ягоную шчыравернасць, але кожны раз, падымаючы вочы, ён бачыў перад сабой схіленую галаву, сівыя валасы, горка — о, як горка! — сціснутыя вусны. Нарэшце ён адважыўся:

— Месье дырэктар…

Рыўер падняў галаву і паглядзеў на яго. Ён ачнуўся з такой глыбокай задумы, вярнуўся з такой далечы, што, відаць, нават не заўважыў прысутнасці Рабіно. І нікому ніколі не дазнацца, пра што ён думаў, што адчуваў, якая журба апанавала яго сэрца… Рыўер глядзеў на Рабіно доўгім позіркам, нібы на жывога сведку нейкіх падзей. Рабіно зніякавеў. І чым даўжэй глядзеў на яго Рыўер, тым выразней праяўлялася на яго вуснах няўцямная для Рабіно іронія. Чым даўжэй глядзеў на яго Рыўер, тым мацней чырванеў Рабіно. Рыўеру ўсё болей здавалася, што Рабіно з яго кранальнай добрай воляй, але, на жаль, з неабдуманымі намерамі прыйшоў сюды жывым сведчаннем чалавечага глупства.

Сумненне апанавала Рабіно. Сяржант, генерал, кулі — усё было недарэчнасць. Ён не разумеў, што адбываецца. Рыўер не адводзіў ад яго вачэй. І Рабіно мімаволі нават зыначыў позу, выцягнуў руку з левай кішэні. Рыўер не адводзіў ад яго вачэй. Тады, у неймаверным замяшанні, сам не ведаючы чаму, Рабіно вымавіў:

— Я прыйшоў па распараджэнні.

Рыўер дастаў гадзіннік і проста сказаў:

— Дзве гадзіны. Паштовы з Асунсьёна прызямліцца ў дзве дзесяць. Загадайце даць адпраўленне эўрапейскаму паштоваму ў дзве пятнаццаць.

І Рабіно разнёс па канторы ўразлівую вестку: начныя палёты не адменены. Ён звярнуўся да загадчыка бюро:

— Прынясіце мне тую папку, я праверу яе.

Калі загадчык бюро падышоў да яго, Рабіно сказаў:

— Чакайце.

І загадчык бюро чакаў.

XXII

Паштовы з Асунсьёна даў сігнал: «Іду на пасадку».

Нават у самыя горкія хвіліны гэтай ночы Рыўер не пераставаў сачыць па тэлеграмах за паспяховым лётам асунсьёнскага самалёта. Гэта было для Рыўера як бы рэваншам за паражэнне, доказам ягонай слушнасці. Тэлеграмы пра гэты шчаслівы палёт былі вестунамі тысячаў іншых наступных палётаў. «Не штоночы ж лютуюць цыклоны», — думаў Рыўер. І яшчэ: «Шлях пракладзены — зварочваць нельга».

Спускаючыся з Парагвая па прыступках аэрадромаў, быццам выходзячы з дзівоснага саду, багатага кветкамі, нізкімі дамкамі і павольнымі рэчкамі, самалёт слізгаў па-за межамі цыклону, і хмары не знішчылі на ягоным шляху ніводнай зоркі. Дзевяць пасажыраў, захутаныя ў дарожныя капы, прыціскаліся лбамі да акенцаў, быццам да вітрын з каштоўнасцямі: маленькія аргенцінскія гарадкі перабіралі ўжо ў змроку свае залатыя ружанцы ў пяшчотным бляску золата гарадоў. Уперадзе пілот падтрымліваў сваімі рукамі каштоўны груз чалавечых жыццяў, і ў яго вялікіх, шырока расплюшчаных вачах казапаса люстравалася поўня. Буэнас-Айрэс ужо заліваў далягляд ружовым заравам, гатовы заззяць усімі сваімі камянямі, як той казачны скарб. Пальцы радыста выстуквалі апошнія тэлеграмы — быццам пасылалі фінальныя гукі вялікай санаты, якую ён весела адбарабаніў у небе, мелодыя якой так цешыла Рыўера; потым радыст прыняў антэну, злёгку пацягнуўся, пазяхнуў і ўсміхнуўся: прыбылі!

Прызямліўшыся, лётчык убачыў пілота эўрапейскага паштовага; той стаяў, засунуўшы рукі ў кішэні і прываліўшыся спінай да свайго самалёта.

— Гэта ты павязеш пошту далей?

— Я.

— Патагонец ужо тут?

— Яго ўжо і не чакаюць. Згінуў. Надвор'е добрае?

— Выдатнае. Дык што, Фаб'ен згінуў?

Яны не сталі шмат гаварыць на гэтую тэму. Адчуванне вялікага братэрства пазбаўляла іх ад неабходнасці казаць гучныя словы.

Мяхі з асунсьёнскай транзітнай поштай перагружаліся ў эўрапейскі самалёт; пілот, па-ранейшаму нерухомы, закінуўшы галаву і прыпёршыся патыліцай да кабіны, глядзеў на зоры. Ён адчуваў, як у ім нараджаецца магутная сіла, як яго запаланяе магутная радасць.

— Пагрузілі? — спытаўся нехта. — У такім разе — кантакт!

Пілот не варушыўся. Запусцілі матор. Плячыма, прыціснутымі да самалёта, пілот адчуў, што самалёт ажыў. Нарэшце, пасля столькіх супярэчлівых вестак — ляцім… не ляцім… — пілот мог быць спакойны. Яго рот прыадкрыўся, і ў месячным святле бліснулі яго зубы, як зубы маладога драпежніка.

— Асцярожна… уночы… гэй!

Ён не чуў парад свайго таварыша. Засунуўшы рукі ў кішэні, закінуўшы ўгору галаву, павярнуўшы свой твар да хмараў, рэк і мораў, ён бязгучна смяяўся. Смех быў нячутны, але ён працяў яго, прабег па ягоным целе, як ветрык па лістоце дрэва… Смех быў зусім нячутны, але ён быў куды мацней і хмараў, і гор, і рэк, і мораў.

— Што з табой?

— Гэты балван Рыўер думаў… што… што мне страшна!

XXIII

Праз хвіліну ён узляціць над Буэнас-Айрэсам, і Рыўер, які ўзнавіў бітву, хоча пачуць яго. Пачуць, як ён узнікне, праракоча і растане, як магутны поступ арміі, што рухаецца сярод зор.

Скрыжаваўшы рукі, Рыўер праходзіць міма сакратароў. Ён спыняецца ля расчыненага акна, слухае і разважае.

Калі б ён адмяніў хоць аднюсенькі вылет, справа начных палётаў была б прайграна. Але, апярэджваючы тых слабакоў, якія заўтра адракуцца ад яго, Рыўер выпусціў у ноч яшчэ экіпаж.

Перамога… паражэнне… гэтыя словы самі па сабе не маюць ніякага сэнсу. У іх немагчыма ўмясціць усё жыццё, жыццё ўвесь час нараджае ўсё новыя і новыя вобразы. Перамога аслабляе народ, паражэнне нараджае ў ім новыя сілы. Паражэнне, якое выпала на долю Рыўера, можа стаць урокам, які наблізіць сапраўдную перамогу. Толькі адно мае значэнне: рух падзей.

Праз пяць хвілін радысты паднімуць на ногі аэрадром. Усе пятнаццаць тысяч кіламетраў адчуюць пульсацыю жыцця, і ў гэтым — вырашэнне ўсіх задач.

Ужо ўзнімаецца ў неба арганная музыка: самалёт.

Павольна праходзячы міма сакратароў, якія ўгінаюць галовы пад яго суровым паглядам, Рыўер вяртаецца да сваёй работы. Рыўер Вялікі, Рыўер Пераможца, які нясе цяжар сваёй нялёгкай перамогі.

Вы читаете Начны палёт
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×