пераможаце яго, не пераймайце ягоных заганаў. Ніводная жывёліна ніколі не павінна жыць у доме, спаць у ложку, насіць адзенне, піць гарэлку, курыць тытунь, дакранацца да грошай або займацца гандлем. Усе звычкі Чалавека — ліха. І перад усім, ніводная жывёліна ніколі не павінна панаваць над сваімі блізкімі. Слабыя ці дужыя, разумныя ці дурныя, усе мы браты. Ніводная жывёліна ніколі не павінна забіваць іншай жывёліны. Усе жывёлы роўныя.
А цяпер, таварышы, я раскажу вам пра сон, што я сасніў мінулае ночы. Я не магу вам яго апісаць. Гэта быў сон пра жыццё на зямлі, якое яно будзе, калі знікне Чалавек. Але ён нагадаў мне штосьці, пра што я даўно ўжо забыўся. Шмат гадоў таму, калі я быў маленькім парасяткам, мая маці і іншыя мацёры часта спявалі старую песню, з якой яны памяталі толькі мелодыю і тры першыя словы. Я памятаў гэтую мелодыю, калі быў малы, але даўно ўжо забыўся. Мінулае ночы, аднак, яна вярнулася да мяне ў сне. І нават болей — вярнуліся і словы песні, якую, я ў гэтым упэўнены, некалі даўно спявалі жывёлы, але пасля тыя словы сцерліся з памяці цэлых пакаленняў. Я праспяваю вам зараз гэтую песню, таварышы. Я ўжо стары, і голас у мяне грубы, але калі я навучу вас мелодыі, вы самі заспяваеце лепей за мяне. Яна называецца «Звяры Брытаніі».
Стары Маёр пракашляўся і пачаў спяваць. Як ён сказаў, голас у яго быў грубы, але спяваў ён даволі добра, мелодыя была ўзрушальная, нешта сярэдняе паміж «Клементынай» і «Кукарачай». Словы былі такія:
Песня выклікала ў жывёлаў дзікае захапленне. Не паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалі ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з іх ужо падхапілі мелодыю і запомнілі некалькі словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свінняў і сабакаў, дык яны за колькі хвілін вывучылі ўсю песню на памяць. І тады, пасля некалькіх папярэдніх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлівым аднагалоссі «Звяры Брытаніі». Каровы мыкалі, сабакі скуголілі, авечкі бэкалі, коні ржалі, качкі кракалі. Песня так іх зачаравала, што яны праспявалі яе цалкам пяць разоў запар і спявалі б яе ўсю ноч, каб іх не перапынілі.
На бяду, гэты гармідар абудзіў містэра Джоўнза, і ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла ліса. Ён схапіў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальні, і стрэліў набоем шроту № 6 у цемру. Шрацінкі ўпіліся ў сцяну гумна, і сход паспешліва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца. Птушкі скочылі на седала, жывёла ўлеглася на салому, і праз хвіліну ўся ферма ўжо спала.
II
Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалі ў канцы саду.
Было гэта на пачатку сакавіка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзіла ў сама разумных жывёлінаў на ферме зусім новы погляд на жыццё. Яны не ведалі, калі адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у іх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за іх жыццём, але яны ясна бачылі, што іхні абавязак — падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць і арганізаваць іншых выпаў, натуральна ж, на долю свінняў, бо ўсе лічылі, што свінні — найразумнейшыя з усіх жывёлаў. Найвыдатнейшымі сярод свінняў былі два маладыя кныры — Сняжок і Напалеон, якіх містэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялікі, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзіны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркі, але вядомы сваёй упартасцю і ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык і больш кемлівы, але лічылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнія вепрукі на ферме гадаваліся на зарэз. Найбольш вядомы сярод іх быў маленькі тоўсты падсвінак Віскун з круглымі шчокамі, мірглівымі вочкамі, жвавымі рухамі і пранізлівым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам і, калі спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды і віляць хвастом, што ўздзейнічала на слухачоў вельмі пераканаўча. Пра