Цяпер перад ёю была сцяна. Яна чула толькі рэха сваіх пытанняў.

— Малю вас, адкажыце мне! Дзе ён зараз?..

— Дзе ён зараз? Хвіліначку…

Марудлівасць гэтых людзей прычыняла ёй боль. Там, за сцяной, нешта адбывалася.

Нарэшце яны адважыліся:

— Ён вылецеў з Камадора ў дзевятнаццаць трыццаць.

— А з таго часу?

— З таго часу?.. Вельмі спазняецца… Вельмі спазняецца з-за кепскага надвор'я…

— А! З-за кепскага надвор'я…

Якая несправядлівасць! І якая падступнасць — у гэтай поўні, у яе ціхамірным ззянні тут, над Буэнас- Айрэсам! Маладая жанчына раптоўна ўспомніла, што ад Камадора да Трылью ўсяго толькі гадзіны дзве лёту, не болей.

— І ён цэлых шэсць гадзін ляціць да Трылью?! Але ж пасылае ён вам радыётэлеграмы?!. Што ён кажа?

— Што ён кажа? Але ў такое надвор'е… Вы самі разумееце… Яго радыёграмы да нас не даходзяць.

— У такое надвор'е!..

— Вось што, мадам, давайце дамовімся: мы абавязкова пазвонім вам, як толькі што-небудзь даведаемся.

— Ах, вы самі нічога не ведаеце…

— Усяго добрага, мадам…

— Не! Не! Я хачу гаварыць з дырэктарам!

— Месье дырэктар вельмі заняты, мадам, ён на нарадзе…

— Ах! Мне гэта ўсё роўна! Мне гэта абсалютна ўсё роўна! Я хачу гаварыць з ім!

Загадчык бюро выцер успацелы лоб.

— Адну хвілінку!..

Ён расчыніў дзверы ў кабінет да Рыўера:

— З вамі хоча гаварыць мадам Фаб'ен.

«Вось яно, — падумаў Рыўер, — вось яно, тое, чаго я баяўся». На першы план драмы выступаюць пачуцці… Спачатку Рыўеру хацелася іх адвергнуць: матак і жанчын не дапускаюць у аперацыйную. І на караблі ў хвіліну небяспекі пачуцці павінны маўчаць. Хваляванне не памагае ратаваць… І ўсё ж ён згадзіўся:

— Злучыце яе са мной.

Ён пачуў далёкі голас, ціхі, дрыготкі, і адразу зразумеў, што не можа сказаць ёй праўды. Сысціся зараз у паядынку — хіба гэта хоць аднаму з іх прынесла б якую палёгку?

— Мадам, прашу вас, супакойцеся! У нашай справе так часта здараецца доўга чакаць вестак…

XV

Можа, у гэтай паперчыне, складзенай у чатыры столкі, — паратунак… Сціснуўшы зубы, Фаб'ен разгортвае яе.

«Звязацца з Буэнас-Айрэсам немагчыма. Я нават не магу болей трымаць ключ — б'е токам у пальцы».

Раззлаваны, Фаб'ен хоча напісаць адказ, але варта яму хоць на момант адпусціць штурвал, як магутная хваля працінае цела: паветраныя токі прыўзнімаюць яго разам з пяццю тонамі металу і шпурляюць убок. Ён адмаўляецца ад спробы пісаць…

…Прыбор паказвае вышыню: пяцьсот метраў. Гэта вышыня ўзгоркаў. Пілоту мроіцца, што ўзгоркі коцяцца насустрач самалёту галавакружнымі хвалямі. Што ўсе гэтыя глыбы зямлі, самая дробная з якіх можа на друзачкі струшчыць самалёт, быццам сарваліся са сваіх прымацаванняў, адвінціліся і пачынаюць, як п'яныя, кружыцца вакол яго. Што вакол яго пачынаецца нейкі няўцямны танец, які ўсё мацней і мацней заціскае яго ў сваім коле.

І пілот прымае рашэнне. Ён пасадзіць самалёт абы-дзе, з рызыкай расплюшчыць яго аб зямлю. І, прынамсі, каб хоць унікнуць сутыкнення з узгоркамі, ён выпускае ў ноч адзіную асвятляльную ракету. Ракета ўспыхвае, узвіваецца ўгору, апісвае круг і, асвяціўшы гладкую раўніну, гасне: пад самалётам — мора.

Маланкай мільгае думка: «Прапаў. Нават пры папраўцы на сорак градусаў мяне аднесла. Гэта цыклон. Дзе ж зямля?» Фаб'ен паварочвае на захад. Ён думае: «А вось цяпер, без ракеты, я разаб'юся». Рана ці позна, гэта павінна было здарыцца. А яго таварыш там, ззаду… «Ён зняў антэну — безумоўна». Але Фаб'ен болей не злуе на яго. Дастаткова яму, пілоту, проста расхіліць рукі, і іх жыццё адразу ж рассыплецца жменькаю тлену. Фаб'ен трымае ў руках два жывыя гулкія сэрцы — таварышава і сваё… І раптам ён палохаецца сваіх жа рук.

Паветраныя токі б'юць па самалёце, як таран; каб паслабіць скалананне штурвала, якое можа абарваць тросы кіравання, ён штомоцы трымаў рукамі штурвал. І ні на секунду не выпускаў яго. А цяпер ён раптам перастае адчуваць свае зняможаныя рукі. Ён спрабуе паварушыць пальцамі, каб пераканацца, што яны яшчэ слухаюцца яго. Рукі заканчваюцца не пальцамі, а нечым чужым, нейкімі вялымі і нячулымі адросткамі. «Трэба штосілы ўяўляць, што я сціскаю пальцы…» Але ён не ведае, ці дойдзе гэтая думка да яго рук. Скалананні штурвала Фаб'ен адчувае цяпер толькі праз боль у плячах: «Штурвал выслізне ад мяне. Рукі расчэпяцца…» Але ён жахаецца гэтай думкі; яму здаецца, што гэты раз рукі могуць паддацца таемнай сіле ўяўлення, што пальцы павольна расціскаюцца ў цемрыве — гатовыя здрадзіць.

Фаб'ен мог бы яшчэ змагацца, мог бы зноў і зноў выпрабаваць свой шанц: лёс — як знешняя сіла — не існуе. Але існуе нейкі ўнутраны лёс: наступае хвіліна, калі чалавек знячэўку адчувае сваю ўразлівасць, і тады памылкі зацягваюць яго, як галавакружэнне.

І раптам, менавіта ў адну з такіх хвілін, навальнічныя хмары неспадзявана разамкнуліся, і ў іх разрыве, прама над галавой, заззяла, быццам смяротная прынада на дне пасткі, жменька зорак.

Ён зразумеў, што гэта пастка: бачыш у шчылінку тры зоркі, ірванешся да іх, а потым ужо не можаш спусціцца, — і грызі цяпер свае зоркі…

Але пілот гэтак згаладаўся па святлу, што не ўстояў перад спакусай.

XVI

Ён падняўся. Цяпер дзякуючы зорным арыенцірам стала трошкі лягчэй спраўляцца з гайданкай. Прамяністы магніт зор прыцягвае да сябе. Пілог знясілеў у доўгай пагоні за святлом! Ён цяпер нізавошта не пойдзе ўпрочкі ад самай цьмянай іскрынкі. Агеньчык якой-небудзь карчмы здаўся б Фаб'ену зараз гэткім скарбам, што ён да скону кружыўся б вакол гэтага жаданага знака.

І вось ён узносіцца да светлых палёў.

Паднімаецца паволі, па спіралі, быццам узбіраючыся ўгору па шахце студні, якая адразу ж замыкаецца пад ім. І з цягам таго, як Фаб'ен паднімаецца, хмары страчваюць свой брудны колер, яны плывуць насустрач, як хвалі, і робяцца ўсё чысцейшыя, усё бялейшыя. І вось Фаб'ен вырываецца з воблачнасці.

Ён бясконца ўражаны, аслеплены неспадзяванымі патокамі святла. Ён змушаны на некалькі секунд заплюшчыць вочы. Ён ніколі не паверыў бы, што начныя аблокі могуць быць такія асляпляльна яркія. Поўня і бляск мноства сузор'яў ператварылі іх у прамяністыя хвалі.

Адным рыўком вынырнуўшы з хмар, самалёт у той жа міг апынуўся ў царстве неймавернага спакою.

Вы читаете Начны палёт
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×