пазіраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкі хадзіў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся і нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спыніўся, быццам нешта вырашыўшы.
— Таварышы, — сказаў ён спакойна, — ці ведаеце вы, хто нясе адказнасць за гэта? Ці ведаеце вы, хто той вораг, які прыйшоў уночы і разбурыў наш вятрак? Сняжок! — І раптам ён закрычаў грымотным голасам: — Гэта ўчыніў Сняжок! З сваёй зламыснасці, імкнучыся сарваць нашыя планы і адпомсціць за сваё ганебнае выгнанне, гэты здраднік пракраўся сюды пад покрывам ночы і знішчыў вынікі нашай амаль гадавой працы. Таварышы, тут і цяпер я абвяшчаю Сняжку смяротны прысуд. Медаль «Жывёла-Герой» другога класа і пуд яблыкаў таму, хто выканае прысуд. Два пуды яблыкаў таму, хто зловіць яго жывога!
Жывёлы былі незвычайна ўражаныя, даведаўшыся, што Сняжок здатны на такое злачынства. Пачуліся крыкі абурэння, і кожны пачаў абдумваць, як злавіць Сняжка, калі той надумае вярнуцца. Амаль адразу ж на траве недалёка ад узгорка з ветраком былі заўважаныя свіныя сляды. Яны былі бачныя толькі на працягу некалькіх ярдаў, але было відаць, што яны вядуць да дзіркі ў агароджы. Напалеон прынюхаўся да іх і абвясціў, што яны належаць Сняжку. Ён выказаў меркаванне, што Сняжок, відаць, прыйшоў з боку фермы Фоксвуд.
— Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! — закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. — Нас чакае шмат працы. Сёння раніцай мы пачнём адбудоўваць вятрак і будзем будаваць яго ўсю зіму, і ў дождж, і ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднік ведае, што яму не ўдасца так проста закрэсліць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павінна быць ніякіх змен, усё мусіць быць выканана дзень у дзень. Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!
VII
Зіма была суровая. За шалёнымі вятрамі прыйшлі дажджы і снегапады, а пасля насталі жорсткія маразы, якія пачалі слабнуць толькі ў лютым. Жывёлы што ставала сілы працягвалі адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешні свет уважліва сочыць за імі і што зайздросныя чалавечыя істоты будуць радавацца і святкаваць перамогу, калі вятрак не будзе пабудаваны ў пару.
На бяду жывёлам, чалавечыя істоты ўдавалі, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалі, што ён разваліўся таму, што сцены былі занадта тонкія. Жывёлы ведалі, што гэта няпраўда. І ўсё ж было вырашана рабіць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасці камення. Доўгі час кар'ер быў занесены снегам, і нічога нельга было рабіць. Праца крыху прасунулася наперад у сухія марозныя дні, але гэта было цяжкае выпрабаванне, і энтузіязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. Ім увесь час было халодна, а часам і галодна. Толькі Баксёр і Канюшынка ніколі не падалі духам. Віскун выступаў з бліскучымі прамовамі аб радасці служэння ферме і высокай годнасці працы, але астатнія жывёлы значна болей натхняліся з Баксёравай сілы і яго нястомнага воклічу «Я буду працаваць яшчэ старанней!».
У студзені пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, і было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявілася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якія не былі як след накрытыя. Бульба зрабілася мяккая і бясколерная, і толькі нязначная яе частка была прыдатная да ежы. Часам цэлымі днямі жывёлы нічога не елі, апроч мякіны і буракоў. Галодная смерць, здавалася, ужо заглядала ім у твары.
Было жыццёва неабходна схаваць гэты факт ад знешняга свету. Падахвочаныя разбурэннем ветрака, чалавечыя істоты выдумлялі новую хлусню пра Ферму Жывёлаў. Зноў пайшлі чуткі, што ўсе на ферме паміраюць з голаду і хваробаў, што яны няспынна варагуюць паміж сабою і дайшлі нават да канібалізму і дзетазабойства. Напалеон добра ўсведамляў, якія былі б вынікі, калі б за агароджаю фермы даведаліся пра сапраўднае становішча з ежай, і ён вырашыў скарыстаць містэра Ўімпэра, каб пашырыць звесткі адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павінны былі мець ніякіх кантактаў з Уімпэрам пад час ягоных штотыднёвых візітаў, тым часам некалькі адмыслова вылучаных жывёлін, у большасці авечак, падвучылі казаць, нібы мімаходзь, у ягонай прысутнасці, што нормы былі павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўніць амаль пустыя засекі ў свірне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамі збожжа і мукі. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уімпэра завялі ў свіран і дазволілі яму зазірнуць у засекі. Гэтак яго ўвялі ў зман, і ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.
І, аднак, пад канец студзеня сталася відавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымі днямі Напалеон рэдка паказваўся публічна і ўвесь час праводзіў у сядзібе, усе дзверы ў якой ахоўваліся страхотнымі сабакамі. Калі ж ён і выходзіў на свет, дык вельмі ўрачыста, у атачэнні шасці сабакаў, якія шчыльна абступалі яго і вурчалі, калі нехта падыходзіў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымі раніцамі, а пераказваў свае загады праз іншых свінняў, звычайна праз Віскуна.
Аднойчы нядзельнай раніцай Віскун абвясціў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкі. Напалеон заключыў праз Уімпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа і мукі, каб пражыць да лета, калі жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.
Калі куры пачулі гэта, яны ўзнялі страшны лямант. Іх і раней папярэджвалі, што ім, магчыма, давядзецца пайсці на такую ахвяру, але яны не верылі, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтаваліся да вясновага выседжвання і скардзіліся, што забраць цяпер яйкі было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымі чорнымі міноркамі, куры зрабілі рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылі заляцець на кроквы і несці яйкі там, адкуль яны падалі і разбіваліся аб падлогу. Напалеон дзейнічаў хутка і бязлітасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу і папярэдзіў, што любая жывёліна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакі пільна сачылі за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалі пяць дзён, пасля здаліся і вярнуліся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Іх целы пахавалі ў садку, і было абвешчана, што яны памерлі ад какцыдыёзу. Уімпэр пра гэтую справу нічога не чуў, і яйкі дастаўляліся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка і завозіў іх у мястэчка.
Увесь гэты час Сняжка так ніхто і не бачыў. Хадзілі чуткі, што ён хаваўся на адной з суседніх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пінчфілдзе. Да гэтага часу дачыненні Напалеона з іншымі фермерамі крыху палепшалі. Неяк на панадворку знайшлі цэлы штабель драўніны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калі вычышчалі букавы гай. Дрэва было сухое, і Ўімпэр параіў Напалеону прадаць яго; містэр Пілкінгтан і містэр Фрэдэрык былі гатовыя яго купіць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупніка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цікава адзначыць, што, калі ён схіляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калі ж ён думаў спыніць выбар на Пілкінгтане, казалі, што Сняжок сядзіць у Пінчфілдзе.
Аднойчы ранняй вясною нечакана выявіўся трывожны факт. Сняжок начамі патаемна прыходзіў на ферму. Жывёлы былі так усхваляваныя, што не маглі спаць у сваіх стойлах. Казалі, што кожнае ночы ён прабіраецца на ферму пад покрывам цемры і чыніць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкі, біў яйкі, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькі на ферме што-небудзь не ладзілася, сталася звычаем прыпісваць віну Сняжку. Калі разбівалася шыбіна або забіваліся вадасцёкі, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок і зрабіў гэта, а калі згубіліся ключы ад свірна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закінуў іх у калодзеж. Дзіўна, што яны верылі ў гэта нават тады, калі ключы знайшліся пад мехам з мукою. Каровы ў адзін голас заяўлялі, што Сняжок пракраўся ў іх стойлы і даіў іх, пакуль яны спалі. Казалі таксама, што пацукі, якія прыносілі нямала клопату гэтай зімою, былі ў хаўрусе з Сняжком.
Напалеон заявіў, што неабходна правесці поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасці. Выйшаўшы ў суправаджэнні сабакаў, ён уважліва агледзеў усе гаспадарчыя будынкі, а ўсе астатнія жывёлы сачылі за імі на паважнай адлегласці. Праз кожныя некалькі крокаў Напалеон спыняўся і нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якія, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курніках, у гародзе, і знаходзіў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлі, колькі разоў глыбока ўдыхаў паветра і крычаў страшным голасам: «Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!», і, пачуўшы слова «Сняжок», сабакі гыркалі так, што кроў застывала ў жылах, і шчэрылі іклы.