Віскуна казалі, што ён умее з чорнага зрабіць белае.

Гэтыя трое распрацавалі вучэнне старога Маёра ў завершаную сістэму, якой яны далі назву Жывялізм. Некалькі разоў на тыдзень, уночы, калі містэр Джоўнз засынаў, яны збіралі таемныя сходы ў гумне і тлумачылі іншым прынцыпы Жывялізму. Спачатку яны сутыкнуліся з неразуменнем і абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылі пра абавязак вернасці містэру Джоўнзу, якога яны называлі «Гаспадар», або выказвалі прымітыўныя заўвагі, накшталт: «Містэр Джоўнз корміць нас. Калі ён пойдзе, мы памрэм ад голаду». Іншыя ж пыталіся гэтак: «Чаго нам клапаціцца пра тое, што будзе, калі мы ўжо памрэм?» або «Калі гэтае Паўстанне так ці так адбудзецца, дык якая розніца, будзем мы нешта рабіць дзеля гэтага або не?», і свінням з вялікай цяжкасцю даводзілася пераконваць іх, што гэта пярэчыць духу Жывялізму. Найдурнейшыя ж пытанні задавала Молі, белая кабылка. Ці не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: «А ці будзе цукар пасля Паўстання?»

«Не, — цвёрда адказаў Сняжок. — У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбіцца цукар. Ты будзеш мець аўса і сена, колькі захочаш». «А ці можна будзе мне насіць стужкі ў грыве?» — спыталася Молі. «Таварыш, — сказаў Сняжок, — стужкі, якія ты гэтак любіш, ёсць знак рабства. Ці ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкі?»

Молі згадзілася, але згода яе прагучала не вельмі пераканаўча.

Яшчэ болей давялося змагацца свінням супраць хлусні, якую разводзіў свойскі крумкач Масей. Масей, якога асабліва песціў містэр Джоўнз, быў шпіёнам і даносчыкам, але ён быў яшчэ і разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра існаванне таямнічае краіны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерці адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамі, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвіце ўвесь год, а кавалкі цукру і льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавідзелі Масея, бо ён баяў байкі і не працаваў, але некаторыя верылі ў Ледзянцовыя Горы, і свінням даводзілася зацята спрачацца, каб пераканаць іх, што такой краіны не існуе.

Сама вернымі іх вучнямі былі цяглавыя коні Баксёр і Канюшынка. Ім было вельмі цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзіўшыся аднойчы з тым, што свінні іх настаўнікі, яны паглыналі ўсё, што ім казалі, і перадавалі сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнічалі на таемных сходах у гумне і найгучней спявалі «Звяры Брытаніі», якімі канчаўся кожны сход.

Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней і значна прасцей, чым усе спадзяваліся. Некалі раней містэр Джоўнз, хоць і жорсткі гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнім часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся і прыахвоціўся да чаркі, ды так, што гэта пачало ўжо ісці яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымі днямі сядзеў у сваім разьбяным драўляным крэсле на кухні, чытаў газеты, піў і раз-пораз карміў Масея хлебнымі скарынкамі, змочанымі ў піве. Слугі ягоныя былі лянівыя і несумленныя, палі пазарасталі пустазеллем, стрэхі папрацякалі, занядбаныя платы пахіліліся, а жывёла была недакормленая.

Настаў чэрвень, трава была ўжо амаль гатовая да сенакосу. Напярэдадні Янавай ночы, а было гэта якраз у суботу, містэр Джоўнз выправіўся ў Уілінгдан і так напіўся ў «Чырвоным ільве», што вярнуўся дадому толькі апоўдні ў нядзелю. Слугі ўранні падаілі кароў і пайшлі ставіць пасткі на зайцоў, не даўшы сабе клопату накарміць жывёлу. Прыйшоўшы дадому, містэр Джоўнз адразу ж заснуў на канапе ў гасцёўні, накрыўшы твар газетай «Навіны свету», так што калі надышоў вечар, жывёлы ўсё яшчэ былі някормленыя. Нарэшце іх цярпенню настаў канец. Адна карова праламала рогам дзверы ў свірне, і ўсе жывёлы пачалі частавацца з засекаў. Якраз у гэты момант містэр Джоўнз прачнуўся. Праз хвіліну ён і чатыры слугі былі ў свірне з бізунамі ў руках і сцябалі на ўсе бакі. І ўжо гэтага галодныя жывёлы сцярпець не маглі. Нібы згаварыўшыся, хоць нічога гэткага загадзя не планавалася, яны кінуліся на сваіх тыранаў. На Джоўнза і яго людзей раптам пасыпаліся з усіх бакоў удары рагоў і капытоў. Яны зусім разгубіліся. Ніколі раней яны не бачылі, каб жывёлы сябе гэтак паводзілі, і гэты нечаканы бунт істотаў, якіх яны прызвычаіліся без дай прычыны біць і зневажаць, да смерці іх напалохаў. Неўзабаве яны кінулі спробы абараніцца і пусціліся наўцёкі. Не прайшло і хвіліны, як яны ўжо ляцелі, што мелі духу, дарогаю, якая вяла да гасцінца, а за імі ў пераможным імпэце беглі жывёлы.

Місіс Джоўнз выглянула з акна ў спальні і, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешліва кінула ў дарожную торбу ўсё, што трапіла пад руку, уцякла з фермы іншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкі і паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналі Джоўнза і яго людзей на гасцінец і з бразгатам зачынілі за імі цяжэзную браму. І так, не паспеўшы яшчэ як след сцяміць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылі Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны і ферма Мэнар стала іхняя.

Напачатку жывёлы не маглі паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабілі — усім гуртам абабеглі наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нібы хацелі ўпэўніцца, што ніводная чалавечая істота не схавалася там; пасля яны кінуліся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерці апошнія сляды ненавіснага панавання Джоўнза. Яны выламалі дзверы ў рымарні ў канцы стайні; цуглі, наздравыя колцы, сабачыя ланцугі, страшныя нажы, якімі містэр Джоўнз пакладаў кныроў і бараноў, — усё гэта было патоплена ў студні. Лейцы, аброці, шоры, ганебныя аброчныя торбы былі ўкінуты ў вогнішча, што гарэла ў двары. Туды паляцелі і пугі. Усе жывёлы заскакалі ад радасці, убачыўшы, як пугі заняліся полымем. Сняжок кінуў у вогнішча і стужкі, якімі ў кірмашовыя дні звычайна ўпрыгожвалі конскія грывы і хвасты.

— Стужкі, — сказаў ён, — павінны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае істоты. Усе жывёлы павінны хадзіць голыя.

Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькі саламяны капялюш, які надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, і кінуў яго да кучы ў вогнішча.

За кароткі час жывёлы знішчылі ўсё, што нагадвала ім пра містэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў іх у свіран і выдаў кожнаму падвойную норму збожжа і па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалі ад пачатку да канца «Звяры Брытаніі» і тады паклаліся спаць. Гэтую ноч яны спалі так, як не спалі яшчэ ніколі ў жыцці.

Прачнуліся яны, як звычайна, на світанні і, раптам прыгадаўшы вялікую падзею, што адбылася напярэдадні, выбеглі ўсе разам на выган. Трохі далей на выгане ўзвышаўся невялікі пагорак, з якога было відаць амаль усю ферму. Жывёлы забраліся на вяршыню пагорка і азірнуліся навокал у ясным ранішнім ззянні. Так, гэта належала ім — усё, што яны бачылі навокал, належала ім! У захапленні ад гэтай думкі яны радасна кружыліся на месцы і падскоквалі ўгару ад шчасця. Яны качаліся ў расе, набіралі поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалі нагамі камякі чорнай зямлі і нюхалі яе шчодры пах. Тады яны абышлі ўсю ферму і агледзелі ў ціхім захапленні раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нібыта і не бачылі ўсяго гэтага раней, і нават цяпер ім было цяжка паверыць, што гэта ўсё іхняе.

Пасля яны вярнуліся да будынкаў і моўчкі спыніліся перад уваходам у сядзібу. Яна таксама належала ім, але яны баяліся ўвайсці. Праз хвіліну, аднак, Сняжок і Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынілі дзверы, і жывёлы ўвайшлі нясмелаю чарадою, ступаючы з вялікаю асцярогай ад боязі што-небудзь парушыць. Яны пераходзілі на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, і з багавейным страхам разглядалі неверагодную раскошу, ложкі з пярынамі, люстэркі, канапу, набітую конскім воласам, аксамітны дыван, літаграфію каралевы Вікторыі над камінам у гасцёўні. Яны якраз спускаліся па сходах, калі заўважылі, што згубілася Молі. Вярнуўшыся, яе знайшлі ў найлепшай спальні. Яна выцягнула з туалетнага століка місіс Джоўнз блакітную стужку і цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалі, і яны выйшлі на двор. Некалькі кумпякоў, што віселі на кухні, былі вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з півам у каморы Баксёр прабіў капытом, больш яны ў доме ні да чога не дакрануліся. Адразу аднадушна пастанавілі, што сядзіба будзе захаваная ў якасці музея. Было вырашана, што ніхто з жывёлаў ніколі не будзе там жыць.

Жывёлы паснедалі, і тады Сняжок і Напалеон зноў склікалі іх разам.

— Таварышы, — сказаў Сняжок, — цяпер палова сёмай гадзіны, і наперадзе яшчэ доўгі дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас і яшчэ адна справа, якой мы найперш мусім аддаць увагу.

І свінні расказалі, што за апошнія тры месяцы яны навучыліся чытаць і пісаць з старога лемантара, які належаў дзецям містэра Джоўнза і які выкінулі на сметнік. Напалеон загадаў прынесці белай і чорнай фарбы і прывёў усіх да брамы, што выходзіла на гасцінец. Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пісанне) заціснуў пэндзаль паміж косткамі капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву «Ферма Мэнар» і напісаў замест яе «Ферма Жывёлаў». Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма. Пасля гэтага яны вярнуліся да будынкаў, дзе Сняжок і Напалеон паслалі па драбіны, якія яны загадалі прыставіць да сцяны вялікага гумна. Яны растлумачылі, што ў выніку роздуму за апошнія тры месяцы свінні здолелі звесці прынцыпы Жывялізму

Вы читаете Ферма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату