Затым агонь ахопліваў усё бярэмя: так весялосць ахоплівае гасцей на ўдалым свяце. Дровы пачыналі трашчаць, гусці і спяваць. Рабілася весела, як на вясковым вяселлі, калі госці трошкі прыхмялеюць і пачынаюць шумець і паштурхоўваць адзін аднаго локцямі.
А часам мне здавалася, што мой добры агонь пільна ахоўвае мяне, як жвавы вартавы сабака, які аддана служыць свайму гаспадару. Я глядзеў на агонь і адчуваў таемную вялікую радасць. I калі свята было ў самым разгары, і цені весела скакалі па столі і гучала гэтая гарачая залатая музыка, і па кутках грубкі пачыналі грувасціцца гурбы жару, калі ўвесь пакой напаўняўся цудадзейным водарам смалы і дыму, тады я, не задумваючыся, пакідаў аднаго сябра дзеля другога, я бег з пасцелі да агню, аддаючы перавагу шчадрэйшаму сябру, і сапраўды цяжка сказаць, падпякаў я сабе жывот ці саграваў сэрца. 3 дзвюх спакус я маладушна паддаваўся болей зваблівай, болей зіхоткай, той, якая званчэй і ярчэй выстаўляла сябе напаказ.
I гэтак тройчы: спачатку, каб распаліць грубку, потым, каб зноў нырнуць у ложак, нарэшце, каб вярнуцца і сабраць ураджай цяпла, — тройчы, ляскаючы зубамі, я адольваў ледзяную пустыню майго пакоя і ў пэўнай ступені спазнаваў, што такое палярная экспедыцыя. Я нёсся цераз пустыню да шчаслівага прызямлення, і я быў узнагароджаны гэтым гарачым агнем, які танцаваў перада мною, для мяне, свой танец шчыравернага сабакі.
Усё гэта быццам нічога не варта. А для мяне гэта было сапраўдным подзвігам. Мой пакой з усёй відавочнасцю раскрыў перада мною тое, чаго я ніколі не змог бы ўгледзець у ім, калі б мне давялося трапіць сюды звычайным турыстам. Тады ён паказаўся б нечым неадметным, голым пакоем з адзіным ложкам, збаном з вадой і нягеглай грубкай. Я пазяхнуў бы ў ім раз-другі — і толькі. Як мог бы я распазнаць у ім тры ягоныя воблікі, тры ягоныя царствы: сну, агню і пус-тыні? Як мог бы я прадчуць усе метамарфозы цела, якое спачатку было целам дзіцяці, што прыгарнулася да матчыных грудзей, сагрэтае і абераганае, потым целам салдата, створаным на пакуты, потым целам чалавека, узбагачанага радасцю валодання агнём, вакол якога збіраецца ўсё племя? Агонь надае пашаноты і гаспадару, і яго гасцям. Калі яны адведваюць сябра, прымаюць удзел у свяце ягонага дома, яны сядаюць каля агню і дзеляцца сваімі надзеннымі клопатамі, вядуць размову пра свае трывогі і работу і, паціраючы рукі і пасмоктваючы люлькі, прызнаюцца: «Да чаго ж хораша пасядзець каля агеньчыка!»
Але няма болей агню, каб я мог паверыць у пяшчоту. Няма болей выхаладанага пакоя, каб я мог паверыць у подзвіг. Я ачынаюся ад сваіх летуценняў. Ёсць толькі абсалютная пустка. Ёсць толькі глыбокая старасць. Толькі адзіны голас, голас Дзютэртра, які не дае мне спакою сваёй фантастычнай просьбай:
— Дайце-тка левай нагой, пан капітан…
XII
Я спраўна выконваю сваю работу. Нягледзячы нават на тое, што мы — экіпаж, якому наканавана пагібель. Я занураны ў атмасферу паражэння. Паражэнне праточваецца зусюль, і адмету яго я нават трымаю ў руцэ.
Рукаяткі сектара газу заледзянелі. Я вымушаны ісці на поўным рэжыме. I вось гэтыя дзве жалезныя трубачкі ставяць мяне перад невырашальнымі праблемамі.
На маім самалёце мяжа павелічэння шагу вінтоў моцна заніжана. Калі я буду пікіраваць на поўным газе, мне наўрад ці ўдасца пазбегнуць хуткасці васьмісот кіламетраў у гадзіну і раскруткі вінтоў. А раскрутка вінтоў можа выклікаць палом вала.
У крайнім выпадку, я мог бы выключыць запальванне. Але тады непазбежна гарантавана аварыя. Гэтая аварыя павядзе да зрыву задання і, магчыма, да страты самалёта. Не ўсякая мясцовасць прыгодна для пасадкі машыны, якая датыкаецца да зямлі з хуткасцю сто восемдзесят кіламетраў у гадзіну.
Значыць, чаго б гэта ні каштавала, трэба арухоміць рукаяткі. Пасля першага намагання мне ўдаецца адкруціць левую. Але правая ніяк не паддаецца.
Цяпер я мог бы знізіцца на дапушчальнай хуткасці, збавіўшы абароты хоць аднаго, левага, матора, з якім я ўжо магу спраўляцца. Але калі я зменшу колькасць абаротаў левага матора, тут жа ўзнікне бакавая цяга правага, які непазбежна пацягне самалёт улева. Мне давядзецца процідзейнічаць гэтаму. Педалі ж, ад якіх залежыць гэты манёўр, таксама ўсе заледзянелі. Значыць, я нічога не патраплю зрабіць. Калі я зменшу абароты левага матора, дык пайду ў штопар.
Такім чынам, у мяне няма іншага выйсця, як пайсці на рызыку пераўзысці мяжу колькасці абаротаў, за якой тэарэтычна магчымы разрыў вала. Тры тысячы пяцьсот абаротаў: пагроза разрыву.
Усё адно бязглуздзе. Усё сапсавана. Наш свет скла-даецца з безлічы шасцяронак, якія не дапасоўваюцца адна да адной. I справа не ў механізмах, а ў гадзіншчыку. Няма гадзіншчыка.
Мы ваюем ужо дзевяць месяцаў, а нам дагэтуль не ўдалося дамагчыся, каб заводы, якія выпускаюць кулямёты сістэму кіравання, прыстасавалі іх да ўмоў вялікай вышыні. I адбываецца гэта зусім не з-за нядбайства людзей. Людзі, у большасці сваёй, сумленныя і рупныя. Іх абыякавасць амаль заўсёды вынік, а не прычына марнасці іх намаганняў.
Гэтая марнасць гняце на ўсіх нас, як нейкая нака-наванасць. Яна гняце пехацінцаў, узброеных штыхамі супроць танкаў. Яна гняце нават на тых, якія павінны былі б займацца ўдасканальваннем кулямётаў і сістэм кіравання.
Мы жывём у сляпым чэраве адміністрацыі. Адміні-страцыя — гэта машына. Чым яна дасканальней, тым меней месца пакідае яна для ўмяшання чалавека. Пры існаванні бездакорнай адміністрацыі, дзе чалавеку адведзена роля шасцяронкі, яго лянота, несумленнасць, несправядлівасць ніяк не можа праявіцца.
Гэтак як машына, створаная выконваць раз назаўжды прадугледжаныя аперацыі, так і адміністрацыя не здольна на які-небудзь творчы акт. Яна распараджаецца. Яна абумоўлівае адпаведнае пакаранне адпаведнай правіны, адказвае пэўным рашэннем пэўнай задачы. Адміністрацыя не створана для таго, каб рашаць новыя задачы. Калі ў штампавальны станок увесці кавалак драўніны, ён не стане выпускаць мэблю. Каб прыстасаваць яго да гэтага, чалавек павінен мець права перарабіць яго. Але ў адміністрацыі, створанай прадухіляць непажаданае чалавечае ўмяшанне, шасцяронкі адпрэчваюць волю чалавека. Яны і блізка не падпускаюць Гадзіншчыка.
Я прыйшоў у групу 2/33 у лістападзе. Як толькі я з'явіўся, таварышы папярэдзілі мяне:
— Цяпер будзеш сноўдацца над Германіяй, і без кулямётаў, і без сістэм кіравання.
А каб суцешыць, дадалі:
— Не хвалюйся. Яно ўсё роўна ні да чаго. Знішчальнікі заўсёды збіваюць нас раней, чым мы паспяваем заўважыць іх.
I вось у маі, праз шэсць месяцаў па гэтай размове, кулямёты і сістэмы кіравання па-ранейшаму замярзаюць.
Я прыгадваю выслоўе, старажытнае, як мая краіна: «Калі ўжо здаецца, што Францыі хана, яе выратоўвае цуд». Я зразумеў, чаму гэта так. Калі якая-небудзь страшная катастрофа касавала нашу выдатную адміністратарскую машыну і рабілася ясна, што адрамантаваць яе немагчыма, тады, за недахопам лепшага, яе замянялі звычайнымі людзьмі. I гэтыя людзі выратоўвалі ўсё.
Калі варожая бомба развее попелам міністэрства авіяцыі, тады спешна выклічуць першага-лепшага капрала і скажуць яму:
— Даручаем вам дамагчыся, каб кіраванне не замярзала. Вам даюцца неабмежаваныя правы. Прымайцеся за работу. Але калі праз два тыдні яно па-ранейшаму будзе замярзаць, вы пойдзеце на катаргу.
Тады, магчыма, кіраванне размарозіцца.